У 1857 годзе сімвал гарадской незалежнасці знеслі...
13 верасня 2002 года быў пакладзены першы камень у падмурак Мінскай ратушы, якую вырашана было аднавіць. А сёння ты можаш прыйсці на плошчу Свабоды і ўбачыць прыгожы белы будынак з гадзіннікам. Ратушу Мінска, сталіцы незалежнай дзяржавы.
Кожны беларускі храм – не толькі сведка, але і ўдзельнік трагічных падзей гісторыі, кожны, як стары вой, мае “шнары”, сляды людской бязлітаснасці… Мінскія цэрквы, касцёлы, мячэці, сінагогі, кірхі... Многіх з іх ужо няма і следу.
Будавалі беларускія храмы і для духоўнай патрэбы, і для абароны ад ворагаў. Адзін з іх – Свята-Петра-Паўлаўскі сабор каля гандлёвага дома “На Нямізе”. Прыгледзься пры выпадку, якія ў гэтага храма магутныя муры, вокны-байніцы. Не аднойчы даводзілася гэтым мурам вытрымліваць аблогу... І прыхадняў, і сваіх жа землякоў іншай веры.
У XVI стагоддзі крымскі хан Мехмет-Гірэй спаліў Мінск, амаль усе жыхары былі знішчаныя або забраныя ў палон. Але горад паступова насяляўся зноў – каталікамі, уніятамі, праваслаўнымі... Апошніх было менш, бо каталіцкая царква ў дзяржаве пачала лічыцца галоўнай. Тады і аб’ядналіся мінскія праваслаўныя ў брацтва. І вырашылі на свае грошы збудаваць каменны храм і манастыр. Княжна Аўдоцця Друцкая-Горская, удава каралеўскага маршалка Багдана Сцяткевіча, падаравала брацтву ўчастак зямлі каля Свіслачы. Пачалося будаўніцтва... Шмат сустракалася перашкодаў. Але храм, асвечаны ў гонар апосталаў Пятра і Паўла, паўстаў, і манастыр, пры якім ён дзейнічаў, нават атрымаў ад караля Уладзіслава прывілей – адкрыць школу і друкарню. Аднак да канца ХVIII стагоддзя зусім заняпаў – у ім заставалася ўсяго 5 манахаў, а зімой унутры будынка ляжаў снег. Калі Мінск апынуўся ў складзе расійскай імперыі, у якой, наадварот, шанавалася праваслаўе, царыца Екацярына ахвяравала на аднаўленне храма 7000 рублёў серабром. А таксама падарыла тры невялікія срэбныя падсвечнікі і... свой асабісты гардэроб. Цікава, як яго скарысталі манахі? Але храм пачалі называць Екацярынінскай царквой. Калі ў 1797 годзе на богаслужэнні прысутнічаў імператар Павел І, будынак яму вельмі спадабаўся...
У 1812 годзе праз Мінск прайшла армія Напалеона. У Екацярынінскай царкве французы зладзілі лазарэт для сваіх салдат. Усё каштоўнае з убрання храма стала ваеннай здабычай. Кажуць, нават коней у святы будынак заводзілі...
Пасля вайны храм у чарговы раз адрамантавалі. Аднак улады аднялі ў яго званне кафедральнага, гэта значыць, галоўнага – палічылі, што знаходзіцца ў не вельмі зручным месцы. Затое перарабілі так, каб Екацярынінская царква была больш падобнай да рускіх цэркваў. Прыбудавалі купал, распісалі сцены... Па сведчаннях сучаснікаў, роспісы не саступалі фрэскам знакамітага маскоўскага храма Хрыста-Выратавальніка.
Але вось у Мінску ўсталявалася Савецкая ўлада. У 1930 годзе ў горадзе быў забаронены царкоўны перазвон. Екацярынінскую царкву падзялілі на тры паверхі і зладзілі склад. На першым паверсе захоўвалася сялёдка. Увесь царкоўны двор быў застаўлены бочкамі, ад якіх сыходзіў адпаведны пах.
Затое падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі людзі ўспомнілі пра Бога, у храм перанеслі найвялікшую святыню горада – Мінскі абраз Божай Маці.
Пасля Перамогі храм на пяцьдзесят гадоў ператварыўся ў архіў. Вакол паўставалі новыя дамы. Паглядзі, як заціснуты старажытны будынак паміж сучаснымі… Гэта не выпадкова – раз ужо дазволілі ацалець рэлігійнаму збудаванню, яно не мусіла прыцягваць увагі. Але на фасадзе старой царквы яшчэ доўга чытаўся надпіс: “Дом мой домам малітвы нарачэцца”. Як яе не замазвалі, праз нейкі час выяўлялася зноў. Словы былі прарочымі. На пачатку 90-х гадоў ХХ-га стагоддзя ў храме прагучаў першы малебен.
І сёння ты можаш прыйсці ў Свята-Петра-Паўлаўскі сабор, і ўбачыць старажытныя роспісы, якія зараз аднаўляюцца, і пачуць, як звоняць на высокай вежы званы – гэтак жа, як шмат стагоддзяў таму.
“Найцікавейшае месца ва ўсім горадзе, безумоўна, так званы Высокі рынак, да якога сыходзяцца ўсе галоўныя вуліцы і які абступаюць высокія дамы і гмахі. Размешчаны высока на пагорку, забрукаваны, шырокі – гэты рынак імпануе здалёк, добра бачны з прамых, як страла, прылеглых вуліц”. Так пісаў пра Высокі рынак, або Саборную плошчу, на пачатку ХІХ стагоддзя пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля. Зараз гэтае месца называецца плошчай Свабоды, хаця Саборная была куды большая. Тут стаялі храмы і манастыры, палацы арыстакратаў і дамы багатых гандляроў, рэстараны і магазіны мод, аптэкі і цукерні, тэатры і нават – у сярэдзіне ХІХ стагоддзя - драўляны будынак першага мінскага цырку... Калісьці быў і “каралеўскі двор” – там мог спыняцца кароль. На жаль, мала засталося сёння з тых будынкаў… Самыя прыкметныя – два кафедральныя саборы: праваслаўны Свята-Духаў і каталіцкі Марыінскі.
Гісторыя Марыінскага касцёлу пачалася, калі ў сярэдзіне ХVII стагоддзя біскуп І. Сангушка выкупіў у багатага мінчука Ягора Гегера ягоную сядзібу – невялікі палац на Высокім рынку. Там і вырашыў пабудаваць рэзідэнцыю магутны ордэн езуітаў: калегіум – навучальную ўстанову, манастыр, касцёл... Храм асвяцілі ў гонар Іісуса, Марыі і Барбары ў 1710 годзе. На адну з фасадных вежаў устанавілі гадзіннік, прывезены з Гданьску, а на другой – званы. Адзін з тых званоў, дастаўлены з Каралеўца, быў такі вялікі, што меў нават уласнае імя – Ян Салагуб. Пэўна, вялікі настолькі, што немагчыма было ім карыстацца! Бо па загаду біскупа Якуба Дадэркі з яго зрабілі два званы, адзін з якіх назвалі, зразумела чаму, Якуб. У школе чыталіся курсы граматыкі і філасофіі, існавала бурса – інтэрнат для бедных студэнтаў. У касцёле меліся прыгожыя роспісы, капліца з целам святога Феліцыяна, рыцара і пакутніка. Калі ордэн езуітаў у канцы XVII стагоддзя быў закрыты, храм захаваў сваё значэнне – ён стаў Марыінскім кафедральным саборам... У будынку калегіума падчас Паўночнай вайны спыняліся Пётр І, украінскі гетман Мазепа, у 1812 годзе – маршал Даву. Тут дзекабрыст Мураўёў напісаў “Паўночную праўду”, варыянт канстытуцыі для будучай рускай дзяржавы. Потым быў тут дом мінскага губернатара. Вежу калегіума з гадзіннікам ператварылі ў пажарную каланчу. У 1914 тут спыняўся цар Мікалай ІІ... Потым засядаў Часовы працоўна-сялянскі ўрад БССР... А цяпер у старажытных мурах – музычны каледж.
Яшчэ нядаўна пра былую славу муроў Марыінскага касцёлу мала хто здагадваўся. Пасля Вялікай Айчыннай вайны касцёл зачынілі. У 1947-м у ім захоўваліся дэкарацыі тэатра імя Янкі Купалы. А потым, на працягу паўстагоддзя, знаходзілася ў ім спартыўнае таварыства “Спартак”. І там, дзе калісьці ўзносіліся малітвы, юныя мінчане трэніраваліся ў захватах і кідках на барцоўскіх дыванах. Будынак умуравалі ў шэраг іншых дамоў гэткім жа безаблічным каменным “простакутнікам”... Толькі нядаўна касцёл набыў сваё ранейшае аблічча, і цяпер здалёк бачныя яго вежы.
А ў будынку кафедральнага Свята-Духава сабора напачатку быў касцёл кляштара бернардзінак – манашак ордэна Святога Бернарда. Але пасля паўстання 1863-1864 гадоў для храма пачалася новая гісторыя. Манашак разагналі. У будынку працавала следчая камісія, і была нават вязніца. Сярод іншых паўстанцаў у мурах храма была зняволена дачка пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Каміла. Праз нейкі час у будынку размясціўся праваслаўны манастыр Святога Духа. А ў 20-х гадах ХХ стагоддзя ў скляпеннях храма зноў была вязніца, і там нават расстрэльвалі зняволеных. Тады крыжы на вежах храма змянілі два чырвоныя сцягі...
Сёння кафедральны Свята-Духаў сабор – адзін з прыгажэйшых будынкаў горада. На яго фасадзе – герб Мінска, Прасвятая Багародзіца з анёламі. Найвялікшыя святыні храма – гэта Мінская ікона Маці Божай , а таксама мошчы – нятленнае цела святой благавернай Сафіі Слуцкай, унучкі Анастасіі Слуцкай, пра подзвігі якой нядаўна зняты фільм. Сафія была апошняй з магнацкага роду Алелькавічаў. Яе багацце ледзь не стала прычынай крывавай вайны паміж апекуном Соф’і магнатам Геранімам Хадкевічам і бацькам яе жаніха, грозным ваяром Радзівілам па мянушцы Пярун. Але Сафія не магла дапусціць, каб з-за яе пакутаваў народ. Кажуць, менавіта яе малітвы спынілі сварку. Апошняя з Алелькавічаў стала жонкай Януша Радзівіла і памерла пад час родаў. Калі ты прыйдзеш у Свята-Духаў сабор, то можаш убачыць яе нятленнае цела ў бакавой нішы злева ад алтара. Гавораць, што Святая Сафія заўсёды дапамагае тым, хто моліць аб чыстым, шчырым каханні.