Але самае цікавае, што і сябар не змяніўся. Тое ж заношаная кашуля ў клетку, тыя ж растаптаныя патнофлі на нагах, тая ж неахайная прычоска і шчаціна на шчоках, тыя ж добрыя сумныя вочы.

Затое сябар пры з'яўленні Крушынскага аслупянеў. Спачатку ён нават не пазнаў яго.

— Ну, барада! — яны абняліся. — Як жа ты ўмудрыўся так пастарэць за гэты час? Ці, наадварот, памужнеў?

— Затое ты — не, — азіраючыся, з усмешкай, якую нязвыкла было бачыць, сказаў Крушынскі.— Аднак выбачай — зусім няма часу! Дастаў грошы?

— На, — сябар працягнуў яму неахайны жмутак. — Тут дзвесці пяцьдзесят даляраў — ледзь выклянчыў па знаёмых. І маіх сто. Усяго трыста пяцьдзесят. Хопіць? — і дадаў вінавата: — Больш у мяне няма.

— Хопіць, — Крушынскі, не гледзячы, запіхаў жмутак у кішэню. — Я аддам.

— Пра гэта не думай. Калі будуць, тады і аддасі.

— А сам як? — спытаў Крушынскі.

— Не прападу! Тэлевізар новы купіць збіраўся, а раз такая справа — пазаву знаёмага майстра, хай стары падлазіць, хоць адну праграму. Хопіць з мне!

— Дзякую, — Крушынскі моцна паціснуў яму руку. — Ты і праўда не змяніўся.

— Дык а ты як? Хоць у двух словах!

— Магу нават у адным — цудоўна, — адказаў Крушынскі без усмешкі. — Вось толькі. непрадбачаныя абставіны.

— Гэта з-за іх табе спатрэбіліся грошы?

— З-за іх. Калі-небудзь потым усё раскажу. Крушынскі выйшаў ужо на калідор, як раптам, успомніўшы штосьці, хутка вярнуўся.

— Слухай! Ты мне яшчэ можаш памагчы! Тэрмінова трэба доктар. Але. — ён замяўся. — Як бы табе сказаць… Нелегальны доктар, неафіцыйны… Тут такая справа, што не хочацца «свяціцца».

— Разумею. Няма праблем. Гэтую просьбу нашмат лягчэй выканаць, чым першую, — засмяяўся сябар. — Тут літаральна праз вуліцу, у прыватным сектары, жыве адзін доктар. Даўно на пенсіі, але, здаецца, практыкуе яшчэ.

— Адрас хутчэй! — папрасіў Крушынскі.

— Ды не помню я адраса. Там гэтых завулачкаў, што сабак нярэзаных. Сам знойдзеш: направа, потым налева і першы дом з цэглы. Ён там адзіны на рагу. Ды я табе зараз з вакна пакажу!

— Не трэба, дзякую. Я знайду.

— Вось яшчэ што… Ён трохі любіць гэтае дзела. Можа быць не транспартабельным.

— Я яго дастаўлю куды трэба жывога ці мёртвага, — сур'ёзна паабяцаў Крушынскі.

— А куды даставіш? Дзе ты цяпер?

— У лесе, — не азіраючыся, адказаў Крушынскі.

Сябар правёў яго да ліфта і вярнуўся ў пакойчык. Зняў патэльню з пліткі. На сцяне вісеў фотаздымак: маладыя белазубыя ваенныя ў панамах, сярод якіх з цяжкасцю, але можна было пазнаць і Крушынскага, і гаспадара пакойчыка. Побач з фота — нейкая грамата ў рамцы з трэскнутым шклом.

Раздзел IX

Доктар. — Аб тым, як грошы змяняюць людзей. — Зноў леснічоўка. — Медыцынскі агляд. — Дыягназ. — Класці на стол пальчаткі — кепская прыкмета! — Стасева падзяка. — Доктар просіць паперку і ручку.

Менш чым праз гадзіну шустры «масквічок» ужо выбраўся з Мінска і паляцеў па шашы, курачы за сабою снежным пылам.

На заднім сядзенні драмаў з чамаданчыкам на каленях пажылы доктар. На шчасце, Крушынскаму ўдалося застаць яго дома. Доктар аказаўся чалавекам справы. Ні аб чым ён не распытваў, ніякіх умоваў не ставіў, згодзен быў ехаць, куды скажуць. Калі ж Крушынскі на месцы адлічыў яму дваццаць пяць даляраў авансу, паабяцаўшы яшчэ столькі ж, у доктара загарэліся вочы і затрэсліся рукі. Крушынскі аднёс гэта да звычайнай старэчай сквапнасці. Канечне, бедна жыве чалавек, пенсіі не хапае, лектарскай практыкі ўжо няма.

Атрымаў сваю абяцаную палавіну, пяцьдзесят «зялёных», і Стась. І гэтага было не пазнаць цяпер. Куды падзеліся яго асцярога, недавер, раздражненне! Вясёлы, усім задаволены, цяпер ён уключыў гучна прыёмнік і, як салавей, падсвістваў мелодыям.

Ехалі гадзіны паўтары. Нарэшце злева прамільгунуў паласаты слуп з указальнікам «в. Вялікая Паляна — 4 км.». Машына праехала яшчэ з паўкіламетра і спынілася. Ледзь прыкметная паваротка вяла ад шашы проста ў лес. Пакуль Крушынскі выцягваў з ядлоўцавага куста лыжы і сумку са старымі ботамі, Стась таксама вылез з машыны і аглядаў заваленую снегам, вузкую дарогу. На твары яго зноў з'явілася заклапочанасць.

— Праедзеш? — спытаў, падыходзячы, Крушынскі. — Я раніцаю ўсю гэтую дарогу абмацаў палкаю. Пад снегам цвёрда.

— Праедзем! — бадзёра адгукнуўся Стась; вось як грошы мяняюць у лепшы бок чалавека. — Колькі ехаць?

— Кіламетры два-тры.

Лыжы Крушынскі прымацаваў на багажніку зверху. Паехалі. Цяпер і апраўдалася, чаму Крушынскі выбіраў на стаянцы машыну з высокай пасадкаю — іншамарка адразу б легла тут на «жывот». Але і масквіч цёгся з горам папалам. Хутчэй нельга было — дужа вузкая дарога, хвоі часта стаялі так блізка, што можна было зашчаміцца паміж імі. Разоў колькі машына забуксоўвала і тады Крушынскаму з доктарам даводзілася штурхаць яе ззаду.

Сярод дрэў узнікла хатка. Пад'ехаць бліжэй было немагчыма. Спыніліся воддаль, на паляне.

— Дык ты тут і жывеш, значыць? — здзівіўся Стась.

— Тут і жыву, значыць. Ды хутчэй вы! — падагнаў доктара, які нязграбна выкульваўся з машыны.

Крушынскаму толькі цяпер, калі ўсё, што ён планаваў, было зроблена і ён апынуўся дома, стала трывожна. Хоць бы не здарылася чаго!

Каля хаткі слядоў, акрамя сабачых, не было. Замок таксама вісеў на месцы. Аднекуль з лесу выскачыў Барс, кінуўся на чужых, забрахаў, прыпадаючы грудзьмі да снегу. Потым убачыў, што людзям не да яго, супакоіўся і пабег аглядаць і абнюхваць машыну.

Дзяўчынка сядзела ў кутку на тапчане. Відаць, сабачы брэх устрывожыў яе. Але выглядала яна куды лепш чым учора. На шчочках была чырвань, вочы свяціліся здаровым бляскам. У Крушынскага адлегла з душы.

Доктар скінуў рукавіцы, ляпнуў іх на стол. Пахукаў на рукі:

— Ну, дзе наш хворы? А што так цёмна ў нас? Як для Крушынскага, дык было аж занадта светла. Але доктару з непрывычкі, ды пасля двара, ды яшчэ падслепаватаму, канечне, здавалася цёмна.

— Святлей не будзе, — сказаў Крушынскі. — Лямпа ёсць карасінавая, але днём ад яе што толку.

— Ну і ну? Зусім няма электрычнасці?!

— Доктар, рабіце сваю работу.

— Канечне, канечне! Каля акна тут зусім светла. Давайце сюды свайго хворага.

Крушынскі падышоў да дзяўчынкі. Стараючыся гаварыць выразна, міжволі памагаючы сабе жэстамі, папрасіў:

— Уставай, не бойся. Гэта ж доктар. Нічога кепскага ён табе не зробіць.

Яна паслухалася. Адкінула коўдру. Сунула ногі ў валёнкі, якія прадбачлівы Крушынскі паставіў каля тапчана яшчэ раніцай, перад тым, як выправіцца ў горад. Крушынскі працягнуў ёй руку, яна падала сваю; ён падвёў дзяўчынку да стала. Доктар сядзеў на табурэце і бегаў вачыма па хатцы. На твары яго было шчырае здзіўленне, нават недавер. Відаць, раней яму і ў галаву не прыходзіла, што людзі ў такіх умовах могуць жыць цяперашнім часам.

— Доктар, у нас мала часу, — вярнуў яго ў рэальнасць Крушынскі.

Доктар схамянуўся:

— Так, так, і што ў нас?

«Пацыентка» моўчкі стаяла перад ім, сцягваючы на грудзях мужчынскую сарочку, якая знізу гармонікам спадала ёй на валёнкі. Крушынскі сам упершыню ўбачыў яе ва ўвесь рост. Не такая, яна, аказваецца, і малая — яму, высокаму, дастане да пляча.

— Дык як нас завуць? — Не дачакаўшыся адказу, доктар павярнуўся да Крушынскага. — Як яго імя?

— Гэта не ён, — буркнуў Крушынскі, — а яна. Завуць. э-э. Іра. Я вас не папярэдзіў, доктар. Яна не можа гаварыць.

Кашлатыя сівыя бровы ў доктара папаўзлі

ўверх.

— А як жа…

— Не, так яна ўсё разумее і чуе! Толькі трэба вымаўляць словы павольней.

— Ага.

Доктар расчыніў сакваяж, выклаў на стол навушнікі танометра, «грушу», слухавую трубку, металічны бліскучы малаточак.

— Распранайся да пояса.

Дзяўчынка кінула ўмольна-спалоханы позірк на Крушынскага.

— Рабі, што кажуць. Гэта ж доктар! Крушынскі дэманстратыўна адвярнуўся.

Прысеў перад цёплай яшчэ грубкаю. Пачаў збіраць да ладу яе ўчарашнія рэчы. Усё было ўжо сухое. Боцікі таксама высахлі ўсярэдзіне, толькі зверху пакарабаціліся, і загнуліся насы.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: