- Змагайся ў яе змроку, каб вывесцi чалавецтва да поўнага святла.

- Што ж я магу табе, ойча вялебны, сказаць? Я люблю людзей цяпер, сёння?

- Нiс еt nuns? Гэта добра. З любовi нараджаецца лiтасць, а яна непазбежна ператвараецца ў пагарду.

Дыега ўздрыгнуў.

- Не!

- Калi б ты не любiў людзей сёння, не мог бы пагарджаць iмi заўтра.

- Я не хачу пагарджаць людзьмi.

- А здолееш любiць iстоты пахiбныя i заганныя? Скажоныя падступнасцю, iстоты вераломныя i здраднiцкiя?

- Я магу iх зразумець. Магу дапамагаць iм.

- Дабру, а не злу трэба дапамагаць. А што з той любовi? Цi не парушае яна раўнавагi душы? Цi не зацямняе яснасць распазнання, цi не нашэптвае парады прабачаць там, дзе патрэбна суровая безумоўнасць? За любоўю заўсёды павiнен хадзiць яе цень - слабасць.

- Не! - закрычаў Дыега. - Каханне, любоў - сiла.

- Любоў - слабасць. Яна ж не толькi не ўзмацняе ў нас нянавiсць да зла, а сваёй лiтасцю, якая не што iншае, як прызнанне людской нэндзы i згода на гэту нэндзу, вымушае нас, урэшце, скарыцца злу. Не, мой сыне, любовi няма месца ў натуры праўды, якая змагаецца. Любячы праўду, не можаш нi кахаць, нi лiтавацца з таго, што супрацьпастаўляецца ёй. Што да праўды, дык тут няма непадазроных людзей. Усе пад падазрэннем. У кожным чалавеку можа пасялiцца зло, зло, якое ў пару не было спынена - i яно паглыбляецца, раз'ядае душу, i, нарэшце, толькi нейкi крок аддзяляе яе ад мяжы, за якою чалавек, заблудзiўшыся, робiцца небяспечным ворагам, носьбiтам злачынных ератычных поглядаў. Кожны грэх, сыне мой, у сваёй завязi - грэх супраць праўды. А што такое любоў у параўнаннi з гэтым велiзарным скажэннем? Што такое душа, ахопленая любоўю, але заглушаная болем пакуты i змучаная лiтасцю?

- А пагарда? - шапнуў Дыега.

- Пагарда да слабасцi i злачынства, яна адна дазваляе меркаваць i разважаць, яна адна вучыць, як адольваць слабасць i нiшчыць злачыннасць.

- I таму вы хочаце прагнаць са свету любоў? Божа, адабралi ўжо ў людзей усё: годнасць, адвагу, чыстасць пачуццяў, свабоду...

- Чаму ты кажаш - вы? Ты ж хочаш таго самага, што i мы, толькi не знайшоў яшчэ нас у самiм сабе.

- Вы ненавiдзiце любоў.

- Памыляешся, зноў памыляешся. Калi хто любiць праўду i падпарадкоўвае ёй сваё жыццё, тады любоў павiнна заставацца для яго пачуццём усёахопным i звышупарадкаваным у сваёй незямной дасканаласцi.

- Незямной?

- Бо трыумфальная любоў узносiцца над намi, як зорка, як святло ў начы, i, асвятляючы бездарожжа, каб чалавек не заблудзiўся, паказвае сапраўдныя шляхi. Хто ж, аднак, спяшаючыся да мэты, нясе ў руках зорку або жывы агонь паходнi? Жар асляпiў бы нас, спапялiў бы. Толькi водблiск любовi нам служыць.

- Водблiск?

- Гэта i ёсць пагарда. Любоў дазваляе бачыць i ахоплiвае вялiкiя мэты прадвызначэння, аднак жа мы можам выяўляць гэтыя высокiя мэты не праз яе, а праз пагарду.

- Ойча, я губляюся, не могучы паспець за тваiмi думкамi. Ты кажаш пагарда. А што такое пагарда?

- Зямныя рукi любовi. I падумай цяпер, якiя моцныя i дужыя, палкiя i адважныя павiнны быць гэтыя рукi, калi яны пераворваюць людскiя душы i помыслы гэтаксама, як плуг пераворвае зямлю, каб размякчыць, падняць глебу, павырываць зелле i падрыхтаваць грунт пад пасеў i будучы плён.

- Ты ўвесь час гаворыш пра будучае. Царства божае!

- Мы жывём дзеля яго.

- У чалавека толькi адно жыццё.

- Адно зямное i адно вечнае... Цi ж з гэтай непаўтаральнасцi не вынiкае наказ не кiдаць сваiм жыццём, сваiмi думкамi i ўчынкамi ценю на тых, хто прыйдзе пасля нас? Чаму адно хворае iснаванне павiнна атручваць другое, а грахi i злачынствы аднаго чалавека павiнны класцiся цяжарам на плечы iншых?

Дыега маўчаў. Яму здавалася, што недзе вельмi далёка, у глыбiнi нязмерна мёртвага i халоднага святла месячнай ночы б'юць званы. Нейкую хвiлiну Дыега прыслухоўваўся, Было цiха.

Спытаўся напаўголаса:

- Ойча, навошта кажаш мне ўсё гэта? Цi ж я ўжо не асуджаны?

Тарквемада ўстаў з крэсла.

- Так, гэта праўда, - сказаў амаль дзiцячым голасам. - Твой вырак зроблены.

Дыега схiлiў галаву. "Нельга мне баяцца", - падумаў.

- Ты сам сабе сказаў вырак.

- Я?

- Цi ж ты не адважны i не палкi?

- Я?

- Ты! I таму ты наш. Нiчога не кажы, потым будзеш гаварыць. Мы нiколi не адмаўляемся ад таго, што наша. Думаеш, я не ведаю, як вакол Святых трыбуналаў збiраюцца, а часам i пралазяць у iх малыя i нiкчэмныя, баязлiвыя, людзi з карлiкавай помслiвасцю, ахопленыя прагай нажывы?

- Ведаеш i пагаджаешся?

- На жаль, мы мусiлi пакуль што карыстацца i iх паслугамi, нават больш, мусiлi цярпець iх нiкчэмнасць, пакуль яны служаць нашым мэтам. А можа, ты думаеш, сыне, я не разумею, што не так сапраўднае вызнанне нашай справы i нашых мэт, як чэрпанне матэрыяльных каштоўнасцяў на ўмацаванне свецкай улады прываблiвае да Святой iнквiзiцыi сама высокiх i годных асоб каралеўства? Так, мы сапраўды даём iм вялiкiя маёнткi i грошы, але, як бы нi расла, як нi мацавалася свецкая ўлада - наша ўсё ж вышэйшая за iхнюю, i калi цалкам авалодае чалавечымi думкамi, нiхто, нiякая сiла не здолее супрацьстаяць ёй. Мы павiнны быць канчатковымi i адзiнымi, разумееш, сыне? Але, каб мы сталi такiмi, трон нашай улады павiнны трымаць на сваiх далонях людзi нязломныя, як сталь, палкiя i пiльныя, адважныя i бязмежна адданыя. Ты будзеш адзiн з iх. Ты не станеш аспрэчваць, што я ведаю гэта, а таму i прыйшоў да цябе, як да самога сябе. Ты адзiн з нямногiх людзей, якiя нараджаюцца з iмкненнем да праўды. Патрэба ў ёй жыве ў табе, як кроў, як дыханне, як бiццё сэрца. Ты памыляўся, блукаў, але, носячы ў сабе патрэбу праўды, як ты можаш ад яе ўцячы? Хочаш скочыць у прорву?

- Праўда, пра якую ты гаворыш, ойча, таксама як прорва. Чаму гэта так?

Тарквемада маўчаў.

- Ойча!

- Сыне мой, ты можаш яшчэ не разумець многiх складаных з'яў свету, але адно павiнен ведаць з усёй, на якую толькi здольны, пэўнасцю, што толькi поўнае паслушэнства павiнна запоўнiць усе помыслы i ўчынкi чалавека, якi змагаецца за праўду. Калi хочаш служыць веры, ты павiнен падпарадкоўвацца ўсiм яе абавязковым прынцыпам, без вагання, пытанняў i сумненняў, без ценю пабочных думак, з неабмежаваным даверам да кiраўнiцтва.

- Нават не разумеючы?

- Калi праўда абсалютна запоўнiць твае думкi, твае жаданнi i ўчынкi, калi ты i яна станеце адзiнствам, тады зразумеецца многае.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: