Але калi вайна робiцца працяглай, яна перастае быць небяспечнай. Калi вайна перманентная, нiчога накшталт ваеннай неабходнасцi болей не iснуе. Тэхнiчны прагрэс можа спынiцца, а самыя вiдавочныя факты могуць адмаўляцца або iгнаравацца. Як мы ўжо бачылi, даследаваннi, якiя можна было б назваць навуковымi, усё яшчэ вядуцца ў ваенных мэтах, але па сутнасцi ўсё гэта пустыя фантазii, i тое, што яны не даюць нiякiх вынiкаў, нiкога не хвалюе. Дзеяздольнасць, нават ваенная, болей нiкому не патрэбная. У Акiянii болей не засталося нiчога дзеяздольнага, апроч Палiцыi Думак. З таго часу, як усе тры звышдзяржавы сталiся неадольнымi, кожная з iх iснуе як асобны сусвет, унутры якога могуць спакойна адбывацца любыя дэфармацыi думкi. Уплыў рэальнасцi выяўляецца толькi ў вымогах штодзённага жыцця - неабходна есцi i пiць, мець жытло i адзенне, старацца не глытаць атруты i не выходзiць праз акно з апошняга паверха i гэтак далей. Памiж жыццём i смерцю, памiж асалодаю i пакутай яшчэ ёсць адрозненне, але не надта вялiкае. Iзаляваны ад знешняга свету i ад мiнуўшчыны, грамадзянiн Акiянii падобны да чалавека ў мiжзорнай прасторы, якi не мае нiякiх пунктаў адлiку i не ведае, дзе верх, дзе нiз. Кiраўнiкi такой дзяржавы маюць абсалютную ўладу, якой не мелi нi фараоны, нi iмператары. Яны мусяць дбаць пра тое, каб не надта шмат iх падуладных памiрала з голаду, бо гэта можа быць нязручным, яны мусяць падтрымлiваць гэткi самы нiзкi ваенна-тэхнiчны ўзровень, што i iх супернiкi, але як толькi гэты мiнiмум дасягнуты, яны могуць дэфармаваць рэчаiснасць i надаваць ёй любую форму.
Такiм чынам, вайна, калi падыходзiць да яе з меркамi, стасаванымi да мiнулых войнаў, - гэта проста падман. Яна нагадвае баi памiж прадстаўнiкамi некаторых вiдаў жвачнай жывёлы, у якiх рогi растуць пад такiм вуглом, што яны не могуць пашкодзiць адно аднаму. Але нават будучы нерэальнай, яна ўсё ж мае пэўнае значэнне. Яна знiшчае лiшкi прадуктаў спажывання i дапамагае захаваць адмысловую духоўную атмасферу, неабходную для iснавання iерархiчнага грамадства. Такiм чынам, як бачым, вайна ёсць справа чыста ўнутрыпалiтычная. Раней кiраўнiчыя групы ўсiх краiн, хоць i яны маглi прызнаць наяўнасць некаторых супольных iнтарэсаў i, такiм чынам, абмежаваць знiшчальныя вынiкi вайны, сапраўды ваявалi адна супраць адных, i той, хто перамагаў, заўсёды рабаваў пераможанага. Цяпер яны ўжо не ваююць адны супраць адных. Кожная кiраўнiчая група ваюе супраць сваiх падуладных, а мэта вайны - не заваяваць або перашкодзiць заваяванню тэрыторыi, а захаваць некранутай структуру грамадства. Само слова "вайна" перастала адпавядаць свайму зместу. Вiдаць, дакладней было б сказаць, што, зрабiўшыся перманентнай, вайна перастала iснаваць. Тое асаблiвае прыгнечанне чалавечых iстот, якое было характэрнае ўсiм войнам ад неалiту да пачатку дваццатага стагоддзя, замянiлася на нешта зусiм iншае. Вынiк быў бы той самы, калi б усе тры звышдзяржавы замест таго, каб бiцца адна з адной, пагадзiлiся i жылi ў вечным мiры, застаючыся кожная недатыкальнай у сваiх межах. Сапраўды, i ў гэтым выпадку кожная з iх заставалася б замкнёным сусветам, навекi вызваленым ад аблудных уплываў знешняе пагрозы. Сапраўдны перманентны мiр быў бы тым самым, што i перманентная вайна. I хоць большасць сябраў Партыi разумее гэта толькi ў павярхоўным сэнсе, у гэтым i хаваецца глыбокае значэнне партыйнага лозунга: ВАЙНА - ГЭТА МIР.
Ўiнстан на хвiлiнку перапынiў чытанне. Недзе далёка выбухнула ракетная бомба. Шчаслiвае адчуванне таго, што ён сядзiць сам-насам з забароненай кнiгай у пакоi, дзе няма тэлегляда, яшчэ не прайшло. Самотнасць i бяспека былi фiзiчнымi пачуццямi, якiя мяшалiся са стомаю яго цела, з утульнасцю фатэля, з пяшчотным дотыкам ветрыку, якi далятаў з акна i лашчыў яму твар. Кнiга яго захапляла цi, дакладней кажучы, абнадзейвала. З другога боку, яна не паведамляла нiчога новага, але ад гэтага яна была яшчэ больш прывабная. У ёй гаварылася тое, што б сказаў i Ўiнстан, калi б здолеў упарадкаваць свае раскiданыя думкi. Кнiга была плёнам розуму, падобнага да ягонага, але магутнейшага, больш сiстэматычнага, менш апанаванага страхам. "Найлепшыя кнiгi, - сказаў ён сам сабе, - гэта тыя, якiя гавораць табе пра тое, што ты ўжо сам ведаеш". Ён вярнуўся да раздзела першага, калi пачуў крокi Джулii па сходах. Ён устаў з фатэля, каб сустрэць яе. Яна паставiла сваю торбу на падлогу i кiнулася ў абдымкi Ўiнстану. Яны не бачылiся больш за тыдзень.
- У мяне Кнiга, - сказаў ён, калi яны скончылi абдымацца.
- О, праўда? Добра, - сказала яна без лiшняе цiкаўнасцi i амаль адразу схiлiлася над керагазам, каб зварыць кавы.
Яны вярнулiся да гэтай тэмы толькi праз паўгадзiны пасля таго, як леглi ў ложак. Вечар ужо дыхаў прахалодаю, i iм давялося прыкрыцца коўдрай. Знiзу даляталi знаёмыя гукi песнi i стукату чаравiкаў па бруку. Жанчына з чырвонымi, як цэгла, рукамi, якую Ўiнстан бачыў, як быў тут першы раз, была, здавалася, неадлучнаю часткай двара. Яна, пэўна, так i хадзiла праз цэлыя днi памiж балеяй i вяроўкай i, калi рот у яе не быў заняты зашчэпкамi, спявала свае чуллiвыя песнi. Джулiя прылегла на бок i ўжо была гатовая заснуць. Ўiнстан выцягнуў руку, каб узяць кнiгу з падлогi, i сеў, прыхiлiўшыся да бiльца ложка.
- Нам трэба гэта прачытаць, - сказаў ён, - i табе таксама. Усiм сябрам Братэрства трэба гэта прачытаць.
- Чытай, - сказала яна, не расплюшчыўшы вачэй. - Чытай уголас. Так будзе найлепей. Так ты будзеш адразу мне тлумачыць.
Стрэлка гадзiннiка была на шасцёрцы, што значыла васемнаццаць гадзiн. У iх заставалася яшчэ тры-чатыры гадзiны. Ўiнстан паклаў кнiгу на каленi i пачаў чытаць:
Раздзел першы
Няведанне - гэта сiла
На працягу ўсiх гiстарычных эпох, па ўсёй верагоднасцi, з канца неалiту, у свеце iснавала тры катэгорыi людзей: Вышэйшыя, Сярэднiя i Нiжэйшыя. Яны ў сваю чаргу дзялiлiся на розныя драбнейшыя групы, насiлi незлiчоную колькасць розных найменняў, iх лiчбавыя прапорцыi, а таксама ўзаемныя дачыненнi мянялiся ад стагоддзя да стагоддзя. Аднак асноўная будова чалавечага грамадства не мянялася нiколi. Нават пасля вялiзных зрухаў i ўяўна незваротных перамен заўсёды сама па сабе ўсталёўвалася тая самая структура, гэтаксама як гiраскоп заўсёды iмкнецца да раўнавагi, у якi бок яго б нi схiлялi.