Iван страсянуў галавою, пераканаўся, што яна не балiць, i ўспомнiў, што ён знаходзiцца ў бальнiцы. Гэта пацягнула за сабой успамiн пра смерць Берлiёза, але сёння яна не выклiкала такога вялiкага ўражання. Пасля таго як выспаўся, Iван Мiкалаевiч паспакайнеў i пачаў ясней думаць. Ён паляжаў нейкi час нерухома ў чыстым, мяккiм i зручным ложку, потым угледзеў кнопку званка побач з сабою. З-за прывычкi чапаць без патрэбы ўсё, ён нацiснуў на яе. Ён чакаў нейкага звону цi нейчага з'яўлення, але адбылося зусiм iншае. Ля Iванавых ног над ложкам засвяцiўся матавы цылiндр, на якiм было напiсана: "Пiць". Цылiндр пастаяў на месцы, потым пачаў круцiцца, пакуль не выскачыў надпiс: "Няня". Зразумела, што хiтры цылiндр уразiў Iвана. Надпiс "Няня" змянiўся надпiсам "Выклiчце доктара".

- Гм... - прамовiў Iван, бо не ведаў, што рабiць з гэтым цылiндрам далей. Але пашанцавала выпадкова: Iван нацiснуў на кнопку другi раз якраз на слове "Фельчарыца". Цылiндр цiха празвiнеў у адказ i патух, а ў пакой увайшла поўная сiмпатычная жанчына ў белым чыстым халаце i сказала Iвану:

- Добрай ранiцы!

Iван не адказаў, палiчыў прывiтанне недарэчным у такiх умовах. На самай справе, заперлi здаровага чалавека ў бальнiцу i яшчэ выгляд робяць, што гэтак i трэба!

Жанчына тым часам з дабрадушным тварам нацiснула на кнопку, i штора паплыла ўгору, у пакой скрозь пятлястую рашотку, якая была да самае падлогi, хлынула сонца.

За рашоткай быў балкон, за iм бераг звiлiстае рэчкi i на супрацьлеглым беразе - вясёлы сасновы бор.

- Калi ласка, ванну прымiце, - запрасiла жанчына, i ў яе пад рукамi рассунулася ўнутраная сцяна, за якой было ваннае аддзяленне i туалет.

Iван, хоць i вырашыў з жанчынаю не размаўляць, але не ўтрымаўся, калi ўбачыў, як шырокiм струменем прэ ў ванну вада з блiскучага крана, сказаў з iронiяй:

- Глядзi ты! Як у "Метраполi"!

- Э, не, - з гонарам сказала жанчына, - намнога лепш. Такога абсталявання i за мяжой няма. Вучоныя i дактары спецыяльна прыязджаюць глядзець нашу клiнiку. У нас кожны дзень iнтурысты.

Пры слове "iнтурыст" Iвану адразу ж успомнiўся ўчарашнi кансультант. Iван затуманiўся, паглядзеў з-пад iлба i сказаў:

- Iнтурысты!.. Як вы ўсе на iнтурыстаў молiцеся! А сярод iх, мiж iншым, розныя трапляюцца. Я, напрыклад, учора з такiм пазнаёмiўся, што люба-дорага!

I ледзь не пачаў расказваць пра Понцiя Пiлата, але стрымаўся, бо зразумеў, што жанчыне гэтыя расказы не трэба, што ўсё роўна дапамагчы яму яна не зможа.

Памытаму Iвану Мiкалаевiчу адразу ж было выдадзена ўсё, што патрэбна мужчыну пасля ванны: адпрасаваная кашуля, кальсоны, шкарпэткi. Але гэтага мала: жанчына адчынiла дзверы шкафчыка, паказала ў глыб яго i спыталася:

- Што хочаце адзець - халацiк альбо пiжаму?

Прымацаваны да новага месца жыхарства сiлком, Iван ледзь рукамi не ўспляснуў ад разбэшчанасцi жанчыны i моўчкi ткнуў пальцам у пiжаму з пунсовай байкi.

Пасля гэтага Iвана павялi па пустым i глухiм калiдоры i прывялi ў велiзарны па памерах кабiнет. Iван, якi вырашыў, што будзе адносiцца да ўсяго, што ёсць у гэтым надзiва абстаўленым будынку, iранiчна, тут жа ахрысцiў кабiнет "фабрыкай-кухняй".

I было за што. Тут стаялi шафы i шкляныя шафачкi з блiскучымi нiкiляванымi iнструментамi. Былi крэслы надзвычай складанай канструкцыi, нейкiя пузатыя лямпы з блiскучымi каўпакамi, многа шклянак, i газавыя гарэлкi, i электрычныя правады, i зусiм нiкому не вядомыя прыборы.

У кабiнеце за Iвана ўзялiся ўтраiх - дзве жанчыны i адзiн мужчына, усе ў белым. Найперш Iвана павялi ў куток, за столiк, з яўным намерам нешта ў яго выпытаць. Iван пачаў думаць пра сваё становiшча. Перад iм былi тры шляхi. Надзвычай спакушаў першы: кiнуцца на гэтыя лямпы i мудрагелiстыя рэчы i ўсе к д'яблу пабiць i паламаць i такiм чынам выказаць свой пратэст за тое, што яго дарэмна трымаюць тут. Але сённяшнi Iван ужо ў многiм адрознiваўся ад Iвана ўчарашняга, i першы варыянт здаўся яму сумнiцельным: чаго добрага, яны ўваб'юць сабе ў голаў, што ён вар'ят. Таму першы шлях Iван адмёў. Быў i другi шлях: адразу ж пачаць расказваць пра кансультанта i Понцiя Пiлата. Аднак учарашнi вопыт паказаў, што гэтаму расказу не вераць альбо ўспрымаюць яго неяк наадварот. Таму Iван i ад гэтага шляху адмовiўся, вырашыў выбраць трэцi: адгарадзiцца ганарлiвым маўчаннем.

Цалкам гэта ажыццявiць не ўдалося, хочаш не хочаш, а давялося адказваць, хаця i скупа i панура, на многа пытанняў.

У Iвана распыталiся пра ўсё яго ранейшае жыццё, аж да таго, калi i як ён хварэў на скарлатыну гадоў пятнаццаць назад. Спiсалi ўслед за Iванам цэлую старонку, перагарнулi яе, i жанчына ў белым перайшла да роспытаў пра сваякоў. Пачалася цэлая мiтрэнга: хто памёр, калi ды ад чаго, цi пiў, цi хварэў венерычнымi хваробамi i ўсё ў гэтым плане. Пад канец папрасiлi расказаць пра ўчарашняе здарэнне на Патрыярхавых сажалках, але не надта прыдзiралiся, паведамленню пра Понцiя Пiлата не здзiўлялiся.

I тут жанчына аддала Iвана мужчыну, i той узяўся за яго iнакш, нi пра што больш не распытваўся. Ён памераў тэмпературу, палiчыў пульс, паглядзеў Iвану ў вочы, свецячы ў iх нейкай лямпачкай. Потым на дапамогу прыйшла другая жанчына, i Iвана калолi нечым небалючым у спiну, малявалi ручкай малаточка ў яго на грудзях, стукалi малаточкам па каленях, ад чаго ногi ў Iвана падскоквалi, калолi палец i бралi з яго кроў, калолi ля локця, надзявалi на рукi нейкiя гумавыя бранзалеты.

Iван толькi горка ўсмiхаўся сам сабе i думаў пра тое, як усё недарэчна атрымалася. Падумаць толькi! Хацеў усiх папярэдзiць пра небяспеку, якую ўяўляе незнаёмы кансультант, сабраўся злавiць яго, а дабiўся толькi таго, што трапiў у нейкi таямнiчы кабiнет, каб расказваць рознае глупства пра дзядзьку Федзю, запойнага п'янiцу ў Волагдзе. Зусiм недарэчна!

Нарэшце Iвана адпусцiлi. Яго прывялi назад у свой пакой, дзе ён атрымаў кубачак кавы, два яйкi ўсмятку i белы хлеб з маслам.

Iван з'еў i выпiў пададзенае i рашыў дачакацца галоўнага ў гэтай установе i ўжо ў гэтага галоўнага дамагчыся ўвагi i справядлiвасцi.

I ён дачакаўся яго. I даволi хутка пасля снедання. Нечакана адчынiлiся дзверы ў пакой, i ўвайшло шмат людзей у белых халатах. Наперадзе iшоў, старанна, артыстычна, паголены чалавек гадоў сарака пяцi, з прыемнымi, але вельмi ж пранiклiвымi вачыма i далiкатнымi манерамi. Уся свiта дэманстравала павагу i ўвагу да яго, i ўваход яго таму атрымаўся нейкi нават урачысты. "Як Понцiй Пiлат!" - падумалася Iвану.

Так, гэта несумненна быў галоўны. Ён сеў на табурэтку, а ўсе засталiся стаяць.

- Доктар Стравiнскi, - назваўся ён i паглядзеў дружалюбна.

- Вось, Аляксандар Мiкалаевiч, - цiха сказаў нехта з акуратнаю бародкаю i падаў галоўнаму з двух бакоў спiсаны Iванаў лiст.

"Цэлую справу сшылi!" - падумаў Iван. А галоўны прывычна прабег вачыма па паперы, прамармытаў: "Угу, угу...", перакiнуўся са свiтай некалькiмi сказамi на незнаёмай мове.

"I па латынi, як Пiлат, гаворыць..." - сумна падумаў Iван. Але тут адно слова прымусiла яго здрыгануцца, i гэта слова было "шызафрэнiя" - яшчэ ўчора вымаўленае праклятым чужаземцам на Патрыярхавых сажалках, а сёння паўторанае тут прафесарам Стравiнскiм.

"I гэта ведаў!" - трывожна падумаў Iван.

Галоўны, вiдаць, меў за правiла згаджацца з усiмi i радавацца ўсяму, што яму толькi не гавораць, i выказваць свае адносiны словамi "слаўна, слаўна...".

- Слаўна! - сказаў Стравiнскi, вярнуў некаму аркуш i звярнуўся да Iвана: Вы - паэт?

- Паэт, - панура адказаў Iван i ўпершыню раптам адчуў нейкую агiду да паэзii, i тыя свае вершы, якiя ўспомнiлiся зараз, здалiся нечым непрыемным.

Ён зморшчыў твар i ў сваю чаргу спытаўся ў Стравiнскага:

- Вы - прафесар?

У адказ на гэта Стравiнскi загадзя далiкатна нахiлiў голаў.

- I вы - тут галоўны? - працягваў Iван.

Стравiнскi ў адказ i на гэта пакланiўся.

- Мне трэба з вамi пагаварыць, - шматзначна сказаў Iван Мiкалаевiч.

- Я для гэтага i прыйшоў, - адазваўся Стравiнскi.

- Справа вось у чым, - пачаў Iван, адчуваючы, што прыйшоў яго час, - мяне ненармальным зрабiлi, i нiхто не хоча слухаць!..

- Не, мы выслухаем вас вельмi ўважлiва, - сур'ёзна i з супакаеннем сказаў Стравiнскi, - у ненармальныя вас запiсваць нiколi не дазволiм.

- Тады слухайце: учора вечарам я на Патрыярхавых сажалках сустрэўся з таямнiчаю асобаю, чужаземцам цi нечужаземцам, якi зараней ведаў пра смерць Берлiёза i асабiста бачыў Понцiя Пiлата.

Свiта маўклiва, нават не варухнулася, слухала паэта.

- Пiлата? Пiлат, гэта - якi жыў пры Iсусе Хрысце? - прыжмурыўся на Iвана i спытаўся Стравiнскi.

- Той самы.

- Ага, - сказаў Стравiнскi, - а гэты Берлiёз загiнуў пад трамваем?

- Вось яго ўчора пры мне i зарэзала трамваем на Патрыярхавых, прычым гэты загадкавы грамадзянiн...

- Знаёмы Понцiя Пiлата? - спытаў Стравiнскi, якi, вiдаць, быў кемлiвы.

- Менавiта ён, - пацвердзiў Iван, вывучаючы Стравiнскага, - дык вось ён i сказаў, што Анечка разлiла алей... А ён i паслiзнуўся якраз на тым месцы! Як вам гэта падабаецца? - шматзначна запытаўся Iван, спадзеючыся на вялiкi эфект ад сваiх слоў.

Але эфекту не было, i Стравiнскi зусiм проста папытаўся далей:

- А хто ж гэтая Анечка?

Гэтае пытанне крыху расчаравала Iвана, твар яго перасмыкнуўся.

- Анечка тут не галоўнае, - прамовiў ён i захваляваўся, - бог яе ведае, хто яна такая. Проста нейкая дурнiца з Садовае. А важна тое, што ён зараней, разумееце, зараней ведаў пра алей! Вы разумееце!

- Цудоўна разумею, - сур'ёзна сказаў Стравiнскi, дакрануўся да паэтавага калена i дадаў: - Не хвалюйцеся i працягвайце.

- Працягваю, - сказаў Iван i стараўся трапiць у лад Стравiнскаму, ведаючы з горкага вопыту, што толькi вытрымка дапаможа яму. - Дык вось, гэты страшны тып, а ён хлусiць, што ён кансультант, валодае нейкаю незвычайнаю сiлаю... Напрыклад, за iм гонiшся, а дагнаць не можаш. Ды з iм яшчэ парачка, i таксама прыгажуны свайго роду: нейкi доўгi з пабiтымi шкламi i, акрамя таго, неверагодных памераў кот, якi сам ездзiць у трамваi. Акрамя ўсяго, - Iвана нiхто не перабiваў, i ён пачаў гаварыць з усё большым запалам i пераконанасцю, - ён асабiста быў на балконе ў Понцiя Пiлата, у чым няма нiякага сумнення. Дык што ж гэта такое? А? Яго трэба неадкладна арыштаваць, а то ён наробiць бяды, што i не апiсаць!


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: