— Рубцы з анісам, як ты любіш, — прамовіла гаспадыня да прафесара, асцярожна ставячы на стол цяжкую місу. Пах быў такі спакусны, што Пранціш, які, сядаючы за стол, быў упэўнены, што пару лыжак крупніка — гэта ўсё, што можа гэтым ранкам прыняць ягоны няшчасны страўнік, мімаволі аблізнуўся.

Але не лёс быў студыёзузу атрымаць насалоду ад смакоцця, падрыхтаванага Саламеяй Лёднік. На вуліцы адчайна забрахаў руды Піфагор, у браму настойліва пастукалі, пачуўся тонкі спалоханы голас Хвелькі…

Госць у дом — Бог у дом, як сцвярджаюць захавальнікі сармацкіх звычаяў… Але ўсе захавальнікі часам памыляюцца. На гэты раз гасцей было двое, але дужа небяспечныя. Абодва апранутыя ў мундзір банды альбанцаў — асаблівага войска, якое Пане Каханку яшчэ юнаком стварыў у сваім маёнтку ля Нясвіжа, урачыста называным Альба. У банду адбіраліся самыя адчайныя, дужыя, і да канца адданыя свайму пану. Канцлерам у іх быў у свой час нядобрай памяці Міхал Валадковіч, расстраляны два гады таму ў Менскай ратушы за асаблівыя буянствы — па ягонае смерці князь гараваў нечувана, казалі, ён нават прывід Валадковіча штоноч бачыць.

На абодвух плячыстых вусатых гасцях былі жупаны з блакітнага атласу, саетавыя кунтушы саламянага колеру, срэбныя паясы, жоўтыя саф’янавыя боты, чырвоныя шаравары ды блакітныя шапкі з аколышам з крымскай мярлушкі. Гузікі блішчэлі дыяментавымі літарамі — ініцыяламі Караля Радзівіла.

— Перапрашаем ягамосця пана гаспадара за раптоўнасць нашага візіту, але няхай ягоная мосць пан Лёднік літасціва даруе забітым горам рыцарам, што страцілі свайго яснавяльможнага правадыра…

Альбанчык з чорнымі акуратнымі вусікамі і пранізлівымі вузкімі зялёнымі вачыма, які прадставіўся як пан Дамінік Богуш, найбліжэйшы сябра шаноўнага пана Караля Радзівіла, гаварыў велягурыстыя жаласныя словы па ўсіх правілах этыкету. Пранціш са здзіўленнем адзначыў, што абодва шляхцюкі былі амаль цвярозымі, іх твары не спухлі ад рыданняў ды перапою. А пільны позірк чарнавусага дык і зусім не падабаўся. Пранціш паціху-паціху пасунуўся да сцяны, дзе ў спецыяльных падстаўках драмалі шаблі, шпагі ды палашы. Лёднік не збіраўся закідваць высакароднае майстэрства фехтавання, і ў доме, хоць і невялікім, акрым кабінета ды лабараторыі, быў вылучаны адмысловы пакой дзеля муштры, і калекцыя зброі папаўнялася рэгулярна.

Між тым пан Богуш адгаварыў, як у скрыпку граў, належную і нават з каптуром порцыю выбачэнняў-зычэнняў і перайшоў да справы. Паводле ягоных словаў, ягамосць Пане Каханку дзеля найлепшага захавання памяці бацькі гатовы за любую суму выкупіць тую васковую ляльку, якую Міхал Казімір Радзівіл на смяротным ложы завяшчаў доктару Лёдніку.

Гучэлі рулады наконт вечнай сыноўняй памяці, але Пранціш, які сам прыродную здольнасць меў зацярушваць вочы і прыгожа сцяліць языком, нават патыліцай адчуваў нейкае шалберства.

— А ці нельга было б нам, вельмішаноўныя паны, асабіста сустрэцца з ягонай мосцю князем, каб выказаць сваё спачуванне і дамовіцца наконт найлепшага выканання тэстаменту вялікага гетмана? — ветліва спытаўся Вырвіч. Злыя жарынкі, што на імгненне загарэліся ў вачах пана Богуша, сказалі шмат аб чым. Пан запэўніў, што напружваць ягоную мосць князя нейкімі клопатамі непачціва.

— Ну вось і пачакаем, пане-браце, пакуль законнае гора яснавяльможнага князя не ўвойдзе ў берагі. Бо наўрад ён зараз той лялькай займацца стане.

Госць ледзь зубы не сцёр ад злосці. Потым папытаўся з уяўнай абыякавасцю, ці працуе закладзены ў ляльцы механізм. І, пачуўшы, што ён сапсаваны, ажно з твару змяніўся. А ягоны таварыш, сіваваты і даўганосы, не пасаромеўся і пагразіцца… Вочы Лёдніка запалалі чорным агнём.

— Вялікі гетман аказаў мне гонар сваім апошнім падарункам. Я буду свята берагчы яго і не аддам ні за якія грошы, нат калі апошнюю кашулю давядзецца закласці. Такая была воля ягонай мосці Міхала Казіміра Радзівіла, а ягонае воля для мяне важлівей за жаданне ўсіх іншых вельміпаважаных паноў!

Пан Богуш не жадаў, падобна, даводзіць справу да двубою. Ён супакоіў таварыша, у якога ўжо вочы пачалі крывёю налівацца, і пачціва развітаўся… Але ясней яснага даў зразумець: не адступіцца. Пандору давядзецца аддаць.

Калі на вуліцы сціхнуў брэх раззлаванага Піфагора, Саламея засмучана ўздыхнула.

— Казала я вам, нядобрая гэта лялька.

Лёднік маўчаў, і ў гэтым маўчанні была навальніца, потым ганарыста ўскінуў галаву, імкліва падыйшоў да сцяны са зброяй і рашуча ўзяў сваю шаблю, турэцкай работы, з простым дзяржальнам, упрыгожаным толькі строгай срэбнай чаканкай, таксама калісьці падораную вялікім гетманам.

— Вырвіч, рушылі ў акадэмію! Я не дазволю ўсялякім фанфаронам адбіраць у мяне з пад носу цікавы навуковы прэцэдэнт!

— Фаўст, ачомайся! — схапіла мужа за рукаў Саламея. — Аддай ім ляльку і забудзься! Зноў хочаш уваліцца ў непрыемнасці ажно па шыю?

Але вочы прафесара гарэлі ўпартым халодным агонём, добра знаёмым Вырвічу. Калі Лёднік так у нешта ўпіраўся, яго можна было забіць, але не адгаварыць. Прафесар, як чорны віхор, прайшоў у вітальню, моўчкі ўдзеў капялюш, захінуўся ў плашч і нат не азірнуўся на жонку, якая ў адчаі глядзела, прыкусіўшы губу, яму ўслед.

Пранціш ледзь паспяваў за доктарам, які рассякаў паветра, як пірацкі карабель. Мінакі давалі яму дарогу, баязліва касавурачыся, і нехта, мабыць, і жагнаўся ўслед. Першыя сухія лісты падалі на брукаванку, нібыта аб чымсьці папярэджвалі — вядома, аб сумным: смерць, тло, непазбежны пераход з надзейнай галінкі да халоднай глебы, прыкрашаны некалькімі імгненнямі вольнага палёту…

Пандора, прыўкрасная і нерухомая, усё гэтак жа глядзела перад сабой у прастору шэрымі прамяністымі вачыма, толькі Пранцысю падалася ў іх злая насмешка. Нават злавесная… Таму што пажаўцелы аркуш паперы, які ляжаў на маленькім століку перад лялькай, больш не быў пусты. На ім красаваўся малюнак — аловак, заціснуты ў руцэ аўтамата, застыў у ягонай апошняй кропцы. Пасля некаторага здранцвення абодва даследчыкі кінуліся вывучаць пасланне механістычнага духу. Звычайны пейзаж: складзенае з буйных каменняў збудаванне, падобнае на склеп, на паўкруглай арцы над уваходам надпіс на лаціне «Тут здабудзеш перамогу агню над жалезам». Унізе малюнка быў напісаны шэраг драбнюткіх лічбаў, падзеленых на групы рысачкамі, і слупкі літар, з якіх ніяк не жадалі складацца знаёмыя словы.

Малюнак, калі прыгледзецца, быў недасканалы — ён увесь складаўся з асобных простых рысачак, ад чаго здаваўся каструбаватым. Але ніхто б не здагадаўся, што маляваў не жывы мастак, а бяздушны аўтамат. Лёднік так і сяк круціў аркуш, глядзеў на святло, ледзь не на смак спрабаваў.

— А што гэта за мясціна? — не вытрымаў Вырвіч. Прафесар паціснуў плячыма.

— Не ведаю. Праўда, надпіс над уваходам адметны, пра яго могуць быць звесткі. «Перамога агню над жалезам»… Victoria ferrum luce… Штосьці сімвалічнае, эзатэрычнае… Можа, там таемная лабараторыя? — у голасе прафесара пачулася мройнасць — так яму, падобна, захацелася ў тую лабараторыю, за новымі ведамі. — Таямніцу знаходжання яе, упэўнены, раскрываюць гэтыя літары і лічбы… Эх, ёсць адзін спосаб… Каб гэта мне раней у рукі патрапілася, я б учыніў пэўны рытуал… — твар Лёдніка стаўся такім прагна-драпежным, што Пранціш пералякаўся — бо зразумеў, што доктар успомніў пра свае заняткі чорнай магіяй, і вось-вось адновіць практыку…. Але той схамянуўся, страсянуў галавой, скідаючы ачмурэнне, вінавата перахрысціўся, прамармытаў кароткую малітву.

— Трэба ўключыць наш аўтамат, — хай яшчэ раз памалюе.

Лёднік прынёс са свайго стала аркуш, паклаў пад руку Пандоры. Пранціш, не чакаючы запрашэння, з радасным прадчуваннем націснуў на маленькі падважнік у спіне лялькі. Пачуўся лёгкі шум, нібыта слізгалі па хрумсткім снезе санкі, потым нешта ўнутры васковай фігуры грукнула, Пандора рэзка прыўзняла твар, і яе вочы сустрэліся з вачыма студыёзуса. Вырвіч ледзь утрымаўся, каб не адскочыць ад д’ябальскай фігуры. Лялька паглядзела направа, налева, прычым паварочвалася не толькі галава, але і вочы таксама, а грудзі ўсхвалявана ўздымаліся. Потым варухнулася рука з алоўкам… Рыска за рыскай на аркушы пачаў узнікаць знаёмы малюнак. Пандора ўважліва ўглядалася ў яго, пакручваючы галавой, а па скуры Вырвіча мітусіліся звар’яцелыя ледзяныя мурашкі. Нешта ў тым, што адбывалася, было брыдкае, бязбожнае… Злая пародыя на жыццё.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: