На працягу вечара і ночы да брамы з гучным іржаннем прыскакалі сем напалоханых коней без вершнікаў. Два з іх належалі воінам атрада Сэлдэна, а пяць — тым, каго сэр Дэніэл вадзіў у бой. Перад світаннем да рова, хістаючыся, падышоў дзіданосец, пранізаны трыма стрэламі. Толькі яго занеслі ў замак, як ён сканаў; з яго перадсмяротнага лепятання вынікала, што ніводзін чалавек з даволі шматлікага атрада, да якога ён належаў, не ацалеў.

Нават загарэлы твар Хэтча збялеў ад трывогі. А калі Дзік расказаў яму аб лёсе Сэлдэна, ён упаў на каменную лаўку і зарыдаў. Воіны, якія сядзелі на табурэтках і прыступках у сонечным кутку двара, паглядзелі на яго са здзіўленнем і неспакоем, але ніводзін з іх не адважыўся спытаць у яго, чаго ён плача.

— Помніце, майстар Шэлтан, што я вам гаварыў? — вымавіў нарэшце Хэтч. — Я казаў, што ўсіх нас пазабіваюць. Сэлдэн быў малайчына, і я любіў яго, як брата. Яго забілі другога. Ну што ж, мы ўсе пойдзем услед за ім! Як сказана ў тым подлым вершыку пра чорныя стрэлы? «Няхай баяцца ілгуны — ляцяць без промаху яны». Так, здаецца? Ну што ж — Эпльярд, Сэлдэн, Сміт і стары Гэмфры ўжо забітыя. А ў замку ляжыць бедны Джон Картэр і просіць, грэшнік, свяшчэнніка.

Дзік прыслухаўся. Ён стаяў непадалёку ад нізкага акенца, з якога даляталі стогны і прыгалошванне.

— Ён ляжыць тут? — спытаў Дзік.

— Але, у пакоі другога брамніка, — адказаў Хэтч. — У яго ўжо душа ледзь трымаецца, таму мы не маглі цягнуць яго далей. Пры кожным нашым кроку ён думаў, што памірае. Але зараз, мне здаецца, ён адчувае толькі душэўныя пакуты. Ён усё кліча свяшчэнніка, а сэр Олівер чамусьці да гэтага часу не падышоў да яго. Яму давядзецца доўга спавядацца. А бядак Эпльярд і бядак Сэлдэн памерлі без споведзі.

Дзік нахіліўся і зазірнуў у акно. У маленькім нізкім пакойчыку было цёмна, але ўсё ж яму ўдалося разгледзець старога салдата, які стагнаў на саламянай падсцілцы.

— Картэр, бедны сябар, як ты сябе адчуваеш? — спытаў ён.

— Майстар Шэлтан, — адказаў той усхваляваным шэптам, — дзеля ўсяго святога, прывядзіце свяшчэнніка! На жаль, мне прыйшоў канец! Мне вельмі блага, рана мая смяротная. Акажыце мне апошнюю паслугу, прывядзіце свяшчэнніка! Нічога іншага вы ўжо не зможаце для мяне зрабіць. Дзеля выратавання маёй душы, паспяшайцеся! Заклінаю вас, як высакароднага чалавека. У мяне на сумленні злачынства, яно адправіць мяне ў пекла.

Картэр застагнаў, і Дзік пачуў, як ён — ці то ад болю, ці то ад страху — заскрыгатаў зубамі.

У гэтую хвіліну ў двор выйшаў сэр Дэніэл. У руцэ ён трымаў пісьмо.

— Хлопцы, — сказаў ён, — мы разбіты ў пух. Хіба мы адмаўляем гэта? Не, мы не адмаўляем. Але мы пастараемся як хутчэй зноў сесці ў сядло. Стары Гары Шосты пацярпеў крушэнне. Ну што ж, мы ўмываем рукі. Сярод прыхільнікаў герцага Йорка ў мяне ёсць добры сябар, яго завуць лорд Уэнслідэл. Я напісаў гэтаму майму сябру пісьмо: я прашу ў яго заступніцтва, абяцаю цалкам загладзіць мінулае і быць лаяльным у будучым. Я не сумняваюся, што ён прыслухаецца да маёй просьбы. Але просьба без дароў — усё роўна, што песня без музыкі. І я наабяцаў яму, хлопцы, мноства ўсялякага дабра, я не паскупіўся на абяцанні. Чаго ж нам цяпер не хапае? Не буду падманваць вас, што нам не хапае вельмі важнага. Нам не хапае ганца, каб даставіць пісьмо. Лясы, як вам вядома, кішаць нашымі зласліўцамі. А трэба спяшацца. Таму без асцярожнасці і хітрасці нічога не выйдзе. Хто з вас возьмецца даставіць гэтае пісьмо лорду Ўэнслідэлу і прывезці мне адказ?

Адразу ж падняўся адзін з воінаў.

— Я, калі дазволіце, — сказаў ён. — Я гатовы рызыкнуць сваім жыццём…

— Не, Дзік-лучнік, не дазволю, — адказаў рыцар. — Ты хітры, але непаваротлівы. Ты бегаеш горш за ўсіх.

— Ну, тады я, сэр Дэніэл! — крыкнуў другі.

— Толькі не ты! — замахаў рукамі рыцар. — Ты бегаеш хутка, а думаеш марудна. Ты адразу трапіш у лагер да Джона Помшчу-за-ўсіх. Вы абодва храбрыя, і я дзякую вам. Але абодва вы не падыходзіце.

Тады азваўся сам Хэтч, але і ён атрымаў адмову.

— Ты мне патрэбен тут, добры Бенет. Ты мая правая рука, — адказаў яму рыцар.

Нарэшце, з усіх, хто хацеў выканаць даручэнне рыцара, сэр Дэніэл выбраў аднаго і даў яму пісьмо.

— Мы ўсе залежым ад твайго спрыту і розуму, — сказаў ён яму. — Прынясі мне добры адказ, і праз тры тыдні я ачышчу мой лес ад гэтых дзёрзкіх бадзяг. Але помні, Трогмортан: справа цяжкая. Ты выйдзеш з замка ноччу і папаўзеш, быццам лісіца; я нават і не ведаю, як ты пераправішся цераз Ціл, — яны трымаюць у сваіх руках і мост і перавоз.

— Я ўмею плаваць, — сказаў Трогмортан. — Не бойцеся, я дабяруся!

— Ідзі ў камору, дарагі, — адказаў сэр Дэніэл, — і спачатку паплавай у цёмным элі.

З гэтымі словамі ён павярнуўся і пайшоў назад.

— У сэра Дэніэла мудрая галава, — сказаў Хэтч Дзіку. — Іншы на яго месцы стаў бы хлусіць, а ён заўсёды гаворыць сваім воінам усю праўду. «Вось, — кажа, — якая нам пагражае небяспека, вось якія нас чакаюць цяжкасці», і яшчэ жартуе пры гэтым. Клянуся святой Барбарай, ён прыроджаны палкаводзец! Кожнага ўмее падбадзёрыць! Паглядзіце, як усе ўзяліся за справу.

Гэтая пахвала сэру Дэніэлу навяла Дзіка на адну думку.

— Бенет, — спытаў ён, — як памёр мой бацька?

— Не пытайся ў мяне пра гэта, — адказаў Хэтч. — Я нічога аб яго смерці не ведаю і не хачу балбатаць пустое, майстар Дзік. Чалавек павінен гаварыць толькі аб тым, што тычыцца яго ўласных спраў, а не аб тым, што ён чуў ад іншых. Спытайце лепш у сэра Олівера або, калі хочаце, у Картэра, але толькі не ў мяне.

І Хэтч адправіўся правяраць вартавых, пакінуўшы Дзіка ў глыбокім роздуме.

«Чаму ён не захацеў мне адказаць? — думаў хлопчык. — Чаму ён назваў Картэра? Картэр… Відаць, Картэр прымаў удзел у забойстве майго бацькі».

Ён зайшоў у замак, прайшоў па доўгім калідоры з нізкімі скляпеннямі і апынуўся ў тым пакойчыку, дзе стагнаў паранены. Картэр уздрыгнуў, калі ўбачыў яго.

— Вы прывялі свяшчэнніка? — усклікнуў ён.

— Не яшчэ, — адказаў Дзік. — Я перш хачу сам з табой паразмаўляць. Адкажы мне: як памёр Гары Шэлтан, мой бацька?

Твар у Картэра таргануўся.

— Не ведаю, — адказаў ён панура.

— Не, ведаеш, — запярэчыў Дзік. — І табе не ўдасца мяне падмануць.

— Кажу вам, не ведаю, — паўтарыў Картэр.

— Ну, калі так, — сказаў Дзік, — ты памрэш без споведзі. Я не рушу адсюль, і не будзе табе ніякага свяшчэнніка. Якая карысць ад раскаяння, калі ты не хочаш паправіць зробленае табою зло? А споведзь без раскаяння нічога не вартая.

— Якія легкадумныя вашы словы, майстар Дзік, — спакойна сказаў Картэр. — Непрыстойна пагражаць таму, хто памірае, і, шчыра сказаць, гэта нават ганебна для вас. Вы паступаеце кепска і, галоўнае, нічога гэтым не даб'ецеся. Не хочаце клікаць свяшчэнніка — не трэба. Душа мая трапіць у пекла, але вы ўсё роўна нічога не даведаецеся! Гэта апошняе маё слова.

І паранены павярнуўся на другі бок.

Сказаць па шчырасці, Дзік адчуваў, што ляпнуў неабдумана, яму было сорамна сваіх пагроз. І ўсё ж ён вырашыў паспрабаваць яшчэ раз.

— Картэр, — сказаў ён, — зразумей мяне правільна. Я ведаю, што ты выконваў чужую волю: слуга павінен падпарадкоўвацца свайму пану. Я цябе ні ў чым не віню. Але з усіх бакоў я чую, што на мне ляжыць вялікі доўг — адпомсціць за бацьку. Прашу цябе, добры Картэр, забудзь мае пагрозы і са шчырым раскаяннем дапамажы мне.

Паранены маўчаў. Як ні стараўся Дзік, ён не дабіўся ад яго ні слова.

— Добра, — сказаў Дзік, — я прывяду табе свяшчэнніка. І нават калі ты і прычыніў зло мне і маім родным, я не жадаю зла нікому, і ўжо менш за ўсё чалавеку, які з хвіліны на хвіліну чакае смерці.

Стары салдат выслухаў яго ўсё гэтак жа маўкліва і нерухома, ён нават не стагнаў. І Дзік, выходзячы з пакоя, адчуў павагу да гэтай суровай цвёрдасці.

«А між тым, — думаў ён, — што тая цвёрдасць без розуму? Калі б у яго былі чыстыя рукі, ён бы не маўчаў; яго маўчанне выдала тайну лепш за ўсялякія словы. Усе доказы сыходзяцца. Сэр Дэніэл — або сам, або з дапамогай сваіх воінаў — забіў майго бацьку».


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: