Нi на секунду не забываючыся, што столi тут няма, яна хутка скончыла свае справы. Хлопчык заставаўся ў пасцелi, уважлiва сачыў за ёй, калi яна трапляла яму на вочы. I кожны раз яна ўсмiхалася i махала яму рукой. Урэшце ён таксама памахаў ёй у адказ, i гэты жэст здаўся ёй проста чароўным.

— Ты хочаш малочнай аўсянкi? — спыталася яна, скончыўшы свае справы.

Згатаваць кашу было справаю некалькiх секунд, i калi ежа была на стале, яна паклiкала яго рукой.

Невядома, цi ён зразумеў значэнне яе жэста, цi яго завабiў пах ежы, але хлопчык адразу ж вылез з пасцелi.

Яна спрабавала паказаць яму, як карыстацца лыжкаю, але ён са страхам адхiснуўся. («Нiчога, наперадзе ў нас яшчэ шмат часу», — падумала яна.) Аднак яна ўсё-такi дамаглася таго, што ён рукамi паднёс мiску да рота. Ён паслухаўся, але рабiў усё так няўмела, што страшэнна выпэцкаўся, хоць трохi i з'еў.

Гэтым разам яна дала яму малако ў шклянцы, i хлапчук, заўважыўшы, што пасудзiна занадта малая, каб прасунуць у яе твар, жаласна захныкаў. Яна ўзяла яго за руку i, прыцiснуўшы яго пальцы да шклянкi, прымусiла яго падняць шклянку да рота.

Зноў усё было аблiта i запэцкана, але, як i першы раз, малако ўсё-такi трапiла яму ў рот. А што да бязладдзя, дык яна прывыкла i не да такога.

На яе здзiўленне, асвоiць туалет аказалася задачай больш простай, што вельмi яе задаволiла. На гэты раз ён даволi хутка зразумеў, чаго яна хоча ад яго. Яна злавiла сябе на тым, што гладзiць яго па галаве i прымаўляе:

— Вось гэта слаўны хлопчык, разумны хлопчык!

I дзiця ўсмiхалася, прыносячы ёй нечаканае задавальненне. «Калi ўсмiхаецца, ён, сапраўды, зусiм нiштаваты», — падумала яна.

У той жа дзень папрыязджалi прадстаўнiкi прэсы. Пакуль яны прыладжвалi сваю апаратуру, яна ўзяла хлопчыка на рукi, i ён моцна прытулiўся да яе. Сумятня напужала яго, i ён моцна заплакаў, але нягледзячы на гэта, прайшло не менш за дзесяць хвiлiн, пакуль ёй дазволiлi вынесцi дзiця ў суседнi пакой.

Яна хутка вярнулася, пачырванеўшы ад абурэння, i першы раз за васемнаццаць гадзiн выйшла з домiка, шчыльна зачынiўшы за сабою дзверы.

— Я думаю, што на сёння вам хопiць. Цяпер мне богведама колькi спатрэбiцца часу, каб яго супакоiць. Iдзiце.

— Добра, добра, — сказаў джэнтльмен з «Таймс-Геральд». — А гэта сапраўды неандэрталец цi тут якое-небудзь жульнiцтва?

— Запэўнiваю вас, што гэта не мiстыфiкацыя, — пачуўся аднекуль ззаду голас Хоскiнса. — Дзiця — сапраўды Homo neanderthalis.

— Гэта хлопчык цi дзяўчынка?

— Гэта хлопчык-малпа, — умяшаўся джэнтльмен з «Ньюс». — Нам паказваюць не што iншае, як хлопчыка-малпу. Як ён сябе паводзiць, сястра?

— Ён паводзiць сябе гэтаксама, як i любы iншы маленькi хлопчык, — адрэзала мiс Фэлоўз. Злосць прымусiла яе стаць на абарону дзiцяцi. - I зусiм ён не хлопчык-малпа. Яго завуць… Цiмацi, Цiмi, i ён абсалютна нармальны ў сваiх дзеяннях.

Iмя Цiмацi было выбрана ёю зусiм выпадкова — яно проста першае прыйшло ёй у галаву…

— Цiмi — хлопчык-малпа, — рэкнуў джэнтльмен з «Ньюс», i менавiта з гэтай мянушкай дзiця стала потым вядомае ўсяму свету.

— Скажыце, док, што вы думаеце рабiць з гэтаю малпаю? — спытаўся ў Хоскiнса джэнтльмен з «Глоба».

Хоскiнс пацiснуў плячыма.

— Бачыце, мая першапачатковая задача была ў тым, каб даказаць мажлiвасць пераносу яго ў наш час. Аднак я лiчу, што ён зацiкавiць антраполагаў i фiзiёлагаў. Перад намi ж iстота, якая па сваiм развiццi стаiць памiж жывёлаю i чалавекам. Нам даецца мажлiвасць даведацца пра многае i ў нас самiх i ў нашых продках.

— Як доўга намераны вы трымаць яго тут?

— Колькi нам спатрэбiцца на яго вывучэнне плюс яшчэ нейкi перыяд пасля заканчэння даследавання. Не выключана, што на гэта спатрэбiцца шмат часу.

— Вы не маглi б вывесцi яго з дому? Тады б нам удалося паставiць тэлевiзiйную апаратуру i зляпаць сапраўднае вiдовiшча.

— Вельмi шкадую, але дзiця не можа пакiнуць межаў Стасiса.

— А што такое Стасiс?

— Баюся, джэнтльмены, што тлумачэнне зойме занадта шмат часу. — Хоскiнс дазволiў сабе ўсмiхнуцца. — А коратка сутнасць справы ў тым, што час, якiм уяўляем яго сабе мы, у Стасiсе не iснуе. Гэтыя пакоi нiбы накрытыя нябачнай абалонкай i не з'яўляюцца ў поўным сэнсе часткаю нашага свету. Менавiта дзякуючы гэтаму i ўдалося, так сказаць, выцягнуць дзiця з плынi часу.

— Пачакайце, — перабiў джэнтльмен з «Ньюс», якога вiдочна не задаволiла тлумачэнне Хоскiнса, — што гэта вы тут балбочаце? Сястра ж свабодна ўваходзiць i выходзiць з памяшкання.

— Гэта можа зрабiць кожны з вас, — паблажлiва адказаў Хоскiнс. — Вы будзеце рухацца паралельна часавым сiлавым лiнiям, i гэта не выклiча якой-небудзь значнай страты альбо прытоку энергii. Дзiця ж дастаўлена сюды з далёкага мiнулага. Яго рух адбываўся ўпоперак сiлавых лiнiй, i яно набыло часавы патэнцыял. Каб перамясцiць яго ў наш свет, у наш час, спатрэбiцца выдаткаваць усю энергiю, якую назапасiла наша акцыянерная кампанiя, а таксама, мажлiва, i ўсе запасы энергii горада Вашынгтона. Мы павiнны былi захаваць дастаўленае сюды разам з хлопчыкам смецце, i нам давядзецца паступова, па крупiнках выдаляць яго адсюль.

Пакуль Хоскiнс даваў тлумачэннi, карэспандэнты штосьцi дзелавiта страчылi ў сваiх блакнотах. З усяго сказанага яны нiчагусенькi не зразумелi i былi перакананыя, што тое ж самае будзе i з iх чытачамi: аднак усё гучала вельмi навукова, а менавiта гэта i было патрэбна.

— Вы зможаце сёння вечарам даць iнтэрв'ю? — спытаўся прадстаўнiк «Таймс-Геральд». — Яно будзе перадавацца па ўсiх каналах.

— Думаю, што змагу, — хутка адказаў Хоскiнс, i карэспандэнты пайшлi.

Мiс Фэлоўз моўчкi глядзела iм услед. Усё, што было сказана пра Стасiс i пра часавыя сiлавыя лiнii, яна зразумела не лепш, чым карэспандэнты. Але адно яна засвоiла цвёрда: Цiмi (яна злавiла сябе на тым, што ўжо думае пра хлопчыка, як пра Цiмi) быў сапраўды асуджаны на вечнае зняволенне ў сценах Стасiса, прычым гэта не было простым капрызам Хоскiнса. Вiдаць, i сапраўды немажлiва было выпускаць яго адсюль. Нiколi.

Беднае дзiця. Беднае дзiця.

Раптам да яе дайшло, што яно ўсё яшчэ плача, i яна паспяшалася назад, каб супакоiць яго.

* * *

Мiс Фэлоўз не ўдалося пабачыць выступленне Хоскiнса. Хоць ягонае iнтэрв'ю перадавалася не толькi ў сама аддаленых куточках Зямлi, а нават на станцыi на Месяцы, яно не пранiкла ў маленькую кватэрку, дзе жылi цяпер яна i выродлiвы хлапчук.

На ранiцу Хоскiнс спусцiўся да iх, ззяючы ад трыумфу.

— Iнтэрв'ю прайшло ўдала? — спыталася мiс Фэлоўз.

— Выключна ўдала. А як маецца… Цiмi?

Пачуўшы, што ён назваў хлопчыка па iмю, мiс Фэлоўз была прыемна здзiўлена.

— Усё ў парадку. Iдзi сюды, Цiмi, гэта добры чалавек, ён цябе не пакрыўдзiць.

Але Цiмi не захацеў выйсцi з другога пакоя, i з-за дзвярэй быў вiдаць толькi касмыль яго злямцаваных валасоў ды час ад часу нясмела паказвалася адно блiскучае вока.

— Хлопчык надзiва хутка прывыкае да новых абставiн, што нi кажы, ён даволi кемлiвы.

— Вас гэта здзiўляе?

— Так. Баюся, што i я спачатку палiчыла яго за дзiця малпы, — секунду павагаўшыся, адказала яна.

— Кiм бы ён там нi быў, а пакуль што ён вельмi шмат зрабiў для нас. Ён жа прынёс славу «Стасiс Iнкарпарэйтэд». Мы цяпер на канi, так, мы на канi.

Вiдаць, яму не цярпелася падзялiцца з кiм-небудзь сваiм трыумфам, хай сабе нават з ёй, з мiс Фэлоўз.

— Як жа вам удалося гэта зрабiць? — спыталася яна, даючы тым самым Хоскiнсу магчымасць выказацца.

Засунуўшы рукi ў кiшэнi, Хоскiнс працягваў:

— Дзесяць гадоў мы працавалi, маючы вельмi абмежаваныя сродкi, дабываючы дзе толькi можна лiтаральна кожны пенс. Мы былi проста абавязаны стварыць адразу нешта эфектнае, хай сабе дзеля гэтага давялося ўсё паставiць на карту. Запэўнiваю вас, гэта была катаржная праца. Спроба выклiкаць з глыбiнь вякоў гэтага неандэртальца каштавала нам усiх грошай, якiя ўдалося назбiраць, дзе пазычаючы, а дзе i крадучы, так, так, крадучы. На здзяйсненне гэтага эксперыменту пайшлi сродкi, асiгнаваныя на iншыя мэты. Iх мы скарысталi без дазволу. Калi б вопыт не ўдаўся, са мною было б скончана.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: