Адтуль лекар перавандраваў у сэрца яго жонкi. Яно ўяўляла сабой старую, амаль разбураную галубятню. Партрэт мужа быў узняты ў ёй замест флюгера; да яе былi таксама прымацаваны ўваходныя дзверы, якiя то адчынялiся, то зачынялiся у залежнасцi ад таго, куды паварочваўся муж.
Потым лекар трапiў у пакой з люстранымi сценамi, такi ж, як у палацы Розенборг, але тут люстэркi былi павелiчальнымi, яны ўсё павялiчвалi ў многа разоў. Пасярод пакоя ўзвышалася на троне маленькае "я" ўладальнiка гэтага сэрца i захаплялася сваёй уласнай велiччу.
Адтуль лекар перабраўся ў другое сэрца, i яму падалося, што ён трапiў у вузкi iгольнiк, набiты вострымi iголкамi. Ён было вырашыў, што гэта сэрца якой-небудзь старой дзевы, але памылiўся: яно належала ўзнагароджанаму мноствам ордэнаў маладому вайскоўцу, аб якiм гаварылi, што ён "чалавек з сэрцам i розумам".
Нарэшце бедны лекар выбраўся з апошняга сэрца i, зусiм ашалеўшы, яшчэ доўга нiяк не мог сабрацца з думкамi. Ва ўсiм ён вiнавацiў сваю буйную фантазiю.
"Бог ведае што такое! - уздыхнуў ён. - Не, я пэўна сходжу з розуму. I якая дзiкая тут гарачыня! Кроў так i прылiвае да галавы. - Тут ён успомнiў аб сваiх учарашнiх прыгодах каля бальнiчнай агароджы. - Вось калi я захварэў! - падумаў ён. - Патрэбна своечасова ўзяцца за лячэнне. Кажуць, што ў такiх выпадках больш за ўсё карыснейшая руская лазня. Ах, калi б я ўжо ляжаў на палку".
I ён сапраўды апынуўся ў лазнi на самым верхнiм палку. Але ляжаў там зусiм апрануты, у ботах i галёшах, а са столi на твар яму капала гарачая вада.
- Ой! - закрычаў лекар i пабег хутчэй прыняць душ.
Лазеншчык таксама закрычаў: ён спалохаўся, убачыўшы ў лазнi апранутага чалавека.
Наш лекар, не разгубiўшыся, шапнуў яму:
- Не бойся, гэта я на спрэчку, - але, вярнуўшыся дахаты, першым чынам паставiў сабе адзiн вялiкi пластыр са шпанскiх мушак на шыю, а другi на спiну, каб выцягнуць дурноту з галавы.
Наранiцу ўся спiна ў яго набракла крывёю - вось i ўсё, чым яго аддзячылi галёшы шчасця.
V. Ператварэнне палiцэйскага пiсара
Наш знаёмы вартаўнiк мiж тым успомнiў пра галёшы, якiя знайшоў на вулiцы, а пасля пакiнуў у бальнiцы, i забраў iх адтуль.
Але нi лейтэнант, нi суседзi не прызнавалi гэтых галёшаў сваiмi, i вартаўнiк занёс iх у палiцыю.
- Ды яны як дзве кроплi вады падобныя на мае - сказаў адзiн з палiцэйскiх пiсараў, паставiўшы знаходку побач са сваiмi галёшамi i ўважлiва яе разглядаючы. - Тут i вопытнае вока шаўца не адрознiла б адну пару ад другой.
- Пан пiсар, - звярнуўся да яго палiцэйскi, якi зайшоў з нейкiмi паперамi.
Пiсар паразмаўляў з iм, а калi зноў зiрнуў на абедзве пары галёшаў, то ўжо i сам перастаў разумець, якая з iх яго пара - тая, што стаiць справа, цi тая, што злева.
"Мае, напэўна, вось гэтыя, мокрыя", - падумаў ён i памылiўся: гэта былi якраз галёшы шчасця. Што ж, палiцыя iншы раз таксама памыляецца.
Пiсар надзеў галёшы i, сунуўшы паперы ў кiшэню, а другiя - пад паху (яму трэба было сёе-тое перачытаць i перапiсаць дома), выйшаў на вулiцу. Дзень быў нядзельны, стаяла цудоўнае надвор'е, i палiцэйскi пiсар падумаў, што нядрэнна было б прагуляцца па Фрэдэрыксбергу.
