Далей пачынаўся малы траверс; iсцi станавiлася цяжэй, але i Пiркс з кожнай хвiлiнай аднаўляў ранейшыя навыкi, а яны былi такога ўзроўню, што часам было больш бяспечна даверыцца iнтуiцыi, чым свядома разважаць над выбарам прыёмаў; а ў тым, што дарога стала цяжэйшай, Пiркс пераканаўся ў той момант, калi, як i раней, хацеў вызвалiць правую руку, каб узяць звiсаючы з пояса iндыкатар, - i не змог гэтага зрабiць. У яго быў толькi адзiн пункт апоры для левай рукi i штосьцi вельмi невыразнае пад наском правага туфля; адхiнуўшыся як толькi можна ад скалы, ён шукаў апору другой назе i не мог знайсцi. Тады ён адмовiўся ад iндыкатара, бо вышэй было нешта падобнае на невялiкую прыступку.

Яна была пакрыта ледзяным наростам i нахiлена да прорвы, але ў адным месцы лёд быў сарваны з каменя нiбы моцным ударам. Пiркс сваiм туфлем гэтага нiколi б не зрабiў, яму прыйшло ў галаву, што гэта быў Анэлеў чаравiк - бо робат важыў амаль чвэрць тоны. Масена, якi iшоў да гэтага вельмi добра, зараз пачаў адставаць.

Яны наблiжалiся да вяршынi каменнага слупа. Скала, па-ранейшаму шурпатая, пачынала паступова, а чым вышэй, тым больш, нахiляцца да безданi, i iсцi без добрай апоры было цяжка; праз некалькi метраў шчылiна, да гэтага даволi шырокая, скончылася, у Пiркса заставалася яшчэ метраў пяць свабоднай вяроўкi, але ён сказаў Масене сцягнуць яе, каб агледзецца. Бо робат жа прайшоў тут без крукоў, без вяроўкi i без страхоўкi. "Значыць, i я гэтак здолею", падумаў Пiркс. Ён пачаў абмацваць скалу над сабой; у костачцы правай ступнi, заклiнаванай у апошнiм звужэннi шчылiны, па якой ён да гэтага iшоў, кальнула ад рэзкага павароту, аднак гэта не спынiла яго. Самымi кончыкамi пальцаў ён намацаў лiштвачку, меншую, чым падушачкi пальцаў; трымаючыся за яе, можна было падцягнуцца, але што далей?

Гэта было ўжо супернiцтва не толькi са скалою, але як бы i з Анэлем, ён жа тут прайшоў, i прытым адзiн. Праўда, пальцы ў яго сталёвыя... Пiркс пачаў ужо вызваляць ступню са шчылiны, калi пры гэтым руху нейкi невялiчкi каменьчык выскачыў з-пад падэшвы i паляцеў унiз. Пiркс выразна чуў свiст паветра, i праз некалькi доўгiх-доўгiх хвiлiн - рэзкi, дакладны ўдар. "Ну што ж, сiтуацыя зразумелая", - падумаў ён. Пiркс вырашыў не падцягвацца i пачаў шукаць месца, каб забiць крук. Аднак у скале не было нават прыкмет трэшчыны; Пiркс, як толькi здолеў, нахiлiўся ў абодва бакi, аднак нiчога не знайшоў.

- Што там? - пачуўся знiзу голас Масены.

- Нармальна, вывучаю, - адказаў ён.

Нага напамiнала пра сябе, ён ведаў, што доўга ў такой пазiцыi не прастаiць. Эх, каб можна было знайсцi iншы шлях! Але варта толькi згубiць след робата, i яго ўжо не знойдзеш на гэтай кiламетровай сцяне. Стараўся знайсцi што-небудзь над сабой. Пад слiзгаючым позiркам сцяна здавалася ўсыпанай трэшчынамi, аднак на самай справе гэта былi ўпадзiны меншыя, чым далонь; разлiчваць можна было толькi на тую лiштвачку. Калi ён падцягнуўся на абедзвюх руках i вызвалiў ступню са шчылiны, у яго мiльганула думка, што адступлення ўжо няма; скала адразу нiбы адапхнула яго, ён вiсеў, i наскi туфляў адсунулiся ад скалы сантыметраў на трыццаць. Вышэй, наверх! Штосьцi мiльганула ў яго над галавою. Трэшчына? Але да яе трэба было дацягнуцца. Яшчэ трохi? Праз iмгненне ён страцiў здольнасць разважаць; трэба было адпусцiць левую руку, завiснуць на кончыках чатырох пальцаў правай i дацягнуцца левай да трэшчыны цi шчылiны невядома якой глыбiнi. "Гэтага нельга было рабiць!" - прамiльгнула ў яго ў галаве, калi ён, адчуваючы, што мускулы амаль лопаюцца, раптам апынуўся на два метры вышэй, прыцiскаючыся да скалы; ён цяжка дыхаў i крыху злаваўся на сябе; цяпер ён абедзвюма нагамi стаяў на лiштвачцы i мог забiць крук, нават два для пэўнасцi, бо першы ўвайшоў не вельмi глыбока. Так i зрабiў, з прыемнасцю ўслухоўваючыся ў чысты, звонкi высокi гук, якi нарэшце сцiх. Вяроўка ўскочыла ў карабiн, Пiркс ведаў, што давядзецца дапамагчы Масене; нельга сказаць, што гэта была чыстая работа, але ж гэта не Альпы; ва ўсякiм разе становiшча яго было зараз даволi пэўнае.

Над лiштвачкай была вузкая, надта ёмкая трэшчына; Пiркс узяў кароткi прэнт iндыкатара ў зубы, бо баяўся ўдарыць iм аб скалу - прэнт тырчаў з-за пояса; вышэй колер пароды мяняўся.

Сцяна не была ўжо чарнаватая, з падцёкамi карычневай, нiбы надта старой шэрасцi. Яе змянiла рудая, з карычнева-чырванаватымi адценнямi, блiскучым зблiзку дыябазам. Яшчэ колькi метраў - i гэта дарога колераў скончылася; Пiркс убачыў над сабой новы казырок, якi нельга было адолець з такой малой колькасцю крукоў, ды яшчэ без прыступкi пад нагамi; але ж у Анэля не было зусiм нiчога; Пiркс праверыў сiтуацыю iндыкатарам: робат туды не пайшоў. Значыць? Заставалася толькi рухацца па траверсе.

Калi Пiркс вывучаў гэты шлях, то здаўся ён спачатку не вельмi складаным або небяспечным. Слуп нiбы зноўку набываў страчаную ў пластах дыябазу форму; Пiркс стаяў на вузкай, але прыдатнай прыступцы, якая даходзiла да павароту i там канчалася; нахiлiўшыся, убачыў далейшы яе працяг за пукатасцю скалы усяго праз нейкiх паўтара метра, двух-то не было, гэта дакладна. Значыць, трэба было абвiцца целам вакол выступу, якi адпiхваў, i, страцiўшы апору для правай нагi, адштурхнуцца левай так, каб, перасекшы паветра над безданню, правай абаперцiся на працяг прыступкi. Пашукаў месца, куды можна было б забiць крукi, з падстрахоўкай было б гэта не так складана. Але шкадлiвая сцяна i тут была зусiм без трэшчын; зiрнуў унiз: з таго месца, якое мог заняць Масена, страхоўка была поўнай фiкцыяй. Сарваўшыся, ён падаў бы сама мала пятнаццаць метраў; рыўком магло вырваць нават добра забiтыя крукi. А iндыкатар аднак гаварыў, што робат пераадолеў гэты шлях - адзiн! "Што ж гэта азначае, д'ябал яго ведае? - сказаў ён сам сабе. - На другiм баку ёсць прыступка! Толькi адзiн добры крок! Наперад, няўклюда!" Але працягваў стаяць. Калi б удалося хоць вяроўку нацягнуць - але дзе там! Нахiлiўся i некалькi секунд глядзеў на прыступку, больш не мог - пачалi дрыжаць мускулы. А калi падэшва пакаўзнецца? У Анэля былi сталёвыя падэшвы. На прыступцы нешта блiшчала - раскрышаны лёд. Слiзка, чорт яго вазьмi. Трэба было захапiць з сабой вiбрамы...

- I напiсаць запавет, - прамармытаў бязгучна Пiркс.

Вочы яго прыжмурылiся, позiрк знерухомеў. Прыгнуўшыся, раскiнуўшы рукi, шукаючы апоры ў шурпатасцi скалы, ён абвiў яе целам i зрабiў той крок, якi столькi яму каштаваў. Калi апынуўся на другiм баку, не адчуў нават задавальнення, бо ўбачыў, як улiп. Прыступка на тым баку была нiжэй, значыць, па дарозе назад давядзецца скакаць уверх. Ды яшчэ з такiм фортэлем - гэта было ўжо не ўзыходжанне i нават не акрабатыка, а чорт ведае што! Спуск на вяроўцы? Бо калi не...


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: