Па меры таго як Цiмi падрастаў, цiкавасць да яго фiзiёлагаў iшла на спад, затое цяпер iм пачалi больш займацца псiхолагi. Мiс Фэлоўз не ведала, хто з iх выклiкае ў яе найбольшую непрыязнасць. Са шпрыцамi было скончана — уколы i выкачванне з арганiзма вадкасцi спынiлiся, яго перасталi кармiць паводле спецыяльнай дыеты. Але затое цяпер Цiмi, каб атрымаць ежу i ваду, даводзiлася пераадольваць перашкоды. Ён павiнен быў падымаць маснiцы, адсоўваць знарок пастаўленыя рашоткi, торгаць за шнуры. Удары слабага электрычнага току даводзiлi яго да iстэрыкi, i гэта прыводзiла яе ў адчай.

Яна не хацела больш звяртацца да Хоскiнса — кожны раз, калi яна думала пра яго, перад ёй усплываў яго твар, якi ён быў у тую ранiцу на снеданнi. Вочы ў яе заплывалi слязьмi, i яна зноў не магла ўтрымацца, каб не падумаць: «Дурны, дурны чалавек!»

I вось аднойчы каля лялечнага домiка зусiм нечакана пачуўся яго голас — ён клiкаў яе.

Папраўляючы на хаду халат, яна няспешна выйшла з дома i, раптам збянтэжыўшыся, спынiлася, убачыўшы перад сабой зграбную жанчыну сярэдняга ўзросту. З-за светлых валасоў i бледнага твару незнаёмая выглядала вельмi кволаю. За яе спiною, моцна ўчапiўшыся за спаднiцу, стаяў круглатвары, з вялiкiмi вачыма хлапчук гадоў чатырох.

— Дарагая, гэта мiс Фэлоўз, сястра, якая даглядае хлопчыка. Мiс Фэлоўз, пазнаёмцеся з маёй жонкаю.

Няўжо гэта яго жонка? Мiс Фэлоўз уяўляла яе зусiм iншай. Хаця чаму б i не? Такi чалавек, як Хоскiнс, дзеля кантрасту мог выбраць сабе ў жонкi кволую iстоту. Мажлiва, гэта было якраз тое, што яму было трэба…

Яна прымусiла сябе прыязна ўсмiхнуцца.

— Добры дзень, мiсiс Хоскiнс. Гэта ваш… ваш малыш? (Гэта было ўжо поўнай нечаканасцю. Яна магла ўявiць сабе Хоскiнса ў ролi мужа, але не бацькi, за выключэннем, вядома, таго… Яна раптам адчула на сабе змрочны позiрк Хоскiнса i пачырванела.)

— Так, гэта мой сын Джэры, — сказаў Хоскiнс. — Джэры, павiтайся з мiс Фэлоўз.

(Цi не падкрэслiў ён слова «гэта»? Цi не хацеў ён даць зразумець, што гэта яго сын, а не…)

Джэры крыху падаўся наперад, не выпускаючы, аднак, матчынай спаднiцы, i прамармытаў прывiтанне. Мiсiс Хоскiнс вiдочна спрабавала зазiрнуць цераз плячо мiс Фэлоўз у пакой, як бы чакаючы знайсцi там нешта надзвычай цiкавае.

— Ну, што ж, зойдзем у Стасiс, — сказаў Хоскiнс. — Уваходзь, дарагая. На парозе цябе чакае крыху непрыемнае адчуванне, але гэта хутка пройдзе.

— Вы хочаце, каб Джэры таксама ўвайшоў туды? — спытала мiс Фэлоўз.

— Вядома. Ён будзе гуляць з Цiмi. Вы ж гаварылi, што Цiмi патрэбны таварыш у гульнях. Можа, вы ўжо забылiся пра гэта?

— Але… — у яе позiрку адбiлася найвялiкшае здзiўленне. — Ваш хлопчык?

— А чый жа яшчэ? — са злосцю сказаў Хоскiнс. — Хiба не гэтага вы дабiвалiся? Хадзем, дарагая. Уваходзь жа.

З вiдавочным намаганнем падняўшы Джэры на рукi, мiсiс Хоскiнс пераступiла парог. Джэры захныкаў — вiдаць, яму не спадабалася тое, што ён адчуў пры ўваходзе ў Стасiс.

— Дзе ж тая iстота? — тонкiм галаском спыталася мiсiс Хоскiнс. — Я не бачу яе.

— Хадзi сюды, Цiмi! — паклiкала мiс Фэлоўз.

Цiмi выглянуў з-за дзвярэй, утаропiўшыся на нечаканых гасцей. Мускулы на руках у мiсiс Хоскiнс прыкметна напружылiся.

Павярнуўшыся да мужа, яна спыталася:

— Ты ўпэўнены, Джэральд, што ён не небяспечны?

— Калi вы маеце на ўвазе Цiмi, дык нiякай небяспекi, — тут жа ўмяшалася мiс Фэлоўз. — Ён спакойны i паслухмяны хлопчык.

— Але ж ён дзi… дзiкун.

(Вось яно што! Гэта вынiк усiх газетных гiсторый пра хлопчыка-малпу.)

— Зусiм ён не дзiкун, — з нацiскам вымавiла мiс Фэлоўз. — Ён спакойны i разважлiвы ў той ступенi, у якой гэтага можна чакаць ад пяцiгадовага дзiцяцi. Вельмi велiкадушна з вашага боку, мiсiс Хоскiнс, дазволiць вашаму хлопчыку гуляць з Цiмi, i я з усёй адказнасцю прашу вас не трывожыцца.

— Я не ўпэўненая, што згаджуся на гэта, — з раздражненнем сказала мiсiс Хоскiнс.

— Мы ж ужо абмеркавалi гэтае пытанне, дарагая, — сказаў Хоскiнс, — i я думаю, нам няварта ўзнаўляць нашу спрэчку. Спусцi Джэры на падлогу.

Мiсiс Хоскiнс паслухалася. Хлопчык прытулiўся да яе спiнаю i ўтаропiўся на Цiмi, якi ў сваю чаргу не спускаў з яго вачэй.

— Цiмi, хадзем сюды, — паклiкала мiс Фэлоўз, — iдзi, не бойся.

Цiмi паволi ўвайшоў у пакой. Хоскiнс нахiлiўся, каб адчапiць пальцы Джэры ад матчынай спаднiцы.

— Адыдзi крыху назад, дарагая, дай дзецям пазнаёмiцца.

Хлопчыкi апынулiся тварам у твар. Нягледзячы на тое, што Джэры быў маладзейшы, ён быў вышэйшы за Цiмi на цэлы дзюйм, i на фоне яго зграбнай фiгуркi i прыгожа пасаджанай прапарцыянальнай галавы гратэскнасць аблiчча Цiмi раптам кiнулася ў вочы, амаль як i ў першыя днi. У мiс Фэлоўз задрыжалi вусны. Першы загаварыў маленькi неандэрталец.

— Як цябе завуць? — дыскантам працягнуў ён, хутка наблiзiўшы да Джэры свой твар, як бы хочучы лепш разгледзець яго.

Сцепануўшыся ад нечаканасцi, Джэры замест адказу даў Цiмi моцнага кухталя. Цiмi адляцеў назад i, не ўтрымаўшыся на нагах, упаў на падлогу. Абодва голасна зараўлi. Мiсiс Хоскiнс схапiла Джэры на рукi, а мiс Фэлоўз, пачырванеўшы ад унутранага гневу, падняла Цiмi, стараючыся яго супакоiць.

— Яны iнстынктыўна неўзлюбiлi адзiн аднаго, — заявiла мiсiс Хоскiнс.

— Яны iнстынктыўна ставяцца адзiн да аднаго так, як любыя iншыя дзецi, будзь яны на iх месцы, — стомлена сказаў Хоскiнс. — А цяпер апусцi Джэры з рук i дай яму прывыкнуць да абставiн. Па праўдзе кажучы, нам лепш цяпер выйсцi. Мiс Фэлоўз можа праз нейкi час прывесцi Джэры да мяне ў кабiнет, i я паклапачуся, каб яго завезлi дахаты.

Доўгi час дзецi нi на хвiлiну не выпускалi адзiн аднаго з вачэй. Джэры плакаў i клiкаў мацi, баючыся адысцiся ад мiс Фэлоўз, i толькi праз нейкi час дазволiў, нарэшце, суцешыць сябе ледзянцом. Цiмi таксама атрымаў ледзянец, i праз гадзiну мiс Фэлоўз удалося дабiцца таго, што абодва яны селi гуляць у кубiкi, праўда, у розных кутках.

Калi яна павяла ў той дзень Джэры да бацькi, дык да такой ступенi была перапоўнена ўдзячнасцю Хоскiнсу, што ледзь стрымлiвала слёзы.

Мiс Фэлоўз шукала слоў, каб выказаць свае пачуццi, але падкрэсленая стрыманасць Хоскiнса перашкодзiла ёй гэта зрабiць. Можа, ён i да гэтага часу не дараваў ёй таго, што яна прымусiла адчуць жорсткасць ягоных адносiн да Цiмi. А можа, ён урэшце прывёў свайго сына, каб даказаць ёй, як добра ён ставiцца да Цiмi, i адначасна даць зразумець, што ён зусiм не яго бацька. Так. Менавiта гэта ён i меў на ўвазе!

Таму яна абмежавалася некалькiмi словамi.

— Дзякуй, вялiкае дзякуй, доктар Хоскiнс.

Яму нiчога не заставалася, як адказаць:

— Няма за што, мiс Фэлоўз. Усё iдзе як трэба.

Паступова гэта ўвайшло ў звычай. Два разы на тыдзень Джэры прыводзiлi на гадзiну пагуляць з Цiмi, потым гэты тэрмiн быў расцягнуты да дзвюх гадзiн. Дзецi пазнаёмiлiся, паступова вывучылi прывычкi адзiн аднаго i пачалi гуляць разам.

I цяпер, калi першая хваля ўдзячнасцi схлынула, мiс Фэлоўз заўважыла, што Джэры ёй зусiм не падабаецца. Фiзiчна ён быў намнога мацнейшы за Цiмi ды i ўвогуле ва ўсiм пераўзыходзiў яго: ён уладарыў над Цiмi, адводзячы яму ва ўсiм другарадную ролю. З такiм становiшчам яе мiрыла неяк толькi тое, што, нягледзячы нi на што, Цiмi ўсё больш нецярплiва чакаў чарговага прыходу свайго таварыша па гульнях.

— Гэта ўсё, што ў яго ёсць у жыццi, — з тугою гаварыла яна сабе.

I аднойчы, назiраючы за iмi, яна раптам падумала: «Гэтыя два хлопчыкi абодва дзецi Хоскiнса, адзiн ад жонкi, другi — ад Стасiса. У той час як яна сама…»

— О Божа, — сцiснуўшы кулакамi скронi, з сорамам падумала яна, — гэта ж я раўную!

* * *

— Мiс Фэлоўз, — спытаўся аднойчы Цiмi (яна нiколi не дазваляла яму называць яе iнакш), — калi я пайду ў школу?

Яна зiрнула ў яго карыя вочы, якiя молячы глядзелi на яе, чакаючы адказу, i пяшчотна правяла рукою па яго густых валасах. Гэта была сама неахайная частка яго галавы: яна стрыгла яго сама, а хлопчык заўсёды круцiўся пад нажнiцамi i перашкаджаў ёй. Яна нiколi не прасiла прыслаць парыкмахера, бо гэтая няўмелая яе стрыжка памагала ўдала маскiраваць нiзкi пакаты лоб у дзiцяцi i яго празмерна выпуклую патылiцу.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: