За Гомелем, на Чарнігаўскай трасе яе падабраў першы ж дальнябойшчык. Узрадваная, яна нават увагі не звярнула, што пасля вялізнага моста — развілкі, дзе сыходзілася, перапляталіся і разбягалася ў розныя бакі дзесятак малых і вялікіх дарог, яны паехалі не на поўдзень, а на захад — на Мінск. Калі сцямнела, дальнябойшчык пачаў прыставаць да яе. Яна ўкусіла яго за руку. Тады ён спыніўся і высадзіў яе — нават не высадзіў, а проста выкінуў з кабіны. Вакол быў лес і мяла завіруха. Усё далейшае ён, Крушынскі, ведае. Дзяўчынка пайшла ў гэты лес, стараючыся забрацца чым глыбей, затым наламала пад ніз лапак і легла пад хвойку. Помніць яна толькі, што стала ёй добра, цёпла — і больш нічога.

— Дык ты пагэтаму нямой прыкінулася? — спытаў Крушынскі. — Быў свежы прыклад з гэтым… дальнябойшчыкам?

Яна кіўнула.

— Ясна… Ану, пакажы мне той абрывак паштоўкі, — папрасіў ён.

— Паштоўка ў сумцы засталася, а сумка ў машыне.

— Як?! — ён аж ускочыў з табурэткі. — Ты адзіны свой паратунак не пры сабе насіла, а ў нейкай сумцы?!

— Ды я помню прозвішча, — абыякава сказала яна, — а больш там не разабраць, усё расплылося.

— Ну і то добра, што хоць прозвішча запомніла. Хаця! — Крушынскі машынальна выцягнуў цыгарэты, але схамянуўся, што ён не адзін ужо. Кінуў пачак на стол. — Хаця мала верагодна, што і там ты некаму будзеш патрэбная. Нават калі і знойдзеш тую цётку. А ўвогуле, — прыйшло яму раптам на розум, — чаму я павінен табе верыць?

Ён уважліва, як бы выпрабоўваючы, паглядзеў на яе. Яна маўчала.

— Во папаў… Во ўліп, дык ўліп… Ну, добра, не крыўдуй. Я табе веру. Кожнаму слову. І што цяпер рабіць?

Яна паціснула плячыма.

— Не магу ж я цябе тут пакінуць!

— А чаму і не? — спытала яна раптам, і далей, не даючы яму апамятацца, загаварыла хутка: — Я б да вясны толькі пажыла — і ўсё! Я памагаць вам буду, есці варыць, падмятаць.

Ашаломлены, ён моўчкі глядзеў на яе. І толькі калі ўбачыў, што ў яе вішнёвых вачах — мальба скрозь слёзы, узарваўся:

— Ты думаеш, што ты кажаш?! Падмятаць! Ды табе вучыцца трэба, за партаю ў школе сядзець, а не ў глухамані, без святла без радыё, з чужым дарослым дзядзькам. Калі б ты была хоць хлопчыкам! — вырвалася ў яго міжволі. Ён замоўк тады, зразумеўшы, якое глупства вярзе. А калі б хлопчык, дык што? Ніякіх гасцей! Ні хлопчыкаў, ні дзяўчынак! Не для таго ён так крута мяняў сваё жыццё, каб звязваць яго з кім бы там ні было! Ды і ўвогуле — што гэта такое? Гэта нейкі абсурд, з якога боку ні глянь! Гэта ж не сабака прыбіўся, не кот — чалавек, тут нават чыста юрыдычныя могуць быць наступствы! Трэба ж некаму паведамляць, звязвацца з уладамі, нейкімі камісіямі, міліцыямі. Не, не, ніякай гаворкі тут нават быць не павінна!

— Прабач, я крычу, злуюся, — сказаў ён, астываючы, — гэта лішняе. Давай так. Ты хочаш тут застацца? А мне што казаць людзям? Калі яны даведаюцца?

— А ніхто не даведаецца. Удзень я не буду выходзіць з хаткі, як сёння.

— Не выдумляй! — ізноў давялося яму павысіць голас. — Табе трэба са сваімі аднагодкамі быць, з маткаю, з цёткай крымскаю. не ведаю, з кім! Але не са мною! Ты ж зусім не ведаеш, хто я, што я.

— А я табе веру, — сказала яна спакойна. — І не баюся цябе.

Крушынскі да таго ўразіўся, што нават гэтага «ты» не заўважыў.

— Адкуль такая… ўпэўненасць?

— А проста бачу, які ты. Я ўмею ў людзях добра разбірацца.

Ён гмыкнуў. Смешна было чуць гэтую дзіцячую пахвальбу.

— Разбірацца… З лялькамі табе б яшчэ гуляць, а не ў людзях разбірацца. Значыць, так. Яшчэ раз прашу — выкінь усё з галавы. Ды і бачылі цябе, доктар гэты, і таксісту ён расказаў, канечне! — І зноў запнуўся Крушынскі. Ды што такое! Ён як бы сам хоча пакінуць яе тут, але ўвесь час шукае прычыны, па якіх зрабіць гэта нельга!

— Цяпер, вось зараз, выганяць я цябе, само сабою, не збіраюся. Адпачні, падлячыся. Але заўтра, чуеш? заўтра я адвязу цябе ў горад і пакіну там. Зразумей мяне, Віка. І не крыўдуй. У мяне сваіх клопатаў вышэй галавы. Усё, больш на гэтую тэму не гаворым. Справа вырашана!

Крушынскаму і праўда не цярпелася хутчэй, і хоць бы як-небудзь, скончыць і непрыемную гутарку, і ўвогуле ўсю гэтую гісторыю. Ну, нічога, заўтра яна скончыцца!

Ён адчуў раптам голад; успомніў, што і дзяўчынка ж нічога не ела. А ён, спяшаючыся, і не купіў у горадзе нічога.

— У нас жа зайчаціна сохне ў грубцы! Замітусіўся Крушынскі, пачаў даставаць гаршчок.

Наталіўшы голад зайчацінай, якая зусім не засохла, а аказалася надзіва смачнай, маўчалі. Крушынскі курыў, пускаючы дым ў лаз грубкі. Ён усё думаў аб нечым. І дзяўчынка думала.

Ён спытаў:

— Дык ты праўду мне расказала? Пра сябе?

У адказ ён пачуў… хіхіканне. Ён здзіўлена ўталопіўся ў яе. І ўбачыў, што яна ляжыць тварам у падушку. Плечы яе ўздрыгвалі. Тое, што Крушынскі прыняў за смех, былі слёзы. Яна ўсхліпвала.

Ён не стаў суцяшаць яе. Толькі моцна зацягнуўся апошні раз, аж да кашлю. Якія тут маглі быць суцяшэнні. Што можа ён зрабіць у гэтай дурной сітуацыі, ды і наогул у гэтым жорсткім, бязлітасным жыцці? У якім нават ён ламаўся, і ледзь выжыў — ён, здаровы, дужы мужчына, салдат! А тут — крохкае, няшчаснае дзіця.

«Як верабей за пазухай», — падумалася яму.

Раздзел XI

Раніца. — Зноў у горадзе. — Крушынскі едзе ў тралейбусе. — Віка затрымана. — Міліцыянер правярае дакументы. — Метамарфоза. — Вяртанне ў леснічоўку.

Звечара спаць леглі рана, і прачнуліся рана. Віка, добра ўчара пад'еўшы, выспалася. Яна выглядала зусім здаровай.

— Ты гатова? — без цырымоній спытаў Крушынскі.

Яму трэба было быць суровым, каб не даць пасяліцца ў сабе ні каліва жаласці.

— Гатова…

Папілі гарбаты з малінаю. Крушынскі нецярпяліва пазіраў на гадзіннік.

— Усё, апранайся.

Віка пакорліва выконвала ўсе яго загады. Апранулася. За гэтыя суткі адзенне высахла, яшчэ ўчора Крушынскі нават выбіў на снезе яе паліто, а потым вычысціў шчоткаю, і сяк-так падрамантаваў маланкі на боціках.

Да Мінска дабраліся лёгка і хутка. Крушынскі ўжо ведаў, што ёсць такі харошы ранішні аўтобус, які падбірае пасажыраў нават у цемры на лясной дарозе.

На Усходнім вакзале ўсё было рыхтык, як учора. Шэрыя людзі, бляклыя ліхтары, сіплы голас дыспечаркі ў дынаміках. Крушынскі з Вікай стаялі на пероне.

— Апошні раз пытаю — возьмеш грошы? — сказаў ён.

— Не вазьму!

Яна бліснула на яго вачыма і адвярнулася.

— Як хочаш.

Крушынскі і сапраўды не разумеў гэтай яе дурной нейкай прынцыповасці, ці проста капрызу. Яшчэ ўчора ўвечары ім быў абдуманы план: памяняць тыя, што засталіся, даляры, купіць дзяўчынцы хоць бы паліто, набыць білет да Кіева і даць грошай на цягнік адтуль да Сімферопаля. Такі ўчынак падаваўся самому Крушынскаму высакародным. А што ён больш можа зрабіць? Выратаваў яе, адкачаў, прывёз доктара, а цяпер адправіць яе туды, куды яна хацела. Гэтага больш чым дастаткова. Урэшце, яны чужыя людзі. Здзіўленню яго не было межаў, калі дзяўчынка гэты план катэгарычна адвергла. Невядома чаму, але яна і слухаць не хацела пра грошы. Увесь яе выгляд паказваў — ты здраджваеш мне, выкідваеш, як кацяня, мяне на вуліцу, за гэта хочаш адкупіцца нейкімі грашыма? У гэтай бяздомнай дзяўчынкі быў проста шлехецкі нейкі гонар. Крушынскі нават запаважаў яе за гэта.

— Не хочаш — як хочаш, — паўтарыў ён холадна. — Ну што, давай развітвацца? Яшчэ раз кажу — інакш я не магу. У мяне сваё жыццё. Усё! Бывай.

Павярнуўся і хутка, не азіраючыся, пайшоў да тралейбуснага прыпынку.

Як і ўчора, таксісты заступалі яму дарогу:

— Таксі бярэм, малады чалавек!

— Амаль бясплатна!

Крушынскі пашукаў вачыма Стасеў «масквіч». Сёння машыны не было.

Працоўны дзень толькі пачынаўся. На прыпынку таўкліся чужыя людзі. І ўсё ж Крушынскі нейкай інтуіцыяй адчуў, што сярод іх стаіць зараз за яго спінаю нехта не зусім чужы. Ён рэзка павярнуўся. Так і ёсць. Віка прыйшла за ім і цяпер стаяла, няшчасная, сіратлівая, у старэнькім сваім адзенні, за два крокі ад яго.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: