Лоўлесу нічога больш і не патрабавалася ведаць. Паспешліва падзякаваўшы прахожага, ён рушыў на пясчаную касу, да якой павінна была прыстаць шлюпка. Там ён спыніўся, чакаючы маракоў з «Добрай Надзеі».

— Кум Арблестэр! — закрычаў ён. — Якая шчаслівая сустрэча! Клянуся распяццем, такую сустрэчу трэба адсвяткаваць! А гэта «Добрая Надзея»? Я пазнаў бы яе сярод дзесяці тысяч караблёў! Цудоўны карабель! Падплывай, кум, мы з табой добра вып'ем! Помніш, я табе расказваў пра сваю спадчыну? Ну вось, я нарэшце яе атрымаў. Я цяпер багаты і болей не плаваю па марах. Я плаваю толькі па элю. Давай руку, сябра! Выпі са старым таварышам.

Шкіпер Арблестэр, даўгатвары, немалады, абветраны непагодамі чалавек, з нажом, прывязаным да шыі тасёмкай, які і паходкай і ўсімі звычкамі ніяк не адрозніваўся ад нашых цяперашніх маракоў, здзіўлена і недаверліва адхіснуўся ад Лоўлеса. Але напамінак праз спадчыну і, галоўнае, п'яная дабрадушнасць, якую з такім майстэрствам разыграў Лоўлес, неўзабаве перамаглі недаверлівасць шкіпера, і ён паціснуў руку бадзягі.

— Я цябе не помню, — сказаў ён. — Але што за важнасць! Я і мой матрос Том, мы заўсёды гатовы выпіць з кумам. Том, — сказаў ён, звяртаючыся да свайго спадарожніка, — вось мой кум. Я не помню, як яго завуць, але гэта няважна, ён цудоўны марак. Пойдзем вып'ем з ім і яго прыяцелем.

Лоўлес павёў іх у нядаўна адчынены шынок, які стаяў крыху ўбаку і таму менш перапоўнены, чым тыя, што знаходзіліся бліжэй да цэнтра гавані.

Шынок гэты ўяўляў сабою звычайную пуню, накшталт драўляных пабудоў, якія ў нашы дні можна ўбачыць дзе-небудзь у амерыканскіх лясах. Уся мэбля складалася з дзвюх-трох шафаў, прарэзаных у сценах, некалькіх голых лавак і дошак, пакладзеных на пустыя бочкі замест сталоў. Пасярод пакоя гарэў касцёр, раздзімаемы мноствам скразнякоў; запаленыя там абломкі караблёў напаўнялі ўсё памяшканне густым дымам.

— Вось яна, асалода марака, — сказаў Лоўлес. — Добра пасядзець каля слаўнага агеньчыка і выпіць добрую чарачку, калі на дварэ непагадзь і вецер гуляе па даху! П'ю за «Добрую Надзею»! Жадаю ёй лёгкага плавання!

— Але, — сказаў шкіпер Арблестэр, — у такую пагоду на беразе куды лепш, чым у моры. А як па-твойму, матрос Том? Кум, ты кажаш складна, хаця мне ўсё не ўдаецца згадаць, як цябе завуць. Ды што за важнасць, ты кажаш вельмі складна. Лёгкага плавання «Добрай Надзеі»! Амін!

— Дружа Дзікон, — працягваў Лоўлес, звяртаючыся да свайго начальніка, — у цябе, здаецца, нейкія важныя справы? Дык ідзі, не саромейся. А я пасяджу ў гэтай слаўнай кампаніі, з двума старымі маракамі. Не турбуйся, ты нас застанеш усё за тым жа заняткам, калі вернешся, і я ручаюся, што гэтыя слаўныя хлопцы ад мяне не адстануць. Мы ж не якія-небудзь берагавыя пацукі, мы старыя, бывалыя марскія ваўкі.

— Добра сказана! — падхапіў шкіпер. — Ідзі, хлопчык. А твайго сябра і майго добрага кума мы затрымаем тут да світання, клянуся святой Марыяй! Я так доўга прабыў у моры, што ўсе косці мае набраліся солі, і цяпер, колькі б я ні выпіў, мне ўсё мала.

Дзік не стаў марудзіць; развітаўся і паспешліва пайшоў праз непагадзь да «Казла і валынкі». Адтуль ён паслаў паведаміць лорду Фоксгэму, што вечарам у іх распараджэнні будзе вабны карабель. Потым, захапіўшы з сабою двух разбойнікаў, якія крыху кумекалі ў марской справе, ён выправіўся ў гавань на пясчаную касу.

Шлюпка з «Добрай Надзеі» стаяла сярод мноства іншых шлюпак, але яны пазналі яе адразу, таму што яна была самая маленькая і самая горшая за ўсе. Калі Дзік з двума сваімі спадарожнікамі сеў у гэтую мізэрную шкарлупку і яны адчалілі ад берага, хвалі і вецер накінуліся на іх з такой сілай, што здавалася, яны вось-вось пойдуць на дно.

Як мы ўжо зазначалі, «Добрая Надзея» стаяла на якары далёка ад берага, і хвалі там былі яшчэ большыя. Бліжэйшыя караблі знаходзіліся ад яе на адлегласці некалькіх кабельтавых, але і на іх не было ніводнага чалавека; у дадатак паваліў густы снег і стала так цёмна, што ніхто пры ўсім жаданні не мог бы заўважыць Дзіка і яго таварышаў. Імкліва ўскарабкаліся яны на палубу, пакінуўшы прывязаную да кармы шлюпку скакаць на хвалях. Так была захоплена «Добрая Надзея».

Гэта было слаўнае, моцнае судна, закрытае палубай на носе, пасярэдзіне і адкрытае на карме. Аднамачтавае, яно па роду сваёй аснасткі было чымсьці сярэднім паміж фелюгай [3]і люгерам [4]. Відавочна, справы шкіпера Арблестэра ішлі цудоўна, таму што бочачкі з французскім віном запаўнялі ўвесь трум. А ў маленькай каюце, акрамя абраза Дзевы Марыі, які наводзіў на думку аб набожнасці капітана, знаходзіліся замкнутыя куфэркі — сведчанне аб яго багацці і запаслівасці.

Сабака, адзіны жыхар карабля, люта брахаў і хапаў зладзеяў за пяткі; выспяткам нагі яго загналі ў каюту і там зачынілі разам з яго справядлівым гневам. Піраты запалілі ліхтар і паднялі яго на ванты, каб карабель быў відзён з берага; потым адкрылі адну з бочачак і выпілі па кубку цудоўнага гасконскага віна за поспех сваёй справы. Затым адзін з разбойнікаў падрыхтаваў лук і стрэлы на выпадак нападу, а другі падцягнуў шлюпку і саскочыў у яе.

— Каравуль добра, Джэк, — сказаў малады камандзір, рыхтуючыся спусціцца ў шлюпку. — Я вельмі на цябе спадзяюся.

— Пакуль карабель стаіць тут, усё будзе ў парадку, — адказаў Джэк. — Але як толькі мы выйдзем у мора… Бачыце, як ён задрыжаў! Няшчасны карабель пачуў мае словы, і сэрца яго затрапятала ў дубовых рабрынах. Паглядзіце, майстар Дзік, як стала цёмна!

І сапраўды, вакол запанавала незвычайная цемра. І ў гэтай цемры адна за адной уздымаліся хвалі, і «Добрая Надзея» бадзёра перавальвалася з хвалі на хвалю. На палубу падаў снег, марская пена залівала яе; снасці панура скрыпелі пад ветрам.

— Злавесная пагода, — сказаў Дзік. — Але не бяды! Гэта ўсяго толькі шквал, а шквалы не бываюць доўга.

Тым не менш панылы беспарадак у небе, вісклівыя завыванні ветру міжволі прыгняталі яго дух. Калі Дзік спусціўся ў шлюпку і адчаліў ад «Добрай Надзеі», ён набожна перахрысціўся, молячы Бога заступіцца за ўсіх, хто пускаецца ў плаванне сягоння ноччу.

На пясчанай касе сабралася ўжо каля тузіна разбойнікаў. Дзік аддаў ім шлюпку і загадаў зараз жа адправіцца на карабель.

Дзік прайшоў некалькі крокаў у глыб берага і ўбачыў лорда Фоксгэма, які спяшаўся яму насустрач; твар лорда быў захінуты капюшонам; просты сялянскі плашч хаваў ад старонніх позіркаў яго зіхоткія латы.

— Юны Шэлтан, — сказаў ён, — няўжо вы сапраўды наважыліся выйсці ў мора?

— Мілорд, — адказаў Дзік, — дом вартуюць вершнікі; падысці да яго з сушы, не падняўшы трывогі, немагчыма; цяпер, пасля таго як сэр Дэніэл даведаўся аб нашай прыгодзе, лягчэй асядлаць вецер, чым незаўважна падкрасціся да гэтага дома з сушы. Адправіўшыся морам, мы, канечне, рызыкуем патануць; але затое, калі не патонем, мы вывезем дзяўчыну.

— Вядзіце мяне, — сказаў лорд Фоксгэм. — Я пайду за вамі, каб пасля не давялося саромецца сваёй баязлівасці; але, прызнацца, я хацеў бы ляжаць зараз у сябе дома ў пасцелі.

— Хадземце, — сказаў Дзік. — Я пазнаёмлю вас з чалавекам, які павядзе наш карабель.

І ён павёў лорда ў той нікчэмны шынок, дзе прызначыў спатканне сваім падначаленым. Некаторыя з разбойнікаў сноўдаліся звонку, каля дзвярэй; іншыя зайшлі ўжо ўсярэдзіну і стоўпіліся вакол Лоўлеса і двух маракоў. Мяркуючы па іх расчырванелых тварах і мутных вачах, яны даўно перайшлі межы ўмеранасці; калі Дзік, якога суправаджаў лорд Фоксгэм, з'явіўся ў шынку, яны разам з Лоўлесам спявалі старадаўнюю тужлівую марскую песню, і ўраган падпяваў ім.

Малады важак акінуў позіркам шынок. У агонь толькі што падкінулі дроў, і чорны дым валіў так густа, што куткі прасторнага пакоя патанулі ў мораку. І ўсё ж ён адразу пераканаўся, што разбойнікаў тут намнога больш, чым выпадковых наведвальнікаў. Супакоіўшыся на гэты конт, Дзік падышоў да стала і заняў сваё ранейшае месца на лаўцы.

— Гэй, — крыкнуў шкіпер п'яным голасам, — хто ты такі?

вернуться

3

Фелюга — вузкае паруснае судна, якое можа ісці на вёслах.

вернуться

4

Люгер — невялікае паруснае судна.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: