Увесь гэты год жывёлы працавалi яшчэ старанней, чым летась. Адбудаваць вятрак са сценамi ўдвая таўсцейшымi i скончыць пабудову да прызначанай даты, а пры гэтым выканаць i звычайную працу на ферме - усё гэта вымагала неверагодных высiлкаў. Часам жывёлам здавалася, што яны працуюць болей, а ядуць не лепей, чым за часы Джоўнза. Кожнае нядзелi ўранку Вiскун браў доўгi сувой паперы i чытаў iм спiсы лiчбаў, якiя сведчылi, што вытворчасць усiх вiдаў харчовай прадукцыi ўзрасла на дзвесце, трыста, часам нават i на пяцьсот працэнтаў. У жывёлаў не было нiякiх падставаў яму не верыць, асаблiва таму, што яны ўжо добра i не памяталi, у якiх умовах яны жылi да Паўстання. I ўсё ж былi днi, калi iм здавалася, што раней было менш лiчбаў i болей ежы.

Усе загады цяпер абвяшчалiся праз Вiскуна або яшчэ каго з свiнняў. Сам Напалеон паказваўся на свет не часцей чым раз на два тыднi. Калi ён з'яўляўся, пры iм быў не толькi сабачы почт, але i чорны певень, якi быў нiбы за трубача i крычаў гучнае "кукарэку!" кожны раз перад тым, як Напалеон збiраўся нешта сказаць. Казалi, што нават у сядзiбе Напалеон жыў у асобных ад усiх апартаментах. Харчаваўся ён асобна, над iм чуйнавалi два сабакi, i еў ён заўсёды з абеднага сервiзу "Краўн Дарбi", якi раней стаяў у шкляной шафе ў гасцёўнi. Было таксама абвешчана, што стрэльба будзе страляць штогод у дзень нараджэння Напалеона, гэтаксама як i ў дзве iншыя гадавiны.

Пра Напалеона цяпер нiколi не казалi проста "Напалеон". Афiцыйна яго цяпер заўсёды называлi толькi "наш Правадыр таварыш Напалеон", i свiннi любiлi прыдумваць для яго розныя тытулы, накшталт: Бацька Ўсiх Жывёлаў, Пострах Чалавецтва, Ахоўнiк Авечага Статка, Сябра Качанятаў i падобнае. У сваiх прамовах Вiскун, залiваючыся слязьмi замiлавання, гаварыў пра Напалеонаву мудрасць, пра дабрыню ягонага сэрца i пра глыбокую любоў да жывёлаў ва ўсiм свеце, асаблiва ж да няшчасных жывёлаў, якiя жылi ў няведаннi i рабстве на iншых фермах. Сталася звычкай услаўляць Напалеона за кожнае дасягненне i за кожную ўдачу. Часта можна было пачуць, як адна курыца кажа другой: "Пад кiраўнiцтвам нашага Правадыра таварыша Напалеона я знесла пяць яек за шэсць дзён"; або як дзве каровы на вадапоi радасна ўсклiкалi: "Дзякуючы кiраўнiчай ролi таварыша Напалеона сёння такая смачная вада!" Агульныя пачуццi на ферме былi добра выказаныя ў паэме, складзенай Маляткам, якая называлася "Таварыш Напалеон" i гучала так:

О сябар сiротам!

Крынiца цяпла i пяшчоты!

Памыйнi ўладар! Нi пакуты, нi голад, нi скон

Мне душу не азмрочаць,

Бо заўжды твае мудрыя вочы

Мне, як сонца з нябёсаў, зiхочуць,

Таварыш Напалеон!

Ты - дарыльшчык усёй той надобы,

Што падданым тваiм даспадобы:

Набiты трыбух i сухая падсцiлка на сон;

У хляве, як у раю,

Спiць спакойна худоба любая,

Бо нядрэмных вачэй не змыкае

Таварыш Напалеон!

Каб я меў парсючка-немаўляцi,

Гадаваў бы яго быццам мацi

I, пакуль яшчэ не распаўнеў, як качулка, ён,

Я яго навучаў бы старанна

Табе ў вочы глядзець закахана

I страчаць цябе вiскам адданым:

"Таварыш Напалеон!"

Напалеон ухвалiў гэтую паэму i загадаў напiсаць яе на сцяне вялiкага гумна, супрацьлеглай той, дзе былi Сем Запаведзяў. Над паэмай быў партрэт Напалеона ў профiль, выкананы Вiскуном белаю фарбай.

Тым часам, пры дапамозе Ўiмпэра, Напалеон уступiў у складаныя перамовы з Фрэдэрыкам i Пiлкiнгтанам. Штабель драўнiны быў усё яшчэ не прададзены. З гэтых дваiх Фрэдэрык болей iмкнуўся завалодаць ёю, але не хацеў саступаць у цане. Адначасова зноў папаўзлi чуткi, што Фрэдэрык з сваiмi людзьмi збiраецца напасцi на Ферму Жывёлаў i разбурыць вятрак, будаванне якога абудзiла ў iм лютую зайздрасць. Сняжок, як казалi, усё яшчэ хаваўся на Ферме Пiнчфiлд. Неяк у сярэдзiне лета жывёлаў вельмi ўзрушыла прызнанне трох курэй, што яны, падбухтораныя Сняжком, змовiлiся забiць Напалеона. Курэй неадкладна пакаралi смерцю, i былi прынятыя дадатковыя захады, каб ахаваць Напалеонава жыццё. Чатыры сабакi вартавалi яго ложак уначы, стоячы па адным з кожнага боку, а на маладога парсючка Жмурка быў ускладзены абавязак каштаваць усе стравы Напалеона, перш чым ён будзе iх есцi, каб праверыць, цi яны не атручаныя.

Прыблiзна ў той самы час было абвешчана, што Напалеон дамовiўся прадаць драўнiну мiстэру Пiлкiнгтану; ён таксама збiраўся заключыць сталае пагадненне на абмен некаторымi прадуктамi памiж Фермай Жывёлаў i Фоксвудам. Дачыненнi памiж Напалеонам i Пiлкiнгтанам, хоць яны i падтрымлiвалiся толькi праз Уiмпэра, былi цяпер амаль сяброўскiя. Жывёлы не давяралi Пiлкiнгтану як прадстаўнiку чалавечага роду, але аддавалi яму перавагу перад Фрэдэрыкам, якога яны баялiся i ненавiдзелi. З наблiжэннем восенi, калi вятрак быў ужо амаль пабудаваны, чуткi пра пагрозу здрадлiвага нападу зрабiлiся часцейшыя. Казалi, што Фрэдэрык меўся сабраць супраць iх дваццаць чалавек, узброеных стрэльбамi, i ўжо падкупiў суд i палiцыю, дамовiўшыся, што яны не будуць умешвацца, калi ён захопiць права на валоданне Фермаю Жывёлаў. Апроч таго, з Пiнчфiлда даходзiлi жахлiвыя весткi пра зверствы, якiя Фрэдэрык учыняў над сваiмi жывёламi. Ён засек да смерцi старога каня, марыў голадам кароў, забiў сабаку, кiнуўшы яго ў печку, а вечарамi забаўляўся тым, што прымушаў пеўняў бiцца, прывязаўшы iм да шпораў вострыя лёзы. У жывёлаў кроў кiпела ад гневу, калi яны чулi, што iх таварышы церпяць такiя здзекi, i часам яны патрабавалi, каб iм дазволiлi выйсцi самiм i напасцi на ферму Пiнчфiлд, выгнаць адтуль людзей i вызвалiць жывёлаў. Але Вiскун параiў iм устрымацца ад неразважлiвых дзеянняў i даверыцца стратэгii таварыша Напалеона.

Тым не меней нянавiсць да Фрэдэрыка расла. Аднойчы ў нядзелю ранiцай Напалеон выступiў у гумне i растлумачыў, што ён нiколi не меў намеру прадаць штабель драўнiны Фрэдэрыку; ён сказаў, што мець справу з такiм нягоднiкам было б абразаю ягонай годнасцi. Галубам, якiх усё яшчэ высылалi, каб разносiць весткi пра Паўстанне, было забаронена садзiцца ў Фоксвудзе, iм таксама было загадана адкiнуць iх ранейшы лозунг "Смерць чалавецтву" i замянiць яго на "Смерць Фрэдэрыку". Напрыканцы лета было выкрыта яшчэ адно Сняжкова злачынства. У збажыне было поўна пустазелля, i высветлiлася, што пад час аднаго з сваiх начных набегаў Сняжок перамяшаў насенне збожжа i пустазелля. Гусак, якi быў уцягнуты ў гэтую змову, прызнаўся Вiскуну ў сваiм злачынстве i тут жа скончыў жыццё самагубствам, праглынуўшы некалькi смяротна атрутных ягад лiснiку. Жывёлы цяпер таксама даведалiся, што Сняжок нiколi - як шмат хто з iх дагэтуль думаў - не быў узнагароджаны медалём "Жывёла-Герой" першага класа. Гэта была проста прыдумка, якую пашыраў сам Сняжок нейкi час пасля Бiтвы пры Хляве. А на самай справе яго не толькi не ўзнагародзiлi, але яшчэ i асудзiлi за баязлiўства ў бiтве. I зноў сяму-таму з жывёлаў было дзiўна гэта пачуць, але Вiскун хутка здолеў iх пераканаць, што памяць iх ашукала.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: