«Разумны ты чалавек, Сяргей Сяргеевіч, але не на тых людзей арыентуешся».

Гукан падышоў да тэлефона і набраў нумар сакратара гаркома.

— Адзін? — Яны ўжо бачыліся сёння.

— Калі я бываю адзін. Асвета вось сядзіць. Думаем разам. Сядзім і думаем. А работа стаіць, — як заўсёды, з гумарам адказаў Тарасаў.

— Ты чуў, што натварыў сын Шыковіча? Чорт ведае што! Міжнародны скандал.

Тарасаву за дзве гадзіны працы ўжо трэці чалавек расказваў пра гэты выпадак. Скажы, калі ласка, якая падзея дня! І вось тут, у званку Гукана, ён адчуў некаторае нездаровае смакаванне факта. Зразумеў, каб гэта быў любы малады шалапут, наўрад ці надавалі б гэтаму столькі ўвагі. Але сын Шыковіча… Таму сакратар адказаў зноў-такі з гумарам:

— Міжнародны, кажаш? Няўжо можа быць разрыў дыпламатычных адносін?

Гукан асекся. Непрыязна падумаў: «На жартачкі збівае. Выгарадзіць хоча».

— Ты не жартуй. Факт непрыемны.

— А я што кажу, радасны?

— Пагражаць атамнай бомбай гасцям! Што яны падумаюць пра нас?

— Калі ворагі, дык яны даўно ўжо думаюць… А калі сябры, то адзін дурань…

— Не. Па закону аб забароне прапаганды вайны трэба сукінага сына судзіць…

— Вось як! — Тарасаў як бы здзівіўся. — Думаю, нікога яшчэ не судзілі па гэтаму закону. Не будзем і мы шукаць у сябе падпальшчыкаў вайны. Згодзен?

Гукан сам зразумеў, што сказаў глупства. Але гэтая манера сакратара, гэты яго няўлоўны гумар — «Згодзен?» — не першы раз ужо выводзілі Сямёна Парфёнавіча з сябе. На дзесяць год малодшы, а размаўляе з ім, старым чалавекам, вопытным работнікам, як з малым.

— Хопіць гэтаму «падпальшчыку» дзесяць сутак. Няхай падмяце дарожкі ў парку. А то яны засмечаны ў цябе. Брыдка хадзіць.

«У мяне. Усё ў мяне. А ў цябе што?» — зноў раздражнёна падумаў Гукан і выказаў сваю думку больш катэгарычна:

— Няма адказнасці ў бацькоў…

— Вось гэта правільна! — адгукнуўся ў слухаўку Тарасаў. — Бацькі ў нас выхаваннем займаюцца мала.

— Шыковіч прэтэндуе на ролю выхавацеля мас, а ўласнага сына распусціў. Мнагавата мае грошай. Машына. Дача…

А вось гэта Тарасаву не падабалася. Безумоўна, бацька адказвае. Але калі з асобных фактаў пачыналі выводзіць тэорыю, што, маўляў, усе пачварныя з'явы толькі ў асяроддзі дзяцей забяспечаных бацькоў, што ва ўсім вінаваты дабрабыт, — гэта абурала Сяргея Сяргеевіча. Выходзіць, толькі ў беднасці і жабрацтве можна правільна выхоўваць. Глупства!

— Шыковіч палучае ў рэдакцыі столькі ж, колькі ўсе. Па штатнаму распісанню, — холадна адказаў сакратар.

Гукан змаўчаў. Успомніў, як аднойчы ў прыватнай гутарцы Тарасаў сказаў усё з той жа сваёй хітрынкай:

«Ты ж не адмаўляешся ад ганарару за сваю кнігу, хоць пісаў яе не ты?»

Цяпер Сямён Парфёнавіч падумаў:

«Ясна. Стаіць за Шыковіча. Як я не ведаў дагэтуль, што яны так спаяны».

Паспрабаваў змякчыць, каб Тарасаў не падумаў, што ён хоча ўтапіць свайго сааўтара:

— Хоць, безумоўна, за такімі шалапутамі хіба ўсочыш. Добра, што мае ў вайну выраслі. У эвакуацыі. Уведалі і цану хлебу і цану капейкі.

Тарасаў весела крыкнуў у слухаўку:

— Нешта ты, Сямён Парфёнавіч, хістаешся сёння. То валіш усё на бацькоў, то зусім здымаеш з іх віну. Не, бацькоў мы паслухаем. Я ўжо сказаў: сабраць па гораду ўсе падобныя факты паводзін дзяцей камуністаў. І ўсіх бацькоў на адно з чарговых бюро гаркома. У мяне — людзі.

Вось і зразумей яго, гэтага Тарасава!

А бацькі яшчэ нічога не ведалі. Валянціна Андрэеўна засталася на дачы, а Кірыла з самай раніцы забраўся ў партархіў. Пасля Ярашавага расказу жаданне заняцца падполлем, разабрацца ва ўсім аб'ектыўна і напісаць дакументальную кнігу пабольшала. Быў ён часам ленаватым, часам рабіў з халадком, асабліва ў журналістыцы. Але ўжо калі загараўся тэмай, то працаваў як апантаны, па шаснаццаць гадзін у дзень. «Працую, як Бальзак», — жартаўліва хваліўся ён у такія моманты блізкім. Так ён працаваў апошні тыдзень. З раніцы — у архіве, у другой палавіне дня — у рэдакцыі, увечары — дома, прыводзіў у парадак тое, што ўдалося здабыць у архіве. А матэрыялаў там было — непачаты край. Найцікавейшых дакументаў. За шаснаццаць год яны не ўсе нават сістэматызаваны. Штат архіва невялікі, а дакументаў — вагон. Начальнік — стары камуніст Сыраквашка Міна Азаравіч, у мінулым дырэктар музея — больш цікавіўся архівамі грамадзянскай вайны, калі ён сам быў малады і партызаніў на Палессі. Пісаў нейкія ўспаміны. Айчынная вайна ад яго была далей. Па рашэнню абкома ён разам з экспанатамі музея эвакуіраваўся ў самым пачатку яе. Лёс занёс яго ажно ў Новасібірск, дзе яму даручылі ахову эвакуіраваных з Ленінграда партыйных дакументаў.

З'яўленне ў архіве пісьменніка разварушыла маленькага сівага дзядулю. Міна Азаравіч быццам скінуў са сваіх сямідзесяці год пару дзесяткаў. Шмат што з таго, што расказваў пра падполле іх горада Шыковіч, яму, безумоўна, было вядома. Але той добры дзесятак вялікіх пытальнікаў, якія паставіў новы даследчык, запалілі старога архіварыуса. Сапраўды, гэта цікава — адказаць хоць на частку такіх пытанняў. Чаго варта, напрыклад, канчаткова вырашыць, хто ж такі Савіч, якога, між іншым, Сыраквашка добра ведаў — доктар некалі перадаў музею карціну Айвазоўскага.

І начальнік архіва шчыра памагаў Шыковічу ў пошуках.

За першы тыдзень Кірыла перачытаў гару папер, але высветліў нямнога з таго, чаго не ведаў раней. Расшыфраваў толькі адно — склад першага падпольнага гаркома. Спіса нідзе не было, але пры дэталёвым аналізе дакументаў таго часу і ўспамінаў удзельнікаў, напісаных неўзабаве пасля вайны, гэта ўдалося ўстанавіць. Гукан у сваёй кнізе яўна наблытаў: назваў імёны людзей, якіх у той час нават не было ў горадзе. Тут яму даказаць няцяжка. Хоць увогуле чалавек ён упарты. Але нічога, разбярэцца гарком ці абком.

Напярэдадні, разбіраючы матэрыялы партызанскай брыгады «Смерць фашызму», з якой падпольшчыкі трымалі найбольш цесную сувязь, Шыковіч натрапіў на цікавы дакумент. Дзіўны дакумент. Лісток з вучнёўскага сшытка ў касую лінейку. На ім размашыстым почыркам напісана:

«Учора пахавалі таварышаў, якія загінулі ў баі за станцыю.

Няўдача за няўдачай. Настрой у атрадзе цяжкі. Звесткі з Вялікай зямлі таксама не суцяшальныя. Чым падняць настрой людзей?

Сёння з'явіўся таварыш з групы НКВД. Правал у горадзе. Накрылі рацыю, двух арыштавалі. Л. выратаваўся выпадкова. Баюся за Доктара, яны трымалі з ім сувязь.

Папрасі Марусю, каб схадзіла ў горад».

І ўсё. Ні даты, ні подпісу. Што гэта? Пісьмо некаму ці ўрывак з дзённіка? Калі слова «папрасі» напісана правільна, — пісьмо. Але ўвогуле больш падобна на дзённікавы запіс. Магчыма, чалавек у спешцы не дапісаў «ць» — «папрасіць». Але гэта не галоўнае. Не гэта надзвычай зацікавіла і ўсхвалявала Шыковіча. Пісьмаў падобных і дзённікаў партызанскіх ён перачытаў мноства. Адзін сказ прымусіў яго выдзеліць гэты дакумент з усіх іншых: «Баюся за Доктара, яны трымалі з ім сувязь». Доктар — з вялікай літары. Хто ён, гэты Доктар? Сапраўдны доктар ці гэта падпольная клічка? Каб устанавіць ісціну, трэба ведаць, хто і калі пісаў пісьмо ці дзённік.

Шыковіч працаваў у сховішчы, якое змяшчалася ў склепах былога аддзялення банка. Прасторныя сухія склепы. У першы пасляваенны год камсамольцы разабралі банкаўскія руіны і са старой цэглы на месцы трохпавярховага будынка змуравалі невялікі аднапавярховы асабняк. Рэканструкцыя горада не кранула яго, бо стаяў ён у глыбіні двара, пасярод квартала. Наперадзе вырас чатырохпавярховы дом. А гэты белы домік стаяў у абкружэнні таполяў. Пасаджаныя ў сорак пятым годзе, яны разрасліся ў густы цяністы сквер і ўсё навокал засыпалі пухам квецені.

Шыковіч пайшоў да Сыраквашкі. Праз акно ўбачыў: стары ў белай кашулі сядзеў за сталом і, паглыблены ў працэс творчасці, пісаў, па-дзіцячы высалапіўшы кончык языка. Зрэдку нешта шаптаў. Кірыла любіў назіраць людзей, калі яны заставаліся самі з сабой. Чалавек у такім стане часта ператвараецца ў дзіця, нават тады, калі заняты сур'ёзнай працай. Шкада было турбаваць гэтага добрага дзядулю. Тым больш што Шыковіч за тыдзень ужо вывучыў: раней чым дазволіць зайсці, Сыраквашка схавае ў шуфляду свой рукапіс, быццам ёсць нешта злачыннае ў тым, што ён піша. Сустрэне нахмураны, незадаволены.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: