- Знаеш што, дзед? Давай каршука падстрэлiм!

- А што ты думаеш? Пеканём!

Дзед зняў стрэльбу з пляча, доўга прыладжваў пiстон, той усё саскокваў, пакуль дзед не прымацаваў яго кавалачкам хлеба. I ўжо дзед стрэльбу да пляча прыставiў i жмурыцца пачаў левым вокам, як Мiколка, падштурхнуўшы яго пад локаць, дыскусiю распачаў:

- Не павiнен ты, дзед, першы страляць!

- Як гэта так?

- А так... Ты вунь колькi настраляўся за сваё жыццё: i з стрэльбы страляў, i з гармат смалiў... Сам жа казаў, колькi ты дывiзiй турэцкiх палажыў... Давай-ка стрэльбу сюды, я першы стрэлю...

Дзед падумаў з хвiлiну, патылiцу пачухаў:

- Наконт турак ты гэта правiльна... Ну што ж, страляй... Толькi глядзi, станавiся моцна, а то павалiцца можаш ад аддачы.

- Нiчога, вытрымаю...

Мiколка ўпёрся нагой у купiну, стрэльбу падняў. Цяжкая яна тым часам. Доўга цэлiўся ў каршука, аж руля захадзiла ходырам, да таго рукi дрыжалi.

- А ты не хвалюйся! Вытрымку дай! - раiў дзед, стоячы збоку.

Прыжмурыў вока Мiколка, на курок нацiснуў. I што адбылося тут, дык i сам дзед спачатку нiчога не зразумеў, бо стрэльба бахнула, як батарэя гармат. Воблака шызага дыму паплыло па алешнiку, мякка ахiнаючы кусты i дрэвы. У двух кроках ад сябе нiчога нельга было ўбачыць.

- Дзе ты, Мiколка? - запытаўся, ачухаўшыся, дзед.

Нiхто не адказаў, i дзед яшчэ раз запытаўся. Iзноў маўчанне. Тады дзед спалохаўся не на жарты i пачаў на ўвесь голас клiкаць унука. Урэшце, як з-пад зямлi, раздаўся цiхi, прыглушаны голас:

- Я тут, дзеду, а што з каршуком?

- А лiха з iм, з каршуком. Скажы лепей, што з табой?

Тут разышоўся дым, i дзед убачыў Мiколку. Той ляжаў на зямлi, перакiнуўшы праз купiну ногi, i цёр то плячо, то шчаку. На шчацэ была кроў. Дзед зусiм перапалохаўся.

- Цi жыў ты хаця?

- Жыў! А ты, дзеду?

- Як бачыш, варушуся...

З дзедавай дапамогай Мiколка ўстаў на ногi. I тут толькi яны заўважылi, што ад слаўнай дзедавай стрэльбы засталiся адны толькi ўспамiны. I каб сказаць прыемныя - дык не: адна толькi пашчапаная ложа ды перагнуты курок. Нi рулi, нi шомпала нiдзе паблiзу не аказалася, колькi нi шукаў iх збянтэжаны дзед, адразу застаўшыся без такой слаўнай "арудзii", як часам называў ён сваю стрэльбу.

- Лоўка ж пекануў! - здзiвiўся дзед. - Каб з кожнага стрэлу ды стрэльбу ў паветра, што б тады зайцы выраблялi: засмяялi б яны тут нас...

I як нi шкадаваў дзед стрэльбы, але, каб падтрымаць бадзёры дух у свайго таварыша, ён кiнуўся ў рогат. Мiколку, аднак, было не да смеху, бо ныла балюча плячо i вельмi саднiла параненая шчака. Аднак, каб трымаць сябе дастойна перад дзедам i не паказаць вiду, што яму дужа балiць, што ён вельмi напалохаўся, Мiколка важна распытваў дзеда, з якой прычыны "арудзiя" разляцелася на кавалкi.

- Вiдаць, што заржавела стрэльба... Ды i набой быў моцны, праз меру... бадай з паўхунта пораху заправiў я калiсьцi ў рулю. Яшчэ добра, што так пашанцавала нам... Магло б быць, унучак, трохi горай...

I яны абодва прынялiся ўважлiва шукаць забiтага каршука. Не магло быць, каб ад такога стрэлу ды застаўся каршук цэлы. Але ён, нiбыта нiчога i не было, сядзеў сабе на той алешыне, на якой сядзеў i да стрэлу.

- Справы! - пачухаў дзед патылiцу. - З такiх паляўнiчых, як мы, i птушкi смяюцца.

А тут яшчэ некалькi пастушкоў падбегла i ўсё дапытвалiся, дзе гэта такi вялiкi выбух адбыўся, што аж зямля страсянулася i нешта ў паветры праляцела з вялiкiм грукатам i вурчаннем.

Паслухалi Мiколка з дзедам гэтыя размовы i, панурыўшы плечы, паклыпалi моўчкi дахаты. I каб не Жэўжык, дык зусiм упалi б духам нашы слаўныя паляўнiчыя. Аж адкуль нi вазьмiся з'явiўся сабачка, якi ўрачыста нёс у зубах нейкую птушку. Бегаючы па балоце, ён налаўчыўся недзе злавiць дзiчыну i не паспеў яшчэ расправiцца з ёй, як напаткаў Мiколку з дзедам.

- Ну вось, мы цяпер i не з пустымi рукамi дахаты варочаемся, ёсць i здабытак!

I Мiколка адабраў у Жэўжыка яго здабычу. Той адразу ж кiнуўся зноў у балота. I не прайшло некалькi хвiлiн, як ён выбег з другой птушкай у зубах.

Так дапамог Жэўжык нашым паляўнiчым паправiць крыху iх паляўнiчыя справы. I да таго ўнадзiўся Жэўжык птушак лавiць, што Мiколка i дзед кожнага вольнага дня iшлi з iм на луг да ракi альбо на балота i займалiся паляваннем. Iм i стрэльба цяпер непатрэбна была, малы сабачка быў вельмi спрытны на птушыную лоўлю. А слаўныя паляўнiчыя прывучылi яго не псаваць здабычу, а цэлай прыносiць у рукi.

Але нядоўга цягнулася такое шчаслiвае паляванне. I тут пасцiгнула нашых паляўнiчых чарговая няўдача. I, сказаць бы, праз каго? Праз матчыных курэй i пеўня. Задумала мацi летам курыную гаспадарку развесцi i купiла недзе тры курыцы i пеўня. Быў гэты певень крыху недалужны, кульгаў на адну нагу, але гэта не перашкаджала яму быць здольным певуном i кожнае начы гучна выводзiць сваё непераможнае "кука-рэ-эку!".

Уся курыная гаспадарка змяшчалася ў фанернай скрынцы пад вагонам, i мацi дужа клапацiлася аб тым, каб хто не спакусiўся на яе птушынае багацце. I вось аднаго разу, праз няшчасных гэтых паляўнiчых, як казала мацi, птушыная гаспадарка ўраз загiнула. Неяк надумалася мацi ў сонечны дзень выпусцiць курэй са скрынкi, каб яны крыху пабегалi па пяску, паглядзелi белага свету. Выпусцiла, пiльнавала iх сярод пуцей, але потым на хвiлiну адлучылася ў вагон. Як на бяду, тут трапiўся Жэўжык. Набраўшыся вялiкага паляўнiчага спрыту i, вiдаць, прыняўшы курэй за нейкiх балотных птушак, ён умомант задушыў трох курэй i, паклаўшы iх на парог вагона, кiнуўся як дуж за пеўнем. Той даў лататы. Жэўжык - за iм.

Певень i скокам, а часамi i падскокам iмчаў, як вiхор, аж пад самае дэпо. Магчыма, i не давялося б Жэўжыку дагнаць курынага ўладыку, мо i ўцёк бы ён ад нашага паляўнiчага, але тут, як на бяду, iмчаў насустрач пасажырскi цягнiк. Толькi пер'е ўзляцела ў паветра - усё, што засталося ад кульгавага певуна, трапiўшага пад паравоз. Убачыла мацi такое няшчасце i за галаву схапiлася. Ды, узяўшы ў рукi лапку пеўня - неяк засталася цэлая пад вагонамi, - прыйшла з гэтай лапкай у вагон ды тыц ёю дзеду ў самую бараду, а потым, доўга не думаючы, ды гэтай самай лапкай Мiколку па патылiцы.

- Праз вас певень загiнуў!

Мiколка з дзедам, не кiдаючыся дужа ў спрэчкi, адразу ж падалiся вон з вагона, далей ад разгневанай мацi.

- Уцякайма, пакуль не позна. А то можа быць горай!


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: