- Ведаю, - усклiкнуў Дыега, - ты хочаш забiць маю свядомасць.

Тарквемада ўсмiхнуўся, нiбы нешта разумеючы.

- Наадварот.

- Хочаш, каб яна была тваёй?

- Падсунь мне крэсла, сыне мой, - сказаў Тарквемада.

Дыега зрабiў гэта, пасля стаў перад iм.

- Хочаш забраць у мяне маю свядомасць, - паўтарыў ён.

Тарквемада рухам, быццам яму холадна, падцягнуў пад шыю цёмную сутану. Маўчаў, раздумваючы.

- Бог, сыне мой, - сказаў нарэшце, - асаблiвай любоўю адарае палкiя душы. Не часта людзям даецца палкасць. Калi ж, аднак, ты так багата адораны, тым болей, сыне мой, ты павiнен думаць, якiм мэтам служыць твая палкасць.

- А, дык усё-такi яна мая!

- Цi служыць царству божаму цi царству сатаны.

- Iначай, ойча, чым ты, я ўяўляю сабе царства божае.

Тарквемада падняў галаву, i позiрк яго цёмных глыбока пасаджаных вачэй застыў на Дыега.

- Памыляешся, бо нават сама смелай думкай ты не патрапiш асягнуць царства божае. Ты не бачыш i не разумееш яго. Думаў ты калi: можа, палкасць твая выява волi божай, можа, абяртаецца супраць яе? Цi наблiжае перамогу праўды, цi бунтуе супраць асноў праўды? Цi наша гэта, хрысцiянская палкасць, цi чужая нам духам, ератыцкая, варожая? З палкасцю, сыне мой, бывае так, як з кожнай чалавечай рэччу; не iснуючы сама ў сабе, яна, у адарваннi ад заблытаных спраў свету, можа абярнуць сваю гвалтоўную сiлу як на дабро, так i на зло, адзiн раз служыць праўдзе, а другi раз кiруе сваё дзеянне супраць яе? Ты хрысцiянiн?

- Ойча вялебны, калi б я не быў хрысцiянiнам, не кранала б мяне так вiна маiх братоў.

- Ты сын царквы?

- Ойча, калi б царква магла гучна i свабодна гаварыць вуснамi праведных, дык на ўвесь свет, на ўсе хрысцiянскiя краiны разнёсся б страшлiвы крык роспачы, не! што я кажу? не роспачы... крык гневу скалануў бы зямлю. Божа мой, што зрабiлi з вучэннем Хрыста? Якую праўду можна знайсцi там, дзе яна трымаецца толькi на хлуснi, гвалце i прымусе? Хрыстос казаў, што любоў усё можа, горы здолее перанесцi...

- Горы, горы! - голас Тарквемады па-старэчы заскрыпеў. - Павярхоўна, сыне мой, разумееш навуку Хрыстовую. Ты яшчэ не прасякнуўся ўсёй глыбiнёю праўды. Што ты ведаеш пра шляхi, якiмi належыць весцi люд да збавення? Што ты ведаеш пра павольнае, векавечнае збудаванне божага царства? Ты са сваiм вопытам, меншым за жменьку пяску. Што ты бачыў, што перажыў?

- Многае, ойча, бачыў. Бачыў сама жудасны гвалт, якi чынiлi з людзьмi, бачыў, як глумiцца годнасць чалавечая...

- А што ты ведаеш пра ажыццяўленне вучэння Хрыста? Што табе вядома са складанага ператварэння слоў у дзеянне? Цi ведаеш ты формы i памеры зла? Цi ведаеш ты абавязкi, якiя садзейнiчаюць упарадкаванню? А чалавек, натура чалавечая! Што ты ведаеш пра чалавека?

- Я сам чалавек.

- Якi?

- Чалавек.

- У чалавечай форме i ератыкi i паганцы. Цi прызнаеш ты, што вучэнне царквы - адзiная праўда i няма, апроч яе, нiякай iншай праўды?

- Ойча, я не адступнiк.

- А праўда - цi не ёсць яна дабро?

- Дабро, ойча. Найбольшае дабро.

- Калi ж праўда - гэта дабро, дык што такое скрыўленне праўды - цi не зло гэта? А зло, цi не трэба яго вынiшчаць i ламаць? Цi мы павiнны дазволiць, каб яно ўбiралася ў сiлу? Не, мой сыне, не дастаткова толькi прызнаваць праўду. Праўду трэба абараняць ад усякiх яўных i замаскаваных падкопаў зла. Праўду трэба мацаваць штодзённа, кожную гадзiну i хвiлiну.

"Адкуль гэта святло?" - зноў падумаў Дыега. I сказаў няўпэўнена:

- Ойча, а калi мы абараняем праўду нягоднымi сродкамi, дык цi не агняздуецца зло ў самым сэрцы праўды?

- Што ты называеш нягоднымi сродкамi? Ужыванне сiлы? Меч справядлiвасцi? Падумай, чым бы стала праўда, калi б не была здольная ўжываць сiлу i калi б у яе руцэ не было зброi, якою можна забяспечыць права. Не, нiчога ты не ведаеш пра натуру чалавека!

- Я ведаю, што людзi пакутуюць i мучацца звыш меры сваiх правiнаў, а часта i без вiны.

- Я таксама ведаю гэта.

- Ты?

- Святая iнквiзiцыя, мой сыне, дастаткова моцна апiраецца на зямлю i добра ведае, што на ёй робiцца. Але хто ж асмелiцца сцвярджаць, што царства божае можна збудаваць без пакут, крыўд i ахвяр? Чалавек, сыне мой, - iстота ўшчэрбная, слабая, кволая. Лёгка паддаецца спакусам зла i вельмi часта не можа нават супрацьпаставiць гэтым сваiм натуральным схiльнасцям сваё ўсведамленне дабра. На жаль! Нiякаму чалавечаму пачуццю нельга цалкам даверыцца, нельга давяраць да канца нiякiм думкам. Сама лепшыя пачуццi могуць, як дым на ветры, мяняць свой кiрунак. Думка чалавека можа сёння кленчыць, а заўтра кусаць.

- Ойча, няўжо зло такое магутнае, такое шырокае?

- Небяспека зла, сыне мой, зусiм не грунтуецца на яго моцы. Дзякуючы iснаванню царквы зло аслаблена ў самiм сваiм зародку, разадрана супярэчнасцямi. Злачынствы пажыраюць сябе ўзаемна, а грахi i заганы змагаюцца самi з сабою, разам гнiюць; ерась, адрываючыся ад праўды, курчыцца ў такiх самых канвульсiях. Не, зло не магутнае i не непераможнае! Гэта чалавек слабы, i дзякуючы яго пахiбнасцi, заганнасцi i несвядомасцi зло можа ўзнаўляць сваю сiлу, набываць нечаканыя формы, часта замаскаваныя, вельмi жывучыя. Што мог бы зрабiць чалавек, аддадзены толькi сваёй сiле? Сыне мой, царства божае яшчэ не ўвайшло ў свядомасць людзей. Але цi ж азначае гэта, што чалавецтва не дасягне збавення? Не! Трэба вучыць людзей насуперак iх волi. Трэба гады ў гады фармiраваць свядомасць чалавека, знiшчаючы ў ёй зло, якое затрымлiвае прыход царства божага. Людзьмi трэба кiраваць, разумееш, мой сыне? Правiць! I гэта наша задача. На нас, на Святую iнквiзiцыю, ускладзены гэты вялiкi гонар. Мы тыя, каго Бог паставiў у пешыя шэрагi сваiх войскаў. Мы - мозг i меч праўды, прынамсi, думка i дзеянне павiнны быць адзiныя.

- Людзi пакутуюць, - цiха сказаў Дыега.

- Ведаю. Але ж не хто-небудзь, а менавiта мы хочам вызвалiць iх ад гэтых пакут. Мы хочам, каб не было нiякiх пакут i супярэчнасцяў.

- Калi?

- Пытаешся - калi? Праз сто, праз дзвесце, можа, праз тысячу гадоў. Мудрасцi павiнна спадарожнiчаць цярплiвасць. Многа часу сплыве, пакуль чалавецтва, вызваленае ад абавязковага прымусу ўжо цяпер, самахоць i свядома, прыняўшы нашы прынцыпы i iмкнучыся да выратавання, паўсюль прыме святло вечнай праўды, каб самому стаць вечнасцю.

Дыега закрыў твар далонямi.

- Ойча мой, у галаве ў мяне месiва, чую сябе так, нiбы ты скiнуў мяне ў страшную прорву.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: