Толькi аднойчы я атрымаў пiсьмо ад Стыва, у якiм заўважалася раздражненне: здаецца, Стыў занадта блiзка прыняў да сэрца, што я пакiнуў яго аднаго з Мечаным. Ён пiсаў таксама, што выкарыстаў пацучыную атруту паводле iнструкцыi, аднак з гэтага нiякага толку не выйшла.

Мiнуў год. Я зноў вярнуўся ў сваю кантору i меў поспех, нават распаўнеў. I раптам знайшоўся Стыў. Ён не зайшоў да мяне пабачыцца. Я прачытаў яго прозвiшча ў спiсах пасажыраў, якiя прыбылi на параходзе, i вельмi дзiвiўся, што Стыў не паказваецца. Але дзiвiцца мне давялося нядоўга. Аднойчы ранiцай я прачнуўся i ўбачыў Мечанага, прывязанага да слупа ў варотцах. Ён iрваўся на вяроўцы i не пускаў у дом малочнiка. Пазней я даведаўся, што той ранiцай Стыў паехаў на Поўнач у Сiэтл. З таго часу я болей не цяжэў. Мая жонка прымусiла мяне купiць сабаку ашыйнiк з жэтонам. Не прайшло i гадзiны, як Мечаны выказаў ёй сваю ўдзячнасць, прыдушыўшы яе любiмага персiдскага ката. Нiшто не можа мне памагчы збавiцца ад Мечанага. Ён астанецца са мною да самай маёй смерцi, бо сам ён не здохне нiколi. З паяўленнем у хаце Мечанага апетыт у мяне зусiм прапаў, i жонка кажа, што я вяну проста на вачах. Мiнулай ноччу Мечаны залез у куратнiк да майго суседа мiстэра Харвея i задушыў дзевятнаццаць яго пародзiстых курэй. Я вымушаны буду за iх заплацiць. Другiя нашыя суседзi пасварылiся з маёй жонкай i з'ехалi: прычынай сваркi зноў быў Мечаны.

Вось чаму я расчараваўся ў Стыве Макэе. Нiколi б не падумаў, што ён акажацца такiм паганцам.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: