Ён разумеў, што гэта ўжо поўны крах, але iшоў далей, пакуль было магчыма. Пра яго стан i сiтуацыю сведчыла тое, што ён зусiм забыўся пра Анэля; было не да яго. Вяроўка, крыху нацягнутая, калыхалася над iм, яна была надзвычай выразна бачная, па-здраднiцку блiзкая i канкрэтная, яна была вiдаць на фоне асыпку, якi невыразна ўяўляўся ў блакiтнай смузе ля падножжа сцяны цьмянай плямай. Прыступка скончылася, i не было далей дарогi нi ўверх, нi ўнiз; вяртання назад таксама не было. "Нiколi яшчэ не бачыў нiчога больш гладкага", - падумаў ён з нейкай асаблiвай заспакоенасцю, якая, аднак, была зусiм iнакшая, чым раней: бо горш, чым ёсць, быць не магло - i нервавацца не мела нiякага сэнсу. Ён агледзеўся. Пад нагамi - чатырохсантыметровы выступ, а далей нiчога - аж да невыразнай, цёмнай плямы шчылiны, якая, здавалася, клiкала да сябе; Пiркса аддзялялi ад яе чатыры метры па сцяне, такой моцнай, такой стромай, якую толькi можна сабе ўявiць. "I гэта называецца гранiт?!" - са шкадаваннем падумаў ён. Вiдаць, часам тут сцякала вада - вiдаць былi яе сляды, ад якiх сцяна пацямнела, ён бачыў нават асобныя кроплi; Пiркс узяў iндыкатар у правую руку i пачаў вадзiць iм, шукаючы слядоў робата. Пачулася цiхенькае папiскванне. Значыць, Анэль прайшоў тут. Але як? Раптам ён заўважыў маленькую плямку шэрага, як скала, моху. Садраў яго. Маленькае паглыбленне, не большае, чым пазногаць. Крук не хацеў залазiць больш чым напалову, але i гэта было збавенне. Ён турзануў за колца - як сядзiць? Неяк трымаецца. Так, зараз левай рукой за круг i асцярожна, як толькi можна... Адхiлiўшыся напалову ад скалы, ён выпадкова адвёў вочы ад шчылiны, якая вабiла да сябе, нiбы створаная стагоддзямi дзеля аднаго адзiнага iмгнення, якое павiнна было наступiць; пасля яго позiрк каменем паляцеў унiз - аж да блакiтна-нябеснай iскры на замружаным шэрым фоне асыпку.
Вырашальны крок так i не быў зроблены.
- Што там?! - пачуўся голас Масены.
- Зараз! Хвiлiнку! - адгукнуўся Пiркс, перакiдваючы вяроўку праз карабiн.
Яму трэба было як след разгледзецца. Зноў адхiлiўся, на тры чвэрцi цяжару павiс на круку, нiбы спрабаваў вырваць яго са сцяны, але мусiў абавязкова паглядзець унiз, праверыць...
Так, гэта быў Анэль. Нiшто iншае не магло б гэтак блiшчаць, ды яшчэ так далёка ўнiзе. Дарога ўжо даўно адхiлiлася ад вертыкалi, i Пiркс быў цяпер метраў за трыста ў баку ад месца, з якога яны пачалi ўзыходжанне. Пашукаў якiх-небудзь больш адметных арыенцiраў там, унiзе. Вяроўка дужа сцiскала яго, было непрыемна, адчуваў сябе блага, цяжка стала дыхаць, i кроў стукала ў скронях. Як мог стараўся запомнiць прыкметы мясцовасцi; той вялiзны валун яго ўдасца пазнаць, хоць зараз ён бачны пад iншым вуглом. Калi нахiлiўся назад да сцяны, яго бiлi дрыжыкi. "Трэба будзе з'язджаць", - сказаў сам сабе i неяк зусiм бяздумна ўзяўся за крук, якi адразу вырваўся са скалы, нiбы сядзеў у масле; яму зрабiлася дзiўна, але схаваў крук у кiшэню i пачаў разважаць, як яму адсюль выбрацца. Гэта ўдалося, хоць i не зусiм гладка: Масена панабiваў на сваiм прыпынку столькi крукоў, колькi здолеў, падкарацiў вяроўку, а Пiркс проста праляцеў метраў з восем каля плiты i павiс; крыху нiжэй была iншая шчылiна i адтуль ужо з'язджалi яны па чарзе; калi Масена спытаў, чаму яны вяртаюцца, Пiркс адказаў:
- Я знайшоў яго.
- Анэля?
- Так. Ён упаў. Ляжыць там, унiзе.
Спуск заняў не менш як гадзiну; Пiркс без жалю расставаўся з крукамi; наогул, гэта было цiкавае пачуццё - думаць, што нiколi ўжо не паставяць тут свае нагi нi ён, нi нейкi iншы чалавек, а ў гэтай скале будуць тырчаць кавалкi жалеза, апрацаванага на Зямлi, i што гэта будзе ўжо на стагоддзi - а магчыма, назаўсёды.
Круль падбег да iх, калi яны, стаўшы нагамi на роўнае, зрабiлi некалькi няўпэўненых крокаў, нiбы адвыклi ад звычайнай хады; Круль здалёк закрычаў, што знайшоў непадалёку кiнутыя Анэлем рэактыўныя кабуры; робат зняў iх знарок, перш чым узысцi на сцяну, што было яўным доказам яго аберацыi, бо толькi яны ў выпадку падзення маглi яго выратаваць.
Масена, здавалася, наогул не звяртаў увагi на гэтыя адкрыццi Круля - ён не збiраўся хаваць, чаго каштавала яму гэтая дарога; наадварот - дэманстратыўна ўсеўся на валун, шырока расставiў ногi i нiбы раскашаваў ад адчування цвёрдага грунту, занадта старанна выцiраў хустачкай твар, лоб i шыю.
Пiркс сказаў Крулю, што Анэль упаў; праз некалькi хвiлiн яны пайшлi яго шукаць. Пошукi былi кароткiя. Ён падаў сама меней з вышынi трыста метраў. Панцыр яго разляцеўся на кавалкi, металiчны чэрап таксама, i яго монакрышталiчны мозг стаў дробнымi шклянымi асколкамi, раскiданымi ва ўсе бакi - яны блiшчалi на белаватых каменнях нiбы слюда. На шчасце, Круль не аказаўся дробязным i не пачаў даказваць, што ўзыходжанне было цалкам непатрэбным. Ён толькi не без задавальнення паўтараў, што Анэль распраграмаваўся - пакiнутыя кабуры стоадсоткавы доказ. На Масену ўзыходжанне паўплывала не лепшым чынам; ён не спрабаваў нават пярэчыць, i ўвогуле здавалася, што ён будзе тым больш задаволены, чым хутчэй iх група будзе расфармавана i яны па-добраму расстануцца. Таму вярталiся моўчкi, тым больш што Пiркс не лiчыў патрэбным дзялiцца з таварышамi сваiмi ўражаннямi аб здарэннi. Ён быў перакананы, што Анэль разбiўся не ад непаладкаў, а тое, што адбылося, не мела нiчога агульнага з нейкiмi монакрышталямi або мнестронамi, бо хiба ж ён, Пiркс, таксама "распраграмаваўся", што так настойлiва хацеў пакарыць гэтую сцяну? Проста Анэль больш быў падобны на сваiх канструктараў, чым iм гэтага хацелася. Калi ён выконваў сваё заданне, у яго заставалася яшчэ шмат часу - бо ён быў надта кемлiвы i акуратны выканаўца. Ён не толькi бачыў, але i разумеў наваколле; ён быў створаны для вырашэння складаных задач, гэта значыць для гульнi, а там спатрэбiлася гульня не абы-якая - а з найвышэйшай стаўкай. Пiркс не мог стрымацца ад усмешкi, калi падумаў пра слепату Круля i Масены; тое, што яны знайшлi свядома адкладзеныя Анэлем рэактыўныя патроны, узялi за доказ - да таго ж цалкам - бяспрэчны, - што робат распраграмаваўся. Але кожны чалавек зрабiў бы менавiта так, у iншым выпадку справа ўвогуле не мела б сэнсу, а ператварылася б у разнавiднасць гiмнастыкi. О не, гаворка не пра тое. I нiякiя вывады, ураўненнi, нiякiя крывыя не здолелi б яго пераканаць. Пiркса здзiўляла толькi адно - што Анэль не ўпаў раней, бо ён iшоў адзiн, без навыкаў, без трэнiроўкi - гэтага ён не ведаў, бо яго стваралi не дзеля таго, каб ён змагаўся са скаламi. Што было б, калi б ён вярнуўся? Пiркс зноў, невядома чаму, быў перакананы, што яны нiколi не даведалiся б пра гэта. Ва ўсякiм разе ад Анэля. А ў тым месцы, не маючы нi крукоў, нi напарнiка, а можа, нават не ведаючы пра iх iснаванне наогул, ён адважыўся скокнуць. Што ён тады думаў? Напэўна, нiчога, як i сам Пiркс. Цi дакрануўся ён, хоць на iмгненне, да краю расколiны? Калi так, то там павiнен застацца след, шчопцi радыеактыўных атамаў, якiя будуць пакрысе распадацца, аж пакуль не выпарацца i не знiкнуць.