Але сустракаліся яны дзеля гутарак толькі тады, калі ніхто не бачыў — Пранцысь ужо меў сваю банду[7], некалькі хлапцоў, асабліва адчайных, якімі верхаводзіў, і баяўся, што яму пашкодзіць у іхніх вачох такое нявартае сяброўства. А Вараня пакорліва прымаў гэткае стаўленне. Ані ценю ваяўнічасці ў ім не было. Падобна, і зброю ў руках трымаць не ўмеў, нават палку-пальцату, на якіх спаконвеку біліся шкаляры, адточваючы высакароднае мастацтва фехтавання. Адзіная ягоная зброя была — дзіўны бронзавы стрыжань, падобны да цвіка, які Вараня выкарыстоўваў у якасці закладкі да кніжак. Аднойчы ён патлумачыў Пранцысю, што гэта не проста цвік, а сціло — старажытнагрэцкая прылада для пісання! Ім выводзілі літары на васковых таблічках, і Вараня таксама спрабаваў тым сцілом надрапваць на мяккіх ліпавых дошчачках вершы — сцвярджаў, што такім чынам найлепей адчувае мудрасць антычных паэтаў. Пранцысь падумаў, што сцілом зусім не абавязкова карыстаўся старажытны паэт, ім мог падлічваць прыбытак які-небудзь афінскі гандляр зелянінай, або калупаць абрыдлыя ўрокі такі шкаляр, як яны… Ці ўвогуле гэтая штуковіна не мае ніякага дачынення да Грэцыі, а беднага калеку менскі купчына проста падмануў… Занадта яна была таненькая, у пальцах ледзь утрымаеш, такой пісаць нязручна. Але Пранцысь прамаўчаў пра свае сумнівы, справядліва лічучы, што адбіраць у немаўляці бразготку занадта жорстка.

Настаўнік лаціны пан Баніфацыюс, які ліслівіў перад багатымі спадчыннікамі, дужа не любіў Вараня, які ў ягоных вачах абражаў сармацкі ідэал шляхецтва. Пранцыся пан таксама не любіў і не раз лупіў па руках скураной дысцыплінай. Але Вараня раздражняў яго асабліва, бо мог даць адказ на любое найскладанае пытанне, так што прычапіцца не было за што. І калі аднойчы хлопцы на ўроку лаціны выпусцілі ў класным пакоі варону, пан Баніфацый звінаваціў ва ўсім беднага Вараня — на што блазнюкі і разлічвалі. І адправіў небараку ў карцэр, папярэдне бязлітасна адхвастаўшы.

А Пранцысь змаўчаў… Не паспрабаваў абараніць Вараня… Даносіць на таварышаў — гэта ж ганьба! А ўзяць на сябе… Значыць, прызнацца, што лёс брыдкага калекі табе неабыякавы, што Гнаявік да гною цягнецца.

У карцэры бедны Вараня так застудзіўся, што ўжо й не ачомаўся. І так перхаў, як у бочку, а тут… Згарэў за тры дні. Пранцысю толькі і засталося, што ягоны сшытачак з крамзолямі… Урыўкі гісторый, вершыкі, незразумелыя формулы… Сваякоў у Вараняці не мелася, ніхто з-за ягонае смерці не ўстурбаваўся.

Пранцысь зразумеў, што значыць насамрэч пагарджаць сабою. Ён мусіў нешта зрабіць, каб зменьшыць пачуццё віны і гневу. І аднойчы пан Баніфацыюс, прыйшоўшы позна ў свой пакой, пачуў вакол лопат крылаў і страшнае крумканне. Свечка згасла. Вакол лётала нячыстая сіла, гарлала, біла крыламі па лысай галаве, напоўненай спражэннямі лацінскіх дзеясловаў… Калі на дзікія крыкі настаўніка прыбеглі, ён мог толькі хрыпець ды, лежачы на падлозе, рукамі ад сябе нешта адганяў… Гэтае «нешта» пры запаленым святле выявілася цалкам матэрыяльным: па пакоі лётала дзясяткі тры ашалелых ад зняволення і чалавечай прысутнасці варон, пер’е круцілася чорнай завірухай, ну і абгадзілі істоты Божыя ўсё, што маглі.

Хто напусціў птушак у пакой, выявілася хутка: у кожным класе меліся свае «цэнзары», прызначаныя рэктарам, яны не лічылі за ганьбу выкрываць таварышаў. Па Пранцыся прыбеглі цэлай пагоняй, як за літоўскім ваўком… Але Вырвіча так проста не зловіш! Эх, каб толькі дзядоўскую шаблю паспеў прыхапіць, свайго Гіпацэнтаўра…

Так што назад, у Менск, дарогі няма.

— І як жа спадар тых варонаў столькі налавіў? — зацікаўлена спытаўся Лёднік.

— А нератам! — зарагатаў Пранцысь. — Як рыбаў нябёсных! Сцягнуў стары нерат на Свіслачы, пайшоў на могілкі, пачапіў на дрэвах… Цэлы мех птушкамі наладаваў! Будзе цяпер гад памятаць пра Вараня!

Бутрымус амаль з павагай пасміхнуўся.

— А сшытак сябрука твайго пры табе?

— Вось… — Пранцысь дастаў патрапаную зялёную кніжыцу. Лёднік нечакана з пашанотай пагладзіў скураную вокладку, усеўся на крэсла і паглыбіўся ў чытво, ледзь не водзячы доўгім носам па старонках. Праз нейкі час нібыта стамлёна адкінуўся, заплюшчыўшы вочы, і са скрухай прамовіў:

— Гасподзь забірае лепшых… — памаўчаў, ціха папрасіў:—Можна я пакуль пакіну гэтыя запісы пры сабе?

Пранцысь дазволіў… Вараня хацеў бы, напэўна, каб нейкі знаўца ацаніў ягоныя мудраванні.

Унізе ажывала карчма. Чуліся нечыя сонныя галасы, застукаў каваль у кузні… Вось ужо нехта лена лаецца на бліжняга свайго, а той, пазяхаючы, адбрэхваецца, і добрай раніцы, родная зямелька…

— Пайду здабуду пану ежы… — прабуркатаў Лёднік, захінуўся ў свой чорны балахон і выйшаў за дзверы. Шкаляр з цяжкасцю ўстаў з ложка, страсянуў галавою… Ну трэба ж, як разгаварыўся са слугою — бы на споведзі. Але шкадавання не было. Затое патроху, як пухірыкі са дна куфля са свежым півам, падымалася п’янкое прадчуванне чагосьці незвычайнага, небяспечнага і цікавага, бо прыгода, пазбаўленая небяспекі — як зацірка без солі… Пранцысь нават схапіў качаргу, што прытулілася ў куце, і некалькі разоў удаў фехтавальныя рухі… Незаўважна перайшоў ад высакародных прыёмаў фехтавання на мячах і шаблях да шкалярскага змагання на палках-пальцатах, у якім Вырвічу не было роўных. Вось так табе, злыдзень, а ў пячонку не хочаш? А вось проста ў сэрца! Кубак упаў і закаціўся пад ложак, пакідаючы цёмную дарожку недапітага адвару, нібыта хацеў схавацца ад ваяўнічага пана.

— Я сказаў, з пакоя не выходзь! Дурное дзяўчо! Адвязу да цёткі ў кляштар, а там сабе скручвай галаву і другім тлумі! Мала ў Варшаве нарабіла! Пакуль я за цябе галавой перад тваім высакародным братам адказваю, будзеш, паненка, сядзець ціха, як смажаны фазан у пірагу!

Голас належаў чалавеку грубаму і звыкламу выкрыкваць вайсковыя каманды. Але Пранціш, вядома, адразу высунуў на калідор цікаўны нос… Незнаёмец у чорным капелюшы з высокай тулляй, абвязанай блакітнай стужкай, у чорным каптане, з-пад якога бачыліся бялюткія карункавыя манжэты і каўнер-жорнаў, спускаўся па лесвіцы, прыступкі рыпелі пад ягонымі цяжкімі крокамі, пабразгвалі шпоры… Вырвіч з хваляваннем утаропіўся на непаглядныя, пасечаныя п’янымі пастаяльцамі дзверы суседняга пакоя, за якімі, падобна, пакутвала чароўная дама…

Раптам у адтуліне замка тых дзвярэй паказалася шпілька, бязладна закруцілася, як вусік хрушча, нешта шчоўкнула, і дзверы прыадчыніліся. У шчыліне збліснула блакітнае вока. Пранціша ўважліва, без усялякай боязі, вывучалі, і ён пастараўся надаць твару як мага больш самавіты, варты даверу, выраз. Відаць, гэта ўдалося, бо дзверы прыадчыніліся шырэй, і Пранцысь пабачыў самае чароўнае аблічча, якое толькі магло прымроіцца шкаляру. Праўда, тварык паненкі з трошку кірпатым носікам і пышнымі цёмнымі валасамі, сабранымі ў высокую прычоску, упрыгожаную блакітнымі стужкамі, зусім не быў млява-рахманы, як належала прыстойнай чароўнай даме, а самы што ні на ёсць круцельскі. Аблічча гэтае Пранцішу было знаёма: ён бачыў яго ў ганаровай ложы школьнага тэатру, падчас прэм’еры п’есы «Брама неўміручасці» аўтарства двух шкаляроў з апошняга курсу, а насамрэч — Вараняці-Дзянісія. П’еса распавядала пра бязвінна загінулых благаверных князёў Барыса і Глеба ды праслаўляла слаўныя роды фундатараў школы, у тым ліку ваяводы князя Багінскага, які ашчаслівіў сваім наведваннем калегіюм. Князь нядаўна вярнуўся з Францыі і прывёз з сабой найноўшыя павевы французскай моды. Так што ўся зала, да абурэння айцоў езуітаў, глядзела не столькі на сцэну, колькі на расшыты перлінамі жустакор, вадаспады карункаў ды закручаны баранчыкам парык ваяводы. Вось ля яснавяльможнага Багінскага, мажнога, круглатварага, і свяцілася прыгажосцю гэтая кветка, паненка Паланэйка Багінская, ягоная малодшая сястра, якая таксама прываблівала пагляд падобнай да вялізнага торта з крэмавымі кветкамі сукенкай-рагоўкай на абручах з кітовага вуса, з наймаднейшай ружова-блакітнай тканіны ў дробныя букецікі, як у фаварыткі французскага караля мадам Пампадур. Сукенка была «лакцёвай» — у ёй нельга апусціць рукі, даводзілася трымаць іх сагнутымі ў локцях, не ў кожныя дзверы ўвойдзеш, а з шоўку, што пайшоў на гэты ўбор, можна было пашыць прынамсі тры сукенкі звычных памераў. Малады князь Міхал меў ажно шэсць сясцёр, і выгадаваўся, як адны казалі, сярод музаў, другія — сярод гарпій. Характарам мяккі, найбольш музыцы ды маляванню хацеў жыццё прысвяціць… Але дзе там! Радня ў палітыку калом пхае, як смаргонскага мядзведзя на кірмашовы пляц. Стаў ваяводам, а яны пад’южваюць — а чым ты не кароль? Паслалі Багінскага ад саксонскага двара з дыпламатычнай місіяй ў Санкт-Пецярбург, падбілі ўключыцца ў барацьбу за схільнае да любові сэрца маладой жонкі наследніка трону Кацярыны — яна, маўляў, усё будзе вырашаць у будучым, а не ейны нягеглы мужык… Стаць каханкам расійскай царыцы — трывалая прыступка да ўласнага трону! Толькі дарэмна, не запалілася прынцэса ад гэтага агню. Відаць, ёй не падабаліся мяккія ды нерашучыя, хаця й умеў князь выдатна граць на флейце, сачыняў музыку і маляваў карціны не горш за італьянскіх майстроў. Больш да сэрца прыйшоўся будучай царыцы польскі пасол, прыгажун Станіслаў Панятоўскі. І цяпер князь Міхал казаў усім выглядам пра сваё разбітае сэрца і рамантычныя марэнні.

вернуться

7

Банда — так у XVIII стагоддзі называлі каманду, гурт.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: