Черный Кузьма
Буланы (на белорусском языке)
Кузьма Чорны
Буланы
I
Зямля, зямля! Прасторы ў вятрах - чорныя, з вясёлым зяленiвам расцвету...
Бярозы i хвоi ў вольную восень... Думаюць думу дарогi, гоняць ваду цiхiя рэчкi... I ў цiшынi буры, i ў бурах - цiшыня...
Хмурна думаць пачало неба, i тады ж зямля весялiлася ветрам. Пад дзень пабялела зямля, а днём заснуў пад хвоямi вецер, i заплакала восень снегавымi слязамi. Падала вострая музыка капель i, як сплыў снег, заглядзелася мокрая зямля ў тонкае неба, i ў саду ўсмiхнулiся апошнiя лiсты голае лiпы.
Так i было мокра цэлы дзень ды сумна-весела ад ясна-туманнага неба.
I тады раптам павеяла з поля вялiкаю воляй - неабдымнаю i нявызначанаю, як пачуццё: можа гэта пахла поплавам, цi гаварылi хвоi за полем, цi то гэта сляды соннага ветру, - толькi пацягнула тады Буланага з хлява ў паплавы. Ён аж памахаў аблезлым хвастом ды пацёрся свярбячаю спiнаю аб сцяну. Пасля абнюхаў "качалкi" неперажованага старымi зубамi сена, утоптаную салому пад нагамi ды сцяну, што аддавала сухiм гноем ды трухлiнай. Тады ўставiў у вакенца бяздонна-чыстыя, як крынiца, вочы i ўбачыў: салома мокрай страхi, над ёю галiна з варонай i вясёлае неба. Усё гэта было як бы некiм фонам, цьмяна адчуваемым глыбiнёю iстоты, незразумелым нi ў цэлым, нi сваiмi асобнымi часцiнамi.
Буланы падступiў да дзвярэй, пашараваўся аб iх старыя дошкi губамi i пасля ткнуўся ў iх. Дзверы трохi прачынiлiся, так што можна было высунуць на двор галаву. Буланы так i зрабiў. А тут раптам запахла вялым аерам, i няможна ўжо было не выйсцi на двор. Але Буланы яшчэ пастаяў трохi, бо павольнасць давала асалоду старому целу; i з вулiцы смешна вiдна была яго галава, так што Янка Самахвал, якi вельмi добра ведаў Буланага i якога Буланы таксама ведаў i заўсёды здалёк пазнаваў па нейкаму канапляна-тытунёваму паху, прыпынiўся на вулiцы i сам сабе глыбакадумна сказаў:
- От, чорт яго ведае, чаму гэта Раман Драгун каня гэтага не збудзе. Падла ледзьве ногi цягае, а ён яго дзяржыць.
- Што ты кажаш? - абазваўся з свайго двара Юзiк-сусед.
- Раман, кажу, каня не прадае.
- Не хоча за бесцань аддаваць, - заявiў Юзiк i палажыў бараду на плот.
На гэтым гаворка магла б i скончыцца, бо нi аднаму, нi другому не было часу, але Буланы раптам вылез з хлява i, растапырыўшы ногi, паволi пачаў абнюхваць мокрую зямлю, зацярушаную саломай i сенам. Тады ўжо Янка Самахвал, як належыць, стаў напроцiў двара i пачаў глядзець на Буланага.
- Эх, конь, быў конь. Што гэта быў за ко-о-о-нь - а-я-яй! - сказаў ён i трагiчна пакiваў галавой.
Юзiк Жур падышоў да Янкi i сказаў:
- Гэта ж я яму памог гэтага каня купiць.
- Я ж ведаю.
- Я не кажу, што не ведаеш. Дзiва што ты ведаеш - гэта ўсякi ведае... Тады дык Раман усё шкадаваў, што пераплацiў, а пасля што ён мне пападзякаваў - страх. Бывала, якi воз нi налажы, гара не гара - iдзе Буланы, а гэта зусiм на няма нiчога з'ехаў.
Так i гаварылi аб Буланым. I ад таго, што гаварылi i стаялi на вулiцы, брала цiкавасць таго, хто не гаварыў i не стаяў на вулiцы, а толькi бачыў усё гэта праз акно. Так выйшаў на вулiцу Костусь-муляр, якi нiколi не меў сваiх коней i не цiкавiўся iмi, але мог гаварыць аб iх колькi хочаш. I ў звязку з тым, што раптам выйшаў на вулiцу Костусь, у спешным парадку з'явiлiся i iншыя, бо была ў iх цiкавасць да ўсяго таго, што б дзе нi рабiлася i нi гаварылася.
I гаворачы аб Буланым i трохi думаючы аб iм, думалi i аб многiм iншым. Гледзячы на вылезшую шыю Буланага, Янка Самахвал быў падумаў: "Галава ж у мяне вельмi свярбiць, трэба будзе пайсцi ў суботу ў лазню".
I ў звязку з лазняю i суботаю падумаў аб тым, што гэта ж пасля суботы будзе нядзеля, а тады пойдзе ён аглядаць новую малатарню, якую прывязлi за сорак вёрст з саўхоза i паставiлi ў Юрасёвым гумне. I не то, што ў гэтым самае важнае, але ўсё разам узятае: i лазня, i субота, i малатарня, i гаворкi, якiя пры гэтым будуць весцiся, - нешта блiзкае i патрэбнае. Юзiк жа, гледзячы здалёк Буланаму на галаву мiж вушэй, падумаў: "Чаму гэта ў яго нек зеленавата там? Цi гэта ён у некую цвiль упэцкаўся, цi гэта шэрсць ад старасцi ў яго такая стала".
I тады ўжо з'явiлася ў яго вось якое адчуванне: "Гэта ж якраз такi бывае мох на старых бярозах. I нават тая бяроза, ускочваючы якую на воз год дзесяць таму назад, я сарваў жывот, уся была абросшая гэтакiм самым мохам".
I пасля гэтага пайшлi гуляць думкi вольнымi пуцiнамi. Падумалася аб тым, як сумаваў ён доўгi час па сваiм жываце. Пасля гэтае адчуванне растала ў наступным: падобны колер яшчэ бывае ў раннюю восень пад рабiнаю, напроцi рэчкi. Сядзiш бывала там, а вада бяжыць ды бяжыць.
- Колькi гэта я гэтага Буланага перапасвiў, - сказаў раптам Юзiк пад густым наплывам думак.
- Усяму свая пара, - адказаў голас.
А Раман Драгун, стоячы ў хаце каля стала i гледзячы на акно, падумаў: "Чаго гэта людзi напроцi майго двара сабралiся? Цi не зрабiлася гэта што ў мяне ў двары?"
Трохi нават як бы спалохаўся чаго i закурыў зразу, а пасля, бачачы, што тыя як стаялi, так i стаяць, сам выйшаў на вулiцу i разам з усiмi моўчкi глядзеў на Буланага.
А Буланы ўсё нюхаў зямлю, а пасля пацягнуўся паволi ў сад. А там пад разгатаю грушаю ляжаў пажоўклы i мокры аер, дзён пяць таму накошаны Раманам Драгуном каля рэчкi, пахнуў ён моцна, быў вакол расцярушаны, нават трохi быў ускладзены на дзве тоўстыя галiны грушы. Вакол ён быў, гэты аер. Уваходзiў ён Буланаму ў адчуваннi i выглядам, i пахам, i ў iм губiлася неяк трава, збiтая i малая, што разам з чорнымi лiсцямi макрэла пад яблынямi. Буланы папрабаваў жаваць аер - нясмачны, так што не варта было яго i нюхаць. Але сваiм пахам i выглядам у многа раз павялiчыў ён Буланаму адчуванне вольнага прастору рэчак, паплавоў ды вiльготнага ветру. I раптам раздзьмуў ноздры Буланы, так, як раздзьмуваў iх у маладыя гады. Яшчэ махнуў хвастом, папрабаваў страсянуць грываю, але грывы ўжо амаль не было, i выйшла гэта неяк смешна: проста пацеляпаў неяк шыяю i пабег паволi дваром на вулiцу.
- Ку...-куд-ды, а-а-а! - растапырыў быў рукi Юзiк, а Раман Драгун, уцямiўшы раптам становiшча рэчаў, сказаў:
- Надвор'е прачысцiлася, то няхай, от, пацягаецца па паплавах, хоць абветрае трохi.
- А што ты думаеш, - адказалi яму.
На гэтым уся iх гаворка i скончылася. Яны разышлiся, несучы кожны ў сабе думкi, ужо не блiзкiя да Буланага. А Буланы прабег па вулiцы да трэцяе хаты, ды раптам адчуў, што баляць ногi. Тады ўжо паволi пайшоў, не пакiдаючы раздуваць ноздры - цi то гэта ад адчування блiзасцi поплаву, цi ад стомленасцi.