Дзядзька Алесь успамінае вайну, гераічныя ўчынкі. «А потым аднойчы ён уздыхнуў, памаўчаў і як выстагнаў:

— Божа мой!.. Божа мой!.. Рукі, ногі, галовы — навалам!.. І кішкі на дроце… Людзі — людзей, чалавек — чалавека!..»

Твар сяброўкі героя-апавядальніка Мані Вароны «быў скарэжаны ад выбуху той „бомбачкі“, якую два хлопцы разбіралі, а яна, таксама смелая, толькі глядзела». Яе бацька, «прастадушны дзядзька Цыбук, гаварыў неяк нашай маме:

— Бяда такая, Ганно. Каб гэта ж цяля ці аўца, то чалавек прадаў бы ці дарэзаў бы, а гэта ж дзіця…»

Пачатак твора светлы, паэтычны. У такім эмацыйным ключы пачынаецца аповед-успамін пра далёкае мінулае. Паступова межы ўспаміну пашыраюцца. Навакольны свет паказваецца не толькі праз успрыманне хлопчыка, але і праз успаміны чалавека сталага. Завяршаецца твор на драматычнай ноце, драматычнай сцэнай пра тое, як дарослыя, гуляючы, «дзеля дурнога, дзікага смеху», страўлівалі на бойку двух хлопчыкаў-бязбацькавічаў — Валодзю Казака і Толю Немца…

Ва ўсіх гэтых творах заўважаецца скупасць матэрыялу, аўтаравых заўваг і рэмарак, адсутнасць разгорнутых апісанняў абставін, відаць глыбокі роздум над трагедыяй. Тут факт гаворыць сам за сябе. Ён не патрабуе ўпрыгожвання, лішніх слоў; фарбы могуць толькі размыць яго строгія контуры, зацьміць суровую натуральнасць жыццёвых колераў. Факт гэты значны, велічны чалавечым зместам. Напэўна, істотнае значэнне мела тут праца (сумесна з Алесем Адамовічам і Ўладзімірам Калеснікам) над унікальнай кнігай «Я з вогненнай вёскі…»

Дваццаць італьянскіх салдатаў адмаўляюцца страляць у мірных жыхароў вёскі, жанчын і дзяцей. Дваццаць не захацелі цаной нявіннай крыві вяртацца ў сваю непаўторна прыгожую краіну. Яны загінулі («Дваццаць»).

Гіне стары, гіне разам з роднымі, суседзямі, з усімі добрымі людзьмі. Ён не хоча жыць адзін, не хоча жыць, калі гінуць людзі ягонай вёскі, не хоча прымаць літасць ад катаў. І ён згарэў, адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. І ён жыве («Memento mori»).

Ідзе на смерць маці. Ідзе ціха, спакойна, як і жыла, трымаючы «свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі… мазалямі да мазалёў». Ідзе і моліцца, як вучыла яе яшчэ мама. Моліцца «і за сваіх сыноў, і за чужых, і за сябе…». Ідзе толькі таму, што ў яе вялікае чалавечае сэрца, поўнае любові, пяшчоты і шкадавання да дзяцей, сваіх і чужых («Маці»).

Светлы высакародны вобраз Маці праходзіць праз усю творчасць Янкі Брыля. Гэта яна, не дасыпаючы начэй, зберагаючы кожную капейку, выводзіць дзяцей у вялікі свет. Гэта яна вучыць любіць і шанаваць роднае слова, бацькоўскую зямлю і свой родны Край. Гэта яна з'яўляецца носьбітам дабрыні, прыгажосці, чалавечнасці.

Таму нездарма Брыль, пісьменнік з выключна абвостраным пачуццём прыгажосці і справядлівасці, зноў і зноў звяртаецца да маці як увасаблення ўсяго самага сумленнага, прыстойнага і светлага ў жыцці.

І зразумела ж, што калі Янка Брыль пісаў і піша пра маці, то бачыць перад сабою, мае на ўвазе сваю родную матулю.

«На долю яе прыйшлося чатыры вайны, тры рэвалюцыі, дзесятак перамен улады, семдзесят шэсць год прасніцы, сярпа і цэпа, трохі песняў ды смеху, куды больш думак, чакання і слёз. Абедзве дачкі аўдавелі амаль услед за ёю. З пяці сыноў, што выжылі да сталага ўзросту, усе пяць былі, кожны ў свой час, салдатамі, чатыры ваявалі ў трох войнах, два былі ў варожым палоне, два — праз памылку — сядзелі ў роднай турме, трэці, за праўду, у панскай, аднаго, найстарэйшага, з'еў трыццаць сёмы год…

Я ведаю — гэта яшчэ далёка не найгорш. Я мог бы расказаць і, можа, раскажу пра пакуты іншых, знаёмых мне маці, — непараўнана большыя, чым выпалі на долю маёй» («Ты жывеш»).

Увогуле ж, калі паглядзець на творчасць пісьменніка ў плане суаднесенасці ў ёй моманту аб'ектыўнага і суб'ектыўнага, гэта значыць суаднесенасці рэальных жыццёвых фактаў і асобы аўтара, то вельмі выразна і адчувальна можна ўбачыць: піша ён галоўным чынам пра тое, што рэальнай жыццёвай асновай звязана асабіста з ім, з ягонымі роднымі і блізкімі.

З гэтым звязаны, а магчыма, гэтым абумоўлены і характар творчасці — лірычна-суб'ектыўны, дзе апавяданне вядзецца найчасцей ад першай асобы і ў ёй (гэтай асобе) — у лірычных і публіцыстычных адступленнях, у моцнай эмацыйнай насычанасці — выразна бачыцца аўтар, дзе ў разгортванні дзеяння, у арганізацыі сюжэта — не адналінейная прычынна-вынікавая храналагічная паслядоўнасць, а дзе ўся сістэма фактаў і падзей падпарадкавана выяўленню аўтаравай думкі-пераражывання.

Бываюць і выключэнні. Найбольш выразны прыклад тут — аповесць «Ніжнія Байдуны». Асноўнага героя, галоўнай дзеючай асобы па сутнасці няма. Увогуле іерархія персанажаў даволі своеасаблівая, ідэйна мэтанакіраваная. Ёсць вёска. За ёю адчуваецца вялікі свет жыцця. Яе свет, дакладней, мікрасвет узноўлены натуральна, арганічна, у сваіх унутраных выяўленнях, адкрыты ў прасторы і часе, становіцца ўвасабленнем свету вялікага, аналагам макрасвету. Герой тут — народ. У яго свая манера апавядання. Лірычны Брылёў герой перад такім героем як бы адступіў. Голас ягоны змяніўся, прыціх. У гэтым кіпенні гучнага смеху, жартаў, байдунства задушэўны, шчыры лірычны голас амаль не адчуваецца.

Дзея ў аповесці адбываецца ў грамадзе, для грамады, дыялогі гучаць для многіх слухачоў. Тут гутарка, спрэчка, узаемны абмен жартамі, рэплікамі, пакепліваннем адзін з аднаго. У апавядальнай плыні аповесці гэты голас грамады з'яўляецца вядучым, вызначальным.

Назва аповесці «Ніжнія Байдуны» дакладна перадае своеасаблівасць зместу твора. Пісьменнік, схільны да глыбокага псіхалагічнага і маральна-этычнага даследавання і асэнсавання чалавека, на гэты раз даследаваў вёску. Даследаванне адметнае. Хоць, праўда, само слова «даследаванне» сюды неяк быццам і не стасуецца. Хутчэй адчуванне такое, што пісьменнік узнаўляе жыццё. Прычым, узнаўляе яго арганічна знітаваным асобай самога аўтара, які, ведаючы, адчуваючы вёску знутры, глядзіць на яе з пэўнай дыстанцыі, бачыць яе ўсю, успрымае яе арганічна цэласна. Цэласнасць гэта зноў жа вельмі рухомая, зменлівая, рознакаляровая. Мастацкі свет «Ніжніх Байдуноў» — гэта жывы, рэальны, унутрана блізкі аўтару свет, аплоднены паэзіяй мастака. У сваю чаргу рэальны свет арганічна цэласны, пры ўсёй яго адкрытасці перад вялікім жыццём, складаецца як бы са светаў ягоных галоўных герояў, ягоных стваральнікаў. Перад чытачом праходзіць цэлы шэраг вельмі каларытных прадстаўнікоў гэтай паэтычнай краіны, назва якой Ніжнія Байдуны.

Усе яны непаўторныя ў сваёй чалавечай адметнасці, але адзіныя ў сваіх сацыяльных і нацыянальных вытоках і сутнасці. Дарэчы, сацыяльная і нацыянальная абумоўленасць байдунства адчуваецца надзвычай моцна. Само байдунства — не толькі жыццялюбства, весялосць, жарты (хоць гэтыя якасці найбольш вылучаюцца), але і шчырасць, спагадлівасць, дабрыня. Усе гэтыя якасці ў сваім арганічным адзінстве, як цэласнасць і адметнасць характару многіх, грамады, народжаны былі гісторыяй, складаным ХХ стагоддзем. Генетычна вытокі можна шукаць значна далей і глыбей, але менавіта ХХ стагоддзе ўсю сутнасць гісторыі, яе характар як бы сканцэнтравала, завастрыла і вылучыла асабліва выразна. У дадзеным выпадку гэта адносіцца да Ніжніх Байдуноў. А за імі — лёс народа, жыццё пры буржуазнай Польшчы, Вялікая Айчынная вайна, сучаснасць. Мінулае пісьменніка цікавіць толькі ў тым змесце і аб'ёме, у якім яно адбівалася ў свядомасці, псіхалогіі, мове ніжнебайдунцаў. Праўда, у асобных выпадках аўтар дае і пэўныя абагульненні, вытлумачэнні: «Калі разліць на стале трохі вады і, побач, трохі малака, каб гэтыя лужынкі сышліся, мяжу паміж вадой і малаком не правядзеш. Гэта я недзе прачытаў, у нечым разважанні пра этнаграфічныя межы.

У нас, беларусаў, яны размываюцца з пяці бакоў, на стыках з Польшчай, Летувой, Латвіяй, Расеяй і Ўкраінай. А ў сярэдзіне? У нашым заходнім кутку?»

Далей Брыль звяртаецца да гісторыі, звязанай з ягонымі роднымі: «Мая бабуля па маме з пятнаццаці год служыла ў маёнтку пакаёўкай і потым, усё жыццё, будучы праваслаўнай, малілася па каталіцкай кантычцы. Прывучыла да польскіх малітваў і дзеда. Тым больш, што дзеда, яшчэ маладога, паўстанцы восемсот шэсцьдзесят трэцяга года бралі ў абоз і потым ён „адбываў“ пакаянне пры нясвіжскім кляштары, можа, таму, што Ніжнія Байдуны ў паншчыну належалі Радзівілам». Бацька змоладу падаўся на чыгунку, «многа ездзіў па Эўрапейскай Расеі, Украіне, Малдавіі, Закаўказзі, сяк-так далучыўся да расейскай культуры, любоў да яе прышчапіўшы і нам…»


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: