- Калi?
- Дзевятнаццаць нуль-нуль.
- Згода.
Эмплфорт так i не ўгледзеў Ўiнстана i сеў за iншы столiк. Аднак Ўiнстан i дзяўчына болей не размаўлялi i пазбягалi глядзець адно на аднаго, наколькi гэта было магчыма двум, што сядзяць насупраць за адным столiкам. Яна хутка скончыла есцi i ўстала з-за стала, а Ўiнстан застаўся, каб выпалiць цыгарэту.
Ўiнстан прыйшоў на Плошчу Перамогi трошкi раней прызначанага часу. Ён хадзiў вакол падножжа вялiзнай калоны, на версе якой статуя Вялiкага Брата ўзiралася ў паўдзённае неба, дзе ў Бiтве на Ўзлётна-пасадачную паласу No.1 ён перамог эўразiйскiя самалёты (колькi гадоў таму самалёты былi ўсходазiйскiя). На вулiцы насупраць стаяў конны помнiк - гэта, як меркавалася, была статуя Олiвера Кромвела. Прайшло ўжо пяць хвiлiн, а дзяўчыны ўсё яшчэ не было. Ўiнстана зноў ахапiў невыказны страх. Яна не прыйдзе, яна перадумала! Ён павольна прайшоўся да паўночнага боку плошчы i адчуў нейкую шчымлiвую радасць, пазнаўшы царкву Святога Марцiна, званы якое калiсьцi адбiвалi: "Ты тры фартынгi даць мне павiнен". I тады ён убачыў дзяўчыну. Яна стаяла каля помнiка i чытала цi ўдавала, што чытае, плакат, закручаны спiраллю вакол калоны. Ён не мог падысцi да яе, пакуль не збярэцца болей людзей, бо вакол помнiка былi ўсталяваныя тэлегляды. Але ў гэты момант аднекуль злева пачуўся гоман галасоў i цяжкi грукат аўтамабiляў. Раптам здалося, што ўсе пабеглi цераз плошчу. Дзяўчына хутка абышла львоў ля падножжа помнiка i пабегла за натоўпам. Ўiнстан рушыў за ўсiмi. З паасобных выкрыкаў ён зразумеў, што зараз па тым баку плошчы праедзе канвой з эўразiйскiмi палоннымi.
Шчыльны людскi натоўп ужо запоўнiў паўднёвы бок плошчы. Ўiнстан, якi звычайна iмкнуўся заўсёды вырвацца са штурханiны, цяпер пiхаўся i ўцiскаўся глыбей у натоўп. Хутка ён ужо стаяў амаль побач з дзяўчынай, але дарогу яму заступiў вялiзны прол i амаль гэткая ж вялiзная кабецiна, напэўна, яго жонка. Разам яны былi як непраходны мур. Ўiнстан адсунуўся трошкi ўбок i, разагнаўшыся, рэзкiм штуршком здолеў працiснуць плячо памiж iмi. На нейкi момант яму здалося, што iх мускулiстыя сцёгны зараз расцiснуць яму вантробы, але нарэшце, змакрэўшы, ён прабiўся наперад. Цяпер ён стаяў поплеч з дзяўчынай, абое глядзелi проста перад сабой.
Доўгая чарада грузавiкоў павольна кацiлася ўздоўж вулiцы. На кожнай машыне стаялi ахоўнiкi з суровымi драўлянымi тварамi i з аўтаматамi напагатове. Унутры тулiлiся маленькiя жаўтатварыя людзi ў падранай шэра-зялёнай унiформе. Iх тужлiвыя мангольскiя твары пазiралi цалкам безуважна праз бакавыя барты грузавiкоў. Часам чуўся металiчны скрыгат - ва ўсiх палонных на нагах былi кайданы. Адна за адной праязджалi мiма поўныя машыны тужлiвых твараў. Ўiнстан ведаў, што яны там, але бачыў iх толькi ўрыўкамi. Дзяўчына сваiм плячом i правай рукою прытулiлася да яго. Яе шчака была так блiзка, што ён амаль адчуваў яе цеплыню. Таксама, як i тады ў сталоўцы, яна адразу ўзяла iнiцыятыву ў свае рукi. Яна пачала гаварыць, амаль не варушачы вуснамi, цiхiм шэптам, якi патанаў у гамане натоўпу i грукаце машын.
- Ты добра мяне чуеш?
- Ага.
- Цi ты можаш вызвалiцца ў нядзелю па абедзе?
- Магу.
- Тады слухай уважлiва. Ты павiнен усё дакладна запомнiць. Паедзеш да станцыi Пэдынгтан...
З неверагоднай, амаль вайсковай дакладнасцю яна растлумачыла яму дарогу, якой ён павiнен быў пайсцi. Паўгадзiны чыгункай, пасля, выйшаўшы са станцыi, налева, два кiламетры па дарозе да драўлянай брамы без верху; сцежка цераз поле; парослая травой сцежка; сцяжынка праз хмызняк; высахлае, зарослае мохам дрэва. Здавалася, што яна трымае ў галаве карту мясцовасцi.
- Ты можаш усё запомнiць? - прашаптала яна ўрэшце.
- Змагу.
- Пойдзеш налева, пасля направа, тады зноў налева. I брама без верхняй бэлькi.
- Так. А каторай гадзiне?
- Каля пятнаццацi. Можа, табе прыйдзецца пачакаць. Я прыйду другой дарогай. Ты ўпэўнены, што ўсё запомнiў?
- Ага.
- Тады адыходзь зараз ад мяне як мага хутчэй.
Пра гэта яму можна было i не казаць. Але якраз цяпер яны не маглi выбрацца з натоўпу. Машыны ўсё яшчэ праязджалi мiма, а людзi ўсё яшчэ разявiўшы раты глядзелi на iх. Спачатку яшчэ чулiся крыкi абурэння i агiды, i крычалi выключна сябры Партыi, але хутка яны сцiхлi. Пераважным пачуццём была простая цiкаўнасць. Чужынцы, цi з Эўразii, цi з Усходазii, былi нечым накшталт дзiвосных звяроў. Iх нiколi нельга было ўбачыць iначай, як палоннымi, i нават тады толькi мiмаходзь. Невядома было таксама, што з iмi рабiлi пасля, за выключэннем тых нямногiх, хто быў павешаны як ваенны злачынца. Астатнiя проста знiкалi, хутчэй за ўсё ў лагерах прымусовай працы. Круглыя мангольскiя твары змянiлiся цяпер на брудныя, барадатыя, змучаныя твары, больш эўрапейскiя на выгляд. З-пад парослых шчэццю шчок на Ўiнстана глядзелi вочы, часам з дзiўнай пранiклiвасцю, а пасля зноў знiкалi. Калона канчалася. У апошнiм грузавiку ён убачыў старога чалавека, твар якога быў суцэльным зараснiкам сiвых валасоў. Ён стаяў проста, склаўшы рукi, быццам прызвычаены да кайданоў. Настаў самы час расстацца з дзяўчынай. Аднак у апошнi момант, калi натоўп яшчэ даволi шчыльна iх сцiскаў, яе рука намацала ягоную i ўпотай пацiснула яе.
Хоць мiнула не болей за дзесяць секунд, здавалася, што iх рукi трымаюць адна адну вельмi доўга. Ён паспеў адчуць кожную рысачку яе рукi. Ён абмацаў яе даўгiя пальцы, прыгожыя пазногцi, працоўныя далонi з радком мазалёў, мяккасць запясця. Цяпер ён пазнаў бы яе рукi з выгляду. У той самы момант ён падумаў, што не ведае, якога колеру ў яе вочы. Напэўна карыя, хоць часам у чарнявых бываюць i блакiтныя вочы. Але павярнуць галаву i паглядзець ёй у вочы было б неверагодным глупствам. Сцiснуўшы рукi, нябачныя ў шчыльным натоўпе, яны няўхiльна глядзелi перад сабой, i замест вачэй дзяўчыны на Ўiнстана сумна пазiралi з-пад сiвых касмылёў вочы старога палоннага.
2
Ўiнстан прабiраўся па дарожцы праз лапiкi святла i ценю, i кожнага разу, як хмызняк разыходзiўся, ён апынаўся ў моры залатога святла. Злева, пад дрэвамi зямля была ўсеяна пралескамi. Лёгкi ветрык цалаваў твар. Было другога траўня. Аднекуль з лясных нетраў да яго даносiлася мяккае вуркатанне вехiроў.
Было яшчэ трошкi зарана. Падарожжа прайшло без перашкод. Дзяўчына была, вiдаць, добра абазнаная, i яму было не так страшна, як павiнна было б быць. Пэўна, можна было спадзявацца, што яна ведае надзейнае месца. Хоць увогуле, нельга было лiчыць, што за горадам было бяспечней, чым у Лондане.