Малады чалавек вызначаўся рэдкiм стараннем i ўседлiвасцю, так што пажадаем яму прыемнай прагулкi пасля многiх гадзiн працы ў душнай канцылярыi.
Спачатку ён iшоў, нi аб чым не думаючы, i галёшам таму ўсё не выпадала зручнага моманту праявiць сваю цудадзейную сiлу.
Але вось ён сустрэў у адной алеi свайго знаёмага, маладога паэта, i той сказаў, што заўтра выпраўляецца падарожнiчаць на ўсё лета.
- Эх, вось вы зноў едзеце, а мы застаемся, - сказаў пiсар. - Шчаслiвыя вы людзi, лятаеце сабе, дзе хочаце i куды хочаце, а ў нас ланцугi на нагах.
- Так, але iмi вы прыкаваны да хлебнага дрэва, - запярэчыў паэт. - Вам няма патрэбы клапацiцца аб заўтрашнiм днi, а калi вы састарыцеся, атрымаеце пенсiю.
- Так-то так, але вам усё-такi жывецца намнога раздольней, - сказаў пiсар. - Пiсаць вершы - што можа быць лепш! Публiка носiць вас на руках, i вы самi сабе гаспадары. Вось паспрабавалi б вы пасядзець у судзе, як мы сядзiм, ды павалтузiцца з гэтымi сумнейшымi справамi!
Паэт пахiтаў галавой, пiсар таксама пахiтаў галавой, i яны разышлiся ў розныя бакi, застаўшыся кожны пры сваiм меркаваннi.
"Дзiўны народ гэтыя паэты, - думаў малады чыноўнiк. - Хацелася б блiжэй пазнаёмiцца з такiмi натурамi, як ён, i самому стаць паэтам. Каб я быў на iх месцы, я ў сваiх вершах не стаў бы хныкаць. Ах, якi сёння дзiвосны вясеннi дзень, колькi ў iм прыгажосцi, свежасцi, паэзii! Якое незвычайна празрыстае паветра! Якiя мудрагелiстыя воблакi! А трава i лiсце так саладжава пахнуць! Даўно я ўжо так востра не адчуваў гэтага, як зараз".
Вы, канечне, заўважылi, што ён ужо стаў паэтам. Але знешне зусiм не змянiўся, - неразумна думаць, што паэт не такi ж чалавек, як усе iншыя. Сярод простых людзей часта сустракаюцца натуры больш паэтычныя, чым многiя праслаўленыя паэты. Толькi ў паэтаў намнога лепш развiта памяць, i ўсе iдэi, вобразы, уражаннi захоўваюцца ў ёй да таго часу, пакуль не знойдуць свайго паэтычнага ўвасаблення на паперы. Калi просты чалавек становiцца паэтычна адоранай натурай, адбываецца свайго роду ператварэнне, - i такое iменна ператварэнне адбылося з пiсарам.
"Якiя дзiўныя прыемныя пахi! - думаў ён. - Яны нагадваюць мне фiялкi ў цётачкi Лоны. Так, я тады быў яшчэ зусiм маленькi. Божа, як гэта я нi разу не ўспомнiў аб ёй раней! Добрая старая цётачка! Яна жыла якраз за Бiржай. Заўсёды, нават у самую лютую сцюжу, на вокнах у яе зелянелi ў слоiках якiя-небудзь галiнкi цi парасткi, фiялкi напаўнялi пакой водарам; а я прыкладваў нагрэтыя медзякi да заледзянелых шыб, каб можна было глядзець на вулiцу. Якi вiд адкрываўся з гэтых вокан! На канале стаялi ўмёрзлыя ў лёд караблi, велiзарныя чароды варон складалi ўвесь iх экiпаж. Аднак з надыходам вясны судны перайначвалiся. З песнямi i крыкамi "ўра" матросы сколвалi лёд; караблi смалiлi, аснашчалi ўсiм неабходным, i яны нарэшце адплывалi ў заморскiя краiны. Яны адплываюць, а я вось застаюся тут; i так будзе заўсёды; заўсёды я буду сядзець ў палiцэйскай канцылярыi i глядзець, як iншыя атрымлiваюць замежныя пашпарты. Але, такi мой лёс! - I ён глыбока-глыбока ўздыхнуў, затым раптам апамятаўся: - Што ж гэта са мной такое робiцца сёння? Раней мне нiчога падобнага i ў галаву не прыходзiла. Пэўна, гэта веснавое паветра так на мяне дзейнiчае. А сэрца сцiскаецца ад нейкага саладжавага хвалявання".