Між тым Лёднік асцярожна адпусціў руку Сільфіды, Пранцысю падалося, нават злёгку яе паціснуўшы, і схіліўся ніжэй… Як нейкі святарны покрыў, адгарнуў наверх падол сукенкі з белай шорсткай парчы, адкрыўшы ножкі панны ў мізэрных, шытых срэбнымі нітамі, туфліках. І Пранцысь пабачыў, што да левай ножкі незямнога стварэння прымацаваны тонкі бліскучы ланцуг, які другім канцом заходзіў пад канапу. Лёднік асцярожна памацаў ножку, зняволеную бранзалетам ад ланцуга, і павярнуўся да князя:
— Ваша княская мосць, ці не можна на нейкі час зняць гэтае ўпрыгожванне з нагі панны? Я адчуваю тут запаленне… На маю сціплую думку, Сільфідзе непрыгожа кульгаць, а гэта непазбежна, калі запаленне не залячыць.
Радзівіл незадаволена кіўнуў слузе, той адамкнуў бранзалет на назе Сільфіды, якая не зварухнулася, працягваючы вывучаць аблічча доктара. Лёднік — вось жа вольнасці рамяства! — правёў рукамі ўверх па ножцы, раз — і шаўковая панчошка ў ягонай руцэ… А на назе Сільфіды, трохі вышэй шчыкалаці, адкрылася трохі паджыўшая рана — такая магла б утварыцца, калі б стыхійны дух, не зважаючы на боль ад жалеза, якое ўпівалася ў цела, ірваўся прэч з ланцуга, спрабаваў узляцець у неба, да родных аблокаў… Пранцысь так яскрава ўявіў гэтую карціну, што мімаволі пачаў шукаць вачыма, дзе за спінай Сільфіда хавае крылы.
Лёднік даў знак Вырвічу падаць сакваяж, пакорпаўся там і дастаў слоічак з паскуднай на выгляд зялёнай маззю. Калі слоічак быў адкаркаваны, выявілася, што мазь яшчэ і смярдзіць балотам. Лёднік пачаў наносіць гэтыя грубыя зямныя лекі на ножку Сільфіды. Тая пакорліва сядзела, глядзела, як быццам гэта доктар быў стыхійным духам, незразумелым чынам прываблены на зямлю… А Лёднік схіліўся нізка, ледзь не носам вадзіў па белай скуры пацыенткі… А пад канец — Пранцысь мог прысягнуць — незаўважна для князя дакрануўся да ножкі вуснамі, а Сільфіда — зноў нічога, толькі ружовыя пульхныя вусны трошачкі здрыгануліся.
«Трэба станавіцца доктарам і лячыць прыўкрасных паненак!» — з зайздрасцю падумаў Вырвіч, уявіўшы на месцы Сільфіды — Паланэйку, а на месцы Лёдніка — сябе.
Лёднік яшчэ і праслухаў Сільфіду з дапамогай кароткай трубкі з пашырэннем на канцы, і горла ёй памацаў, і ў вочы зазірнуў блізка-блізка…
«Яшчэ трохі — і на смак яе пакаштуе», раздражнёна падумаў Пранціш.
Лёднік, аднак, разумеў, што не варта выпрабоўваць цярпенне Радзівіла, устаў і пакланіўся пану.
— Калі дазволіць ваша мосць, я распавяду вынікі абследвання, — голас доктара рыпеў, як у рэктара падчас лекцыі — ніякіх эмоцыяў, толькі ветлівы інтарэс. — Я заўважаю прыкметы выснажэння, баланс вадкасцяў у целе парушаны. Паколькі ў істотах сільфідаў павінна быць шмат паветра, я б рэкамендаваў часцей праветрываць гэтае памяшканне, і не запаўняць яго дымам. Найлепей трымаць вакно заўсёды трошачкі прыадчыненым, каб Сільфіда адчувала сваю сувязь з роднай стыхіяй і гэта змяншала яе меланхолію. Трэба ўмацоўваць лёгкія і павышаць утрыманне ў крыві жалеза. Я б рэкамендаваў дыету з курынага булёну і адварнога птушынага мяса, можна індычыну, больш гародніны і садавіны, валошскія арэхі і разынкі. Не зацягваць гэтак шчыльна шнуроўку на гарсэце, што перашкаджае паненцы, у якой і так саслабелыя лёгкія. І па магчымасці даць спакой параненай назе.
— А каб кроў пусціць? — нецярпліва прагаварыў Радзівіл. — Усе мае дактары лічылі гэта найлепшым сродкам!
Лёднік пачціва пакланіўся.
— На маю нявартую думку, крывепушчанне яшчэ больш саслабіць арганізм. Калі мне будзе дадзеная магчымасць лекаваць паненку прынамсі цягам тыдня, абяцаю, што да яе вернецца жыццёвы тонус і распрастаюцца крылы. Вядома, тут найлепей правесці кансіліум, калі б мне перагаварыць з доктарам, які назіраў за ёй раней…
Геранім Радзівіл нецярпліва тупнуў нагой.
— Крылы ейныя мне без патрэбы! Зрабі, как усміхалася і не губляла прытомнасць! А са сваім папярэднікам ты і так ужо знаёмы — ён тыдні два вісіць на слупе ў двары. Так што кансіліум праводзь, колькі хочаш! А зараз мне трэба, каб гэты… дух змог устаць на зямныя ногі, і не кульгаючы, з прыемным выразам твару, прайшоў туды, куды я захачу!
Сільфіда перарывіста ўздыхнула, нібыта стрымліваючы выкрык абурэння. Лёднік зараз жа захінуў яе ад погляду князя.
— Прыкладу ўсе намаганні!
І прыняўся корпацца ў сваім сакваяжы, застукаў слоікамі… Пахолкі былі пасланыя па ваду і шклянкі. Лёднік паіў Сільфіду мікстурамі, і Пранцысю здавалася, што ён назірае нейкі складаны рытуал, сэнс якога яму няўцямны. Князь нецярпліва хадзіў па пакоі, падбіваючы нагой рассыпаныя па падлозе кветкі.
Нарэшце доктар зачыніў сакваяж і павярнуўся да князя. Сільфіда ўзнялася, горда выпрасталася. Цяпер яе вочы гарэлі сінім пагардлівым агнём, і князь злавесна ўсміхнуўся.
— Вось гэта іншая справа! Падправіць паненцы выгляд!
Зараз жа падляцела прыслуга, якой раней не было бачна, нібыта слугавалі тут таксама стыхійныя духі, што прымалі цялесныя абліччы па першым загадзе гаспадара. Кабета прыпудрыла пухоўкай твар Сільфіды, паправіла парык, складачкі на сукенцы…
— Усё, пайшлі адведаем дурня! — уладна скамандваў князь і кінуў Лёдніку: — Сачы за ёй, і як толькі ўбачыш зноў прыступ меланхоліі — лякуй! І помні, шалберства не пацярплю!
Сільфіда была амаль аднаго росту з Пранцысем, у яе стройнай фігурцы адчувалася не толькі вытанчанасць, але і сіла — як у таненькай вярбе, якую, аднак, не пераломіш. Панна зусім не кульгала, але туды, куды яе вялі, відавочна не чакала нічога прыемнага. І Вырвічу было так шкада прыгажуні, што выбіў бы, здаецца, першае ж вакно ды выпусціў палонніцу ў неба.
Ісці ім давялося на верх левай вежы, у такое ж памяшканне, у якім была Сільфіда. Таксама дзверы, замкнёныя на шмат замкоў ды засоваў, варта… Але ўнутры не было ніякіх шаўкоў і кветак — наадварот: голыя каменныя сцены і падлога, драўляны насціл у куце, які мусіў замяняць ложак адзінаму насельніку, таксама не добраахвотнаму. Замест прыгожага вітража ў шыбах — краты. Шчуплы чалавечак з дзіўна прыплюснутым тварам, з вачыма, якія знаходзіліся на розных узроўнях, апрануты ў брунатны выцерты камзол, убачыўшы гасцей, ускочыў, на ягонай назе грукнуў ланцуг. Геранім Радзівіл завёў за руку ў пакой Сільфіду і расцягнуў вусны ў прывідзе ўсмешкі:
— Ну што, Марцін, бачыш, мая Сільфіда са мною! І пасвячае мяне ва ўсе таямніцы!
Шчуплы чалавечак ашчэрыў зубы, якія не ўсе былі ў наяўнасці, і кінуўся да гасцей, ланцуг нацягнуўся.
— Яна мая! Ясна табе? Мая! І яе таямніцы мае!
— Але ж гэта не я сяджу на ланцугу, а ты, браце!
Пранціш схаладнеў. Марцін Радзівіл, аддадзены пад апеку свайго брата князя Гераніма! Які прымушаў Лёдніка выклікаць яму Сільфіду! Ён жа зараз яго пазнае! Доктар, відаць, гэта выдатна разумеў, таму і спыніўся сціпла ў самых дзвярах, апусціўшы галаву. Пранцысь пастараўся, як мог, закрыць яго сабою. На шчасце, Марцін глядзеў толькі на Сільфіду.
— Не гавары яму нічога! Ён няварты!
Геранім злосна закрычаў, зрываючы голас:
— Гэта ты няварты! Калі не хочаш сядзець надалей на хлебе і вадзе, гавары, дзе ўваход у сутарэнні! Тады я дазволю табе пабыць з Сільфідай і скарыстацца з яе вабнотаў!
Князь моцна ўхапіў прыгажуню за руку і дэманстратыўна правёў перад Марцінам.
— Ну, згодзен? Ты ж так марыў пра сувязь са стыхійным духам, столькі грошай убіў на шарлатанаў, якія абяцалі яго выклікаць!
Марцін глядзеў на Сільфіду, як паміраючы ад смагі на струмень вады, яго вырачаныя вочы блішчэлі, як у рыбіны.
— Ну што?
Марцін раптам засмяяўся сухім здзеклівым смехам, у якім не чулася вар’яцтва.
— Ты ніколі не атрымаеш жаданага, брат! Бо ты — кавалак лайна, якое ўсе абягаюць падалей, каб не ўпэцкацца. У наступным жыцці ты будзеш рабаком, якога раздушыць мой абцас.
— У цябе не будзе хутка нават і гэтага жыцця! — зароў Геранім. Сільфіда стаяла нерухома, як вытанчаная парцалянавая статуэтка. Марцін махаў рукамі і лаяўся. Ягоны погляд спыніўся на Лёдніку і загарэўся па-вар’яцку:
— Гэта ўсё ты! Для мяне не пастараўся, а яму выклікаў! Будзь ты пракляты! Пракляты!