А казачныя лiчбы ўсё яшчэ гучалi з тэлегляда. У параўнаннi з мiнулым годам было болей ежы, болей адзення,болей дамоў, болей мэблi, болей посуду,болей палiва, болей караблёў, болей верталётаў, болей кнiг, болей дзяцей - болей усяго, акрамя хвароб, злачынстваў i вар'яцтваў. Штогод, штохвiлiны ўсё навокал перажывала бурны росквiт. Як i Сайм, Ўiнстан цяпер узброiўся лыжкай i вырабляў з рэштак полiўкi на стале разнастайныя ўзоры. Ён з прыкрасцю разважаў пра фiзiчныя асаблiвасцi жыцця. Цi заўсёды яно было такое? Цi заўсёды ежа здавалася яму такой смачнай? Ён агледзеў сталоўку. Нiзкая столь, напханая да берагоў зала, сцены, брудныя ад незлiчоных дотыкаў. Паўгiнаныя металiчныя сталы i крэслы, так цесна папрытыканыя адно да аднаго, што седзячы можна было дакрануцца локцем да суседа. Пагнутыя лыжкi, мiсы са шчарбатымi краямi, вялiкiя белыя кубкi, блiскучыя ад тлушчу, бруд куды нi глянь. I над усiм гэтым кiслы смурод ад дрэннага джыну, ад нiзкаякаснай кавы, ад полiўкi з металiчным прысмакам i ад бруднага адзення. I ўвесь час у страўнiку i на скуры адчуванне гiдкасцi, нiбы нейкi пратэст, пачуццё, быццам цябе ашукалi з тым, на што ты меў права. I, аднак, яго памяць не захавала нiчога iншага. Наколькi ёя помнiў, ежы не хапала нiколi, шкарпэткi i споднiкi ў людзей заўсёды былi ў дзiрках, мэбля заўсёды была паламаная i нетрывалая, кватэры недастаткова ацяплялiся, у метро было не ўбiцца, дамы развальвалiся, хлеб быў толькi чорны, гарбата была рэдкасцю, кава смярдзела, цыгарэт было замала. Усё было дарагое, усяго не хапала, удосталь было толькi сiнтэтычнага джыну. I хоць з гадамi ўсё навокал горшала, гэта нiкому не здавалася ненатуральным; не здавалася ненармальным, што ўвесь час балiць сэрца ад няўтульнасцi i бруду, недахопу тавараў, бясконцых зiм, дзiравых шкарпэтак, заўсёды сапсаваных лiфтаў, сцюдзёнай вады, пясочнага мыла, пакрышаных цыгарэт, штучных харчовых прадуктаў з падазроным смакам. Чаму нясцерпнасць усяго гэтага мог адчуць толькi той, хто захаваў нешта накшталт памяцi продкаў пра тое, што калiсьцi ўсё было зусiм iнакшае?

Ён яшчэ раз агледзеў сталоўку. Амаль усе людзi навокал былi брыдкiя i засталiся б брыдкiмi i тады, калi б насiлi не аднолькавыя сiнiя камбiнезоны, а нешта iншае. У дальнiм канцы залы сядзеў адзiн за столiкам маленькi, надзiва падобны да жука чалавек, i пiў каву, пры гэтым яго вочкi недаверлiва зiркалi то ў адзiн, то ў другi бок. Як лёгка можна было паверыць, калi толькi не глядзець вакол сябе, што абвешчаны Партыяй фiзiчны iдэал - высокiя дужыя хлопцы i паўнагрудыя дзяўчаты, бялявыя, жыццярадасныя, загарэлыя i бесклапотныя - сапраўды iснаваў i нават пераважаў. У сапраўднасцi ж, наколькi можна было меркаваць, большасць людзей ва Ўзлётна-пасадачнай паласе No.1 былi маленькiя, чарнявыя i брыдкiя. Было дзiўна, як гэты жукападобны тып шырока распаўсюдзiўся ў Мiнiстэрствах: маленькiя каржакаватыя людзi, што ўжо ў дзяцiнстве былi тоўстыя, з кароткiмi нагамi, рэдкiмi нервовымi рухамi i азызлымi абыякавымi тварамi з вельмi маленькiмi вачыма. Здавалася, што пад панаваннем Партыi гэты тып людзей дасягаў усё большага росквiту.

Паведамленне Мiнiстэрства Дастатку скончылася фанфарамi, якiя змянiлiся духавой музыкай. Парсанс, якога навала лiчбаў прывяла ў стан няўцямнага захаплення, дастаў з рота люльку.

- Мiнiстэрства Дастатку сапраўды шмат чаго дасягнула сёлета, - сказаў ён з выглядам знаўцы. - Дарэчы, Смiт, цi ў вас выпадкам няма лёзаў для галення, якiя вы маглi б мне саступiць?

- Нiводнага, - адказаў Ўiнстан. - Я сам галюся ўжо шосты тыдзень адным лязом.

- А... Я толькi хацеў у вас спытацца...

- На жаль, - сказаў Ўiнстан.

Качыны голас за суседнiм столiкам, якi пад час паведамлення змоўк, загучаў зноў на поўную моц. Невядома чаму, Ўiнстану раптам прыгадалася панi Парсанс з яе кудлатымi валасамi i пылам у зморшчынах на твары. Праз два гады дзецi здадуць яе Палiцыi Думак. Панi Парсанс выпараць. Бязвокую iстоту з качыным голасам нiколi не выпараць. Маленькiх жукападобных людзей, што так спрытна сноўдаюць па калiдорах Мiнiстэрстваў, таксама нiколi не выпараць. I дзяўчыну з чорнымi валасамi з аддзела мастацкай лiтаратуры - яе таксама нiколi не выпараць. Яму здавалася, што ён iнстынктыўна адчувае, хто застанецца жыць, а хто будзе знiшчаны, хоць i нельга было адразу сказаць, адкуль гэтае адчуванне.

У гэты момант ён раптам прачнуўся ад сваiх летуценняў. Дзяўчына за суседнiм столiкам напалову павярнулася i глядзела цяпер на яго. Гэта была тая самая чорнавалосая дзяўчына. Яна глядзела на яго крадком, але з дзiўнай пранiклiвасцю. Калi iх позiркi сустрэлiся, яна зноў адвярнулася.

Ўiнстан аблiўся халодным потам. Яго працяў дзiкi страх. Пасля страх суняўся, але засталася нейкая неадчэпная трывога. Чаму яна назiрала за iм? Чаму яна ўвесь час ходзiць за iм? На жаль, ён ужо не мог прыгадаць, цi сядзела яна за столiкам, калi ён прыйшоў, цi прыйшла пазней. Ва ўсялякiм разе, учора, пад час Двуххвiлiнкi Нянавiсцi, яна села якраз за iм, хоць не мела на гэта нiякай пiльнай патрэбы. Цалкам верагодна, што яе заданнем было ўважлiва прыслухоўвацца, цi дастаткова актыўна ён далучаецца да ўхвальных воклiчаў.

Да яго зноў вярнулася думка: магчыма, яна i не была агентам Палiцыi Думак, але вiжы-аматары яшчэ болей небяспечныя. Ён не ведаў, як доўга яна за iм ужо назiрала, можа, усяго пяць хвiлiн, i магчыма, што ён не ўвесь гэты час добра кантраляваў свой твар. Было страшэнна небяспечна даваць сваiм думкам неяк выяўляцца на твары пад час публiчных мерапрыемстваў або ў полi зроку тэлегляда. Найменшая дробязь магла выдаць. Нервовая дрыготка, несвядомы трывожны позiрк, звычка мармытаць сабе пад нос - усё магло абудзiць падазрэнне. Адзiн толькi недарэчны выраз твару (напрыклад, недаверлiвы позiрк пад час паведамлення пра вайсковыя перамогi) быў ужо сам па сабе злачынствам. У навамоўi было нават адмысловае слова - тварзлачынства.

Дзяўчына зноў павярнулася да яго спiнай. Можа, яна за iм i не сачыла, можа, яна выпадкова другi дзень запар сядзела так блiзка ад яго. Цыгарэта патухла, i ён асцярожна паклаў яе на край стала. Ён дапалiць яе пасля працы, калi толькi за гэты час з яе не высыплецца тытунь. Цалкам магчыма, што асоба за суседнiм столiкам была агентам Палiцыi Думак, i вельмi верагодна, што праз тры днi яго кiнуць у сутарэннi Мiнiстэрства Любовi - але ўсё роўна ён не меў права змарнаваць недакурак! Сайм склаў сваю паперку i засунуў у кiшэню. Парсанс зноў пачаў сваю балбатню.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: