Праз чатыры гады пасля гэтага адкрыцця планету абляцела экспедыцыя Атэншэльда, якi даследаваў Салярыс з «Лаакаона» ў суправаджэннi двух дапаможных касмiчных караблёў. Тая экспедыцыя насiла характар рэкагнасцыроўкi, iмправiзаванага доследу, тым больш што яна не магла зрабiць пасадку. Яна толькi вывела на экватарыяльныя i палярныя арбiты значную колькасць аўтаматычных спадарожнiкаў-назiральнiкаў, галоўнай задачай якiх з’яўлялiся замеры гравiтацыйных патэнцыялаў. Акрамя таго, была даследавана паверхня планеты, якую амаль цалкам пакрываў Акiян, i толькi невялiкiя ўзгор’i ўзвышалiся над яго ўзроўнем. Iх агульная плошча не раўнялася тэрыторыi Эўропы, хоць дыяметр Салярыс быў на дваццаць адсоткаў большы, чым Зямлi. Гэтыя бязладна параскiданыя астраўкi скалiстай i пустыннай сушы тоўпiлiся галоўным чынам у паўднёвым паўшар’i. Быў вывучаны таксама састаў атмасферы, пазбаўленай кiслароду, i надзвычай пiльна замерана шчыльнасць планеты, а таксама яе асветленасць i iншыя астранамiчныя характарыстыкi. Як i чакалася, не ўдалося знайсцi нiякiх слядоў жыцця нi на сушы, нi ў Акiяне.
На працягу наступных дзесяцi гадоў Салярыс, якая ўжо знаходзiлася ў цэнтры ўвагi ўсiх абсерваторый гэтага рэгiёна, выяўляла настойлiвую тэндэнцыю да захавання сваёй, без усялякага сумнення, гравiтацыйна нетрывалай арбiты. Праз нейкi час справа запахла скандалам, калi вiну за гэтыя вынiкi назiранняў паспрабавалi звалiць (у клопаце пра навуку) то на пэўных людзей, то на вылiчальныя машыны, якiмi гэтыя людзi карысталiся.
З-за адсутнасцi сродкаў навуковая салярыстычная экспедыцыя затрымалася яшчэ на тры гады, аж да таго часу, пакуль Шанаган, скамплектаваўшы экiпаж, не атрымаў ад Iнстытута тры караблi танажу С, касмадромнага класа. За паўтара года да з’яўлення экспедыцыi, якая стартавала ў раёне Альфы Вадалея, другi даследчы флот вывеў, па даручэннi Iнстытута, на ваколсалярысную арбiту аўтаматычны Сатэлоiд — Месяц 247. Гэты Сатэлоiд пасля трох чарговых рэканструкцый, якiя падзялялi дзесяцiгоддзi, працуе да сённяшняга дня. Звесткi, якiя ён сабраў, канчаткова пацвердзiлi назiраннi экспедыцый Атэншэльда пра актыўны характар руху Акiяна.
Адзiн карабель Шанагана застаўся на высокай арбiце, а два iншыя пасля папярэдняй падрыхтоўкi зрабiлi пасадку на скалiстым ускрайку сушы, якi займаў каля шасцiсот квадратных мiль, ля паўднёвага полюса Салярыс. Праца экспедыцыi скончылася праз васемнаццаць месяцаў i была ў цэлым паспяховая, калi не лiчыць аднаго няшчаснага выпадку з-за непаладкаў апаратуры. Аднак у стане навукоўцаў, што ўваходзiлi ў экспедыцыю, адбыўся падзел на два варожыя лагеры. Прадметам спрэчкi стаў Акiян. На падставе аналiзу яго палiчылi арганiчным утварэннем (назваць яго жывым тады яшчэ нiхто не пасмеў). Аднак калi бiёлагi бачылi ў iм прымiтыўнае ўтварэнне — нешта накшталт вялiзнага суклецця, а дакладней, адну, дзiвосна выраслую вадкую клетку (яны называлi гэта «дабiялагiчнай фармацыяй»), што абгортвала ўсю планету сцюдзянiстым покрывам, якое дзе-нiдзе дасягала некалькi мiль, — то астраномы i фiзiкi сцвярджалi, што гэта павiнна быць надзвычай высокаарганiзаваная структура; па складанасцi будовы яна, магчыма, пераўзыходзiла зямныя арганiзмы, бо магла актыўна ўплываць на фармаванне планетнай арбiты. Нiякай iншай прычыны паводзiн Салярыс знайсцi не ўдалося, акрамя таго, планетолагi выявiлi сувязь памiж некаторымi працэсамi ў плазматычным Акiяне i мясцовым гравiтацыйным патэнцыялам, якi мяняўся ў залежнасцi ад акiяннага «абмену рэчываў».
Так фiзiкi, а не бiёлагi, прапанавалi парадаксальную фармулёўку «плазматычная машына», разумеючы пад гэтым утварэнне ў нашым значэннi, магчыма, i не жывое, але здольнае да мэтанакiраваных дзеянняў — адразу дадамо — у астранамiчным маштабе.
У гэтай спрэчцы, якая за некалькi тыдняў, як вiр, уцягнула ўсе сама знакамiтыя аўтарытэты, упершыню за восемдзесят гадоў захiсталася дактрына Гамава — Шэплi.
Нейкi час яе спрабавалi яшчэ баранiць, даказваючы, што Акiян не мае нiчога агульнага з жывой матэрыяй, што ён з’яўляецца нават не «па-за» або «дабiялагiчным» утварэннем, а толькi геалагiчнай фармацыяй, вядома, нязвыклай, але здольнай стабiлiзаваць арбiту Салярыс з дапамогай змены сiл прыцягнення; абаронцы спасылалiся пры гэтым на прынцып Ле-Шатэлье.
Насуперак гэтай кансерватыўнай думцы з’яўлялiся гiпотэзы, якiя абвяшчалi адна з найбольш распрацаваных гiпотэза Чывiта — Вiта, — што Акiян уяўляе прадукт дыялектычнага развiцця: ад сваёй першапачатковай формы — ад праакiяна, раствору лянiва рэагуючых хiмiчных рэчываў, ён здолеў пад нацiскам неспрыяльных умоў (гэта значыць пагрозлiвых для яго iснавання змяненняў арбiты) перайсцi, iгнаруючы ўсе зямныя ступенi развiцця — з’яўленне адна- i шматклеткавых арганiзмаў, раслiнную i жывёльную эвалюцыi, iгнаруючы ўтварэнне нервовай сiстэмы i мозгу — адразу пераскочыць у стадыю «гомеастатычнага Акiяна». Iнакш кажучы, у адрозненне ад зямных арганiзмаў, якiя сотнi мiльёнаў гадоў прыстасоўвалiся да навакольнага асяроддзя i толькi ў канцы гэтага працяглага перыяду запачаткавалi разумныя iстоты, Акiян адразу ж запанаваў над навакольнымi ўмовамi.
Усё гэта было вельмi арыгiнальна, толькi нiхто па-ранейшаму не ведаў, якiм чынам сцюдзянiсты сiроп можа стабiлiзаваць арбiту нябеснага цела. Амаль спрадвеку былi вядомы механiзмы, якiя стваралi штучнае сiлавое i гравiтацыйнае поле — гравiтатары, — але нiхто нават не думаў, што аморфная жыжка можа даваць эфект, якi ўяўляе — у гравiтатарах — вынiк складаных ядзерных рэакцый i высокiх тэмператур. У газетах, захлiснутых дзеля забавы чытачоў i дзеля страху вучоных сама брыдкiмi выдумкамi на тэму «тайна планеты Салярыс», сустракалiся нават такiя сцвярджэннi, што планетны Акiян з’яўляецца… далёкiм родзiчам зямных электрычных вугроў.
Калi хоць у нейкай ступенi ўдавалася вырашыць адну праблему, высвятлялася, як гэта пасля неаднаразова было з Салярыс, што замест адной загадкi ўзнiкала другая, яшчэ больш неверагодная.
Даследаваннi паказалi, што Акiян не дзейнiчае па прынцыпу нашых гравiтатараў (гэта было б, зрэшты, немажлiва), а валодае здольнасцю непасрэдна мадэляваць метрыку часу-прасторы, што вядзе, мiж iншым, да адхiленняў у вымярэннi часу на адным i тым жа мерыдыяне Салярыс. Такiм чынам Акiян не толькi ў пэўным сэнсе ведае тэорыi Эйнштэйна — Бевi, але нават здолеў iх скарыстаць (што не скажаш пра нас).
Калi гэта стала вядома, у навуковым свеце выбухнула адна з сама значных у нашым стагоддзi сенсацый. Сама непарушныя, усiмi прызнаныя тэорыi рухнулi, у навуковай лiтаратуры з’явiлiся вельмi ерэтычныя артыкулы, усiх распалiла альтэрнатыва «генiяльны Акiян» або «гравiтацыйная сцюдзянiстасць».
Усё гэта адбывалася за добрыя дваццаць гадоў да майго нараджэння. Калi я хадзiў у школу, Салярыс, зыходзячы з выяўленых пазней фактаў, ужо была прызнана планетай, на якой маецца жыццё — праўда, усяго толькi адзiн насельнiк…
Другi том Х’юза i Эйгеля, якi я гартаў амаль механiчна, пачынаўся сiстэматыкай, гэткай жа арыгiнальнай, як i забаўнай. У класiфiкацыйнай таблiцы стаялi па чарзе: тып — палiтэрыi (Роlitеriа), род — суклетныя (Sуnсуtiаliа), клас — метаморфныя (Меtаmоrрhа).
Нiбыта нам было вядома Бог ведае колькi экземпляраў гэтага гатунку, у той час, як прадстаўнiк быў толькi адзiн, праўда, важыў ён семнаццаць бiльёнаў тон.
Пад маiмi пальцамi мiльгалi каляровыя дыяграмы, квяцiстыя графiкi, спектральныя аналiзы, якiя дэманстравалi тып i тэмп асноўнага абмену, яго хiмiчныя рэакцыi. Чым далей я залазiў у тоўсты том, тым больш на яго мелаваных старонках было матэматыкi; можна было меркаваць, што нашыя веды пра гэтага прадстаўнiка класа метаморфных, якi ляжаў, спавiты цемрай чатырохгадзiннай ночы, за некалькi сотняў метраў пад сталёвым дном Станцыi, надзвычай дасканалыя.
На самай справе яшчэ не ўсе прыйшлi да думкi, цi «iстота» гэта наогул, ужо не кажучы пра тое, цi можна назваць Акiян разумным. Я паставiў тоўсты том на палiцу i дастаў наступны. Ён складаўся з дзвюх частак. Першая была прысвечана вынiкам эксперыментаў, праведзеных пад час бясконцых спробаў наладзiць кантакт з Акiянам. Гэтая спроба, я добра памятаў яшчэ са студэнцкiх гадоў, выклiкала бясконцыя анекдоты, кпiны i досцiпы; у параўнаннi з тымi джунглямi, у якiя завяло вучоных пытанне пра кантакт, нават сярэдневяковая схаластыка здавалася зразумелым i даступным акадэмiчным курсам, якi не выклiкае цяжкасцей. Другую частку тома, у якой была амаль тысяча трыста старонак, займала толькi бiблiяграфiя прадмета. Арыгiнальная ж лiтаратура, напэўна, не змясцiлася б у пакоi, дзе я сядзеў.