Частка другая
XII
Парыж. Вулiца Брэа.
I чаму мне ўздумалася ўзяць з сабой гэты сшытак? Што рабiць цяпер з маiм доўгiм пасланнем? Памiж мною i вамi ўсё скончана. Ты, Iза, каму я адкрыў тут усю сваю душу, не павiнна больш iснаваць для мяне. Дык навошта мне зноў садзiцца за гэтыя запiскi? Але я зноў бяру ў рукi пяро: мне трэба пiсаць, мне трэба выгаварыцца - у гэтым мой паратунак i мая адзiная ўцеха... Якiя дзiўныя радкi напiсаў я ў тую ноч, калi град пабiў вiнаграднiкi!.. Няўжо я стаяў на мяжы вар'яцтва? Не, не, не трэба гаварыць нi пра якае вар'яцтва. Нельга нават ужываць тут гэтае слова, бо сваякi мае здольныя на ўсё i слова гэтае павернуць супраць мяне, калi, не дай Бог, гэтыя старонкi трапяць iм у лапы. Цяпер мае запiскi маюць адрасата, i трэба будзе iх спалiць, як толькi я адчую сябе горш... Застаецца, праўда, адзiн чалавек, якому я магу iх перадаць... Гэта мой сын, якога я прыехаў шукаць у Парыжы. Нiколi мы з iм не бачылiся, але ён ёсць, ён жыве тут, у гэтым горадзе. Як мне хацелася расказаць Iзе пра яго iснаванне на тых старонках, дзе я намякаў пра свой любоўны раман у 1909 годзе. Я ледзьве не прагаварыўся, што мая палюбоўнiца была цяжарная ад мяне, калi ад'язджала ў Парыж...
Я лiчыў сябе чалавекам добрым i велiкадушным, бо да вайны пасылаў мацi i малому па шэсць тысяч франкаў у год. Нiколi я i не падумаў пра тое, каб павялiчыць гэтую суму...
Я знайшоў мацi i сына... I, вядома, моцна вiнаваты перад iмi. Жывуць яны ў нястачы, задыхаюцца ад цяжкай, няўдзячнай працы. Я таму i наняў сабе пакойчык у гэтым квартале, каб быць блiжэй да iх. Кватэрка мая цесная. Ложак, шафа ды столiк - вось i ўвесь абсталюнак. А якi грукат на вулiцы! У мой час на Манмартры было цiха, спакойна. А цяпер, здаецца, тут знайшлi сабе прытулак усе парыжскiя прыдуркi, якiя нават ноччу не могуць утаймавацца. Мае дарагiя дамачадцы i то не так шумелi ў тую ноч, калi я ўсё пачуў i ўбачыў на свае вочы... Але якi сэнс зноў вяртацца да гэтага?.. Не, трэба расказаць i пра гэта... Можа, мне будзе лягчэй, калi i гэты чорны ўспамiн я далучу да сваiх запiсак, якiм нядоўга ўжо засталося iснаваць... А зрэшты, навошта мне iх палiць? Мой сын i спадчыннiк мае права ўсё ведаць пра мяне. А раптам гэтая мая споведзь хоць трохi наблiзiць яго да мяне?..
Ды дзе там... Варта было мне раз, другi яго пабачыць, як я зразумеў, што гэта за птушка. Не той гэта чалавек, якi зацiкавiцца маiм рукапiсам. Хiба тут у чым разбярэцца гэты нiкчэмны прыказчык, гэты атупелы дзяцюк, для якога адзiная ўцеха ў жыццi - скачкi на iпадроме.
Ноччу, калi цягнiк падыходзiў да Парыжа, я страшэнна нерваваўся. Мне ўяўлялася, як пасыплюцца на мяне справядлiвыя папрокi, i я загадзя рыхтаваўся да абароны... Ах, як лёгка паддаёмся мы ўплыву лiтаратурных i тэатральных шаблонаў!.. Я быў перакананы, што ў майго незаконнага сына душа перапоўнена горыччу i высокiмi пачуццямi. Ён мне бачыўся то высакародным, як Люк, то прыгожым, як Фiлi... Я ўсё прадбачыў, толькi не тое, што ён будзе падобны да мяне... Няўжо ёсць такi бацька, якому прыемна, калi яму гавораць: "А ведаеце, ваш сын вельмi падобны да вас!" Божа, як жа я сябе яшчэ раз узненавiдзеў, калi з жахам убачыў перад сабой свой уласны прывiд. Я любiў Люка i гатовы быў прызнаць яго сваiм сынам, можа, якраз за тое, што ў iм нiчога не было ад мяне. Трэба прызнаць, што i Рабэр, гэты парыжскi басяк, сiм-тым адрознiваўся ад мяне: ён ад прыроды тупаваты, не змог вытрымаць нiводнага экзамену i ўрэшце назаўсёды закiнуў вучобу. А мацi з апошнiх сiл выбiвалася, каб даць адукацыю гэтаму пню. I вось... Як гэта можна дараваць?! Часам яна не можа стрымацца i пiлуе свайго безгаловага сынка за яго няздатнасць да навукi. А ён сядзе, панурыць галаву, а ў самога душа не на месцы за тыя грошы, што пусцiлi на вецер... Любiць грошы... Вось у гэтым ён i сапраўды мой сын. Але не хапае ў яго фантазii, каб уявiць, якое багацце я яму хутка перадам. Не можа ён паверыць у такi цуд. Праўду кажучы, i мацi, i ён сам чагосьцi баяцца: "Гэта ж незаконна... могуць потым яшчэ пасадзiць..."
Мажная няўклюдная жанчына... Бледны маршчынiсты твар... Выцвiлыя рэдкiя валасы... Непрыгожыя спрацаваныя рукi... Якая карыкатура на тую маладзiцу, што я калiсьцi кахаў! Яна ўглядаецца ў мяне сваiмi яшчэ прыгожымi вачыма: "Калi б я сустрэла вас на вулiцы, - гаворыць яна мне, - напэўна, не пазнала б". А я? Хiба я пазнаў бы яе? Я чакаў ад яе ўсяго: папрокаў, злосцi, помсты, толькi не гэтай маркотнай абыякавасцi. Яна асунулася, атупела ад штодзённай нуднай працы ў нейкай канторы. Усяго на свеце баiцца. Асаблiва асцерагаецца судовых улад, з якiмi ў яе былi калiсьцi непрыемнасцi. А я ж так падрабязна растлумачыў ёй i Рабэру свой план. Рабэр набудзе ў якiм-небудзь банку сейф на сваё iмя, а я перанясу туды сваё золата, грошы i каштоўныя паперы. Ён дасць мне даверанасць на права карыстацца сейфам i абавязацельства, што сам не дакранецца да гэтага сейфа да дня маёй смерцi. Я, безумоўна, хачу, каб Рабэр напiсаў заяву, у якой ён прызнае, што ўсе скарбы ў сейфе належаць мне. Не магу ж я цалкам аддаць сябе ва ўладу гэтага незаконнага сынка. Я яго зусiм мала ведаю. Мацi i сын пярэчаць, што пасля маёй смерцi гэтыя дакументы абавязкова знойдуць i тады пачнецца... Ну i iдыёты! Нiяк не хочуць даверыцца мне! Я паспрабаваў iм давесцi, што ў такiм выпадку можна падключыць майго даверанага Буру, з якiм я вяду справы ўжо сорак гадоў i якi абавязаны мне ўсiм. У яго захоўваецца мой пакет з надпiсам: "Спалiць у дзень маёй смерцi", i няма нiякiх сумненняў, што ён абавязкова гэта зробiць. Вось у той пакет я i пакладу заяву Рабэра. А я абсалютна перакананы, што Буру ўсё спалiць, - тым больш што ў гэтым пакеце ляжаць сякiя-такiя дакументы, якiя яму асабiста выгадна кiнуць у агонь.
Але Рабэр i мацi зноў баяцца, што Буру нiчога не спалiць i пачне iх шантажыраваць. Шчыра кажучы, я i сам пра гэта падумаў i вырашыў перадаць iм некаторыя дакументы, якiх будзе дастаткова, каб адправiць Буру на катаргу, калi ён пачне што вытвараць. Такiм чынам, Буру будзе вымушаны спалiць заяву Рабэра ў iх на вачах i толькi тады атрымае ў свае рукi дакументы, што кампраметуюць яго. Ну, чаго можна яшчэ хацець?
Але да старой iдыёткi i маладога невука нiчога не даходзiць! Я iм аддаю мiльёны, а яны, замест таго каб кiнуцца мне ў ногi, пачынаюць спрачацца, сумнявацца... Нават калi б тут i была нейкая рызыка, - дык ёсць жа за што рызыкаваць! Не, усё роўна не хочуць падпiсваць заявы: "Потым жа давядзецца плацiць падаходны падатак, а тады ў нас i спытаюць: "Адкуль у вас узялося такое багацце?.."