Часам яны гаварылi таксама пра адкрытае паўстанне супраць Партыi, але не мелi нiякага ўяўлення аб тым, з чаго пачаць. Нават калi легендарнае Братэрства i iснавала, выйсцi на яго было надзвычай цяжка. Ўiнстан расказаў ёй пра дзiўную сувязь, што iснавала, цi здавалася, што iснавала, памiж iм i О'Браэнам, пра тое, што часам яму хацелася проста пайсцi да О'Браэна, абвясцiць яму, што ён, Ўiнстан, - вораг Партыi, i папрасiць у яго дапамогi. Як нi дзiўна, немагчымая дзёрзкасць гэткага ўчынку не ўразiла Джулiю. Яна прызвычаiлася меркаваць аб людзях па iх тварах, i ёй здавалася натуральным, што Ўiнстан паверыў О'Браэну, толькi ўбачыўшы яго позiрк. Да таго ж яна лiчыла само сабой зразумелым, што ўсе цi амаль усе ў душы ненавiдзяць Партыю i паўсталi б супраць яе законаў, калi б ведалi, што iм нiчога не будзе пагражаць. Але яна адмаўлялася верыць, што iснавала або магла iснаваць шырока арганiзаваная апазiцыя. Байкi пра Гольдштэйна i яго падпольную армiю, казала яна, былi чыстай лухтой, якую Партыя прыдумала для сваiх мэтаў, i ўсе толькi прыкiдваюцца, што гэтаму вераць. Незлiчоную колькасць разоў на партыйных сходах, спантанных дэманстрацыях яна, крычучы на ўсё горла, патрабавала пакараць людзей, чыiх iмёнаў яна дагэтуль нiколi не чула i ва ўяўныя злачынствы якiх нi на кроплю не верыла. Пад час паказальных працэсаў яна займала сваё месца ў атрадах Юнацкага Саюза, якiя з ранiцы да вечара стаялi перад будынкам суда i час ад часу крычалi: "Смерць здраднiкам!" Пад час Двуххвiлiнак Нянавiсцi яна заўсёды гучней за iншых выкрыквала абразы Гольдштэйну. Нягледзячы на гэта, яна мела самае цьмянае ўяўленне пра тое, хто такi ўвогуле Гольдштэйн i з якiмi iдэямi ён выступае. Яна вырасла пасля Рэвалюцыi i была занадта маладая, каб памятаць iдэалагiчныя бiтвы пяцiдзесятых i шасцiдзесятых гадоў. Гэткая рэч, як незалежны палiтычны рух, была недасяжная яе ўяўленню: Партыя раз i назаўсёды была непераможная. Яна будзе iснаваць заўсёды, i заўсёды будзе заставацца такою, як дагэтуль. Паўстаць супраць яе можна было толькi праз патаемную непакорлiвасць або ў крайнiм выпадку праз асобныя гвалтоўныя акты - забiць некага або пусцiць што-кольвек у паветра.

У некаторых адносiнах яна была значна разумнейшая за Ўiнстана i значна менш падатная на партыйную прапаганду. Калi ён неяк выпадкова, гаворачы пра нешта iншае, прыгадаў вайну з Эўразiяй, яна вельмi здзiвiла яго, сказаўшы, што, на яе думку, нiякай вайны ўвогуле няма. Ракетныя бомбы, якiя штодня падаюць на Лондан, запускае, мабыць, сам урад Акiянii, "проста каб трымаць людзей у страху". Гэтая думка нiколi не прыходзiла яму ў галаву. I яшчэ яму зрабiлася ледзь не зайздросна, калi яна прызналася, што пад час Двуххвiлiнак Нянавiсцi яна больш за ўсё зважае на тое, каб не засмяяцца. Але яна ставiла пад сумненне вучэнне Партыi толькi тады, калi яно нейкiм чынам датычыла яе ўласнага жыцця. Часта яна была гатовая прыняць афiцыйны мiф проста таму, што рознiца памiж праўдай i хлуснёй уяўлялася ёй неiстотнай. Яна верыла, напрыклад, што, як яе вучылi ў школе, Партыя вынайшла самалёты. (Ўiнстан памятаў, што, калi ён вучыўся ў школе, у канцы пяцiдзесятых, Партыя прыпiсвала сабе толькi вынаходку верталёта; праз дзесятак гадоў, калi ў школе вучылася Джулiя, Партыя ўжо дадала сюды i самалёты; яшчэ праз пакаленне яна прыпiша сабе i паравую машыну.) Калi ён сказаў ёй, што самалёты iснавалi яшчэ да яго нараджэння i задоўга да Рэвалюцыi, яна не надала гэтаму вялiкай увагi. Дый, зрэшты, якая рознiца, хто там вынайшаў самалёты? Ён быў уражаны яшчэ больш, калi з нейкай нязначнай заўвагi зразумеў, што яна не памятае, як чатыры гады таму Акiянiя ваявала з Усходазiяй i была ў замiрэннi з Эўразiяй. I хоць яна лiчыла ўсю гэтую вайну фiкцыяй, аднак, вiдаць, увогуле не заўважала, што iмя ворага змянiлася.

- А я думала, што мы заўсёды ваявалi з Эўразiяй, - сказала яна безуважна.

Гэта трошкi спалохала Ўiнстана. Самалёты былi вынайдзены задоўга да яе нараджэння, але змена працiўнiка ў вайне адбылася ўсяго чатыры гады таму, калi Джулiя даўно ўжо была дарослая. Ён спрачаўся з ёй пра гэта, можа, чвэрць гадзiны. Урэшце яму ўдалося прымусiць яе заглыбiцца ў памяць i няясна прыгадаць, што некалi ворагам была не Эўразiя, а Ўсходазiя. Але i гэтая выснова не мела для яе асаблiвае важнасцi.

- Цi не ўсё роўна? - нецярплiва адказала яна. - Заўсёды паскудныя войны, адна за адной, i ўсё роўна ведаеш: так цi так усе навiны з фронту - хлусня.

Часам ён расказваў ёй пра аддзел дакументацыi i пра ганебныя фальшаваннi, што там чыняцца. Здавалася, гэтыя справы зусiм яе не палохалi. Яна не адчувала безданi пад нагамi пры думцы, што хлусня стаецца праўдай. Ён расказаў ёй гiсторыю Джоўнза, Эрансана i Радэрфорда i пра тую надзвычай важную газетную выцiнку, якую ён аднойчы трымаў у руках. Яе гэта не надта ўразiла. Спачатку яна нават не зразумела, у чым сутнасць гэтай гiсторыi.

- Гэта былi твае сябры? - спыталася яна.

- Не, я нiколi iх не ведаў. Гэта былi сябры Ўнутранай Партыi. Да таго ж, значна старэйшыя за мяне. Яны былi са старых, дарэвалюцыйных часоў. Я толькi ведаў iх з твару.

- Дык за што ж ты тады так перажываў? Заўсёды ж некага забiваюць, праўда?

Ён паспрабаваў ёй растлумачыць.

- Гэта быў выключны выпадак. Тут гаворка не проста пра тое, што некага прыкончылi. Цi разумееш ты, што мiнулае, аж да ўчарашняга дня, было знiшчана, сцерта з памяцi! Калi яно дзе i застаецца, дык толькi ў нешматлiкiх нежывых рэчах, да якiх не прывязаны словы, вось як гэты кавалак шкла на стале. Мы ўжо амаль нiчога не ведаем пра Рэвалюцыю i пра тое, што было да яе. Усе дакументы былi знiшчаныя або сфальшаваныя, усе кнiгi перапiсаныя, усе карцiны перамаляваныя нанава, усе помнiкi, вулiцы, будынкi перайменаваныя, усе даты змененыя. I працэс гэты працягваецца кожны дзень, кожную хвiлiну. Гiсторыя спынiлася. Не iснуе нiчога, акрамя вечнай цяпершчыны, дзе Партыя заўсёды мае рацыю. Вядома, я ведаю, што мiнулае сфальшавана, але я нiколi б не здолеў гэтага давесцi, нават калi я i сам удзельнiчаў у фальшаваннi. Як толькi справа зроблена, нiякiх доказаў не застаецца. Адзiны доказ iснуе ў маёй галаве, i ў мяне няма нiякай пэўнасцi, што яшчэ хоць адна чалавечая iстота памятае тое, што i я. Толькi той адзiны раз у жыццi я трымаў у руках фактычны канкрэтны доказ.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: