Лёгка кажацца, цяжка робіцца. Не менш трыццаці кіламетраў адмахаў у той дзень Крушынскі. Ліс быў стары і разумны. Відаць, адразу ж зразумеўшы, што сабака нікудышны, ён нават не спрабаваў хітрыць. Бег строга па прамой, нідзе не зварочваючы. Ён не расходваў сілы на розныя «петлі», на «скідкі», не здвойваў следу — проста пёр сабе ўперад, і не збаўляючы ходу, і не паскараючы. Мяккі снег трымаў яго, а пад цяжкім чалавекам, хоць той і быў на лыжах, правальваўся. Гадзіны праз тры гэтага гону Крушынскі заўважыў, што апынуўся ў такой мясціне, дзе і не бываў ніколі. Ліс знік. Да ўсяго, пачало псавацца надвор'е. Прапала ў хмарах сонца, з нізкага неба пасыпаўся дробны сухі сняжок. У лесе адразу пацямнела. Вось ўжо і вецер падзьмуў, і мяцеліца закружыла снег, на вачах замятаючы сляды. А вось ужо і сапраўдная завіруха пачынае закручваць. Так, чаго добрага, і заблудзіцца можна!

Крушынскі свіснуў сабаку. Таго нідзе не было. Крушынскі развярнуўся і хутчэй пашоргаў лыжамі па сваім ледзь прыкметным следзе назад.

Сабака сустракаў яго каля хаткі радасным брэхам. Ён, стаміўшыся, проста вярнуўся дамоў. А завіруха між тым круціла ўжо на ўсю поўніцу. І мароз мацнеў: нядобры гэта знак, да страшнай непагадзі — калі і снег ідзе, і мароз не адлягае.

— Ідзі, паляўнічы! — Крушынскі пашкадаваў сабаку і ўпусціў яго ў хату.

Сам запаліў лямпу і знясілена прысеў на табурэт. Барс, віляючы хвастом, падыйшоў і паклаў яму на калена лапу. Крушынскі раптам насцярожыўся.

— Пакажы, пакажы!..

Ён ухапіў гэтую лапу, потым другую, пільна іх агледзеў. На лапах быў жоўты жвірысты пясок; быў ён і ў адтулінах падушачак, і вакол кіпцюроў. Жоўты пясок зімою?! У такі снег? Вось табе і Барс!

— Ах ты малайчына! — пашкамутаў яго за вушы ўзрадваны Крушынскі.

Барс знайшоў нару і капаў яе. Лісу ўдалося падмануць чалавека, але сабаку ён недаацаніў. Цяпер трэба толькі вярнуцца на тое месца, дзе абарваўся след лісавіна, і яшчэ — цяпер трэба будзе больш давяраць сабаку.

А завіруха гуляла сабе на волі! Гуло ў лесе, трашчалі, рыпелі, плакалі, скардзіліся на нешта хвоі. Сыпала снегам ў шыбінку. Прыйшла сапраўдная зіма. І падобна, што такі рэжым усталюецца цяпер надоўга. Уночы будзе сыпаць снег, бушаваць завея, а раніцай — сонца, звонкая цішыня і велічныя дрэвы ў сваіх белых, іскрыста-сляпучых футрах…

Акурат так на наступны ранак усё і было. Толькі цяпер Крушынскі вырашыў адправіцца ў паход па ліса яшчэ раней, чым учора. На цаліку за ноч з'явіліся новыя сляды. У тым ліку і зайцавы, якія не ўгадаць проста немагчыма.

Крушынскі спыніўся ў нерашучасці. Як быць? Пастаяў, падумаў. Што ліс? Нікуды ён з нары не дзенецца. Ды і ці захоча сёння сабака шукаць яе, тую нару?.. А заяц — вось ён, побач. І здабыць яго прынамсі нашмат лягчэй, чым ліса. Ах, паплыў перад носам пах тушанай зайчаціны, з цыбулькаю, якой поўна ў хатцы, з моркваю, якой поўна ў каморы!.. Крушынскі аж заплюшчыўся і заўсміхаўся, да таго прывабнай была карцінка. І — плюнуў на ліса, памяняў маршрут, паслізгаў па новых слядах. Ішоў асцярожна, што-раз нагінаўся, стараючыся разабрацца ў заечых хітраспяценнях. А сабака гойсаў сабе па лесе.

Раздзел V

Нядоўгі зайцаў пір. — Промах. — Удача. — Ізноў завіруха. — Барс у другі раз праяўляе кемлівасць. — Нечаканы «трафей».

Вялікі, адкормлены заяц-бяляк прыпадняўся і застыў слупком. Шырокія пляскатыя ноздры яго разам з характэрнай губою варушыліся, уцягваючы ў сябе снежнае, мноствам лясных пахаў насычанае паветра.

Перад ім была чыстая, як лоб, палянка. Ніжнія лапы хвой, што акружалі яе, прагнуліся пад цяжарам снегу і ўмёрзлі ў яго. Адразу за палянкай пачыналася нізіна, дзе раслі салодкія дубцы лазы, маладога асінніку, дзе нават трапляліся дзікія яблынькі. Але, каб там апынуцца, трэба было перасекчы адкрытую палянку.

Заяц чмыхнуў і сярдзіта забарабаніў лапамі па снезе, падымаючы белы пыл.

Вакол было ціха, калі не лічыць дакучлівага стракатання сарокі. Але сарока — птушка дурная, яна і ад таго стракатаць можа, што ўбачыла зайца, ці проста так — горла прачышчае. Словам, ніякіх падазроных пахаў і гукаў беляку не ўнюхалася і не ўчулася. Аднак гэта быў стары, вопытны звер, загартаваны ў баях з іншымі зайцамі; паспеў ён пабываць і ў больш сур'ёзных сітуацыях. Аб гэтым сведчыла адно яго вуха, правае, якое падымалася толькі напалову. Відаць, паспытаў касы альбо чыіхсьці зубоў, альбо паляўнічага шроту. Таму за свой нялёгкі, поўны небяспекі век заяц прывучыўся верыць не так органам пачуццяў, як інстынкту. Горкі вопыт падказваў яму, што падманлівая гэтая цішыня, небяспечная. Але ж есці трэба!

Нарэшце заяц адважыўся. Падкінуўшы тоўсты, курдзюкаваты зад ён тым не менш за адзін скачок апынуўся на паляне. Адразу ж прысеў, зліўся са снегам, зрабіўся проста белай купінай, зусім непрыкметнаю. Усё было ціха. Смялей ужо, цяпер кароткімі скачкамі ён перасёк небяспечнае месца, пакуль не апынуўся-такі ў жаданай лагчынцы. Спакусліва, перад самым носам вытыркалася з-пад снегу тонкая порасля.

Заяц абнюхаў бліжэйшы дубчык. Асцярожна, пярэднімі зубамі адкусіў — і вось ужо сківіцы яго варушацца хутка-хутка, пераціраючы халодную пругкую мякаць, а касыя вочы прыплюшчваюцца ад насалоды.

У гэты самы момант і ўдарыла. Стрэл прагучаў як гром з яснага неба. Дзесяткі вострых чмяліных джалаў пранізалі беляка. Ён, нібы разагнутая спружына, распластаўшыся ў паветры, з месца зрабіў неверагодны скачок. Затым, пятляючы, знік у лесе, як і не было яго ніколі.

На паляну выкаціўся Крушынскі. На хаду ён ўстаўляў у стрэльбу новы патрон. Пад'ехаў бліжэй.

— Міма! — ад прыкрасці нават салдацкую шапку-вушанку сарваў з галавы і з размаху кінуў пад ногі.

Потым падняў яе, абабіў снег. Ужо спакайней, ужо зміраны з няўдачай, агледзеўся больш пільна. І тут нейкае падабенства ўсмешкі рассунула яго бараду. Усё ж зачапіў! На месцы зайцавага піру засталася поўсць, некалькі карычневых шарыкаў памёту, якія яшчэ дыміліся, і, самае галоўнае, плямкі крыві.

Крушынскі кінуўся ў той бок, дзе знік заяц. Там быў круты спуск у нізіну. Крушынскага ледзь не сцягнула, у апошні момант паспеў ухапіцца за хвойку. Выбраўся, бокам ставячы лыжы, наверх.

Сабака быў тут як тут. Ён абнюхаў заячы памёт, тады адданымі вачыма ўставіўся ў гаспадара.

— Ну што, — сказаў яму Крушынскі, — дзе наш абед падзеўся? Куды паскакаў? Што мы цяпер есці будзем?

Барс толькі малаціў хвастом па снезе. З усім ён быў згодны. Крушынскі скінуў з плячэй рукзак. Дастаў адтуль паўбохана хлеба, дзве цыбуліны і запалкавы карабок з соллю. Разламаў хлеб на дзве роўныя часткі.

— На!

Атрымаўшы долю, Барс адбегся, лёг пад хвою, заціснуў лапамі мёрзлы акраец і пачаў грызці з трэскам, як костку. Свой кавалак Крушынскі пасаліў, збольшага абцёр цыбуліну і таксама прыняўся за абед. І на яго твары, і на мордзе сабакі чыталася асалода — акурат як у таго зайца, што не так даўно жаваў на гэтым самым месцы дубец. Так, так, Крушынскі! Гэта табе не мінскія валютныя рэстараны, цяпер ты ведаеш кошт гэтаму нішчымнаму мерзламу акрайцу.

Ён схрумстаў цыбуліны, даеў хлеб, укінуў у рот крошкі, выцер вусны і бараду. Сабака даўно стаяў перад ім і, зазіраючы ў вочы, прасіў дабаўкі.

— Усё! — сказаў Крушынскі.

І гэты дзень прайшоў упустую. Змяркалася. Зноў, як і ўчора, вецярок, зноў сняжок. Крушынскі адзеў рукавіцы, ускінуў на плячо рукзак. І не было б і сёння яму ўдачы, каб не выпадак, каб шлях назад не супаў з маршрутам параненага зайца. Не паспеў ён, аб'ехаўшы кручыну, спусціцца ўніз, як сэрца яго страпянулася ад радасці. Ён убачыў след. Мала таго: на снезе была кроў, ды не кропелькамі, а суцэльнай паласой!

Шлэпаючы лыжамі, Крушынскі пабег па гэтым следзе. Кроў гусцела. Зачапіў, добра зачапіў! Між тым паводзіны параненага зайца былі зусім незразумелымі. Скаціўшыся пасля смяротнага стрэлу з кручыны, цяпер ён, відаць, з апошніх сіл караскаўся. назад, наверх. Крушынскі адкінуў лыжы і, правальваючыся ў снег, ледзьве не на карачках таксама палез угару. Стрэльба і заплечнік толькі перашкаджалі.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: