7

Ўiнстан прачнуўся з мокрымi ад слёз вачыма. Заспаная Джулiя прытулiлася да яго i прамармытала штось накшталт "Што з табой?".

- Я прыснiў... - пачаў ён i замаўчаў. Было вельмi складана выказаць гэта словамi. Быў сон, i былi звязаныя з гэтым сном успамiны, якiя ў гэтыя першыя хвiлiны абуджэння не iшлi яму з галавы.

Ён зноў лёг, заплюшчыў вочы i зноў акунуўся ў мроi. Гэта быў прасторны i светлы сон, у якiм усё ягонае жыццё паўстала перад iм, як краявiд летнiм вечарам пасля дажджу. Усё адбывалася ўнутры шклянога прэс-пап'е, але паверхня шкла была нябесным скляпеннем, i пад скляпеннем гэтым усё было прасякнута ясным мяккiм святлом, так што можна было бачыць бязмежныя далячынi. У гэтым сне быў таксама рух рукой - у пэўным сэнсе ён i адыгрываў галоўную ролю, - рух ягонае мацi, паўтораны праз трыццаць гадоў жыдоўскай жанчынай у кiнакронiцы, рух, якiм яна спрабавала схаваць ад куль малога хлопчыка, пакуль верталёты не разнеслi iх на шматкi.

- Ты ведаеш, я дагэтуль думаў, што забiў сваю мацi, - сказаў Ўiнстан.

- Чаму ты яе забiў? - перапытала Джулiя праз сон.

- Ну як забiў, не фiзiчна.

У сне перад iм паўстаў вобраз мацi, якою ён бачыў яе апошнi раз, i ў першыя хвiлiны пасля абуджэння яму прыгадалiся дробныя ўрыўкi падзеяў, звязаных з тым вобразам. Гэта быў успамiн, якi ён гадамi свядома выцясняў са сваёй памяцi. Ён не памятаў дакладна, калi гэта адбылося, але яму было не менш як дзесяць гадоў, можа, нават i дванаццаць, калi гэта здарылася.

Яго бацька знiк незадоўга да таго. Калi дакладна - ён ужо не мог прыгадаць. Ён лепей памятаў замяшанне i трывогу, якiмi былi пазначаны тыя часы. Перыядычная панiка пад час авiяналётаў, пошукi сховiшча ў станцыях метро, паўсюль крушнi камення з бруку, нечытэльныя пракламацыi, развешаныя на ўсiх скрыжаваннях, атрады моладзi ў аднолькавых кашулях, бясконцыя чэргi каля булачных, перарывiсты грукат кулямётаў удалечынi i асаблiва - заўсёдны недахоп ежы. Ён памятаў, як доўгiмi вечарамi яны з iншымi хлопчыкамi корпалiся ў сметнiках i кучах адкiдаў, знаходзiлi жылкi капусных лiстоў, бульбяныя лупiны, а часам нават засохлыя хлебныя скарынкi, якiя яны старанна адцiралi ад попелу. Яны таксама чакалi, як па вулiцы будуць праязджаць грузавiкi з кормам для жывёлы. Часам iх трэсла на выбоiнах, i на дарогу высыпалася макуха.

Калi знiк бацька, мацi не выказала нi здзiўлення, нi смутку, але ў ёй адбылася раптоўная перамена. Здавалася, яна страцiла ўсю сваю сiлу. Нават Ўiнстану было зразумела, што яна чакала падзеi, якая павiнна была неўзабаве адбыцца. Яна рабiла ўсё, што трэба, гатавала, мыла, цыравала, засцiлала ложак, мяла падлогу, выцiрала пыл, заўсёды вельмi павольна, без лiшнiх рухаў, як манекен, якi ажыў сам па сабе. Яе мажнае, ладнае цела, здавалася, само сабой знерухомела. Цэлымi гадзiнамi яна сядзела на ложку, амаль без руху, i кармiла малодшую Ўiнстанаву сястрычку - маленькую, хворую i цiхмяную дзяўчынку двух цi трох гадоў, падобную худзенькiм тварам да малпачкi. Зрэдку яна абдымала Ўiнстана i моўчкi тулiла яго да сябе. Ён разумеў, нягледзячы на свой узрост i эгаiзм, што рух гэты быў нейкiм чынам звязаны з невядомай падзеяй, што павiнна была адбыцца.

Ён прыгадаў пакойчык, у якiм яны жылi, цьмяны пакойчык з цяжкiм духам, палову якога, здавалася, займаў ложак, накрыты белай падшыванай коўдрай. У камiннай кратцы была газавая фаерка, там была яшчэ палiчка, дзе ляжалi прадукты, а звонку, у калiдоры, была бурая фаянсавая ўмывальня, адна на некалькi пакояў. Ён успамiнаў застылую постаць мацi, калi яна схiлялася над фаеркай i мяшала нешта ў рондалi. Асаблiва добра ён памятаў свой заўсёдны голад i брыдкiя злосныя сваркi за сталом. Ён безупыну папракаў мацi i пытаўся ў яе, чаму ў iх так мала ежы. Ён крычаў i сварыўся на яе. (Ён памятаў нават розныя адценнi свайго голасу, што ўжо пачынаў заўчасна ламацца i часам неяк асаблiва выбухаў.) Цi яшчэ ён крывадушна падлiзваўся, каб атрымаць болей. Мацi i рада была б даць яму болей. Яна пагаджалася, што ён, "хлопец", мусiць мець большую порцыю. Але колькi б яна яму нi клала, ён заўсёды патрабаваў болей. Кожны раз яна малiла яго не быць эгаiстам, памятаць, што яго сястрычка хворая i таксама хоча есцi. Усё было марна. Ён злосна крычаў, калi яна канчала яму накладаць, спрабаваў вырваць у яе з рук рондаль i лыжку, хапаў кавалкi з сястрыччынай талеркi. Ён ведаў, што пакiдае галоднымi мацi i сястру, але нiчога не мог зрабiць. Ён нават адчуваў, што мае права так рабiць. Голад, ад якога крычала ўсё ягонае нутро, здавалася, апраўдваў яго. Памiж ядзеннем, калi мацi не вартавала, ён увесь час краў убогiя запасы ежы ў буфеце.

Аднойчы давалi шакаладную пайку. Шакаладу не было ўжо некалькi тыдняў цi нават месяцаў. Ўiнстан выразна памятаў той каштоўны кавалачак шакаладу. Гэта была плiтка на дзве унцыi (тады яшчэ лiчылi на унцыi), якую трэба было падзялiць на траiх. Было зразумела, што падзялiць трэба на тры роўныя часткi. Чужым, незнаёмым голасам, быццам гаварыў нехта iншы, Ўiнстан запатрабаваў сабе ўсю плiтку. "Не будзь скнарай", - сказала яму мацi. Пачалася доўгая спрэчка з папрокамi, крыкамi, стогнам, плачам, упiканнямi, торгам. Яго малая сястрычка, што ўчапiлася аберуч за мацi, як малпянятка, сядзела i вялiкiмi сумнымi вачыма глядзела на яго з-за матчынага пляча. Урэшце мацi адламала тры чвэрткi плiткi i дала Ўiнстану. Чвэрць засталася сястрычцы. Дзяўчынка ўзяла свой кавалак i пачала няўцямна на яго глядзець. Яна мо i не ведала, што гэта такое. Ўiнстан глядзеў на яе хвiлiну, пасля нечакана скокнуў, вырваў шакалад у яе з рук i пабег да дзвярэй.

"Ўiнстан! Ўiнстан! - клiкала мацi. - Вярнiся, аддай сястрычцы шакалад!"

Ён спынiўся, але не вярнуўся. Мацi трывожна глядзела на яго. I цяпер ён думаў пра тую падзею - ён не ведаў якую, - што неўзабаве павiнна была адбыцца. Сястра, зразумеўшы, што ў яе нешта адабралi, цiхенька заплакала. Мацi абхапiла яе рукамi i прыцiснула тварыкам да грудзей. Нешта ў гэтым руху казала яму, што сястра хутка памрэ. Ён павярнуўся i выбег на сходы з шакаладам, што раставаў у яго ў руцэ.

Ён нiколi больш не бачыў сваёй мацi. Калi ён праглынуў шакалад, яму зрабiлася трошкi сорамна, i ён некалькi гадзiн бадзяўся па вулiцы, пакуль голад не прыгнаў яго дадому. Калi ён вярнуўся, мацi ўжо знiкла. У тыя часы такiя знiкненнi сталi ўжо звычайнай падзеяй. У пакоi ўсё засталося, як было, знiклi толькi мацi i сястра. Яны не ўзялi з сабой нiякай вопраткi, нават матчынага палiта. Да сённяшняга дня ён так i не быў упэўнены, памерла яго мацi або не. Цалкам магчыма, што яе проста выслалi ў лагер прымусовай працы. Што да сястрычкi, дык яе маглi аддаць, як i самога Ўiнстана, у калонiю для бяздомных дзяцей (iх называлi Перавыхаваўчымi цэнтрамi), якiя паадчынялiся ў вынiку грамадзянскай вайны. Можа, яе паслалi разам з мацi ў лагер цi проста пакiнулi памiраць абы-дзе.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: