Але праз некалькi дзён Мюрыэль, перачытваючы сама сабе Сем Запаведзяў, заўважыла, што сярод iх была яшчэ адна, якую жывёлы запомнiлi памылкова. Яны думалi, што ў Пятай Запаведзi напiсана: "Нiводная жывёла не павiнна пiць гарэлку", але там былi яшчэ два словы, пра якiя яны ўжо забылiся. У сапраўднасцi Запаведзь гучала: "Нiводная жывёла не павiнна пiць гарэлку звыш меры".

IX

Расшчэплены Баксёраў капыт загойваўся вельмi доўга. Адбудова ветрака пачалася праз дзень пасля таго, як скончылася святкаванне перамогi. Баксёр адмовiўся ўзяць нават адзiн выхадны дзень i лiчыў для сябе справай гонару не паказаць, што яму балiць. Вечарамi ён патаемна прызнаваўся Канюшынцы, што боль у капыце вельмi яго непакоiў. Канюшынка лячыла капыт прыпарамi з зёлак, якiя яна гатавала, папярэдне iх пражаваўшы, i разам з Бэнджамiнам прасiла Баксёра працаваць не так заўзята. "Лёгкiя ў каня трываюць не вечна", - казала яна яму. Але Баксёр не слухаў. У яго засталася, казаў ён, толькi адна сапраўдная мара пабачыць, як будзе працаваць вятрак, а тады ўжо можна i пайсцi на пенсiю.

Напачатку, калi ўпершыню былi сфармуляваныя законы Фермы Жывёлаў, пенсiйны ўзрост быў вызначаны для коней i свiнняў дванаццаць, для кароў чатырнаццаць, для сабакаў дзевяць, для авечак сем i для курэй ды гусей пяць гадоў. Дамовiлiся i наконт добрай пенсii па старасцi. Пакуль што нiводная жывёлiна не выйшла на пенсiю, але апошнiм часам тэма гэтая пачала абмяркоўвацца ўсё часцей i часцей. Цяпер, калi маленькае поле за садам было пакiнута пад ячмень, хадзiлi чуткi, што кавалак вялiкага выгану будзе абнесены агароджай i аддадзены састарэлым жывёлам. Для коней, казалi, пенсiя складзе пяць фунтаў збожжа на дзень, а ўзiмку пятнаццаць фунтаў сена, а таксама адну морквiну цi, магчыма, яблык на святы. У канцы наступнага лета Баксёру спаўнялася дванаццаць гадоў.

Тым часам жыццё было цяжкае. Зiма выдалася не цяплейшая за папярэднюю, а ежы было меней. Зноў зменшылi нормы харчоў усiм жывёлам, апроч свiнняў i сабакаў. Занадта строгая ўраўнiлаўка ў нормах, тлумачыў Вiскун, будзе пярэчыць прынцыпам Жывялiзму. У любым выпадку яму няцяжка было давесцi астатнiм жывёлам, што ў сапраўднасцi нiякай нястачы ежы няма, як бы гэта iм нi здавалася. А пакуль што палiчылi неабходным упарадкаваць нормы (Вiскун заўсёды гаварыў пра ўпарадкаванне, а не пра скарачэнне), але ў параўнаннi з часамi панавання Джоўнза паляпшэнне было вiдавочнае. Прачытаўшы iм вiсклiвым таропкiм голасам лiчбы, ён падрабязна растлумачыў i пераканаў iх, што цяпер яны мелi больш аўса, больш сена, больш рэпы, чым за часы Джоўнза, што працавалi яны цяпер меней, што пiтная вада цяпер лепшай якасцi, што яны жылi даўжэй, што смяротнасць сярод iх патомства паменшала, што цяпер у iх стойлах болей саломы i што iм цяпер меней назалялi мухi i аваднi. Жывёлы верылi кожнаму яго слову. Праўду кажучы, Джоўнз i ўсё, што з iм было звязана, ужо амаль сцерлася з iх памяцi. Яны ведалi, што жыццё сягоння было суровае i ўбогае, што яны часта цярпелi ад голаду i холаду i што звычайна яны ўвесь час працавалi, калi не лiчыць часу, прызначанага на сон. Але, бясспрэчна, за старым часам было значна горш. Яны былi радыя ў гэта верыць. Апроч таго, у тыя днi яны былi рабамi, а цяпер яны свабодныя, i ў гэтым уся рознiца, як не прамiнуў адзначыць Вiскун.

Едуноў цяпер значна пабольшала. Увосень чатыры мацёры апарасiлiся амаль адначасова, даўшы свету разам трыццаць адно парася. Парасяты былi рабенькiя, i як Напалеон быў адзiны кныр на ферме, было няцяжка здагадацца аб iхным паходжаняi. Было абвешчана, што пазней, калi набудуць цэглу i драўнiну, у садзе пры сядзiбе пабудуюць школу. Пакуль жа адукацыю парасятам даваў сам Напалеон у сядзiбнай кухнi. Яны практыкавалiся ў садзе, i iм не дазвалялася гуляць з iншымi маладымi жывёламi. Недзе ў тым самым часе было пастаноўлена, што калi свiння i якая iншая жывёлiна сустрэнуцца на дарозе, дык iншая жывёлiна мусiць саступiць; а таксама што ўсе свiннi, незалежна ад тытулу, будуць мець прывiлей насiць у нядзелю зялёную стужку на хвасце.

Той год выдаўся для фермы даволi ўдалы, але грошай усё яшчэ не хапала. Трэба было купiць на школу цэглы, пяску i вапны, трэба зноў было ашчаджаць на абсталяванне для ветрака. Былi таксама патрэбныя газа i свечкi для сядзiбы, цукар да Напалеонавага стала (iншым свiнням ён забаранiў яго ўжываць, каб не таўсцелi) i ўсе звычайныя прыпасы, якiя час ад часу неабходна было папаўняць: iнструменты, цвiкi, вяроўкi, вугаль, дрот, бляха i сабачыя сухары. Давялося прадаць стог сена i частку ўраджаю бульбы, а кантракт на яйкi быў павялiчаны да шасцiсот на тыдзень, так што куры ў гэтым годзе ледзьве маглi вывесцi дастатковую колькасць куранят, каб захоўваць свой род на тым самым узроўнi. Нормы, скарочаныя ў снежнi, яшчэ раз скарацiлi ў лютым, i дзеля эканомii газы лiхтары ў стойлах былi забароненыя. Але свiннi, як выглядала, пачувалiся даволi выгодна i нягледзячы нi на што набiралi вагу. Аднойчы ўвечары ў канцы лютага з маленькага бровара, што стаяў за кухняй i не працаваў ужо i пры Джоўнзе, разлiўся ў паветры па ўсiм двары цёплы, шчодры i смачны пах, якога жывёлы нiколi раней не чулi. Нехта сказаў, што гэтак пахне вараны ячмень. Галодныя жывёлы нюхалi паветра i пыталiся самi ў сябе, цi не iм на вячэру варыцца тая цёплая боўтанка. Але нiякай боўтанкi яны не ўбачылi, а ў наступную нядзелю было абвешчана, што з таго часу ўвесь ячмень будзе iсцi на патрэбы свiнняў. Палетак за садам ужо засеялi ячменем. А неўзабаве пранеслася чутка, што кожная свiння атрымлiвае цяпер пiнту пiва штодня, а сам Напалеон паўгалона, якiя яму заўсёды падавалi ў супнiцы з сервiзу "Краўн Дарбi".

Хоць жывёлам i даводзiлася цярпець нягоды, аднак яны часткова кампенсавалiся тым, што жыццё цяпер было больш велiчнае i ўрачыстае, чым раней. Цяпер было болей песень, болей прамоў, болей дэманстрацый. Напалеон загадаў, каб раз на тыдзень ладзiлася, як ён называў, Стыхiйная Дэманстрацыя, мэтаю якой было адзначыць змаганне i перамогi Фермы Жывёлаў. У прызначаны час жывёлы мусiлi спынiць працу i маршыраваць ваенным шыхтом вакол фермы - свiннi наперадзе, за iмi конi, пасля каровы, авечкi i ззаду птушкi. Сабакi iшлi з флангаў, а паперадзе ўсiх iшоў Напалеонаў чорны певень. Баксёр i Канюшынка цягнулi зялёны сцяг з капытом i рогам i з надпiсам "Няхай жыве таварыш Напалеон!". За шэсцем iшло чытанне паэмаў, складзеных у гонар Напалеона, i прамова Вiскуна, у якой адзначалася павышэнне вытворчасцi харчовай прадукцыi, а пасля прынародна палiлi з стрэльбы. Авечкi былi найгарачэйшыя прыхiльнiкi Стыхiйных Дэманстрацый, i калi нехта скардзiўся (як некаторыя жывёлы, калi побач не было свiнняў i сабакаў), што яны марнуюць час i дарма стаяць на холадзе, дык авечкi абавязкова затыкалi яму рот сваiм страшным бляяннем "Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна!". Але ўвогуле жывёлам падабалiся гэтыя ўрачыстасцi. Iх суцяшаў напамiн пра тое, што, як бы там нi было, яны былi самi сабе гаспадары i працавалi на сябе. А так, з гэтымi песнямi, дэманстрацыямi, Вiскуновымi лiчбамi, грымотнымi стрэламi, пеўневым кукарэканнем i лапатаннем сцяга, яны паволi забывалiся, што трыбухi ў iх пустыя, прынамсi на нейкi час.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: