- А вы хiба ведаеце Хустава?

- Учора ў вас у кабiнеце бачыў гэтага чалавека мiмаходзь, але варта толькi кiнуць вокам на яго твар, каб зразумець, што сволач, зводнiк, пляткар, прыстасаванец i падхалiм.

"А ўсё праўда!" - падумаў Сцёпа, уражаны гэтакiм правiльным, дакладным i кароткiм вызначэннем Хустава.

Сапраўды, учарашнi дзень складаўся з кавалачкаў, але трывога не адпускала дырэктара Вар'етэ. Справа ў тым, што ў гэтым днi чарнела вялiзная дзiрка. Вось гэтага самага незнаёмца, воля ваша, Сцёпа ў сваiм кабiнеце ўчора нiяк не бачыў.

- Прафесар чорнай магii Воланд, - важка прамовiў наведвальнiк i расказаў усё па парадку.

Учора ўдзень ён прыехаў з-за мяжы ў Маскву, адразу ж наведаў Сцёпу i прапанаваў свае гастролi ў Вар'етэ. Сцёпа патэлефанаваў у Маскоўскую абласную камiсiю вiдовiшчаў i пытанне гэтае ўзгаднiў (Сцёпа пабялеў i замiргаў вачыма), падпiсаў з прафесарам Воландам кантракт на сем выступленняў (Сцёпа разявiў рот), дамовiлiся, што Воланд прыедзе да яго для ўдакладнення дэталяў у дзесяць гадзiн ранiцы сёння... Вось Воланд i прыехаў!

Як толькi ўвайшоў, яго спаткала хатняя работнiца Груня, якая растлумачыла, што сама яна толькi што прыйшла, што яна прыходзячая, што Берлiёза дома няма, а калi вiзiцёр хоча бачыць Сцяпана Багданавiча, то няхай iдзе ў спальню сам. Сцяпан Багданавiч гэтак моцна спiць, што пабудзiць яго яна не бярэцца. Пасля таго як артыст угледзеў, якi Сцяпан Багданавiч, ён выправiў Груню ў гастраном па гарэлку i закусь, у аптэку па лёд i...

- Дазвольце разлiчыцца з вамi, - праскуголiў знiшчаны, пераможаны Сцёпа i пачаў шукаць кашалёк.

- Во, якое глупства! - усклiкнуў гастралёр i не хацеў болей нiчога слухаць.

Такiм чынам, гарэлка i закусь зразумела адкуль, i ўсё ж на Сцёпу шкада было глядзець: ён зусiм не памятаў нiчога пра кантракт i, хоць забi, не бачыў учора гэтага Воланда. Так, Хустаў быў, а Воланда не было.

- Дазвольце зiрнуць на кантракт, - цiха папрасiў Сцёпа.

- Калi ласка, калi ласка...

Сцёпа зiрнуў на паперу i акамянеў. Усё было на сваiх месцах. Першае, уласнаручны залiхвацкi Сцёпаў подпiс! Касы надпiс збоку рукой фiндырэктара Рымскага з дазволам выдаць артысту Воланду ў лiк ягоных трыццацi пяцi тысяч за выступленнi дзесяць тысяч рублёў. Нават болей: тут жа i распiска Воланда, што ён гэтыя дзесяць тысяч ужо атрымаў!

"Што ж гэта такое?!" - падумаў няшчасны Сцёпа, i галава ў яго закружылася. Пачынаюцца злавесныя правалы ў памяцi?! Але далейшае здзiўленне пасля таго, як быў паказаны кантракт, было б проста непрыстоннае. Сцёпа папрасiў у госця дазволу на хвiлiнку выйсцi i, як быў у шкарпэтках, пабег у пярэднi пакой да тэлефона. Па дарозе ён крыкнуў на кухню:

- Груня!

Але нiхто не адазваўся. Тут ён зiрнуў на дзверы ў Берлiёзаў кабiнет, якiя былi побач з пярэднiм пакоем, i ўтрупянеў. На ручцы дзвярэй ён угледзеў вялiзную сургучную пячатку на вяроўцы. "Прывет! - раўнуў у Сцёпавай галаве нехта. - Гэтага яшчэ не хапала!" I тут Сцёпавы думкi пайшлi ўжо па двайным рэйкавым пуцi, але, як i заўсёды бывае ў час катастрофы, у адзiн толькi бок i наогул чортведама куды. Кашу ў Сцёпавай галаве цяжка нават перадаць словамi. Тут i д'ябальшчына з чорным берэтам, халоднаю гарэлкаю i неверагодным кантрактам, а да гэтага ўсяго, наце вам, i пячатка на дзвярах! Каму хочаш скажы, што Берлiёз нешта натварыў - не павераць, дальбог, не павераць! Аднак пячатка, вось яна!

I тут заварушылiся ў Сцёпавай галаве нейкiя непрыемныя думкi пра артыкул, якi ён, як на злосць, нядаўна ўпёр Мiхаiлу Аляксандравiчу для друкавання ў яго часопiсе. I артыкул, мiж намi кажучы, дурны! I нiкчэмны, i грошы маленькiя...

Адразу ж услед за ўспамiнам пра артыкул прыйшла на памяць нейкая сумнiцельная размова, якая, памятаецца, адбылася дваццаць чацвёртага красавiка вечарам вось тут, у сталоўцы, калi Сцёпа вячэраў разам з Мiхаiлам Аляксандравiчам. Ну, па-сапраўднаму размову сумнiцельнаю нельга называць (не пайшоў бы Сцёпа на такую размову), але гаворка была на нейкую непатрэбную тэму. Зусiм можна было яе, грамадзяне, i не чапаць. Да пячаткi, несумненна, размова гэтая магла лiчыцца глупствам, дробяззю, але вось пасля пячаткi...

"Ах, Берлiёз, Берлiёз! - ускiпала ў Сцёпавай галаве. - Што гэта ў голаў лезе?"

Але гараваць доўга не было калi, i Сцёпа набраў нумар фiндырэктара Вар'етэ Рымскага. Становiшча ў Сцёпы было далiкатнае: першае, чужаземец мог пакрыўдзiцца, што Сцёпа правярае яго пасля таго, як паказаны кантракт, ды i з фiндырэктарам гаварыць было цяжка. На самай справе, не спытаешся ж у яго адкрыта: "Скажыце, цi не заключаў я ўчора з прафесарам чорнай магii кантракт на трыццаць пяць тысяч рублёў?" Гэтак пытацца нельга.

- Слухаю, - пачуўся ў слухаўцы рэзкi, непрыемны голас Рымскага.

- Дзень добры, Рыгор Данiлавiч, - цiха загаварыў Сцёпа, - гэта Лiхадзееў. Вось якая справа... гм... гм... у мяне сядзiць гэты, як яго... э... артыст Воланд... Дык вось... я хацеў спытаць, як наконт сённяшняга вечара!..

- А, чорны маг? - адазваўся ў слухаўцы Рымскi. - Афiшы зараз будуць.

- Ага, - слабым голасам сказаў Сцёпа, - ну, пакуль...

- А вы скора прыйдзеце? - спытаў Рымскi.

- Праз паўгадзiны, - адказаў Сцёпа, павесiў слухаўку i сцiснуў гарачую галаву рукамi. Вось як атрымлiваецца ўсё дрэнна! Што ж гэта з памяццю, грамадзяне?

Аднак болей затрымлiвацца ў пярэднiм пакоi было няёмка, i Сцёпа адразу ж склаў план: як можна схаваць сваю няпамятлiвасць, а цяпер найперш хiтра выпытаць у чужаземца, што ён, уласна, збiраецца паказваць сёння ў давераным Сцёпу Вар'етэ?

Тут Сцёпа адвярнуўся ад апарата i ў люстры, якое даўно не выцiрала лянiвая Груня, выразна ўбачыў нейкага дзiўнага суб'екта - доўгага, як пругло, i ў пенснэ (ах, каб быў тут Iван Мiкалаевiч! Ён пазнаў бы гэтага суб'екта адразу!) А той адлюстраваўся i адразу ж знiк. Сцёпа трывожна зiрнуў глыбей у пярэднi пакой i другi раз яго гайданула, бо ў люстры прайшоў вялiзны чорны кот i знiк.

У Сцёпы сэрца ёкнула, ён пахiснуўся.

"Што ж гэта такое? - падумаў ён. - Цi не вар'яцею я? Адкуль гэтыя постацi?!" - Ён зазiрнуў у пярэднi пакой i спалохана закрычаў:

- Груня! Што гэта за кот тут у нас шляецца? Адкуль ён? I хто яшчэ з iм?

- Не хвалюйцеся, Сцяпан Багданавiч, - адазваўся голас, але не Грунiн, а госця са спальнi, - гэта мой кот. Не хвалюйцеся. А Грунi няма, я адправiў яе ў Варонеж, на радзiму, яна скардзiлася, што вы даўно не даяце ёй адпачынак.

Словы гэтыя былi такiя нечаканыя i недарэчныя, што Сцёпа вырашыў: галюцынацыя. Спалохана ён пабег у спальню i замёр на парозе. Валасы заварушылiся, а на лбе дробненька выступiў пот.

Госць сядзеў у спальнi, але ўжо не адзiн, а з кампанiяй. На другiм крэсле той самы тып, што ўзнiк у пярэднiм пакоi. Цяпер яго добра было вiдаць: вусы-пёркi, шкельца пенснэ паблiсквае, а другога шкельца няма. Але ў спальнi былi рэчы i намнога горшыя: на ювелiршыным пуфе пахабна разлёгся нехта трэцi, а менавiта - жудасных памераў чорны кот з кiлiшкам гарэлкi ў адной лапе i вiдэльцам, на якi ён успеў падчапiць марынаваны грыбок, у другой.

Святло, i так цьмянае ў спальнi, зусiм пачало знiкаць у Сцёпавых вачах. "Вось як, аказваецца, вар'яцеюць!" - падумаў ён i ўхапiўся за вушак.

- Бачу я, вы крыху здзiўлены, дарагi Сцяпан Багданавiч? - спытаўся Воланд у Сцёпы, якi дробна стукаў зубамi. - А мiж iншым здзiўляцца няма чаму. Гэта мая свiта.

Тут кот выпiў гарэлку, i Сцёпава рука слiзганула ўнiз па вушаку.

- I свiта гэтая патрабуе месца, - працягваў Воланд, - такiм чынам сёй-той з нас у кватэры лiшнi. I мне здаецца, што гэты лiшнi - вы!

- Яны, яны, - казлiным голасам заспяваў худы клятчасты, гаворачы пра Сцёпу ў множным лiку, - наогул, апошнi час яны страшэнна свiнячаць. П'янствуюць, блытаюцца з жанчынамi, выкарыстоўваючы сваё становiшча, нiчога не робяць ды i рабiць нiчога не ўмеюць, таму што не разбiраюцца ў тым, што iм даручана. Абманваюць начальства!

- Машыну казённую ганяе дарэмна! - паклёпнiчаў i кот, жуючы грыб.

I тут адбылося чацвёртае, апошняе дзеянне ў кватэры, калi Сцёпа зусiм ужо абсунуўся на падлогу i аслабелаю рукою драпаў за вушак.

Проста з трумо выйшаў маленькi, але надзвычай шыракаплечы, у кацялку на галаве i з iклом, якi тырчэў з рота, i рабiў брыдотнай i так страшную фiзiяномiю. I да ўсяго гэтага вогненна-рыжы.

- Я, - уступiў у гаворку гэты новы, - наогул не разумею, як ён стаў дырэктарам, - рыжы гугнявiў усё болей i болей: - Ён гэтакi ж дырэктар, як я архiрэй!

- Ты не падобны на архiрэя, Азазела, - заўважыў кот i наклаў сабе сасiсак на талерку.

- Я пра гэта i гавару, - прагугнявiў рыжы, завярнуўся да Воланда i дадаў паважна: - Дазвольце, месiр, яго выкiнуць к чорту з Масквы!

- Апсiк! - раптоўна раўнуў кот i ўздыбiў поўсць.

I тады спальня закруцiлася вакол Сцёпы, ён ударыўся галавой аб вушак, але, пакуль страцiў прытомнасць, успеў падумаць: "Я памiраю..."

Але ён не памёр. Калi расплюшчыў вочы, то ўбачыў, што сядзiць на нейкiм мураваным збудаваннi. Вакол нешта шумела. Калi ён добра разгледзеўся, то ўбачыў, што гэта шумiць мора, i нават болей - хвалi пагойдваюцца ля самых яго ног, i што, карацей, сядзiць ён на канцы мола, што пад iм блакiтнае зiхоткае мора, а ззаду - прыгожы горад на гарах.

Сцёпа, не ведаючы, што робяць у такiх выпадках, устаў i пайшоў па моле да берага.

На моле стаяў нейкi чалавек, палiў i паплёўваў у мора. На Сцёпу ён паглядзеў дзiкiмi вачыма i перастаў пляваць. Тады Сцёпа адмачыў такую штуку: стаў на каленi перад невядомым курцом i прамовiў:

- Малю, скажыце, якi гэта горад?

- Аднак! - бяздушна адазваўся палiльшчык.

- Я не п'яны, - хрыпата адказаў Сцяпан, - я хворы, са мною нешта здарылася, я хворы... Дзе я? Якi гэта горад?..

- Ну. Ялта...

Сцёпа цiха ўздыхнуў, упаў на бок, галавой стукнуўся аб нагрэты мол.

Раздзел 8

ПАЯДЫНАК ПРАФЕСАРА I ПАЭТА

Якраз у гэты час, калi Сцёпа страцiў прытомнасць у Ялце, гэта значыць а палове дванаццатай дня, да Iвана Мiкалаевiча Бяздомнага, якi прачнуўся пасля глыбокага i доўгага сну, вярнулася свядомасць. Нейкi час ён не мог здагадацца, якiм чынам ён трапiў у незнаёмы пакой з белымi сценамi, з дзiўным столiкам з нейкага белага металу i з белаю штораю, за якою адчувалася сонца.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: