Заходзіць Юрык з пакункам травы, бачыць мяне каля рыбіны і таксама ня можа ад яе адарвацца, пчолы зноў запаўзаюць у сярэдзіну, і ёсьць у гэтым нешта настолькі моташнае, што мы ўсе глядзім і ня можам адвесьці ад гэтай чортавай рыбіны вачэй – і я, і Вася, і Чапай, і Юрык, і нават Ісус на ягоным расьпяцьці, што выбіваецца з-пад ягонай кашулі, пільна-пільна глядзіць на выжраную пчоламі цыганскую рыбіну, і нават адвярнуцца ня можа. Юрык нарэшце кладзе пакунак на стол, і мы пачынаем яго нюхаць, мацаць, разглядаць на сьвятло, карацей, усім сваім выглядам паказваем, што нам вядома, як выглядае добрая трава, і што нас не наябеш, хай ты нават тройчы цыган і колішні загклюбам, мы цябе бачым наскрозь, хоць напраўду ні хера мы ня бачым, Вася дастае пачак грошай, адлічвае, Юрык сьвідруе яго сваім бяльмом, Ісус глядзіць пільна-пільна, Юрык скардзіцца, што будзе мець праблемы з рублямі, гэта ж па курсе трэба лічыць, невядома, што там з баксам, з баксам усё нармальна, – кажа Вася, – бакс стаіць, хуй у цябе стаіць, – кажа яму Юрык, але грошы бярэ і выводзіць нас на вуліцу, я яшчэ чую, як пчолы ціха перабіраюць лапкамі ў рыбіным чэраве, хоць, можа, гэта мне толькі здаецца.

На вуліцы Юрык холадна з намі разьвітваецца, мы праходзім зь дзясятак мэтраў, Юрык па-ранейшаму стаіць ля брамы, не заходзячы ў двор, і тут нарэшце Чапай выдае, ён раптам спыняецца, стойце, кажа нам, можам узяць яго на понт, ты што, кажу я, навошта? ён там усё адно адзін, вы ж самі бачылі, нічога ня зробіць, перастань, палохаецца Вася, пайшлі адсюль, усё ж нармальна, ды ладна, кажа Чапай, ня сцыце, зараз я яго разьвяду, ён дастае пакунак з травой, чагосьці ў ім калупаеца, так, нібы правярае, засоўвае назад у кішэню, паварочваецца і ідзе да Юрыка, за некалькі мэтраў ад яго спыняецца і крычыць:

– А трава ў цябе – гаўно!

Во, бля, – думаю я, – бля.

– Гаўно! – паўтарае Чапай больш упэўнна.

І тут Юрык раптам зрываецца і зьнікае ў двары, мы ня ведаем, што рабіць, ну, то бок мы з Васем Камуністам, толькі не Чапай, той, здаецца, у курсе, што яго чакае, напэўна, ён ужо ня першы раз так бярэ на понт свайго дылера, таму ён хутка вяртаецца і крычыць нам рвем адсюль, і мы сапраўды рвем і, трэба сказаць, не дарэмна, таму што брама за намі зноў адчыняецца і адтуль выскоквае Юрык зь бярданкай, з вачэй ляцяць іскры, нават з таго, што зь бяльмом – таксама ляцяць, хоць і ня так моцна, мы бяжым, нам галоўнае дацягнуць да рогу, а там ужо цывілізацыя, трамваі, мэтро, такія-сякія нармальныя стасункі між людзьмі, а за нашымі сьпінамі – Юрык зь бярданкай і ягоны сярэднявечны замак з курамі і пчоламі-кілерамі, нам ёсьць, ад чаго ўцякаць, і мы ўжо выкладваемся, Васю горш – ён бяз паса, трымае рукамі джынсы, каб не згубіць іх, Юрык пры гэтым зводзіць куркі і страляе ў неба над нашымі галовамі, раз, потым другі, у нас ён, дзякаваць богу, нават ня цэліць, а то невядома, чым бы ўсё скончылася, ён страляе ў неба і весела сьмяецца, я гэта досыць добра чую, калі паварочваю за белы цагляны рог, нам у твар б’е сьвежы летні вецер, уздымаючы ў паветра папяровае сьмецьце, пыл і пер’е, і гэтае пер’е круціцца над нашымі галовамі, таму што я нават ня ведаю, каму яно належыць – птушкам з цаглянага палацу ці толькі што падстрэленым анёлам, што прыляцелі вось да Юрыка, скажам, каб палегчыць ягоную сярэднявечную адзіноту, а ён, дэбіл, адагнаў іхную беласьнежную дружную зграю назад у дажджыстае неба і застаўся адзін – застаўся і стаіць сабе там – пасярод пустога цыганскага мегаполісу, самотны-самотны дылер, абдураны лёсам прадаўнік радасьці, якому няма нават з кім пагаварыць, толькі Ісус на ягоным распяцьці сумна хістаецца – зьлева направа, справа налева, зьлева направа.

17.00 – 20.00

– Вы ў гэтым проста не разьбіраецеся. Вы проста гаворыце марксызм-марксызм, і не разумееце, што гэта.

– Ну, так, адзін ты ў нас усё разумееш.

– Пры чым тут я. Гаворка не пра мяне. Вось вы гаворыце марксызм. Насамрэч марксызм перамагае, разумееце?

– Ну, вядома. І дзе ж ён перамагае?

– Марксызм перамаге нідзе. Ён перамаге ў прынцыпе.

– Ну, да.

– Моц марксызму ў ягонай самадастатковасьці. Скажам, Троцкі.

– Троцкі – жыд.

– Так. Вы ведаеце дзеля чаго Троцкі паехаў ў Мэксыку?

– Па-мойму, яму Коба даў трындзюль.

– Коба таксама жыд

– Коба?

– Так. Ільліч таксама.

– Ільліч – казах.

– Татарын.

– Казах.

– Якая розьніца?

– У казахаў няма пісьмовасьці.

– А ў татараў?

– І ў татараў таксама няма.

– Не, Коба ня жыд. Коба – рускі. У яго прозьвішча расійскае – Сталін.

– Гэта не ягонае прозьвішча.

– А чыё?

– Гэта прозьвішча ягонага сына. Васі Сталіна. Ён быў футбалістам.

– Ага, а Троцкі – баскетбалістам. Працоўныя Рэзэрвы.

– Пры чым тут Троцкі, – гаворыць Чапай ужо знаёмую мне фразу, седзячы на табурэце і распальваючы папяросу. – Троцкі тут ні пры чым. Ты, – кажа ён Васю, перадаючы яму папяросу, – мусіў бы гэта разумець. Яны, – ён выдыхае дым у наш бок, – гэтага ніколі не зразумеюць, іх заразілі бацыламі капіталу, але ты, – ён забірае ў Васі папяросу, яшчэ раз зацягваецца і вяртае папяросу Васю, – павінен гэта разумець. Ты ведаеш пра тэорыю пэрманэнтнага пахуізму?

– Што? – закашліваецца Вася і перадае папяросу мне. – Якога пахуізму?

– Пэрманэнтнага, – папраўляе акуляры Чапай. – Ну, гэта я яе так называю. Напраўду яна завецца тэорыя пэрманэнтнага распаду капітала. Але мне больш падабаецца называць яе тэорыяй пэрманэнтнага пахуізму.

– Да, – устаўляе Сабака, забіраючы ў мяне папяросу, – пэрманэнтнага пахуізму – больш прыкольна.

– А што гэта за тэорыя? – пытаюся я, зноў у чаканьні сваёй чаргі.

– Тэорыя простая, – кажа Чапай, выпускаючы дым і перадаючы папяросу далей па коле. – Яе распрацавалі таварышы з данецкага абкаму.

– О, – кажу, – гэтыя зробяць.

Чапай глядзіць на мяне запытальна.

– Землякі, – тлумачу.

Ён адабральна ківае галавой, дастае з-пад стала трохлітровы слоік зь нейкім морсам, адпівае зь яго і працягвае мне. Не-не, адмоўна махаю рукой – я лепш папалю.

– Вось, – працягвае Чапай, абцёршы рукавом крывавыя памідорныя разводы. – Тэорыя ў прынцыпе рэвізыянісцкая. Базуецца на пераглядзе асноўнай ідэі Маркса. Ідэі пра самадастатковасьць пралетарыяту як такога. Ты чытаў, – пытаецца ён у мяне, бо Вася схаваўся недзе за дымамі, – ліставаньне Маркса і Энгельса?

– Не, – кажу, – але я ведаю, што яны сябравалі.

– Правільна, – кажа Вася, – яны сябравалі. Па-харошаму сябравалі, ты ня думай.

– Ясна, – кажу, – па-харошаму.

– У іх, – працягвае Чапай, – было прыкольнае ліставаньне, па-свойму прыкальнейшае за «Капітал».

– Што можа быць прыкальнейшым за «Капітал»? – трохі ня ў тэму ўстаўляе Сабака, але я перадаю яму папяросу, і ён змаўкае.

– У саўку, – гаворыць Чапай, – базавым прызналі менавіта «Капітал». У гэтым, як на мяне, галоўная трагічная памылка савецкай ідэалёгіі. Увагу трэба было зьвяртаць на ліставаньне. На ліставаньне Маркса і Энгельса. Таварышы з данецкага абкаму гэта давялі, – упэўнена гаворыць ён і дабівае пятку.

Нейкіх дваццаць-трыццаць хвілін усе маўчаць, думаючы пра таварышаў з данецкага абкаму. Нарэшце Чапай аддупляецца і ладзіць новую папяросу.

– У адным зь лістоў, – кажа Чапай, зацягваючыся і перадаючы папяросу непрытомнаму Васю, – гэта з раньняга ліставаньня, – тлумачыць ён, – так званага гамбургскага пэрыяду...

– Проста бітлз нейкі, – кажу я.

– Маркс тады шмат экспэрымэнтаваў з грамадскай сьвядомасьцю.

– Што? – на гэтых словах Вася прачынаецца.

– Тут, – тлумачу, – Чапай кажа, што ў свой час твой улюбёны Маркс у Гамбургу, на Рэпэрбане, эксперыментаваў з пашырэньнем сьвядомасьці.

– Кіслату жэр, – Сабака ніяк ня можа дачакацца сваёй чаргі, таму заўважна нэрвуецца.

– У выніку гэтых экспэрымэнтаў, – працягвае Чапай, – яму адкрыўся прынцып БЛЯ.

– Што-што?

– Базысная левая ячэйка, – гаворыць Чапай. – Ідэя простая – нам ад самага пачатку паказваюць непраўдзівую карціну вытворчых адносінаў. Непраўдзівасць яе, – працягвае Чапай, – палягае насамперш у нібыта неабходнасьці пэрманэнтнага разрастаньня капіталу. Гэта – фікцыя, – рашуча кажа Чапай, выхоплівае ў мяне паза чаргой папяросу і глыбока зацягваецца.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: