Локцем мераць, гэта значыць, прадаваць тканіны і працаваць на варштаце Вырвіч не збіраўся, але назіраць і распытваць любіў. А, паназіраўшы, пераконваў сябе, што для ўласнага задавальнення шляхціц можа і з жалеззем пагуляцца. Вунь Пане Каханку выточвае ўласнаручна куфэрачкі, якія дорыць прыдворным. Чаму б і Вырвічу не падкруціць пару гаек? І хутка перамазваўся алеем па вушы, і абыходзіўся з самымі складанымі механізмамі звыкла, як з шабляй.
Было ў ягоных візітах на стайню і добрае. Жалезная чарапаха па-ранейшаму ўганяла мясцовых у пракаветны жах. Будынак з дэманскай машынай, адкуль час ад часу выляталі клубы чорнага дыму і даносілася страшнае сіпенне, абыходзілі як мага далей. Машталеры, што глядзелі коней у стайнях побач, хрысціліся, сплёўвалі, трымалі пальцы рожкамі… Тое ж пераносілася на стваральніка цмока, ягонага слугу Генрыха і памочніка новага княскага доктара Франца Магнуса. Таму і Вырвіча абыходзілі, як карослівага. Што давала яму магчымасць ухіляцца ад размоваў.
Вырвіч шчыра зайздросціў Пфальцманам і Лёдніку, якія маглі тут вольна размаўляць на сваёй нямецкай, на якой размаўляла большасць гарнізону і ўвесь тэатр. А шкаляр аказаўся пазбаўлены самай галоўнай сваёй зброі — добра падвешанага языка. Нават з прыгожанькай артысткай Міхалішыўнай пазнаёміцца толкам не ўдалося, хаця Пранціш не раз падміргваў ёй і абменьваўся ўсмешкамі.
Калі цямнела, Пранцысь цягнуў на дах падзорную трубу і з усё меншай цікаўнасцю назіраў маніпуляцыі доктара, які старанна змешваў вадкасці і парашкі і адначасова рабіў нейкія нябёсныя вымярэнні. А па вяртанні ў пакой шкаляр яшчэ мусіў вучыцца адмыкаць замкі з дапамогай сагнутага дроціку і нават трохі фехтаваць. Былы алхімік настаўнікам быў дрэнным, прынамсі, на погляд Пранцыся, бо не шкадаваў крыўдных словаў… Не лаянкі, не — проста самыя звычайныя словы ён мог вымавіць так, што хацелася выць ад крыўды — на яго і на сваё няўмельства.
— Abend studia in moris, — нудзіў былы алхімік. — Як казаў ангельскі мудрэц Бэкан, слабы розум можна ацаліць адпаведнымі навукамі гэтак жа, як адпаведнымі практыкаваннямі вылечваюцца нашыя цялесныя хваробы. Кеглі добрыя для камянёў у мачавым пухіры і хворай паясніцы, стральба — для хворых грудзей, нетаропкі шпацыр для страўніка, язда конна дзеля галавы. А таму, калі чалавек з благой памяццю, няхай вывучае матэматыку, калі не назіральны, няхай вывучае логіку, бо яна — cymini sektores, збіральніца кмену, калі ж хто не можа даказваць адно праз другое, не заўважаючы падабенства, няхай вывучае права.
Такім чынам, Пранцысю прадпісваўся поўны курс усіх навукаў.
А па начах не давалі спаць крыкі, што даносіліся з сутарэнняў. Можа, збольшага яны мсціліся — але ж Вырвіч дакладна ведаў, што тут ёсць каму крычаць.
Дарэчы, за распіццё віна на працоўным месцы і доктар, і дырэктар тэатра атрымалі велізарныя штрафы ў дзесяць дукатаў. Грошы мусілі быць вылічанымі з іхніх заробкаў. Хто данёс — невядома.
Пятніца пачалася з дажджу… Апоўдні вецер выў так, што здаваўся яшчэ адным вязнем слуцкага замку. Перад тым, як адправіцца на дах, Лёднік прачытаў канон Прасвятой Багародзіцы, а тады абкруціў вакол сябе тонкі сталёвы шнур, схаваўшы яго пад камзол. Цяжар быў салідны, не лягчэй за рыцарскі панцыр. У гэты момант Пранцысь і Лёднік, напэўна, не супраць былі б належаць да прасветленай расы Сільфаў, якія ўмеюць лётаць і рабіцца нябачнымі.
А ноч была сапраўды жудасная. Халодны дождж ліў так, нібыта дзесьці сівабароды Ной ужо зладзіў каўчэг і загнаў туды апошнюю пару тварын Божых. Цёмна — руку выцягні, не ўбачыш. Толькі няўцямны юрад мог расчыніць вакно, каб упусціць у цёплы пакой, з камінам, аблямаваным плінфай з выявамі чорных арлоў, суровую стыхію.
Але вакно давялося расчыніць, таму што між дахам і пакоем доктара нацягнулася сталёвая нітка. Лёднік яшчэ раз праверыў, ці добра замацаваны на шкаляры адмысловыя рамяні, з дапамогай якіх артыстаў слуцкага тэатру ператваралі ў Купідонаў. Яшчэ раз шэптам прагаварыў апошнія настаўленні… Як толькі праз двор прайшлі няшчасныя мушкецёры, якім выпала несці варту ў такую слату, доктар прашаптаў:
— Давай! З Богам…
Пранцысь ступіў на падваконне. Лёднік крутануў за ручку пазычанага ў тэатры механізму: шнур бязгучна накручваўся на барабан, пры кожным павароце надзейна фіксуючыся, так што не трэба было напружвацца, каб утрымліваць груз. Пранцысь злёгку адштурхнуўся нагой, і адчуў, што яго пацягнула наверх. Шкаляр адразу вымак, як упушчаная ў ваду хустка. Але холаду не ачувалася: не да таго, калі кроў ад хвалявання бурліць.
На вылічанай вышыні шнур замёр. Цяпер трэба было аслабіць яго, моцна разгайдацца і дастаць да вакна Сільфіды. Скрозь дождж і цемру агні, што гарэлі ў памяшканнях варты, на валу, здаваліся цьмянымі вачыма паміраючага драпежніка. Вада цякла ў рынах з глухім рэвам, як зняволеная рэчка. Нарэшце Пранцысю ўдалося зачапіцца пальцамі за адкос ваконнай нішы. Так, закінуць нагу… Перачакаць, каб суцішылася шалёнае сэрцабіццё — Лёднік увесь час паўтараў, што трэба выхоўваць здольнасць да канцэнтрацыі, сачыць за дыханнем і пульсам. Цяпер трохі пасунуцца…
Пранцысь расшпіліў пасы і саскочыў на падлогу. Але працяла думка, што памыліўся: ногі сустрэлі не пухнаты кілім, а голыя дошкі. Не было й паху ўсходніх курэнняў і водару кветак… Холад, амаль як на вуліцы. Пранцысь асцярожна ступіў углыб пакоя. Цёмна, як цмок праглынуў. Ён напружана прыслухоўваўся: ці дыхае нехта побач?
— Хто тут? — ледзь чутны шэпт ударыў па напружаных нервах, як стрэл гарматаў.
— Панна, я ад Бутрыма…
— Гэта вы, такі мілы хлопчык, што з ім прыходзіў? — у шэпце чулася хваляванне. Пранцысь наблізіўся, выцягнуўшы рукі, і за ягоную руку ўхапіліся халодныя пальчыкі.
— Хлопчык, вы павінны зараз жа сысці, пакуль вашая авантура не мела непапраўных наступтваў! Я ўсё адно на ланцугу…
— Нічога… Дзе замок?
Пранцысь усляпую, як яго вучыў доктар, калупаўся сагнутым дротам у замку ад ланцуга хвілінаў дзесяць, якія падаліся бясконцымі. На лесвіцы ўвесь час мсціліся крокі. А што, калі зараз скрыгатнуць засовы, і ў пакой уварвецца сам князь! Па спіне шкаляра цёк халодны пот пры адной думцы, што не справіцца і давядзецца вярнуцца да Лёдніка ні з чым… Сільфіда маўчала, дыхаючы так ціха, што часам браў сумніў, ці яна зямное стварэнне. Нарэшце ў замку нешта шчоўкнула, і ланцуг апынуўся на падлозе. Сільфіда ўзнялася, зашаргатала тканіна. Хаця ўсяе раскошы ва ўбранні пакоя гаспадар непакорлівую палонніцу пазбавіў, на ёй яшчэ была неабдымная сукенка-рагоўка. Пранцысь пацягнуў Сільфіду за руку да вакна:
— Хадземце!
— Чакай… — жанчына паваждалася, і спадніца, нацягнутая на тры абручы з кітовага вусу, разам з абручамі з мяккім шоргатам апусцілася на зямлю.
— Усё…
І дух паветра вылецеў у вольную стыхію.
Лёднік падхапіў сяброўку свайго дзяцінства на рукі… Пранцысь сціпла адвярнуўся, хаця ў цемры ўсё роўна толькі мог пачуць усхваляванае дыханне абовух ды няўцямны шэпт «Гэта ты!», «Гэта ты!».
«Не, цмок з Белага возера», — пакрыўджана адказаў у думках Пранцысь паглынутым адзін адным палачанскім мяшчукам.
Вакно завесілі чорнай аксамітнай парцьерай, і можна было запаліць свечку і нарэшце адзін аднаго ўбачыць. Сільфіда з палёгкай сцягнула з сябе высокі парык, знізаны перлінамі, і яе чорныя валасы бліскучымі хвалямі рассыпаліся па плячах. У такім выглядзе, няхай з цёмнымі кругамі пад вачыма і схуднелая, яна выглядала яшчэ прыгажэй… Лёднік паднёс ёй адвар:
— Выпі зараз жа… Гэта дасць сілаў.
— Дзякую! — прамовіла Саламея Рэніч, прымаючы гарачы кубак з вохкім зеллем у далікатныя далоні — такія маглі б належаць шляхцянцы, якой з маленства адзявалі і ўдзень і ўначы трохі завузкія пальчаткі, каб пальцы былі тонкімі. — Каб не твае лекі, я за апошнія дні застудзілася б зусім…
Па твары доктара прайшла цень нянавісці:
— Разбэшчаныя юрады з радавымі гербамі замест мазгоў… І Бог у іх інакшы, чым у народа, якім кіруюць, і мова інакшая, і мараль інакшая… Bene natus et possessionatus et catholicus…