- Я там буду, - коратка сказаў Балачан таварышам на развiтанне, махнуўшы рукой у бок станцыi.

- Адрас стары, - не ўтрымаўся Тарасевiч, - далiна Шорахаў, цяснiна Летуценняў.

- Не забудзь запiсаць у Атлас, - пакiнуў за сабой апошняе слова Балачан. Але, дабраўшыся да месца, усё-такi ўспомнiў прыдумку Тарасевiча. Трапна сказана, можа прывiцца. Вось так, напэўна, i з'яўляюцца назвы ў геаграфii i астраномii, а мы потым доўга шукаем у iх нейкi асаблiвы сэнс. А яго часцей за ўсё няма, назва - дзiця хвiлiны, плод фантазii жартаўнiка.

У далiне ўсё было як учора. За выключэннем аднаго - спакою Балачана. Раз за разам абыходзiў ён цяснiны, прысаджваўся на той самы каменны выступ, на якiм надоечы ледзь не заснуў, нецярплiва ўскакваў i крочыў далей. Ён чагосьцi чакаў, спадзяваўся, што менавiта сёння адбудзецца з iм нешта незвычайнае.

Свiтанне засцiгла яго паблiзу гравiлёта. Спачатку над базай акрайчык чорнага неба набрыняў цяплом, пасвятлеў. Потым у прамежку памiж горнымi вяршынямi блiснуў серп Лаланда. Ён поўнiўся на вачах, i разам з гэтым дзень з гор апускаўся ў далiну.

Балачан зрушыў з месца гравiлёт, iмклiва ўзмыў у вышыню. Далiна з яе трыма цяснiнамi засталася далёка знiзу. Ён, нiбы развiтваючыся з ёю, у апошнi раз зiрнуў унiз, i раптам у яго трывожна скаланулася сэрца. Нешта да болю знаёмае ўбачылася яму ў гэтых абрысах. I тады прыйшло адчуванне нечага прыемнага, значнага, што неўзабаве адбудзецца з iм. На базу Балачан вярнуўся заспакоены, у добрым настроi.

Таварышы ўжо знаходзiлiся ў лабараторыi. Камай варажыў над дэшыфратарам электрамагнiтных сiгналаў. Тарасевiч сядзеў воддаль, трымаючы на твары мiну абыякавасцi. Балачан толькi пасмiхнуўся сам сабе: Тарасевiч быў у сваiм амплуа скептыка.

- Каго ловiш? - спытаў Балачан у Камая.

- Твой вопыт пераймае, бачыцца яму другi Палукс, - замест Камая адказаў Тарасевiч.

- Ты тады прачытаў чужую перадачу, - Камай ужо прывык да выбрыкаў Тарасевiча i не звярнуў на яго ўвагi, - а што, калi нашы шорахi таксама чыясьцi перадача? Хiба гэтага не можа быць?

- Думаеш? - няпэўна прамовiў Балачан, а самому раптам са здзiўляючай выразнасцю прыгадалася далiна i цяснiны. - Думаеш? - паўтарыў ён i пажартаваў: - Мы не ўсё ўмеем чытаць, - злавiўшы напружаны позiрк Тарасевiча, дадаў: - Напрыклад, думкi. Што думае зараз наш лекар?

Тарасевiч, якi выконваў у iх экспедыцыi абавязкi доктара, насмешлiва адпарыраваў:

- Ну, гэта яшчэ старажытныя ўмелi. Я думаю, што вы на маiх вачах вар'яцееце. Проста, праўда?

Балачан, аднак, падумаў, што зусiм не так проста. Яму зноў здалося, што Тарасевiч нешта мае на ўвазе, толькi не рашаецца выказаць услых. Вiдаць, яго думка можа здацца абсурднай, а ён нiчога так не баiцца, як паказацца смешным. Бяда з моладдзю. Колькi цiкавых iдэй, напэўна, вось так застаецца ў цянi з-за амбiцыi i ўмоўнасцей. I не падыдзеш да чалавека нават з цёплым словам, не прыме. Балачан уздыхнуў: мала яму шорахаў, дык яшчэ i Тарасевiч са сваiмi недамоўкамi.

Электраўсыпляльнiк дзейнiчаў хутка. Балачан паспеў улавiць толькi пачатак нейкай дзiўнай, як яму здалося, размовы таварышаў, як яго агарнуў глыбокi сон.

Балачан спаў роўна шэсць адмераных iм для адпачынку гадзiн. Аднак, прачнуўшыся, яшчэ доўга ляжаў i думаў. Па-першае, яму адразу ўспомнiлася апошняя пачутая iм фраза, сказаная Тарасевiчам: "У старога ёсць нюх, ён словамi не кiдаецца". I па-другое, сон. Звычайна, засынаючы з дапамогай усыпляльнiка, яны нiчога не снiлi. Сёння гэта парушылася. Сон прывiдзiўся выразны, быццам ява. Хаця наяве нiчога гэтага, вядома, не было. Гара, парэзаная цяснiнамi, не мела нiчога агульнага з гмахамi, якiя ён убачыў у сне. Падобна на тое, што ў яго разгульваюцца нервы. Бо калi ў сне бачыш тое, што хацеў бы ўбачыць у сапраўднасцi, трэба звяртацца да доктара. Балачан усмiхнуўся, падняўся з ложка, пачаў апранацца. Ён бы звярнуўся да Тарасевiча, каб не яго словы пра нюх. Напэўна, Тарасевiч з Камаем вельмi вераць у непагрэшнасць свайго камандора, а ў такiм выпадку аб'ектыўнасцi чакаць цяжка. Трэба пазбаўляцца трызненняў самому, знайшоўшы якую-небудзь цiкавую гiпотэзу, што захапiла б i яго, i таварышаў.

Аднак, калi Балачан выказаў гэту сваю думку, сказаўшы, што ў далiне больш рабiць няма чаго, хлопцы нечакана для яго заўпарцiлiся.

- Мiтусiшся, - зазначыў коратка i з'едлiва Тарасевiч.

- Давай давядзём да канца пачатае, - не згадзiўся i Камай, - хочаш, я паеду замест цябе.

- Вынiкаў жа няма, - паспрабаваў пераканаць Балачан.

- У нас наперадзе шмат часу, каб дазволiць сабе не спяшацца, - сказаў Камай.

Можна было выкарыстаць сваё становiшча кiраўнiка экспедыцыi i загадам змянiць напрамак работы. Але Балачан не хацеў прымяняць уладу - не было вартай альтэрнатывы таму, што яны рабiлi да гэтага часу.

Камай вярнуўся да дэшыфратара, Тарасевiч паехаў на назiральную станцыю, а Балачан пачаў рыхтавацца да чарговага блукання па далiне.

Ночы ў экватарыяльнай паласе Каменнага мячыка былi падобныя адна на адну. I Балачану хутка здалося, што ён нiбы i не вяртаўся на базу, а як прыйшоў сюды заўчора, так i заставаўся ўсе тры днi. Гэта было кепска. Нельга ж чакаць, што ты ўбачыш нешта там, дзе табе ўсё ўяўляецца аднастайным, знаёмым i нават абрыдлым. А ногi самi неслi яго да таго каменнага выступу, на якiм ён адпачываў надоечы.

Стомы не было, але Балачан усё роўна сеў. Яркая суседка Каменнага мячыка павiсла над галавой. Яна выглядала большай, чым з Зямлi здаецца Венера, i нават сляпiла вочы. Балачан зажмурыўся i тады зноў успомнiў той прыбалтыйскi гарадок. Думкi пацяклi павольна, лянiва, як у чалавека, якi пачынае засынаць. Балачану было неахвота працiвiцца гэтаму стану. Ён уяўляў жоўты пляж, на якi накатвалiся пенiстыя шэрыя хвалi, людзей, што выбягалi разам з хвалямi на бераг i з ходу кiдалiся на нагрэты гарачым сонцам пясок.

