— Тады я нічога не ведаю, — заўпарціўся Радзім.

— Можа, скажаце, вы таксама не ведаеце, — голас станавіўся ўсё з'едлівей і з'едлівей, — чаму загінула дрэва, якое ўжо нарадзілася і жыло?

— Не ведаю…

— Не прытварайцеся. Раскажыце суду, якім чынам вы забілі наша дрэва. Вы знайшлі для яго яд?

— Навошта шукаць яд? — зазлаваў Радзім. — Яго ж прасцей зламаць ці, урэшце, выдраць з коранем.

Яму было крыўдна. Ён сам хацеў, вельмі хацеў падараваць таля-малям дрэва, а яны, бач, у чым яго абвінавачваюць — у забойстве яблынькі.

— Але ж вы не зламалі дрэва і не выдралі з коранем. А як забілі?

— Нічога я не забіваў,— упэўнена адказаў Радзім. — І ні ў чым не вінаваты.

— А мы не сумняваемся, што гэтае злачынства зрабілі вы. За што і будзеце пакараны. Нас толькі цікавіць, як вы гэта рабілі і навошта? Гіпноз? Унушэнне? Сурокі? Ці, можа, падсыпалі чаго ў зямлю? Ці, можа, чым апырскалі?

— Нічога я не рабіў! — як не крыкнуў Радзім.

— Не сазнаецеся? Ну і не трэба. Мы самі ведаем, што вас купілі зэмы. Колькі срэбранікаў далі?

Радзім зацяўся і ўжо зусім не адказваў на пытанні — маўчаў. Разумеў, што ўсе доказы цяпер супраць яго і нешта тлумачыць ці проста апраўдвацца няма сэнсу.

А голас усё абвінавачваў:

— Кожнаму вядома, што дрэва — такая ж жывая істота, як і чалавек. Але ж безабароннае. Тым болей, калі яно маленькае. То ж як дзіцятка. А вы паднялі руку на жывое… На гэтае дзіцятка… Страшны вы чалавек!

Радзім ужо не рэагаваў ні на што. Стаяў, няўцямна глядзеў сабе пад ногі і маўчаў.

Думаў: во як тут за дрэва змагаюцца!

Успамінаў: а колькі дрэўцаў сам папаламаў на зямлі!

— Можа, ва ўсім гэтым вінавата зэмка, якую мы ўжо адправілі на Жалезны Хаос? Хутчэй за ўсё яна ўнушыла вам гэтае забойства, а вы проста выканалі яе волю? Як зомбі, як наёмны забойца?

І раптам сюды, у памяшканне суда, убеглі радасныя людзі і што ёсць сілы закрычалі:

— Ён памёр! Ён памёр!

Суддзі, спяшаючыся, ледзь стрымліваючы сябе, хуценька абвясцілі прысуд:

— Саслаць забойцу дрэва на Жалезны Хаос — навечна.

І тут жа ўсхапіліся з-за сталоў, паднялі рукі ўгору, як і ўсе, закрычалі:

— Ён памёр! Нарэшце ён памёр!

Калі ахоўнікі вывелі Радзіма з памяшкання суда, яму здалося, што ўсе таля-малі, адзеўшы скафандры, выйшлі ад радасці з-пад зямлі. Амаль пустая заўсёды прастора зараз была запоўнена людзьмі. Яны весяліліся, смяяліся, танцавалі. Крычалі:

— Ён памёр! Ён памёр!

— Хто памёр? — адважыўся спытацца ў ахоўнікаў Радзім.

— Ён! — адказалі тыя, але ўбачыўшы, што хлопец так нічога і не зразумеў, патлумачылі: — А ты хіба сам не адчуваеш, хто памёр?

Радзім прыслухаўся, прыгледзеўся і сапраўды зразумеў, што нешта змянілася. Нечага яму ўжо не хапала…

«А во яно што! — нарэшце разабраўся ён. — Дык ветру ж, які дзьмуў сюды-туды, не стала. Вецер, значыць, памёр».

І ахоўнікі, адчуўшы, што ён усё зразумеў, закрычалі яму як не ў самыя вушы:

— Цмок памёр! Памёр Цмок!

Праз натоўпы шчаслівых людзей канвойцы павялі яго да другой турмы — туды, дзе рыхтуюць на Жалезны Хаос.

«У выгнанне цябе адправяць сёння ўночы», — сказалі яму.

Ён ішоў, глядзеў на радасных людзей і думаў, што ўсюды, мусіць, вось такія непрыемныя мерапрыемствы адбываюцца ўночы: у нас, на зямлі, ноччу расстрэльвалі ні ў чым не вінаватых людзей, а тут во таксама ноччу высылаюць на нейкі Хаос, адкуль не вяртаюцца.

І яшчэ ён думаў, што абавязкова пашукае на Жалезным Хаосе месца, дзе жыў Цмок, і паспрабуе разабрацца, за што яго так не любілі і ад чаго ён урэшце памёр.

І яшчэ думаў, што страшна, мусіць, жыць, ведаючы, што, адно толькі пачуўшы пра тваю смерць, вось так будуць радавацца і весяліцца людзі.

Жалезны Хаос

Было цёмна хоць вока выкалі.

Усё вакол яго дрыжэла і скрыгатала, шкрэблася і ляскала; па днішчы соўгалася і бразгала нейкая жалязяка; аднекуль зверху даносіўся тонкі, віскатлівы і надакучлівы, як зубны боль, гук — здавалася, што там у маленечкую дзірачку пад ціскам урываецца тугое, спрасаванае паветра. Лятальны апарат, куды Радзіма ў цемры запіхнулі сілком, быў, мусіць, стары і дабіты, і таму хлопец адно толькі баяўся, каб ён не разваліўся ў паветры. Радзім не ведаў, не разумеў, як і дзе яны знаходзяцца, не ведаў, колькі яны ўжо ляцяць і колькі яшчэ будуць ляцець, але цвёрда, пэўна і ведаў, і разумеў, што вязуць яго на Жалезны Хаос.

Ён нічога не бачыў вакол сябе і адно толькі па тым, што побач час ад часу нехта варушыўся і ўздыхаў, здагадваўся, што ў самалёце не адзін, што разам з ім ляціць яшчэ нехта — ці то канвойца, ці то такая ж ахвяра, як і ён сам.

Сядзець было нязручна, зацякалі рукі і ногі, але паварушыцца ён не мог: нешта — ці то сядзенне, ці то клетка — было такім вузкім, што не давала прасторы для самага нязначнага руху. Колькі гадзін, а можа, ужо і дзён, яны ляцелі, Радзім не ведаў — у самалёце было цёмна, вокны нават не абазначаліся, а ў такой цемры паспрабуй разбярыся, дзень цяпер ці ноч за гэтымі бразгатлівымі сценкамі.

Ён ці то драмаў, ці то проста так сядзеў у якімсьці здранцвенні, што не пачуў, як самалёт, знізіўшыся, завіс над зямлёю, і толькі здрыгануўся, апамятаўся, калі пад ім рассунулася днішча і нейчая бязлітасная нага з сілаю піхнула яго ў гэтую дзірку.

Радзім упаў на груд жалезнага ламачча, ён зразумеў, што гэта жалеза, па тым, як яно заляскала і забразгатала, затым яго цела правалілася ў нейкую яміну і завісла на скафандры, яміна была вузкая, і шкляны шар у яе не праходзіў. Вісець так было непрыемна, і ён паспрабаваў чапляцца рукамі за вострыя жалезныя абрэзкі, пруты, каб выбрацца на паверхню, але яны, патрывожаныя, загайдаліся, рассунуліся, скафандр слізгануў між імі, і Радзім праваліўся яшчэ глыбей, на самае дно яміны.

Было вельмі цёмна, здаецца, яшчэ цямней, чым у самалёце, і таму ён не стаў выбірацца з гэтае проймы, а вырашыў даседзець тут да відна, а калі пасвятлее, тады ён і разбярэцца, што да чаго.

Усеўшыся зручней на жалеззе, ён абмацаў сябе — канечне, падаючы, крыху пабіўся, але не надта балюча: і самалёт, мусіць, завіс нізка над жалезным ламаччам, і другі раз, калі вісеў на скафандры, падаць давялося не вельмі каб звысака.

Сядзець было холадна: і тое жалеззе, на якім прымасціўся, настыла марозіла седаўку, і холад ад таго, што грувасцілася ля яміны, лез у спіну і ў грудзі.

Радзім падняўся і, стоячы ў гэтай цемры і халадэчы, злаваўся на таля-маляў: то ж трэба — знайшлі злачынцу! Ды хоць бы пагаварылі па-чалавечы, як след разабраліся… Дык не — забойца, і ўсё. І вось сюды, на Хаос, саслалі… Не, праўду казалі зэмы: таля-малі страшныя, жорсткія, бязлітасныя людзі. І добра, што ў яго нічога не атрымалася з гэтымі дрэвамі. Самі знішчылі зямлю, самі няхай і жывяць яе… А то знайшлі дурня: падары ім дрэва… А гэта вы не бачылі! У злосці Радзім скруціў тры пальцы ў знаёмую камбінацыю і тут жа засаромеўся сваёй выхадкі.

Цяпер ён ненавідзеў таля-маляў і думаў, як бы гэта ім адпомсціць за знявагу і здзек. І адразу ж сумна пярэчыў самому сабе.

Адпомсціць? Гаворыш ты, хлопча, абы-што. Як вязень, асуджаны на смерць, можа адпомсціць, па сутнасці, недасяжным для яго ворагам? Да іх жа не дайсці, не даехаць… І твая крыўда застанецца вось тут — распятаю на гэтым Хаосе… І згніе, спарахнее разам з табою, і асыплецца тленам на твае ж косці…

Раптам уверсе, над галавою, пачуўся тонкі, назойлівы, як і ў самалёце, гук. Ён прыслухаўся. Гук быў аднастайны, надакучлівы. Ішоў, здаецца, са скафандра. «Муха!» — адразу падумаў ён. І тут жа ўсумніўся: «А можа, пчала?» Не, хутчэй за ўсё муха. Пчала, помніцца, гудзе крыху не так. Муха лятае ў яго скафандры!

Спачатку яму гэта спадабалася: усё ж не адзін, усё ж побач лятае нешта жывое. А потым, крыху падумаўшы, засмуціўся.

Дык вось якія яны нягоднікі, гэтыя таля-малі! Цяпер яму зразумела, навошта яны адвінчвалі скафандр і нешта ў ім поркаліся, папраўлялі. Яны запусцілі ў яго муху!


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: