Большую частку года я пра яго амаль не ўспамiнаў. Бацька забiраў яго з пансiёна да сябе на Новы год i на вялiкдзень, i толькi на лета хлопчык прыязджаў да нас. А ў кастрычнiку, калi адляталi з нашых мясцiн пералётныя птушкi, знiкаў i Люк.

Цi быў ён набожны? На гэты конт ты гаварыла так:

- Нават гэты дзiкi звярок паддаўся ўплыву езуiтаў. У нядзелю нiзашто не прапусцiць месы, ходзiць да споведзi, прычашчаецца... Молiцца ён не вельмi старанна, усё спяшаецца, але што з яго патрабаваць?!

Пра веру, пра Бога мы нiколi з iм не гутарылi. Ён любiў гаварыць пра канкрэтныя рэчы. Часам, калi Люк даставаў з кiшэнi складаны ножык, паплавок цi дудачку, каб заваблiваць жаваранкаў, на траву падаў i яго маленькi чорны ружанец. Хлопчык хуценька падымаў яго i клаў назад у кiшэню. У нядзелю ранiцай ён, бадай, выглядаў больш сур'ёзным, ураўнаважаным, сталым, i здавалася, што хтосьцi яшчэ ноччу ўсклаў на яго худыя плечы нейкi нябачны цяжкi груз.

У Люка было багата чаго, што прывязвала мяне да яго. Магчыма, гэта здасца табе дзiўным, але я хачу расказаць вось яшчэ пра што. У тыя нядзельныя ранкi не раз пазнаваў я ў гэтым хлопчыку брата нашай маленькай Мары, што назаўсёды пайшла ад нас дванаццаць гадоў таму назад. Сапраўды дзiўна: характарам Мары была зусiм непадобная да яго: яна ж i мухi пакрыўдзiць не магла... А як любiла яна "лячыць раны на дрэвах": убачыць дупло - абавязкова абкладзе яго мохам i паставiць туды статуэтку багародзiцы, помнiш? Дык вось, у гэтым "звярку", як ты яго называла, для мяне ўваскрасала наша Мары...

У пачатку вайны Люку было амаль пятнаццаць гадоў. Забралi ў войска Хюбэра. Калi ён праходзiў медыцынскую камiсiю, ты месца сабе не знаходзiла: яго здароўе, якое раней прыносiла табе столькi страху i перажыванняў, цяпер стала тваёй надзеяй. Яшчэ перад мабiлiзацыяй Хюбэра, калi нудная канцылярская работа цi якiя-небудзь непрыемнасцi ўзбуджалi ў iм жаданне пайсцi на фронт добраахвотнiкам, ты пачынала адкрыта гаварыць кожнаму стрэчнаму тое, што раней так старанна ад усiх утойвала: "Ды якi з яго салдат?! З яго здароўем?! З яго хваравiтай спадчыннасцю..."

Не бойся, бедная мая Iза, што я кiну ў цябе камень. Я нiколi цябе не цiкавiў, а ў тую пару - тым больш. I ты тады зусiм не заўважала, як пасля кожнай ваеннай аперацыi нарастала ў маёй душы трывога. Мабiлiзавалi i бацьку Люка. Яго накiравалi ў нейкае мiнiстэрства. Цяпер Люк быў з намi не толькi летам, але i на Новы год, i на вялiкдзень. Ад вайны хлопчык быў у захапленнi, i ўсё баяўся, што ваенныя дзеяннi скончацца, пакуль яму споўнiцца васемнаццаць гадоў. Раней яго нiхто не бачыў з кнiгай. А цяпер ён глытаў раманы пра вайну, чытаў спецыяльныя працы, вывучаў карты, кожны дзень займаўся фiзiчнымi практыкаваннямi. У шаснаццаць гадоў гэта быў ужо сапраўдны мужчына. Размовы пра параненых i забiтых яго зусiм не цiкавiлi. З самых страшных апавяданняў пра кроў i ахвяры, пра жыццё ў акопах, якiя я прымушаў яго чытаць, ён ствараў сабе ўласнае ўяўленне пра вайну - грандыёзнае спартовае спаборнiцтва, куды нельга спазнiцца. Ах, як жа ён баяўся спазнiцца. А ў яго ў кiшэнi ўжо ляжаў бацькаў дазвол... Наблiжаўся пагiбельны студзень 1918 года, калi Люку павiнна было споўнiцца васемнаццаць... Я з трывогай сачыў за кар'ерай старога Клемансо*. Так, мусiць, некалi бацькi зняволеных дзяцей чакалi падзення Рабесп'ера i спадзявалiся, што тыран згiне раней, чым iх сыны стануць перад судом.

* Жорж Клемансо (1841-1929), французскi палiтычны дзеяч; у 1917-1920 гг. старшыня савета мiнiстраў i ваенны мiнiстр.

Калi Люк быў у лагеры, у Сужы, i праходзiў там пачатковую падрыхтоўку, ты пасылала яму цёплую вопратку, усялякiя ласункi, але гаварыла часам такiя словы, за якiя я быў гатовы забiць цябе, Iза: "Шкада будзе, калi беднага хлопчыка заб'юць... Але што зробiш... На ўсё воля божая... Добра, што ён хоць не пакiнуў пасля сябе сiрот..." Я прызнаю, што ў гэтых словах, вядома, нiчога ганебнага не было...

I вось надышоў дзень, калi я зразумеў, што спадзявацца няма на што: не скончыцца вайна раней, чым Люка адправяць на перадавую. Калi немцы прарвалi фронт у Шмэн-дэ-Дам, Люк прыехаў да нас развiтацца, - на два тыднi раней, чым меркавалася. Як гэта кепска! Набяруся мужнасцi i нагадаю табе яшчэ адну страшную падрабязнасць, ад якой я i цяпер яшчэ з крыкам прачынаюся начамi. У той дзень я пайшоў у свой кабiнет i дастаў з пiсьмовага стала скураны пояс, якi спецыяльна заказаў у рымара. Я стаў на лаўку i паспрабаваў падсунуць да сябе гiпсавую галаву Дэмасфена, якая стаяла на самым версе кнiжнай шафы. Але мне гэта было не пад сiлу. Галава была бiтком набiта залатымi манетамi. Тады я прыгаршчамi набраў манет, якiмi даражыў больш за ўсё на свеце, i запхнуў iх у пояс. Калi я злез з лаўкi, гэтая скураная змяя, што праглынула столькi золата, абвiлася вакол маёй шыi i цяжка цiснула на патылiцу.

Я сарамлiва падаў пояс Люку. Ён спачатку нiчога не зразумеў:

- А навошта мне гэта? Што я з iм...

- О! Люк! Гэта табе яшчэ як спатрэбiцца! А раптам у палон трапiш... Ды цi мала што!.. З золатам, брат, нiколi не прападзеш!

- Дзядзька! - засмяяўся ён. - У мяне i так барахла хапае. Няўжо ты падумаў, што я яшчэ павалаку з сабой гэты пояс? Ды ў першай жа атацы я выкiну яго ў кустах.

- Але, хлопчык, дарагi, у пачатку вайны ўсе, хто меў золата, бралi яго з сабой.

- Яны проста не ведалi, што iх чакае на фронце.

Ён стаяў пасярод пакоя. Потым кiнуў залаты пояс на канапу. Якiм жа кволым здаўся мне тады гэты дужы здаровы юнак у вайсковай форме не па росту. З шырокага каўняра выступала тоненькая дзiцячая шыйка. Валасы ўжо былi падстрыжаны нагала, i ад гэтага твар страцiў своеасаблiвасць, стаў такiм, як i ва ўсiх салдат. Ужо яго падрыхтавалi да смерцi, ужо "прыбралi", як i ўсiх астатнiх, ужо нельга адрознiць яго ад iншых, ужо стаў ён безыменным, невядомым, ужо прапаў... Люк яшчэ раз абыякава глянуў на пояс, потым узняў вочы на мяне. У позiрку яго была насмешка, пагарда... I ўсё ж ён абняў, пацалаваў мяне на развiтанне. Разам мы выйшлi на двор. Ён адышоўся на некалькi крокаў, яшчэ раз глянуў на мяне i цiха сказаў:

- Здаў бы ты ўсё гэта ў Французскi банк.

А я ўжо нiчога не бачыў: слёзы засляпiлi вочы... Чуў толькi, як ты, смеючыся, адказала яму:

- Ого! Чаго захацеў?! Такога ад яго не дачакаешся.

Доўга стаяў я на ганку... I раптам ты спыталася:


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: