А папугай - як ён крычаў ад радасцi! Ён быў страшна задаволены, што адпомсцiў - дый як адпомсцiў! - ненавiснаму зверу, якi выдраў у яго пер'е.

I чалавек таксама застаўся задаволены, бо забiць ягуара цяжкая справа, дый апроч таго ў яго цяпер была шкура, якую ён мог павесiць над камiнам у сталовай.

Калi яны вярнулiся дадому, усе нарэшце змаглi даведацца, чаму Пэдрыта так доўга хаваўся ў дупле. I ўсе павiншавалi яго з мужным учынкам.

З той пары яны зажылi вельмi шчаслiва. Але папугай не забываў той гiсторыi з ягуарам, i кожны дзень, надвячоркам, прыляцеўшы ў сталовую папiць чаю, ён падыходзiў да ягуаравай шкуры, што вiсела над камiнам, i запрашаў яе да стала.

- Смачная каша! - казаў ён. - Хочаш чаю з малаком?.. Каша для ягуара!..

I ўсе ажно заходзiлiся ад смеху. I Пэдрыта разам з усiмi.

ВАЙНА КАЙМАНАЎ

У адной вельмi вялiкай рацэ, у адным вельмi пустэльным краi, куды нiколi не пранiкаў чалавек, жыло шмат кайманаў. Было iх болей за сто, а мо нават i тысячу. Яны елi рыб, часам падпiльноўвалi жывёл, якiя прыходзiлi да ракi напiцца, але болей iм усё ж падабалiся рыбы. Пасля абеду яны спалi на пясчаным беразе, а ў месяцавыя ночы часам забаўлялiся, бегаючы па вадзе.

Жылi яны спакойна й шчаслiва. Але аднойчы надвячоркам, калi ўсе ўжо спалi на беразе, адзiн кайман нечакана прачнуўся i прыўзняў галаву - яму падалося, што ён пачуў шум. Ён прыслухаўся i напраўду пачуў глыбокi i глухi гук. Тады ён клiкнуў каймана, якi спаў побач.

- Прачнiся! - сказаў ён. - Iдзе небяспека.

- Што такое? - занепакоена спытаўся сусед.

- Не ведаю, - адказаў кайман, якi прачнуўся першы. - Я чую нейкi незразумелы шум.

Другi кайман таксама пачуў шум, i яны зараз жа пабудзiлi астатнiх. Усе перапалохалiся, забегалi, задраўшы хвасты.

Iх неспакой быў недарэмны, бо шум усё мацнеў i мацнеў. I неўзабаве яны ўбачылi ўдалечынi нешта падобнае да воблачка дыму. Адтуль даносiўся гук, быццам нехта вельмi далёка пляскаў па вадзе: "плясь-плясь!"

Кайманы пераглянулiся: што гэта можа быць?

Тады адзiн стары i мудры кайман, - найстарэйшы i наймудрэйшы з усiх, у якога ў роце засталося толькi два цэлыя зубы i якi аднойчы хадзiў у вандроўку аж да самага мора, - раптам сказаў:

- Я ведаю, што гэта! Гэта кiт! Яны вельмi вялiкiя i выпускаюць белую ваду праз нос. А потым вада ападае ў iх ззаду.

Пачуўшы гэта, маленькiя кайманчыкi так перапалохалiся, што ўзнялi страшны лямант i пахавалi галовы ў ваду. Яны крычалi:

- Гэта кiт! Сюды плыве кiт!

Але стары кайман наставiў хвост на блiжэйшага кайманчыка i крыкнуў:

- Не бойцеся! Я ведаю кiта! Ён сам нас баiцца! Яшчэ як баiцца!

Гэтыя словы супакоiлi маленькiх кайманаў. Але неўзабаве яны зноў перапалохалiся, бо шэры дым раптам змянiўся на чорны i плясканне пачулася зусiм блiзка. Перапалоханыя кайманы нырнулi ў раку i высунулi з вады толькi вочы i кончыкi носа. I тут яны ўбачылi, як паўз iх, гучна пляскаючы па вадзе, праплывае нейкая дзiўная, ахутаная дымам аграмадзiна. Гэта быў колавы параход, якi ўпершыню з'явiўся на iхняй рацэ.

Параход праплыў i знiк удалечынi. Кайманы адразу павылазiлi на бераг i былi вельмi незадаволеныя старым кайманам: ён жа iм схлусiў, сказаўшы, што гэта кiт.

- Гэта не кiт! - закрычалi яны старому ў самае вуха, бо кайман быў трошкi глухi. - Але што ж гэта такое?

Тады стары кайман патлумачыў iм, што гэта быў параход, напоўнены агнём, i што ўсе кайманы загiнуць, калi гэты параход пачне плаваць тут увесь час.

Але кайманы толькi пасмяялiся, падумаўшы, што стары, напэўна, здурнеў. З чаго гэта iм памiраць, калi тут пачне хадзiць параход? У старога каймана, вiдаць, проста клёпкi ў галаве не хапае!

Нарэшце, адчуўшы голад, кайманы пачалi лавiць рыб.

Але нiякай рыбы ў рацэ не было: яны не спаймалi нiводнай! Усе рыбы паўцякалi, спалохаўшыся шумнага парахода, i iх зусiм не засталося.

- А што я казаў? - прамовiў стары кайман. - Вось жа, нам цяпер няма чаго есцi. Рыбы паўцякалi. Але пачакаем да заўтрага. Можа, параход болей не вернецца, i рыбы прыплывуць, перастаўшы баяцца.

Але назаўтра яны зноў пачулi шум у вадзе, i параход, нарабiўшы грукату, зноў напускаў столькi дыму, што аж неба ўсё пацямнела.

- Вось дык так, - сказалi кайманы. - Параход прайшоў учора, прайшоў сёння i пройдзе заўтра. I не будзе цяпер нi рыб, нi жывёл, якiя прыходзiлi напiцца вады. Мы памром з голаду! А давайце зробiм плацiну!

- Так, плацiну! Плацiну! - закрычалi ўсе i што было моцы паплылi да берага. - Давайце зробiм плацiну!

I яны зараз жа ўзялiся за працу. Спачатку ўсе рушылi ў лес i павалiлi там ажно дзесяць тысяч дрэваў, а можа, i болей. Пры гэтым яны выбiралi асаблiва такому i кебрач, бо ў гэтых дрэваў вельмi цвёрдая драўнiна. Потым распiлавалi iх - нечым накшталт пiлы, якая расце ў кайманаў па верху хваста, - зацягнулi бярвенне ў ваду i метр за метрам паўбiвалi яго па ўсёй шырынi ракi. Цяпер нiякi параход, нi малы, нi вялiкi, не змог бы праплыць. Кайманы былi ўпэўненыя, што нiхто ўжо болей не напалохае рыб. I тады, вельмi стамiўшыся, яны паляглi на пляжы i заснулi.

А на другi дзень, калi яны яшчэ спалi, здалёк зноў даляцеў шум парахода: "плясь-плясь". Кайманы ўсе, вядома, яго пачулi, але нiводзiн не ўстаў i нават не расплюшчыў вачэй. Што iм да парахода? Няхай сабе шумiць колькi хоча, усё роўна яму не прайсцi.

I праўда: параход быў яшчэ далёка, але раптам спынiўся. Людзi, якiя плылi на iм, убачылi ў бiнокль, што рака нечым перагароджаная, i паслалi наперад лодку паглядзець, што там такое перашкаджае iм плыць. Тады кайманы ўсталi i, падплыўшы да плацiны, пачалi назiраць за людзьмi праз бярвенне, пасмейваючыся ад задавальнення, што iм удалося ўчынiць параходу такi добры жарт.

Лодка падплыла, людзi разгледзелi збудаваную кайманамi моцную плацiну i вярнулiся назад да парахода. Потым лодка зноў вярнулася да плацiны, i людзi, якiя былi ў ёй, крыкнулi:

- Гэй, кайманы!

- Што вам? - адказалi кайманы, высунуўшы галовы памiж бярвення ў плацiне.

- Нам гэта перашкаджае! - крыкнулi людзi.

- Ведаем!

- Мы не можам праплыць!

- А нам гэта i трэба!

- Прыбярыце плацiну!

- Не прыбяром!

Людзi ў лодцы пра нешта параiлiся мiж сабою i потым зноў крыкнулi:

- Кайманы!

- Што вам? - адказалi тыя.

- Не прыбераце?

- Не!

- Ну, тады да заўтра!

- А дакуль хочаце!

I лодка вярнулася да парахода, а вельмi задаволеныя кайманы запляскалi хвастамi па вадзе. Нiякi параход цяпер тут не пройдзе, i ў рацэ заўсёды-заўсёды будзе рыба.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: