Пакуль муж вучоны швэндаўся па свеце, і маладосць прайшла, і бацькоў забрала чорная воспа — толку, што сын на лекара вывучыўся. Але часу гараваць не было. Алхімік засеў у бацькоўскім апусцелым доме і пачаў Вялікае Дзеянне — здабываць філасофскі камень… На рэдкія складнікі спляжыліся і свае, і бацькоўскія грошы. Дом і майстэрня пайшлі ў заклад. І гэтага не хапіла. А таемны працэс быў ужо на той стадыі, калі нельга адыходзіць ад палаючага тыглю, калі нельга перарываць справу. Бутрым паступова перастаў лекаваць нават самых багатых кліентаў. І ўрэшце заклаў аднаму з іх — пану Агалінскаму — апошняе, што меў: сябе самога, паабяцаўшы, што вось-вось зможа ператвараць жалеза і волава ў самае чыстае на свеце золата, і тады расплоціцца з панам з лішкам. А іначай будзе служыць яму да скону.

Агалінскі чакаў цэлы год. Урэшце золата збліснула ў вугалях тыглю… Але калі пан усвядоміў, колькі будзе каштаваць адна манета з такога штучнага золата, і колькі гадоў трэба збіраць на яе бліскучы метал — уз’ятрыўся і запатрабаваў доўг. І Лёднік перастаў быць вольным чалавекам.

У жаху Бутрым азірнуўся на свой лёс… І зразумеў, што гэта — Божае пакаранне. Ён даў сабе слова, што больш ніколі не пойдзе супраць Божага промыслу, не стане не толькі займацца алхіміяй, але й нават складаць гараскопы, назаўсёды адрачэцца ад чараўніцтва і гадання.

Пану Агалінскаму гэтыя перамены дужа не спадабаліся. Выходзіла, што не толькі золата, але й прадказанняў паводле зорак ад Бутрыма не дачакацца. Агалінскі пагразіўся, што аддасць упартага зоркаведа служыць на стайню. Але раскаяны алхімік толькі нудзіў пра Божую волю і грэх чарадзейства, чытаў каноны святому Кіпрыяну, які калісьці ўласныя магічныя кнігі спаліў, і ніякія ўгаворы, нават па скабах ды па спіне, на яго не дзейнічалі. А паколькі знаўцам атрутаў разнастайных Лёднік быў выбітным, у здольнасці да сурокаў ды чорных замоваў яго таксама моцна падазравалі, дык Агалінскі пачаў баяцца кусок у горла класці. Тады і дэкляраваў пан на гарачую галаву, што прадасць бескарыснага даўжніка першаму ж мінаку на гэтай дарозе. Вось і атрымалася тое, што атрымалася…

Пранціш хуценька прыкінуў: каб у карчме ягоны слуга пачаў складаць за грошы гараскопы, можна было б някепска зарабіць… Хто ж не хоча зазірнуць у будучыню! Нават Пранцішаў бацька, п’янтос і буяш, на кожнае вялікае свята замаўляў сабе прадказанне ў аптэкара з бліжэйшага мястэчка, які падрабляў зоркаведам. Але ж калі гэты ўпарты Лёднік астралогію адрынуў, можна скарыстаць ягоныя іншыя ўменні…

— Слухай, Бутрым, а ты навукі лекарскай не забыўся?

Алхімік пагардліва хмыкнуў.

— А што, пан расхварэўся?

— Не дачакаешся! А вось у карчме, куды мы прыйдзем, хворыя абавязкова знойдуцца. Грошай і заробім! Толькі вось што… — Пранціш у роздуме ўскалмаціў русявы чуб, які выбіваўся з-пад шапкі, нібыта мала прарабіў тае работы вецер. — Хто ж паверыць, што славуты доктар — слуга шкаляра… Каб да цябе пацыенты пайшлі, трэба важнасці напусціць. Ты, галоўнае, маўчы і рэцэпты паразумней ды падзіўней выпісвай на лаціне. А я сам усё скажу.

Бутрым змрочна акінуў позіркам жвавую постаць свайго гаспадара, зазірнуў у ягоныя блакітныя вочы, гэткія сумленныя, што хацелася адразу абмацаць свае кішэні, і тужліва ўздыхнуў.

— Нешта прадказвае мне, я сто разоў пашкадую, што пан Агалінскі не адправіў мяне служыць на стайню.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

ЯК БУТРЫМ ЛЁДНІК І ПРАНЦІШ ВЫРВІЧ У КАРЧМЕ БАЛЯВАЛІ.

Калі б Пранціша спыталі, у чым глыбокі філасофскі сэнс існавання прыдарожнай карчмы, шкаляр не задумваючыся б адказаў: у тым жа, у чым сэнс перлінаў, знізаных на нітку. Навошта нітка, калі на ёй не будзе перлінаў?

Гэтая карчма пад гучнай шыльдай «Рым» не была самай шыкоўнай… Тры абадраныя таполі ціснуліся да сценаў, нібыта п’яныя госці. Затое ля самой карчмы стаяла ажно некалькі экіпажаў — ад сціплай таратайкі да дыхтоўнай карэты, хаця і без гербаў. А гэта быў добры знак — будзе з каго браць даніну!

Паветра ў карчомцы можна было рэзаць нажом. Адразу чулася, што любімыя стравы заўсёднікаў — капуста і шкваркі, а улюбёныя напоі — піва і гарэліца. Шкляны бог меў тут сталую паству. «Тры! Васьмёрка! Венера! Сабачыя вочы!» — выкрыквалі гульцы ў косткі. Сляпы спявак, худы, як чараціна, з выцягнутым бледным тварам, выводзіў тонкім голасам «Дароту» ў суправаджэнні скрыпкі ды басэтлі. Стары шляхцюк з абвіслымі вусамі, у сармацкім строі[6], футра якога пабіла моль, як Міхал Глінскі — татараў, пацягваў піва з самай кіслай мінай. Маладая слічная карчмарка з чорнымі валасамі, прыбранымі пад сляпуча белы каптур, пачціва выслухоўвала ягонае шляхецкае буркатанне пра падзенне нораваў.

Лекар і ягоны «асістэнт» сціпла ўселіся за кутні столік, ледзь не млеючы ад спакусных пахаў, і Вырвіч пачаў выведку. Пяцёра мужыкоў, падобна, з Гарадзеншчыны, гэтак падазрона паглядалі па баках, відаць, спалоханыя чуткамі пра неверагодных прайдзісветаў, што чакаюць сумленнага хрысціяніна ў кожнай карчомцы, што спадзеву развесці гэтых дзікуноў на нешта было мала. Ад гарадзенцаў вельмі заўважна патыхала казліным лоем, якім прасталюдцы, выпраўляючыся ў шлях, змазваюць вопратку ад паразітаў. А вось трое шляхцюкоў, апантана занятыя гульнёй у косткі, былі вельмі абнадзейваючай кампаніяй, дыяментавыя гузы на іхніх шапках паблісквалі, як жарынкі, і не паспрабаваць абчысціць іхнія кішэні проста грэх… Праўда, не відаць было нікога, падобнага да асобы, што магла б прыехаць у шыкоўнай карэце без гербаў, якая стаяла ля карчмы. Шляхціц у пабітым моллю футры дакладна быў не з такіх. Напэўна, асабліва важныя госці адпачывалі на другім паверсе, дзе мелася пара пакойчыкаў. Можа, тым гасцям удасца збыць алхіміка? Пранціш, як хлопец сумленны, не супраць быў падшукаць лекару прыстойных гаспадароў. А той малец за столікам пад самай лесвіцай, падобны да «юрысты з палестры», дробнага чыноўніка, які выконвае чарнавую працу ў судзе, неадменна віж: вунь як прыкідваецца, нібы яму абыякава, што вакол яго гавораць, а сам так і шнырыць бляклымі вачыма, вышукваючы крамолы. Гэтага трэба асцерагацца… Невядома, на каго працуе. 1759 год ад Нараджэння Хрыстова, часіны смутныя, маскоўскія войскі раз’язджаюць па краіне, адны магнаты хаўрусуюцца з расейцамі, другія інтрыгуюць супраць, соймы зрываюцца адзін за адным… У Прусіі вайна, кароль-саксонец уцёк са свайго Дрэздэну ў Варшаву. З уласным народам зладзіць не можа, а да тутэйшага яму й зусім як да сухой ігрушы… Ён нават па-польску, седзячы на польскім троне, не навучыўся гаварыць, не кажучы пра беларускую мову. А суседзі, слабасць уладаў адчуваючы, не супраць зноў прайсціся па ліцвінскіх землях. Бо землі гэтыя — спаконвек на скрыжаванні, здабываюць іх, як філасофскі камень, зацята, стагоддзямі, не шкадуючы сродкаў і жыццяў чалавечых, і калі б з костак і крыві вырасталі белыя дрэвы з чырвоным лісцем, як у бабулінай казцы, дык пушчы й лясы зямлі гэтай нагадвалі б чырвонае мора…

Пранцысь азірнуўся на Лёдніка: той сядзеў, выпрастаўшы спіну, як быццам рыхтаваўся прымаць іспыты, і нат па баках не глядзеў, і здаваўся ў сваёй чорнай апранасе тут гэткім жа звычным, як гармата на таку. Чарнявая карчмарка, якая сноўгала між сталамі са збанамі піва, як лёгкі чоўнік між чаратоў, падазрона слізганула вачыма па цёмнай фігуры ў куце… Пранціш зразумеў, што трэба пачынаць сваю справу. Сарваў шапку з аблезлым собалем і ўрачыста махнуў ёю, нібы выклікаў бога паўночнага ветру.

— Шаноўнае панства! Толькі сёння, праездам у Парыж з Лемберку — вядомы лекар пан Баўтрамеюс Лёднік, майстар ацаленняў, знаны алхімік і зоркавед, які лячыў каралёў ды князёў. Любую хваробу ён пазнае і лекі ад яе прызначыць! Мяне ацаліў за адзін дзень ад самай акрутнай ліхаманкі! Усяго тры шэлегі за кансультацыю!

Лёднік падціснуў вусны, быццам яго абзывалі шыбенікам, але есці, відаць, хацеў і ён, таму дастаў з кішэняў сваёй упэцканай чорнай світкі паперкі і аловак і паклаў перад сабой на стол, рыхтуючыся выпісваць рэцэпты.

вернуться

6

Сармацкі касцюм — традыцыйны шляхецкі ўбор, складаўся з жупана, кунтуша, пояса ўсходняга тыпу, шапкі з футрам. У Рэчы Паспалітай яго насілі паралельна з нямецкім (французскім) строем еўрапейскага ўзору, але прыхільнікі традыцый «чужую моду» не ўхвалялі.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: