— Не, — з намаганнем адказаў Хоскiнс, — такое здарылася ўпершыню. Мне, праўда, часцяком даводзiцца спрачацца з ахвотнiкамi вынесцi са Стасiса той цi iншы экспанат, але да сённяшняга дня нiхто яшчэ не спрабаваў зрабiць гэтага.
— Мне помнiцца, як вы аднойчы казалi, што з гэтым звязаны вялiкi расход энергii.
— Слушна. Мы, вядома, пастаралiся ўлiчыць такую мажлiвасць, бо такiя выпадкi яшчэ будуць паўтарацца, i ў нас цяпер маецца спецыяльны запас энергii, разлiчаны на пакрыццё ўцечкi пры непрадугледжаным вынасе са Стасiса якога-небудзь прадмета. Але гэта зусiм не азначае, што нам прыемна за паўсекунды страцiць гадавы запас энергii. Шкода ад страты такой колькасцi энергii прымусiла б нас на доўгiя гады адкласцi далейшае ажыццяўленне планаў пранiкнення ў глыбiнi часу… Апрача таго, вы можаце сабе ўявiць, што здарылася б, калi б прафесар быў у камеры ў той момант, калi збiраўся прарваць Стасiс?
— А што б з iм адбылося?
— Бачыце, мы эксперыментавалi на жывых прадметах i на мышах — яны бясследна знiкаюць. Мы лiчым, што яны вяртаюцца назад, у глыбiнi часу, iх як бы захоплiваюць тыя аб'екты, якiя iмгненна пераносяцца ў той час, з якога iх мы вынялi. Таму нам даводзiцца як бы на якар ставiць тыя прадметы, знiкненне якiх са Стасiса нам непажадана. Што да прафесара, дык ён адправiўся б проста ў плiяцэн разам з кавалкам каменя i апынуўся б там у тым самым часе, з якога мы гэты камень дасталi, плюс тыя два тыднi, што ён быў у нас.
— Як бы гэта было жахлiва!
— Запэўнiваю вас, што лёс самога прафесара мяне мала трывожыць: калi ён здурнеў на такi ўчынак, дык туды яму i дарога, гэта паслужыла б яму добрым урокам. Але вы толькi ўявiць сабе, якое ўражанне зрабiла б гэта на публiку, калi б факт яго знiкнення стаў шырока вядомы. Дастаткова людзям толькi даведацца, што нашыя доследы настолькi небяспечныя, як нас адразу ж пазбавяць сродкаў.
Хоскiнс эфектна пстрыкнуў пальцамi i пачаў панура калупаць вiдэльцам ежу.
— А вы не маглi б вярнуць яго назад? — спыталася мiс Фэлоўз. — Такiм самым спосабам, якiм вы спачатку атрымалi гэты камень.
— Не, таму што, як толькi прадмет адпраўляецца назад, ён ужо больш не фiксуецца, калi толькi далейшая сувязь з iм не прадугледжваецца загадзя, а ў дадзеным выпадку ў нас не было на гэта нiякiх падстаў. Ды i ўвогуле мы нiколi гэтага не рабiлi. Каб знайсцi прафесара, трэба было б узнавiць першапачатковы кiрунак пошукаў, а гэта ўсё роўна што закiнуць вудачку ў акiян, каб злавiць адну пэўную рыбiну. О Божа, калi я думаю пра ўсе меры перасцярогi, якiя мы прымаем, каб уберагчыся ад няшчасных выпадкаў, я вар'яцею. Кожная асобная камера Стасiса мае сваё прыстасаванне для прарыву — без гэтага нельга, бо ўсе яны фiксуюць розныя прадметы i павiнны спыняць свае функцыi незалежна. Апрача таго, нi адзiн такi прыбор не ўводзiцца ў дзеянне да апошняй хвiлiны, прычым мы старанна распрацавалi адзiна мажлiвы спосаб прарыву патэнцыяльнага поля Стасiса — дзеля гэтага трэба таргануць шнур, асцярожна выведзены за дзверы камеры. А каб гэты прыбор спрацаваў, трэба прыкласцi значную фiзiчную сiлу, так што тут недастаткова выпадковага руху.
— Скажыце, а… цi не ўплывае на ход гiсторыi такое перамяшчэнне аб'ектаў з мiнулага ў сёння i наадварот? — спыталася мiс Фэлоўз.
Хоскiнс пацiснуў плячыма.
— Калi падыходзiць да гэтага з тэорыi, то на ваша пытанне можна адказаць станоўча, але ў сапраўднасцi, калi выключыць надзвычайныя выпадкi, гэта не мае для развiцця гiсторыi нiякага значэння. Мы ўвесь час нешта выводзiм са Стасiса — малекулы паветра, бактэрыi, пыл. Каля дзесяцi адсоткаў энергii трацiцца на кампенсацыю звязанай з гэтым уцечкi. Але нават перамяшчэнне ў часе адносна вялiкiх прадметаў выклiкае змены, якiя сыходзяць на нiшто. Вазьмiце хоць бы гэты халкапiрыт з плiяцэна. За яго двухтыднёвую адсутнасць якое-небудзь насякомае магло застацца без прытулку i загiнуць, што, у сваю чаргу, магло пацягкуць за сабой цэлую серыю перамен. Нашы матэматычныя разлiкi паказваюць на тое, што гэта самазатухальныя змены, якiя з часам робяцца ўсё менш значнымi, i паступова ўсё зноў прыходзiць да нормы.
— Вы хочаце сказаць, што прырода сама запаўняе страты?
— Да пэўнай ступенi. Калi вы перанесяце чалавека з другой эпохi ў наш час цi, наадварот, адправiце яго назад у мiнулае, то ў апошнiм выпадку шкода будзе больш iстотная. Калi вы зробiце гэта са звычайным, простым чалавекам, дык рана ўсё-такi можа загаiцца сама. Мы штодзень атрымлiваем мноства лiстоў з просьбаю перанесцi ў наш час Аўраама Лiнкальна, цi Магамета, цi Ленiна. Гэта, вядома, здзейснiць немажлiва. Нават калi б нам удалося iх выявiць, то ў гэтым выпадку перамяшчэнне ў часе аднаго з тварцоў гiсторыi чалавецтва нанесла б такую каласальную шкоду рэчаiснасцi, якую немагчыма было б нiчым кампенсаваць. Iснуюць метады, якiя дапамагаюць нам рабiць адпаведныя разлiкi, якiя, у сваю чаргу, вызначаюць, цi не занадта вялiкiя будуць змены ў развiццi пры перамяшчэннi таго цi iншага аб'екта ў часе, i мы робiм усё, каб нават не наблiзiцца да гэтае мяжы.
— Значыць, Цiмi… — пачала была мiс Фэлоўз.
— Не, у гэтых адносiнах з iм усё добра. Наша рэчаiснасць у поўнай бяспецы. Але… — ён кiнуў пранiзлiвы позiрк на яе. — Не, нiчога. Учора вы сказалi мне, што яму трэба мець зносiны з дзецьмi.
— Так, — мiс Фэлоўз радасна ўсмiхнулася. — Я не думала, што вы звярнулi ўвагу на маю просьбу.
— Ну чаму ж? У мяне да дзiцяцi сама цёплыя пачуццi, i я цаню вашы да яго адносiны. Усё гэта мяне цiкавiць, i я зусiм не збiраўся замоўчыць гэтае пытанне, не растлумачыўшы вам, як iдуць справы. Цяпер я выканаў гэтую задачу, вы бачылi, чым мы займаемся, вам вядомыя цяпер да пэўнай ступенi тыя цяжкасцi, якiя нам даводзiцца пераадольваць, i вы павiнны зразумець, чаму пры ўсiм жаданнi мы не можам забяспечыць Цiмi кампанiяй яго равеснiкаў.
— Не можаце? — разгубiўшыся, усклiкнула мiс Фэлоўз.
— Дык я ж толькi што вам усё растлумачыў. У нас не было нiякай надзеi знайсцi другога неандэртальца яго ўзросту, на такую неверагодную ўдачу нават разлiчваць няма чаго. А калi б нам i пашанцавала, дык зусiм неразумна было б памнажаць рызыку, трымаючы ў Стасiсе яшчэ адну чалавечую iстоту.
— Але ж вы мяне не так зразумелi, доктар Хоскiнс, — адклаўшы ўбок лыжку, рашуча сказала мiс Фэлоўз. — Я зусiм не хачу, каб вы перанеслi ў наш час яшчэ аднаго неандэртальца. Я ведаю, што гэта немагчыма. Але ж можна прывесцi ў Стасiс другое дзiця, каб яно гуляла з Цiмi.
— Дзiця чалавека? — Хоскiнс быў агаломшаны.
— Другое дзiця, — адрэзала мiс Фэлоўз, адчуваючы, як iмгненна ўся яе прыхiльнасць да доктара Хоскiнса змянiлася варожасцю. — Цiмi — чалавек!
— Мне гэта нават у галаву не прыходзiла.
— Чаму? Чаму вы не падумалi менавiта пра гэта? Што ў гэтым кепскага? Вы вырвалi дзiця з яго эпохi, асудзiлi яго на вечнае зняволенне, дык няўжо вы не адчуваеце сябе ў даўгу перад iм? Доктар Хоскiнс, калi ёсць у гэтым свеце чалавек, якi па ўсiх паказчыках, акрамя бiялагiчнага, можа лiчыцца бацькам гэтаму дзiцяцi, дык гэта вы. Чаму ж вы не хочаце зрабiць яму такую драбнiцу?
— Я — яго бацька? — спытаўся Хоскiнс, неяк няўклюдна падымаючыся з-за стала. — Калi вы не пярэчыце, мiс Фэлоўз, я правяду вас назад у Стасiс.
Яны моўчкi вярнулiся ў лялечны домiк. Нiхто з iх не сказаў больш нi слова.
Калi не лiчыць выпадковых, мiмаходзь кiнутых позiркаў, прайшло шмат часу, пакуль ёй зноў удалося сустрэцца з Хоскiнсам.
Iншы раз гэта яе засмучала, але калi Цiмi бываў асаблiва маркотны цi моўчкi па некалькi гадзiн стаяў каля акна, за якiм амаль нiчога не было вiдаць, яна з абурэннем думала: «Якi ж ён дурны, гэты чалавек!»
Цiмi гаварыў з кожным днём усё больш свабодна i правiльна. Праўда, ён так i не змог цалкам пазбавiцца ад уласцiвай яму з самага пачатку некаторай невыразнасцi ў вымаўленнi, у якой яна знаходзiла нават своеасаблiвую прывабнасць. У хвiлiны хвалявання ён iншы раз па-ранейшаму прыцмокваў, але i гэта здаралася ўсё радзей. Мабыць, ён паступова забываўся пра тыя далёкiя днi, што папярэднiчалi яго з'яўленню ў нашым часе.