Зваліўшыся ў чужы сад, як з неба, я спалохаў мілую істоту. Яна карміла трусікаў. Клеткі з трусамі стаялі паўз паркан у два паверхі. Я пазнаў дзяўчыну. Дачка Савіча. Калі мы прыходзілі да хворага доктара здаваць экзамен па інфекцыйных хваробах, яна, падлетак, школьніца, падавала нам чай. Доктар, знаёмячы нас з ёй, сказаў: «Гэта мая гаспадыня». Але імя яе за тры гады я, безумоўна, забыўся.

Яна войкнула, а потым сурова спытала:

«Што вам трэба? Хто вы?»

«Цішэй! — шыкнуў я. — Я друг тых, каго сёння павесілі».

«Павесілі? А каго павесілі?»

Я ўзлаваўся. Калі ідзе такая вайна, калі штохвіліны гінуць людзі, жывуць, аказваецца, вось і так: за высокім парканам, у добрым садзе, кормяць трусікаў… Жаруць трусяціну… І не ведаюць, што робіцца навокал.

«Людзей, якія не сагнулі спіны. Чуеце? Аблава! Схавайце мяне!» Узлаваны, я не прасіў — загадваў.

І яна зразумела. Схапіла мяне за руку і шпарка пабегла да дома. У калідоры спынілася, задыханая, узбуджаная.

«Куды ж вас схаваць? Пад кухняй ёсць пограб. Хочаце туды?»

Я паверыў у яе шчырасць і цалкам даверыўся ёй. Але на парозе кухні яна спынілася. Перадумала.

«Не, у пограб дрэнна. На другім паверсе пакоі нямецкага лекара пана Грота, ён кватаруе ў нас. Я зачыню вас у яго пакоях. Добра?»

Я згадзіўся і на гэта. Яна збегала некуды, вярнулася з ключамі. Мы падняліся ў мансарду, у добра абстаўленыя пакоі. Пакідаючы мяне, яна ўсміхнулася ласкава і разгублена.

«Ключа ў мяне няма. Няхай шукаюць Грота. У тым пакоі за шафай дзверы на гарышча. А там у нас чорт нагу зламае».

Я падзякаваў. Яна зачыніла дзверы на ключ. Але праз хвіліну вярнулася і прашаптала ў замочную шчыліну:

«Слухайце, вы… Як вас? Калі яны ўсё-такі ўварвуцца сюды, вы будзеце страляць?»

«Буду!» — цвёрда і бязлітасна адказаў я.

«У шафе ў Грота стаіць аўтамат».

О, дзяўчо гэтае было не з баязлівых! Дарэмна я ўпачатку блага падумаў пра яе. З той хвіліны я адчуў да яе павагу. Безумоўна, учынкі яе ў той міг маглі быць не ад свядомага пераканання, а ад жадання рамантыкі, што ўласціва такому ўзросту. Але было бясспрэчна — чалавек наш, сумленны. Інтуіцыя не падвяла. І гэта радавала.

У завулак яны ўскочылі ў той жа міг, як я застаўся адзін у шыкоўнай кватэры нямецкага афіцэра. Я ўбачыў іх праз акно. Гестапаўцаў з сабакамі і паліцаяў. Але я перабольшваў ролю аўчарак. Не такія яны ўжо разумныя і не такі ўжо ў іх тонкі нюх, як пра гэта расказвалі легенды. Звычайныя сабакі. Усе тры чамусьці кінуліся ў адзін двор. Безумоўна, следам за імі туды ўскочыла ўся зграя гестапаўцаў і паліцаяў. Пачаўся вобыск. Пошукі ў тым доме занялі хвілін дзесяць. Потым з'явілася тая модна апранутая жанчына, якую я сустрэў. Я пазнаў яе нават з такой адлегласці. Яна паказала гестапаўцам на гэты безыменны завулак. У мяне ёкнула сэрца. Няўжо яна бачыла, як я пераскочыў цераз паркан?

Гестапаўцы кінуліся сюды. Я заглянуў у шафу. Сапраўды, там стаяў аўтамат. Я не адважыўся набліжацца да акна, каб сачыць за імі. Маглі ўбачыць. Але вось сабакі загаўкалі, заскуголілі каля таго месца, дзе я пераскочыў паркан. Значыцца, напалі на след. Я дастаў аўтамат.

І раптам у садзе пачаўся дзікі вэрхал: вой, брэх, піск, крык. Я жахнуўся. Няўжо яны кінуліся на маю ўратавальніцу? Яна датыкалася да мяне, брала за руку. Забыўшыся на небяспеку, я наблізіўся да акна. І ўбачыў: аўчаркі рвалі трусоў.

Ты ведаеш, што зрабіла гэтае дзяўчо? Не кожны вопытны падпольшчык мог бы дадумацца. Яны выпусціла трусоў. Больш таго, яна забіла аднаго і кінула на сцежку каля таго месца, дзе я пералез паркан. Раз'юшаныя, галодныя сабакі, учуўшы пах крыві, ашалелі. Гестапаўцы не маглі іх стрымаць. Дзве аўчаркі пераскочылі паркан і, убачыўшы трусоў, пагналіся за імі.

А ў фортку грукалі гестапаўцы.

Гаспадыня спалоханым голасам крычала з ганка:

«Я баюся вашых сабак! Я баюся вашых сабак!»

Відаць, нехта з гестапаўцаў пералез і адчыніў калітку.

Тады яна закрычала абурана: «Панове! Панове! Што вы робіце? Гэта трусы пана Грота! Хірурга шпіталя пана Грота. Яго трусы. Божа мой! Што мне скажа пан Грот?»

Сабак нарэшце ўгаманілі. Цяпер яны толькі гырчалі, даядаючы трусяціну.

Яе спыталі ветліва:

«Скажыце, фрэйлейн, сюды ніхто не заходзіў?»

Яна ўсхліпнула:

«Трусы пана Грота! Гэта дом доктара Савіча. І ў нас кватаруе пан Грот, хірург шпіталя».

Гестапавец ці, магчыма, паліцай паўтарыў пытанне па-расейску.

«У нас заўсёды зачынена фортка. Тату пагражаюць, што яго заб'юць за тое, што ён служыць у немцаў. Я казала яму: навошта яму служыць? Ён мог прымаць хворых дома, як доктар Грайпінер. У Грайпінера хутка будзе свая клініка. А тату сапраўды могуць забіць. Няшчасныя трусікі!.. Што скажа пан Грот?»

Яна іграла наіўную дурную дзяўчынку. Але гестапаўцам не было калі слухаць яе балбатню. Старэйшы закамандаваў:

«Пашукаць!»

Яны зайшлі ў дом. Сабакі не пайшлі, бо іх цікавілі больш трусы, а не мой след. Ды і ад следу, як я пасля даведаўся, нічога не засталося. Гэтая дзяўчынка зрабіла яшчэ адзін надзіва хітры ход: яна паспела працерці ганак і падлогу ў калідоры растворам фармаліну.

З пакояў першага паверха далятаў да мяне гул галасоў, але слоў нельга было разабраць. Потым я пачуў іх крокі на лесвіцы. І яе голас:

«Там жыве пан Грот. Але ён не пакідае ключа. Ён не верыць, што я магу ўпільнаваць дом. Вы можаце, безумоўна, паламаць дзверы. Вы падушылі яго трусікаў. Але што скажа пан Грот? Ведаеце, давайце лепш я пазваню яму, няхай ён прывязе ключы. Ён хутка, у яго свая машына. Тады вы самі растлумачыце яму, што гэта вашы сабакі падушылі яго трусоў. Каб ён не думаў, што я не ўпільнавала».

«Ну і знайшоў сабе трашчотку гэты Грот», — сказаў адзін гестапавец, націскаючы на ручку дзвярэй.

Другі, недзе ўнізе, засмяяўся:

«А так яна нічога. Маладзенькая. Ножкі стройныя».

Відаць, глядзеў, нахабнік, на яе ногі знізу. Крокі пачалі спускацца, аддаляцца. І ўсё звінеў яе галасок. Яна ўсё яшчэ нешта гаварыла пра свайго тату, пра пана Грота і пра трусоў. Я пачуў шум машыны. Потым падрабязны даклад аб пошуках нейкаму начальніку. Магчыма, што гэта быў сам Бругер. Выслухаўшы, ён рэзюмаваў:

«Ідыёты! Перавярнуць дагары ўвесь раён, але знайсці гэтую сволач! Вось яго фатаграфія».

Працавалі яны аператыўна, нічога не скажаш: менш як за гадзіну пасля здарэння была размножана мая фатаграфія.

Я чакаў: будуць яны «пераварочваць» дом Савіча ці не? Прызнаюся, у той міг мне не хацелася страляць у іх ні з пісталета, ні з аўтамата. Я разумеў, якую небяспеку наклікаў бы ўзброеным супраціўленнем на гэтую мілую «трашчотку». Пры ўсёй суровасці і бязлітаснасці таго дня мне да болю стала шкада яе. Ёй трэба жыць! Трэба жыць… каб прынесці камусьці многа радасці.

Нам пашанцавала: у дом яны больш не вярнуліся. Бругер верыў доктару Савічу. «Пераварочвалі» суседнія дамы.

Праз некаторы час яна зайшла да мяне. Ціхенька адчыніла дзверы, моўчкі прайшла да канапы, зморана села, выцерла далоняй лоб. Але вочы яе блішчалі радасна і ўзбуджана.

«Ух, здаецца, мінула. Як я баялася! Ох, каб вы ведалі, як я баялася. Цяпер я ведаю, што такое „душа ў пятках“. — Яна скінула басаножку і памацала сваю пятку; гэта было наіўна і смешна, і яна сама засмяялася: А хораша я вадзіла іх за нос. Вы чулі? З мяне магла б выйсці актрыса. Да вайны я хадзіла ў драмстудыю пры клубе чыгуначнікаў».

І яна ўздыхнула, успомніўшы той дарагі даваенны час.

Я спытаў, як яе імя.

«Софа… Мама звала — Соня, а тата і цётка — Зося. Мама мая на дваццаць гадоў маладзей за тату, і яе забралі ў армію, мама — хірург. У нашу армію, — з гонарам падкрэсліла дзяўчына і тут жа ўздыхнула. — А тата працуе ў немцаў. Парадокс. Праўда? Цёця Марына памерла два месяцы назад. Пасварылася з татам, а ў яе хворае сэрца. Тата вельмі перажывае цяпер. А што гэта я, тата, тата… А вы, можа, не ведаеце, хто мой тата… Гэта — доктар Савіч. Вы гараджанін? У горадзе яго многія ведаюць».

Я адказаў, што ведаю Сцяпана Андрэевіча, ён вучыў мяне.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: