Балачан моўчкi кiўнуў галавой. Не мог ён сказаць клапатлiваму таварышу, што яго парада пустая. Бо якая рознiца - сядзець на станцыi цi ў кабiне гравiлёта? А яму было важна на свае вочы паглядзець начную далiну, пакратаць каменнi пальцамi, адчуць ледзь улоўны посвiст ветру ў вузкiх цяснiнах. I шорахi. Каб можна было пачуць iх уласным вухам, без пасрэднiкаў - прыбораў. Менавiта пачуць, а не разглядаць iх перакладзенымi на мову лiчбаў i графiкаў, быццам прэпарыраванымi. Але пра гэта ён можа толькi марыць. Астаткавая атмасфера Каменнага мячыка не толькi моцна разрэджана, а i адрознiваецца ад зямной. Так што, мажлiва, дарэмна ён ломiцца ў адчыненыя дзверы - нават выйшаўшы з кабiны, ён, пазбаўлены тых самых прыбораў, якiя саступаюць чалавечаму мозгу, убачыць i зразумее яшчэ менш.

Гэта быў не надта аптымiстычны вывад, i ўся iстота Балачана пратэставала супраць яго. Пагадзiцца з iм - значыць прызнаць, што ёсць мяжа, за якую чалавеку не пераступiць.

Апоўначы Камай паведамiў, што прыборы зноў адзначылi з'яўленне шорахаў. Балачан адразу ж выехаў з базы. Апынуўшыся над далiнай, ён бясшумна апусцiў гравiлёт, прытулiў яго пад скалой. Потым схамянуўся, засмяяўся. Усё-такi дзейнiчае iнстынкт самааховы: хiба нельга было пакiнуць гравiлёт пасярод далiны? Павесялелы Балачан лёгка пераскочыў цераз борт.

Начная далiна аказалася таксама прыгожай. Скупое адлюстраванае святло, якое пасылала на Каменны мячык суседняя планета, не пакiдала паўценяў, i гэта стварала iлюзiю прывычнасцi, натуральнасцi. Быццам знаходзiўся Балачан у Гiмалаях, а з неба свяцiў самы звычайны Месяц. Далёкiя скальныя нагрувашчваннi ўяўлялiся хвойнымi купiнамi, асобныя магутныя валуны гмахамi, з акон якiх зусiм нядаўна лiлiся яркiя электрычныя струменi. Iмкненне на чужой планеце заўсёды шукаць зямнога падабенства, уласцiвае, наколькi ведаў Балачан, усiм касманаўтам, здзiўляла яго. Аднак i яго самога, аказваецца, яно не абмiнула. Няўжо ён, не заўважаючы, сумуе па Зямлi? А можа, гэта проста ўнутраная перакананасць, што няма ў Сусвеце нiчога лепшага, дасканалейшага, чым усё зямное? I цi не перашкаджае гэта людзям на чужых планетах, дзе шмат што не ўкладваецца ў гатовыя меркi? Напэўна, Тарасевiч, падслухаўшы яго думкi, не стрымаў бы яхiднай рэплiкi: "Мудрэц". Бадай, гэта было б справядлiва. Зараз не час для самакапання...

У цяснiне, куды Балачан збочыў, было цёмна. Ён запалiў лiхтар, скiраваўшы прамень пад ногi, прыслухаўся. Дзьмуў вецер, напэўна, па тутэйшых вымярэннях шалёны - яго ледзь прыкметнае супрацiўленне Балачан адчуў з вялiкай прыемнасцю. Узнiк у шлемафоне i посвiст, амаль нячутны, але ўсё роўна жаданы, быццам даносiўся з комiна якой-небудзь паляўнiчай хаткi, якiя пакiнуты на Зямлi для аматараў прыроды. Зноў яго мозг шукаў i знаходзiў прывычныя аналогii, i гэта пачало злаваць Балачана.

Ён прайшоў цяснiну аж да наступнай далiны, потым завярнуў у суседнюю, у апошнюю, трэцюю. Недзе побач з iм у гэты час нараджалiся i жылi шорахi, Камай пра iх адразу паведамляў. А яму здавалася, што ў цемры цяснiны нiчога пабочнага не iснуе. Напэўна, ён падумаў гэта ўголас, бо Камай спытаў:

- Ты нешта сказаў?

- Як там у цябе?

- Звычайна, - няўпэўнена адказаў Камай.

- А дакладней? - Балачан заўважыў яго ваганнi.

- Пры тваiм наблiжэннi шорахi быццам прападаюць i потым узнiкаюць ужо за тваёй спiнай. Але я не ўпэўнены...

Не паспеў Балачан абдумаць гэту акалiчнасць, як у шлемафоне прагучала:

- Гэй, вы, вартаўнiкi зданяў! Пiльнуеце?

Тарасевiч не спаў. I Балачан адразу дараваў яму i скептыцызм, i насмешлiвасць.

- Слухай, - тым часам гудзеў Тарасевiч, звяртаючыся да Камая, - прыкрый свае лакатары, дай чалавеку пацешыцца натуральнай прыродай.

Балачан уявiў сабе, як усю прастору цяснiн пранiзваюць зараз, нiбы павуцiнне, нябачныя выпраменьваннi панастаўленых на навакольных вяршынях прыбораў, i падумаў, што ў парадзе ёсць сэнс. Спадзявацца на чалавечыя здольнасцi, дык да канца. Хаця наўрад цi што гэта магло даць.

- Выключай, - на ўсякi выпадак падтрымаў ён Тарасевiча, - не трэба мяне страхаваць.

- Ёсць, - коратка падпарадкаваўся Камай. А Балачан нiбы адчуў наяве, як раптам апалi нябачныя промнi-павуцiнкi. Аж у галаве зазвiнела ад уяўнай пустаты.

- Не баўся, аднак, - напаследак параiў Камай, - хутка свiтанне.

Балачан зiрнуў на гадзiннiк. Сапраўды, ужо мiнула нямала часу, хутка пара вяртацца, а ён усё яшчэ не прыдумаў, як яму дзейнiчаць, што шукаць у гэтых цяснiнах. Усё навокал было ходжана-пераходжана. Але i стаяць на месцы не выпадала, i ён патушыў лiхтарык. Пайшоў у другi канец далiны, рашыўшы, што больш не будзе заходзiць у цяснiны. Ён абмiнуў адну, другую, а перад трэцяй спынiўся, дзiвячыся, чаго раптам яму так карцiць збочыць у гэту трэцюю цяснiну. I неспадзявана для сябе ўсё-такi павярнуў.

Планета-суседка перамясцiлася на небасхiле i цяпер вiсела ўжо над галавой. У цяснiне крыху пасвятлела, яе сцены халодна паблiсквалi, як пакрытыя серабрыстым iнеем.

Дала аб сабе знаць стома. Балачан адшукаў невялiкi каменны выступ i прысеў. Навокал лютаваў мароз, а яму было цёпла, утульна. Быццам знаходзiўся ён не ў гарах, а ў салоне зоркалёта. Таго самага, на якiм ляцеў сюды. Навейшага галактычнага лайнера. Гэта цуд сучаснай тэхнiкi. Нават забываеш, што ты ў прасторы. Часам здаецца, што невялiкi зямны гарадок накрылi каўпаком, падрэзалi знiзу i зрушылi з месца. Менавiта такiмi ўяўляюцца калiдоры-вулiцы зоркалёта, пышны сквер на цэнтральнай плошчы, што побач з камандзiрскай рубкай, басейн-возера з праточнай вадой. I тут Балачан злавiў сябе, што бачыць перад сабой зусiм не зоркалёт, хоць намаляваная ў думках карцiна вельмi падобная на сапраўдную, а цiхi пасёлак на балтыйскiм узбярэжжы, дзе ён правёў цэлы месяц перад стартам з Зямлi. Вiдаць, успамiн быў такi прыемны, што Балачан ледзь не пачаў мроiць. Той такi знаёмы гарадок раптам змянiў свой выгляд, набыў нейкiя фантастычныя рысы. Нiбы ў адно злiлiся вулiцы i дамы, выцягнулiся ўгору, i былi яны не пабудаваныя як звычайна, а высечаныя ў каменнай гары, навiслай над шырокiм зеленаватым залiвам. А крыху воддаль у залiў упадала паўнаводная рака. Малюнак быў такi яркi, што аж засвяцiўся ў вачах. Балачан нават падумаў, што ён нешта падобнае ўжо недзе бачыў, iнакш адкуль такая выразнасць, i тады закiваў галавой, заморгаў вейкамi, як адганяючы насланнё. I зноў убачыў вузкую цяснiну i калматы блiскучы круг планеты-суседкi над галавой. Усё стала на сваё месца.

- Трэба ж! - засмяяўся Балачан.

Таварышы, якiя моўчкi сачылi за эфiрам, адразу адгукнулiся.

- Што ты? - спытаў Тарасевiч.

- Задрамаў, цi што, - весела адказаў Балачан, - прыхiлiўся i... Можа, нават храпака даў, га, не чулi?

Пасмяялiся, i ўсё. А калi назаўтра Балачан зноў сабраўся ў далiну, Тарасевiч пажартаваў:

- На каменным сеннiчку мякчэй спiцца.

- Вазьмi падушку, - дадаў Камай.

Балачан толькi пасмiхаўся. Кпiны таварышаў мелi падставу - яму давядзецца не спаць яшчэ адну ноч. Трэнiроўка - трэнiроўкай, а галава будзе не вельмi ясная. Разам з тым ён не мог паслаць каго iншага. Ён пачаў ужо ўжывацца ў асяроддзе, i яму будзе лягчэй заўважыць любую перамену, калi яна здарыцца. Адно толькi - не было ў яго пэўнай думкi: весцi адначасова назiраннi са станцыi цi не. Хаця Тарасевiч так i не растлумачыў, чаму ён параiў Камаю выключыць прыборы, Балачан чамусьцi быў упэўнены, што ў парадзе ёсць пэўны сэнс. Таму сказаў Тарасевiчу:

- Пабудзь сёння на базе.

- Мiстыка! - абурыўся Камай.

- Дзе зданi, там заўсёды д'ябальшчына, - захоўваючы сур'ёзны выгляд, уставiў Тарасевiч i горача, можа, трохi гарачэй, чым вымагаў момант, паабяцаў: - Адасплюся...

Ён больш нiчога не дадаў. Балачану вельмi хацелася спытаць, што ён зараз думае. Але не адважыўся. Гэты хлопец перш сам упэўнiцца, а тады ўжо скажа. Iнакш слова з яго не выцягнеш, усё на жарт пусцiць. А то i што-небудзь з'едлiвае ўлепiць. Вось i прыходзiцца чакаць, пакуль яго думка сама выспее.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: