Гурткi ж па лiквiдацыi непiсьменнасцi якраз удалiся. Да восенi амаль кожная жывёлiна на ферме была ў пэўнай ступенi пiсьменная.

Што да свiнняў, дык яны ўжо выдатна ўмелi чытаць i пiсаць. Сабакi навучылiся чытаць даволi добра, але не выяўлялi асаблiвае ахвоты чытаць нешта, апроч Сямi Запаведзяў. Каза Мюрыэль навучылася чытаць крыху лепей за сабакаў i часам вечарамi чытала iншым з газетных шматкоў, якiя яна знаходзiла на сметнiку. Бэнджамiн умеў чытаць не горш за свiнняў, але нiколi не карыстаўся гэтым уменнем. Ён казаў, што, наколькi яму вядома, няма нiчога, што было б варта прачытаць. Канюшынка вывучыла ўсе лiтары, але не магла злучыць iх у словы. У Баксёра справа не йшла далей за D. Ён мог накрэслiць на пяску сваiм вялiзным капытом А, В, С, а тады, падцiснуўшы вушы, абаўрэла глядзеў на лiтары, часам патрэсваючы чубам, i што было моцы спрабаваў прыгадаць, што ж iдзе далей, але так нiколi i не прыгадваў. Часам, што праўда, яму ўдавалася вывучыць Е, F, G, Н, але да таго часу, як ён iх запомнiць, заўсёды выяўлялася, што ён ужо забыўся на А, В, С, D. Нарэшце ён пастанавiў, што яму хопiць i чатырох першых лiтар, i штодня раз цi два практыкаваўся пiсаць iх, каб асвяжыць памяць. Молi адмовiлася вучыць больш за чатыры лiтары, з якiх складалася яе iмя. Яна любiла акуратна выкладаць iх з галiнак i ўпрыгожваць параю кветачак, а пасля хадзiла навокал i захаплялася сваiм мастацтвам.

Нiводная iншая жывёлiна на ферме не пасунулася далей за лiтару А. Выявiлася таксама, што найдурнейшыя жывёлы, як авечкi, куры i качкi, былi няздольныя вывучыць Сем Запаведзяў на памяць. Пасля доўгага роздуму Сняжок абвясцiў, што Сем Запаведзяў, па сутнасцi, могуць быць зведзеныя да аднаго лозунга, а менавiта: "Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна". У гэтым, сказаў ён, палягаў асноўны прынцып Жывялiзму. Той, хто глыбока iм прасякнецца, зможа нiколi не баяцца нiякiх чалавечых уплываў. Птушкi спачатку запярэчылi, бо iм здавалася, што яны таксама маюць дзве нагi, але Сняжок давёў iм, што гэта не так.

- Птушынае крыло, таварышы, - сказаў ён, - гэта орган руху, а не дотыку, i, такiм чынам, павiнна быць прыраўнянае да нагi. Адметны знак чалавека рука, прылада, якою ён чынiць усе свае зладзействы.

Птушкi не зразумелi доўгай прамовы Сняжка, але пагадзiлiся з ягоным тлумачэннем, i ўсе нiжэйшыя жывёлы ўзялiся вучыць новы лозунг на памяць. "Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна" было напiсана вялiкiмi лiтарамi на гуменнай сцяне над Сямю Запаведзямi. Вывучыўшы нарэшце гэты лозунг на памяць, авечкi пранялiся да яго вялiкiм упадабаннем i часта, лежачы ў полi, яны ўсе разам пачыналi бляяць: "Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна! Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна!" i бляялi гэтак, не стамляючыся, цэлымi гадзiнамi.

Напалеон Сняжковымi камiтэтамi не цiкавiўся. Ён сказаў, што выхаванне моладзi - значна важнейшае за ўсё тое, што можна зрабiць для дарослых. Якраз здарылася так, што неўзабаве пасля сенакосу Джэсi i Званочак абедзве ашчанiлiся, спарадзiўшы на свет разам дзевяць здаровенькiх шчанятак. Як толькi яны адвучылiся ад матчынага малака, Напалеон забраў iх ад матак i сказаў, што сам паклапоцiцца аб iхнiм выхаваннi. Ён занёс iх на гарышча, куды можна было трапiць толькi па драбiне з рымарнi, i там трымаў iх у такiм адасобненнi, што ўсе на ферме неўзабаве пра iх забылiся.

У хуткiм часе раскрылася таямнiца таго, куды знiкала малако. Яго дамешвалi штодня ў ежу свiнням. Пачалi ўжо выспяваць раннiя яблыкi, i трава ў садзе была ўсыпаная ападкамi. Усе жывёлы меркавалi як пра нешта само сабой зразумелае, што яблыкi будуць дзялiць на ўсiх пароўну; аднак аднойчы выйшаў загад, паводле якога ўсе ападкi мусiлi сабраць i занесцi ў рымарню на спажытак свiнням. Нехта паспрабаваў наракаць, але нiчога не дапамагло. Усе свiннi былi аднадушныя ў гэтым пытаннi, нават Сняжок i Напалеон. Даць усiм iншым неабходныя тлумачэннi выслалi Вiскуна.

- Таварышы! - закрычаў ён. - Спадзяюся, вы не лiчыце, што мы, свiннi, робiм гэта дзеля эгаiзму або прывiлеяў? Шмат хто з нас папраўдзе не любiць малака i яблыкаў. Я i сам iх не люблю. Адзiнае, дзеля чаго мы iх ямо, - каб захаваць сваё здароўе. Малако i яблыкi (а гэта, таварышы, даказана навукай) змяшчаюць у сабе рэчывы, абсалютна неабходныя для добрага пачування свiнняў. Мы, свiннi, - працаўнiкi разумовае працы. Усё кiраванне фермаю i парадак на ёй залежаць ад нас. Удзень i ўночы мы клапоцiмся пра ваш дабрабыт. Вось жа якраз дзеля вас мы п'ём гэтае малако i ямо гэтыя яблыкi. Цi ведаеце вы, што б здарылася, калi б мы, свiннi, не справiлiся з сваiмi абавязкамi? Джоўнз вярнуўся б! Так, Джоўнз вярнуўся б! Напэўна, таварышы, - крычаў Вiскун ледзь не ўмольным голасам, скокаючы сюды-туды i матляючы хвастом, - напэўна, сярод вас няма нiкога, хто захацеў бы, каб вярнуўся Джоўнз?

I праўда, калi i было нешта, у чым жывёлы былi цалкам упэўненыя, дык гэта тое, што яны не хацелi, каб Джоўнз вярнуўся. I калi ўсё было выстаўлена ў такiм святле, iм не было чаго сказаць. Важнасць таго, каб свiннi заставалiся пры добрым здароўi, была аж занадта вiдавочная. I таму без далейшых спрэчак было дамоўлена, што ўсё малако i ападкi яблыкаў (а таксама i ўвесь ураджай, калi яны даспеюць) будуць належаць адным свiнням.

IV

Да канца лета вестка пра тое, што адбылося на Ферме Жывёлаў, разышлася па ўсiм наваколлi. Сняжок i Напалеон штодня высылалi па колькi галубоў, якiя мелiся ўвайсцi ў зносiны з жывёлаю на суседнiх фермах, расказаць ёй гiсторыю Паўстання i навучыць мелодыi "Звяроў Брытанii".

Мiстэр Джоўнз цяпер найчасцей бавiў час у бары ўiлiнгданскай карчмы "Чырвоны леў", скардзячыся кожнаму, хто б нi трапiўся, на ўчыненую яму нялюдскую несправядлiвасць - як яго выгнала з ягонага маёнтка нейкая купка нiчога не вартых жывёлiн. Iншыя гаспадары спачувалi яму дзеля прылiку, але не надта спяшалiся яму нечым дапамагчы. У душы кожны з iх патаемна разважаў, цi нельга было б Джоўнзава няшчасце павярнуць неяк на сваю карысць. На шчасце, уладальнiкi гаспадарак, прылеглых да Фермы Жывёлаў, увесь час не ладзiлi мiж сабою. Адна з iх, што звалася Фоксвуд, была вялiкай занядбанай старасвецкай гаспадаркаю, збольшага зарослай лесам, са змарнаванымi пашамi i несамавiтымi агароджамi. Гаспадар, мiстэр Пiлкiнгтан, быў нядбайны, ленаваты панок, якi большасць свайго часу прысвячаў, залежна ад пары, рыбалцы або паляванню. Другая гаспадарка, Пiнчфiлд, была меншая i лепш дагледжаная. Яе ўладальнiк, мiстэр Фрэдэрык, упарты i спрытны дзялок, увесь час з некiм судзiўся i меў славу няўступлiвага ў здзелках чалавека. Гэтыя двое так не любiлi адзiн аднаго, што iм цяжка было прыйсцi да нейкага пагаднення, нават калi справа тычылася абароны iх iнтарэсаў.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: