Зноў жа-такі, для чаго я гэта ўсё кажу? Дырэктар пагадзіўся ўзяць яго на працу, яны нешта там выправілі ў ягоных дакумэнтах, паколькі Чапай школу яшчэ ня скончыў і рабіць гэтага не зьбіраўся, дырэктар проста забраў яго ў цэх і ўсё. Дазволіў яму жыць у адной з майстэрняў, дакладней у капцёрцы, на прамасьленых робах, і сказаў ні пра што не турбавацца. Дырэктар у іх, тыпу, таксама быў з дынастыі, калі можна ўявіць сабе дынастыю чырвоных дырэктараў, хаця – чаму б і не. Завод на той час пачаў здаваць пазыцыі на рынку вытворчасьці шахцёрскіх аксэсуараў, ці як гэта назваць, ну, то бок там і рынку як такога не было, яны лічыліся адзіным профільным прадпрыемствам у рэспубліцы, завод развальваўся, як і усё ў краіне, што можна было скрасьці – дырэктар скраў, што было нельга – сапсаваў, карацей дзейнічаў па старых інструкцыях па грамадзянскай абароне і, прадугледжваючы наступленьне падступнага, хоць і нябачнага, ворага, станкі, вадаправод і радыёрубку на ўсякі выпадак падарваў, не ў прамым сэнсе, канешне, штосьці там і надалей працавала, некалькі майстэрняў плюс аўтапарк неяк і далей круціліся, толькі агульны энтузіязм зьнік і работнікі распаўзьліся па прыватным сэктары. А Чапай з дырэктарам засталіся. Зь цягам часу дырэктар расслабіўся і вырашыў рэанімаваць хаця б часткова сваё эксклюзіўнае дзецішча, пэўна прывіды памерлых чырвоных дырэктараў прыляталі да яго па начох і размахвалі перад вачыма шахцёрскімі лямпамі, не даючы старому спаць, таму ён зноў пачаў рабіць бізнэс, знайшоў нейкіх інвэстараў, нешта яны там такі запусьцілі на рынак па новай, і хоць большасьць завадской тэрыторыі па-ранейшаму ляжала ў гаўне і руінах, агульнае ўражаньне было такім, што завод працуе. І ўласна, я ўсё гэта гавару да таго, што Чапай па-ранейшаму жыў у сваёй майстэрні, адбіў сабе два пакойчыкі, працаваў аўтасьлесарам, шабашыў налева і направа, дырэктар яго нават любіў, ну, у сэнсе як спэцыяліста. Яшчэ Чапай, паколькі часу ў яго было больш чым дастаткова, вадзіўся з панкамі на раёне і меў сапраўдны самагонны апарат, які ён змантаваў па схемах з абломкаў нейкай абаронкі, сабранай ім па цэхах і майстэрнях, нават знак якасьці на яго прыкруціў, уся гэтая д’ябальская машына зьзяла нікелем, медзьдзю і засакрэчаным авіяцыйным дзюралюмініем, дырэктар ня меў нічога супраць, хай, казаў ён, хай займаецца, калі душа ляжыць да тэхнікі, ён, здаецца, не зусім разумеў, што менавіта пераганяе там па колбах Чапай, але бляск нікелевых змеевікоў яго заспакойваў, тым больш, што за электрычнасьць Чапай плаціў сам, тут галоўнае ўмець лічыць працоўную капейку, там прафсаюзы, самаакупляльнасьць, дзяржаўныя датацыі, ніколі гэтай хуйні не разумеў. І вось чаму я пра гэта кажу – недзе праз панкаў, што куплялі ў Чапая свае наркамаўскія сто грамаў, зь ім пазнаёміўся Саша Карбюратар, Саша ня быў панкам, больш за тое – ён панкаў не любіў, ён любіў тэхніку, ну, я казаў ужо, здаецца, пра гэта, але так выйшла, што яны пазнаёміліся – Саша і Чапай, і Саша час ад часу заходзіў да Чапая ў майстэрню, разглядаў бліскучыя і запацелыя ад перагонкі трубы зьмеевіка, разьбіраў разам з Чапаем схемы танкаў, піў зь літровага кубка яшчэ не настаяную брагу, ну, адным словам – гэта было ягонае, у сэнсе ня брага, а вось усё гэта – станкі, зьмеевікі, цяжкая і машынная прамысловасьць, Карбюратару гэтага не хапала, а ў Чапая гэтага гаўна быў цэлы завод плюс ваколіцы. Таму, калі нашага Карбюратара і можна недзе зараз знайсьці, то хіба што там – у завадскіх майстэрнях, вось, што я думаю і выкладаю ўсё гэта сваім сябрам, так, напраўду ня так ужо і шмат месцаў, дзе нашага брата могуць прапусьціць, вось Карбюратар адно такое месца дакладна меў, і мы павольна зьбіраемся і ўжо выходзім, і раптам ужо на выхадзе трапляем на Какаву, Какава стаіць перад пад’ездам увесь нейкі разьмяклы й апухлы, бачыць нас, о, – кажа, – здароў, вы куды? мы, – гаворыць Вася, – па справах, так што валі спаць. Можна я з вамі? – пытаецца Какава, выціраючы пот рукавом пінжака, мудак тоўсты, давай-давай, – кажа рэзка Вася, – спаць, я не хачу спаць, – зноў просіцца Какава, – вазьміце мяне з сабой, пайшоў на хуй, – нэрвуецца Вася, – цябе нам толькі не хапае. Ну, а куды вы хоць? – жаласна пытае Какава, Какава, – адказвае яму Вася, – у нас справы, бачыш? мы Карбюратара шукаем, Карбюратара? праўда? дык паслухайце, – крычыць Какава, усё, – адразае Вася, – спаць, ну сябры, – разгублена гаворыць Какава, я ж магу вам..., валі давай, дабранач, і мы ідзем, а ён застаецца, прыдурак тоўсты.

12.00

Зеляніна, што наліпае, як вільготная папера, чырвоныя будынкі, мы неяк так не зусім удала выехалі, прапхаліся амаль праз паўгорада, заехалі на плошчу, так, нібы хочам знайсьці нашага сябра недзе на вуліцы, у рэшце рэшт нас выштурхоўваюць з тралейбуса кантралёры, і мы ідзем далей пешкі, пераходзім плошчу, ідзем, разглядаем афішы, разглядаем рэкламу, больш і разглядаць намя чаго, Сабака цягне заплечнік з бухлом, каля булачнай таўчэцца хіпота кончаная, спаўзліся, як шчуры на сьвежае паветра, стаяць, п’юць сабе нешта, зь імі побач нейкія вядомыя твары, стаіць Саша Чарнецкі, яшчэ нехта ў скуранцы з ардэнамі і мэдалямі, Сашу мы ведаем, мы нават хадзілі з Сабакам пару тыдняў таму на ягоны канцэрт у дк каля стадыёну, нас там заламала ахова – нехта поруч з намі шпурнуў у залю пэтарду, яны падумалі, што гэта мы, ледзь адмазаліся, навокал Сашы стаіць хіпота кончаная, добры ранак добрага дня.

– Нефармалаў трэба расстрэльваць, – кажа Вася.

– Троцкі сказаў? – пытаюся.

– Пры чым тут Троцкі. Глядзі – стаяць, сукі.

– Ну і што?

– Не люблю, – кажа Вася і далей ідзе моўчкі.

За паўгадзіны мы пераходзім праз мост, знаходзім завадскі паркан і празь дзірку ў ім пралазім на падворак.

12.30

У Чапая мы былі некалькі разоў, ён спэцыяльна для сяброў пазначыў сваю майстэрню, бо іх там некалькі стаіць амаль падобных – напаўразваленых яшчэ з часоў першай расійскай рэвалюцыі 1905-га году, шэрых буданоў. На чапаевым зялёнай фарбай напісана «сацыялізм» і дамаляваная трохі рахітычная зорка, падобная да мэдузы, ну, маецца на ўвазе, колерам, Чапай у прынцыпе, тыпу Васі, таксама спэцыяліст па дыялектыцы, яны паважаюць адзін аднаго, гэта мы з Сабакам тут чужыя – я не люблю Маркса проста так, ну, а Сабака мае да старога свае прэтэнзыі, тут усё зразумела.

Чапай нас адразу пазнае, прывітаньне, – кажа, – заходзьце, прапускае нас у капцёрку, высоўвае галаву вонкі, асьцярожна азіраецца ва ўсе бакі і зачыняе за сабой дзьверы. Мы праходзім унутр. Чапай, як і прынята сярод пралетарыяў, на побыт кладзе, пакой у яго амаль пусты, пасярэдзіне стаіць згаданы мной апарат і трывожна гудзе, пад апаратам валяецца пара колбаў, я нарэшце прыгадваю, якія яны на выгляд, на падваконьні ляжаць кнігі, я бяру адну – пятнаццаты том чагосьці, чаго менавіта, я разабраць не магу, але яўна нешта партыйнае, са штэмпелем завадской бібліятэкі, сур’ёзны пацан гэты Чапай, ён старэйшы за нас на пару гадоў, яму ўжо за дваццаць, да таго ж, і працоўны стаж – гэта вам ня проста так, ён праходзіць за намі ў пакой, сядайце, – кажа, у пакоі некалькі табурэтаў, як справы, – пытаецца? нармальна, – кажа Вася, – вось Карбюратара шукаем, даўно яго бачыў? даўно, – кажа Чапай, сядае на табурэт, закідвае нагу на нагу і запальвае беламор.

Чапай худы і засяроджаны, на нас ён увагі амаль не зьвяртае, сядзіць сабе, нага на нагу, чытае нейкую партыйную прапаганду, на ім старая майка, кеды і спартыўныя штаны, да таго ж ён носіць акуляры, сярод нашых знаёмых ня так і шмат людзей, што носяць акуляры, хоць, можа, ён гэта для понту, ня ведаю.

– А дзе ён можа быць, ня ведаеш? – пытаюся я.

– Ня ведаю.

– Ён табе нічога не казаў?

– Не казаў.

– Хуёва, – кажу я. – у яго бацька загінуў.

– Айчым, – папраўляе мяне Сабака.

Чапай маўчыць.

– А ён у цябе сваіх рэчаў не забываў? – працягваю роспыты.

– Не забываў.

Так можна гаварыць бясконца, ён мантрамі нейкімі гаворыць, начытаўся Энгельса і не ўспрымае нармальнай інфармацыі, гэтыя новыя камуністы, у іх свой замарочаны дзэн, так вось проста ня ўедзеш, а ўедзеш – ня выедзеш, будзеш прабуксоўваць у глыбокай раз’ябанай каляіне марксызму-ленінізму, не разумеючы, што да чаго.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: