Тут чарга разыходзілася, людзі зноў жа спакойна і павольна набліжаліся да сеткі і гэтак жа раўнадушна, здаецца, нават абыякава разглядалі дзівосныя кветкі — лапушыстыя, яркія, шматкалёрныя, яны цвілі каля самай агароджы, а некаторыя нават вылазілі праз яе, — і потым гэтак жа задумліва кіраваліся да шырока расчыненых варот, — як яму здавалася, на волю.
Радзім хацеў адразу пайсці да дзвярэй, каб нарэшце вырвацца адсюль — нават Оя цягнула за руку да выхада, — але ўсё ж нешта стрымлівала яго і змушала пачакаць.
Ён хадзіў каля агароджы, любаваўся кветкамі, нагінаўся і нюхаў тыя, што шыкоўна цвілі на гэтым баку — відаць, праз сетку яны пралезлі пупышкамі,— і не спяшаўся ўходзіць. Разумеў, што пабачыць увесь кветнік можна, мусіць, толькі з гэтага пляца, які, пэўна, знаходзіцца якраз пасярэдзіне сада.
Прайшоўшы колькі разоў каля агароджы, пашыбаваў да варот — туды, куды ішлі ўсе. Ужо збіраўся ўздыхнуць на ўсе грудзі, але раптам, выйшаўшы за вароты, убачыў новую загародку, якая, усё звужаючыся, вяла людзей да яшчэ адной чаргі. Там ужо зноў шчыльна станавіліся адзін за адным людзі і, дыхаючы ў чужыя патыліцы, пачыналі новы, унармаваны рух.
Радзім яшчэ раз азірнуўся па баках і, убачыўшы, што ніякага іншага выйсця няма, пацягнуў Ою ў той бок, дзе ўжо нараджалася чарга.
— Не магу! — зноў застагнала Оя і пачала ўпірацца, зразумеўшы, што Радзім зноў вядзе яе ў людскі гурт.
— Трэба, Оя. Трэба, — ён адною рукою моцна трымаў дзявочую далоньку, а другою гладзіў па яе запясцю.
Радзім разумеў адно: чым раней станеш у чаргу, тым раней пройдзеш наканаванае.
Цяпер ён ужо не сумняваўся, што гэтую чаргу нехта пабудаваў знарок. Яго здзіўлялі вялікая дасведчанасць і розум таго дойліда, які ўсё гэта прыдумаў. Бачыш, як разумна і дакладна выстраіў: вось чарга на вуліцы, яшчэ ніхто нічога не ведае, але ўжо становіцца — цікава; потым гэтая пурпурна-ўрачыстая зала; затым цагляная сцяна, абвітая хмелем, як своеасаблівае спадзяванне, намёк на неўзабыўныя кветкі; пасля жудасная, цёмная і цесная нара, дзе нічога не відаць, дзе нават яму хацелася крыкнуць: «Не магу!»; а тады — такі неспадзяваны рай, што проста слепіць вочы сваёй казачнасцю, радасцю, шаленствам колераў…
Ён толькі не ведаў, каму і навошта спатрэбілася гэтая чарга, куды яна вядзе, чым канчаецца і што азначае.
Задумаўшыся, Радзім і не заўважыў, як чарга ўцягнулася ў даўгі-даўгі і, здаецца, бясконцы калідор, паабапал якога з двух бакоў былі дзверы. Яны не адчыняліся, мусіць, былі замкнёныя на ключ, і таму здавалася, што ніхто ў свеце не ведаў, што за імі знаходзіцца.
На дзвярах — нейкія шыльдачкі, нумары, нечыя прозвішчы. Але тыя, што ішлі паперадзе, глядзелі сабе пад ногі, нічога не чыталі, і толькі яны з Ояю старанна круцілі па баках галовамі, рупячыся ўсё прачытаць і ва ўсім разабрацца. Ою гэта, здаецца, вельмі зацікавіла — заняўшыся, яна ўжо не стагнала і не гаварыла: «Ой, не магу»…
І раптам, калі яны праходзілі каля чарговых, просценькіх, як і ўсе, дзвярэй, тыя нечакана самі сабою адчыніліся, з іх высунулася нечая рука, схапіла Ою за сукенку і ўцягнула ў прачыненую шчыліну. І не паспеў ён нават спалохацца і падумаць, як ратаваць дзяўчыну, тая ж рука, высунуўшыся зноў, згрэбла за рукаў Радзіма і з сілаю павалакла і яго.
Думалася, што там нейкае памяшканне.
Але памяшкання ніякага не было — сцены стаялі плоскія, як дэкарацыі, і за дзвярыма нічога яны не ўбачылі: проста апынуліся на вуліцы.
Спакойна, па адным, а то і купкамі, хадзілі людзі, ціхамірна шумелі дрэвы, на газонах зелянела, хоць і дрэнна, але ўсё ж падстрыжаная трава, а сцяна з дзвярыма, за якою зацята рухалася невідомая цяпер чарга, адсюль выглядала нават прывабнаю. Яна была як упрыгожанне якое, як самабытная дэкаратыўная застаўка, увітая сям-там хмелем, а то і ўпрыгожаная кветкамі, што раслі ў прымацаваных да перагародкі гаршчэчках.
— Вы? — здзівіўся Радзім, убачыўшы перад сабою таго самага іранічнага чалавека, які спрабаваў ім нешта растлумачыць яшчэ тады, як іх віталі дурбуды на месцы прызямлення. — А што вы тут робіце?
— Вас ратую.
— А як вы здагадаліся, што мы тут?
— Не здагадаўся, а згледзеў вас, — адказаў дурбуд. — Быў у ружарыі, бачу, нейкія дзівакі кветкі не з таго боку нюхаюць. Канечне ж, нетутэйшыя! Нават падміргнуў вам, але вы не звярнулі ўвагі. Мусіць, не прыкмецілі,— дурбуд крыху памаўчаў, падумаў.— А як вы апынуліся ў гэтай чарзе? — праз нейкі час спытаўся ён.
— Захацелася даведацца, за чым у Дурбудзіі стаяць чэргі,— адказала Оя.
А Радзім дадаў:
— І яшчэ нам здалося, што гэта чарга ў сталоўку. А мы ж галодныя.
— Галодныя? — задумаўся дурбуд. — Тады вы правільна стаялі.
— Дык што, гэта і напраўду чарга ў сталоўку?
— Не зусім так.
— А што тады робяць людзі, дыхаючы адно аднаму ў патыліцу?
— Працуюць.
— Стаяць у чарзе, і гэта ўжо значыць, што яны працуюць?
— А ў самым канцы чаргі ім выдаюць жэтон на пустую поліўку. За ўдарную працу.
— А хто прыдумаў такое глупства?
— Не спяшайся з вывадамі. Разумееш, у нас перабудова, страшэннае беспрацоўе. Трэба людзей нечым заняць. Вось і паставілі іх у чаргу. Каб не думалі ні пра што. Стаяць, нечым займаюцца, некуды ідуць… З'яўляецца ўяўнасць працы…
— А хто выдумаў чаргу?
— Пляшывы. Але вось пляшывага ўжо няма, а чарга асталася. Яна, як бачыш, і калматаму падабаецца… Калматы не разбурае яе, а накіроўвае сюды ўсё больш і больш людзей. І яны працуюць.
— Дзіўна, — задумалася Оя, — увесь народ паставілі адно за адным і гэта здзекліва называюць работаю. То ж злачынцы…
— Хадзем, — не даў ёй дагаварыць дурбуд. — А то вас і так ужо шукаюць. Прыйшлі ў палац, убачылі, што нікога няма, і забегалі. Бо назаўтра ў іх прызначаны пераварот. Цябе, Пляшывага, будуць вяртаць на трон, а Калматага — скінуць. Дарэчы, калматы сёння вяртаецца з замежнай паездкі. Пойдзем яго сустракаць?
— Я хачу есці…
— Ой, даруй, я і забыўся. То пайшлі хутчэй у сталоўку. У мяне якраз ёсць лішні жэтон.
Дурбуд рэзка павярнуўся і пайшоў паперадзе. Яны паспяшаліся за ім.
Ісці было прыемна. Паабапал сцежкі раслі кветкі, якія цешылі вочы, — відаць, гэта ўсё яшчэ былі ўскраіны ружарыя.
Яны з Ояю любаваліся прыгажосцю, а гаваркі дурбуд не замінаў ім гэта рабіць — ішоў паперадзе і маўчаў. Кусты руж змяняліся алеандрамі, кусты бэзу чаргаваліся з півонямі.
Радзім глядзеў на іх, і яму часам здавалася, што гэта ніякія не ружы, не алеандры, не півоні, а нейкія зусім іншыя, казачныя і дзівосныя кветкі, якія толькі звонку нагадваюць нашы зямныя.
Пахлі яны таксама па-іншаму, у іх было больш даўкасці і нават, калі хочаце, агрэсіўнасці,— яны быццам бы ад кагосьці ці ад чагосьці абараняліся, камусьці кідалі свой выклік.
Праз нейкі час на вочы ім пачалі трапляцца абадраныя людзі, якія стаялі між кветак з працягнутымі рукамі. Спачатку ён нават не зразумеў, што гэта жабракі і просяць яны міласціну. Але калі неўзабаве старцоў стала вельмі шмат, калі ім ужо даводзілася ісці праз шчыльныя шэрагі людзей у лахманах, тая радасць, якую абудзілі воля і кветкі, паступова пачала цьмець, пакуль урэшце не перакінулася ў адчай.
Асабліва ўразіла і яго і Ою, калі адзін з жабракоў кінуўся ім насустрач, упаў на калені, пачаў абдымаць за ногі дурбуда, просячы падаць яму, што зможа.
Дурбуд не разгубіўся, падняў жабрака з каленяў, паставіў ля сябе, а потым, не хаваючыся ад галоднага, пачаў корпацца ў яго ж старэнькай, залапленай торбе — жабрак адно толькі ўважліва сачыў за чужою рукою, — знайшоў там надкушаную лусту хлеба, якую, мусіць, падаў нехта раней, і з такім выглядам, быццам робіць несусветнае дабро, з важнасцю і самавітасцю, як усё роўна ён заўсёды займаўся дабрачыннасцю, падаў скібку папрасімцу.
Той доўга і няўцямна глядзеў на яе, а затым узрадаваўся, засмяяўся і, задаволены-задаволены, з крыкам: «Дзякуй! Дзякуй! Дзякуй!» кінуўся цалаваць рукі дурбуда, які так ашчаслівіў яго. Радасць жабрака была настолькі шчыраю і непадробнаю, што Радзім з Ояю толькі пераглянуліся: яго частуюць ім жа самім нажабраваным хлебам, а ён радуецца!