На момант Балачан нiбы збоку паглядзеў на гэту карцiну i тады ўбачыў сярод загарэлых цел сябе. Вось ён павярнуўся да суседа, загаварыў з iм. "Мой апошнi дзень", - паведамiў сусед. "Куды?" - спытаў ён. "Дадому, на Марс". На Марс дык на Марс. Больш яны нi пра што не гаварылi, Балачан гэта добра памятае. Але яму раптам уявiўся працяг той размовы, нiбы сусед расказваў пра Марс, а ён, Балачан, бачыў усё гэта, толькi не са слоў суседа, а так, як быццам усё было на Марсе з iм асабiста. Да дэталяў. I пры гэтым ён увесь час здзiўляўся, што нiбы сам сабе задае пытаннi: як пабудаваны планеталёт, як выглядае марсiянскi ландшафт. Ад гэтых успамiнаў масткi непрыкметна перакiнулiся на Каменны мячык. I як тады, горы пачалi набываць абрысы фантастычных пабудоў. Потым каменны выступ, на якiм ён зараз сядзеў, здаўся зусiм не выступам, а прыступкай высокага ганка перад зачыненымi дзвярыма...

I тут Балачан схамянуўся, паматаў галавой, адганяючы дакучлiвы прывiд. Зiрнуў на гадзiннiк. Дзве гадзiны i восем хвiлiн. Да свiтання яшчэ доўга. Ён устаў, адышоў некалькi крокаў, пастаяў, зноў зiрнуў на гадзiннiк. Час цягнуўся вельмi марудна. Прайшло ўсяго пяць хвiлIн. I раптам яго як павяло сесцi на выступ зноў.

Спадарожнiца Каменнага мячыка апусцiлася за горы, у цяснiне стала зусiм цёмна, i Балачан вобмацкам знайшоў свой выступ. Гэта было дарэчы, бо галава зрабiлася цяжкай, як пасля напружанай, працяглай працы. Ён паспрабаваў расслабiцца. Галаве палягчэла, але затое вярнулiся ранейшыя фантастычныя прывiды. Незнаёмае, незямное паселiшча дзiўнай архiтэктуры. Будынкi, падобныя на скалы, навiслыя над шырокай ракой, пакрытай лёгкiм рабацiннем. Над iмi ззяе блакiтнае неба. А потым пачалося нешта незразумелае. Вада ў рацэ заклубiлася парай, неба пацямнела, i на iм выступiлi зоркi, якiх не магло загасiць нават дзённае свяцiла. Лаланд? Балачан падумаў, што вельмi падобна, i тады заўважыў новае падабенства: высахлая рака нагадвала ўжо знаёмую яму далiну.

"Зноў тое ж самае!" - мiльгнула ў галаве. Балачан аж раззлаваўся, хацеў устаць i пайсцi i... застаўся. Бо раптам падумалася, што варта было б паглядзець, чым усё гэта скончыцца. I сапраўды, у далiне тым часам пачалi разгортвацца новыя падзеi. У адной са скал-пабудоў з'явiлася шчылiна, i ў ёй паказалася нешта круглае, як чалавечая галава ў гермашлеме. Балачан мiжволi напружыўся, быццам мог разглядзець, хто гэта там выторкваецца са скалы. Дзiўна, але ён убачыў вочы. Як чалавечыя. Яны глядзелi праз абалонку гермашлема з непрытоеным сумам. Балачан аж сцепануўся пад гэтым позiркам. Гермашлем павярнуўся сюды-туды i схаваўся ў шчылiне, а следам знiкла i сама шчылiна. Балачан адчуў, што яго пакiдаюць сiлы. Але перш чым ён страцiў прытомнасць, яму яшчэ ўявiўся незнаёмы касмадром, iмклiвы ўзлёт ракеты i маленькая зорачка ў невядомым сузор'i.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: