Жонка пабегла ў пярэднi пакой, а Мiканор Iванавiч апалонiкам павалок з вогненнага возера - яе, костку, трэснутую ўдоўжкi. Але ў гэтае iмгненне ў сталоўку ўвайшлi двое грамадзян, а за iмi чамусьцi спалатнелая Пелагея Антонаўна. Як толькi глянуў на грамадзян, адразу ж спалатнеў i Мiканор Iванавiч. I ўстаў.
- Дзе сарцiр? - заклапочана сказаў першы, якi быў у касаваротцы.
На стале нешта грукнула (гэта Мiканор Iванавiч упусцiў лыжку на стол).
- Тут, тут, - скоранька загаварыла Пелагея Антонаўна.
I прышлыя адразу ж памкнулiся ў калiдор.
- А што такое? - цiха спытаўся Мiканор Iванавiч, якi iшоў следам. - У нас нiчога такога ў кватэры быць не можа... а ў вас дакуменцiкi... я прашу прабачэння...
Першы на хаду паказаў Мiканору Iванавiчу дакуменцiкi, а другi ўжо стаяў на табурэтцы ў прыбiральнi з рукою ў вентыляцыйным ходзе. У вачах у Мiканора Iванавiча пацямнела. Газету разгарнулi, але ў ёй аказалiся не рублi, а невядомыя грошы, не то сiнiя, не то зялёныя, з партрэтам нейкага старога. Мiж iншым, усё гэта Мiканор Iванавiч бачыў ужо цьмяна, у вачах у яго плавалi нейкiя плямы, плямы.
- Даляры ў вентыляцыi, - задумлiва сказаў першы i спытаўся ў Мiканора Iванавiча ветлiва: - Ваш пакецiк?
- Не! - адказаў Мiканор Iванавiч страшным голасам. - Вораг падкiнуў!
- Гэта бывае, - згадзiўся той, першы, i зноў мякка дадаў: - Ну што ж, трэба здаваць i астатнiя.
- Няма ў мяне! Няма, богам клянуся, нiколi ў руках не трымаў! - адчайна ўскрыкнуў старшыня.
Ён кiнуўся да куфра, дастаў партфель i ўвесь час мармытаў незразумелае:
- Вось кантракт... перакладнiк-гад падкiнуў... Кароўеў у пенснэ!
Ён расшпiлiў партфель, зiрнуў у яго, усунуў руку, пасiнеў з твару, упусцiў партфель у боршч. У партфелi нiчога не было: нi Сцёпкавага пiсьма, нi кантракта, нi чужаземцавага пашпарта, нi грошай, нi кантрамаркi. Нiчога, словам, акрамя складнога метра.
- Таварышы! - дзiка закрычаў старшыня. - Трымайце iх! У нашым доме нячыстая сiла!
I тут зусiм невядома што здалося Пелагеi Антонаўне, але яна ўспляснула рукамi, ускрыкнула:
- Пакайся, Iванавiч! Табе скiдка выйдзе!
З набеглымi крывёй вачыма Мiканор Iванавiч падняў кулакi над жончынай галавою:
- У-у, дура праклятая!
Тут ён аслабеў i апусцiўся на крэсла, мабыць, вырашыў пакарыцца непазбежнаму.
У гэты час Цiмафей Кандратавiч Квасцоў на пляцоўцы прыпадаў да замочнае адтулiны старшынёвае кватэры то вухам, то вокам i канаў ад цiкаўнасцi.
Праз пяць хвiлiн жыхары дома, якiя былi ў двары, бачылi, як старшыня з двума чалавекамi пайшоў проста ў вароты дома. Расказвалi, што на Мiканору Iванавiчу i твару не было, што ён хiстаўся, як п'яны, i нешта мармытаў.
А яшчэ праз гадзiну невядомы грамадзянiн з'явiўся ў кватэру нумар адзiнаццаць, якраз у той час, калi Цiмафей Кандратавiч, захлёбваючыся ад задавальнення, расказваў iншым жыхарам пра тое, як замялi старшыню, пальцам паклiкаў Цiмафея Кандратавiча ў пярэднi пакой, нешта яму сказаў i знiк разам з iм.
Раздзел 10
ВЕСТКI З ЯЛТЫ
У гэты час, калi адбылося няшчасце з Мiканорам Iванавiчам, недалёка ад дома No 302-бiс, усё на той самай Садовай, у кабiнеце фiнансавага дырэктара Вар'етэ Рымскага знаходзiлiся двое: сам Рымскi i адмiнiстратар Вар'етэ Варэнуха.
Вялiкi кабiнет на другiм паверсе тэатра двума вокнамi выходзiў на Садовую, адным, якраз за плячыма ў фiндырэктара, якi сядзеў за пiсьмовым сталом, у летнi сад, на Вар'етэ, дзе размяшчалiся буфеты, цiр i адкрытая эстрада. Упрыгожвалi кабiнет, акрамя пiсьмовага стала, старыя афiшы, якiя вiселi на сцяне, маленькi столiк з графiнам вады, чатыры крэслы i падстаўка ў куце, на якой стаяў стары запылены макет нейкага вiдовiшча. Ну, i само сабой разумеецца, што, акрамя гэтага, была ў кабiнеце невялiкая аблупленая незгаральная каса, леваруч ад Рымскага, побач з пiсьмовым сталом.
Рымскi, якi сядзеў за сталом, зранку быў у дрэнным настроi, а Варэнуха, наадварот, быў ажыўлены, вясёлы i падазрона дзейсны. Але выйсця ягоная энергiя не знаходзiла.
Варэнуха хаваўся цяпер у кабiнеце фiндырэктара ад кантрамарачнiкаў, якiя не давалi яму продыху, асаблiва калi мянялася праграма. А сёння якраз i быў такi дзень.
Як толькi пачынаў звiнець тэлефон, Варэнуха браў слухаўку i хлусiў у яе:
- Хто? Варэнуха? Яго няма. Некуды пайшоў з тэатра.
- Патэлефануй ты, калi ласка, яшчэ раз Лiхадзееву, - раззлавана сказаў Рымскi.
- Ды няма яго дома. Я Карпава туды пасылаў. Нiкога няма ў кватэры.
- Халера ведае што творыцца, - шыпеў Рымскi i пстрыкаў лiчыльнаю машынкаю.
Дзверы адчынiлiся, i капельдынер прывалок тоўсты пачак толькi што аддрукаваных дадаткова афiш. На зялёных аркушах вялiкiмi чырвонымi лiтарамi было надрукавана:
СЕННЯ I ШТОДЗЕННА Ў ТЭАТРЫ ВАР'ЕТЭ
ДАДАТКОВА ДА ПРАГРАМЫ:
ПРАФЕСАР ВОЛАНД
СЕАНСЫ ЧОРНАЕ МАГII З ПОЎНЫМ ЯЕ ВЫКРЫЦЦЁМ
Варэнуха адступiўся ад афiшы, накiнутай iм на макет, палюбаваўся ёю i загадаў капельдынеру неадкладна пусцiць усе экземпляры на расклейку.
- Добра, кiдка, - зазначыў Варэнуха пасля таго, як капельдынер выйшаў.
- А мне зусiм не падабаецца гэтая выдумка, - злосна зiрнуў праз рагавыя акуляры на афiшу i прабурчаў Рымскi, - i наогул я здзiўляюся, як яму дазволiлi гэта паказваць!
- Не, Рыгор Данiлавiч, не гавары, гэта даволi тонкi манеўр. Тут уся соль у выкрыццi.
- Не ведаю, не ведаю, нiякага тут цымусу няма, i заўсёды ён выдумае лiха ведае што! Хаця б паказаў гэтага мага. Ты яго бачыў? Дзе ён яго адкапаў, лiха яго ведае!
Высветлiлася, што Варэнуха, гэтаксама як i Рымскi, не бачыў мага. Учора Сцёпа ("як звар'яцелы", сказаў Рымскi) прыбег да фiндырэктара з напiсаным чарнавiком дагавора, загадаў яго перапiсаць i адразу ж выдаць грошы. I маг гэты змыўся, i яго нiхто не бачыў, акрамя Сцёпы.
Рымскi дастаў гадзiннiк, убачыў, што на iм пяць хвiлiн на трэцюю гадзiну, i зусiм азвярэў. I сапраўды! Лiхадзееў тэлефанаваў прыкладна ў адзiнаццаць гадзiн, сказаў, што прыйдзе праз паўгадзiны, i не толькi не прыйшоў, але i з кватэры знiк!
- У мяне ж работа стаiць! - гыркаў Рымскi i тыцкаў пальцам у стос непадпiсаных папер.
- Цi не трапiў i ён, як Берлiёз, пад трамвай? - гаварыў Варэнуха i прыцiскаў да вуха слухаўку, у якой чулiся густыя, працяглыя i зусiм безнадзейныя сiгналы.
- А добра было б... - ледзь чутна працадзiў скрозь зубы Рымскi.
У гэты момант у кабiнет увайшла жанчына ў форменнай куртцы, у фуражцы, у чорнай спаднiцы i ў тапках. З маленькай сумачкi на баку жанчына дастала беленькi квадрацiк i сшытак, спыталася:
- Дзе тут Вар'етэ? Звышмаланка вам. Распiшыцеся.
Варэнуха чаркануў у сшытку нейкую крывулiну i, як толькi зачынiлiся за ёй дзверы, разгарнуў квадрацiк.
Прачытаў тэлеграму, замiргаў вачыма i перадаў яе Рымскаму.
У тэлеграме было надрукавана наступнае: "Ялты Маскву. Вар'етэ. Сёння палове дванаццатай крымiнальны вышук з'явiўся шатэн начной сарочцы штанах без ботаў псiхiчны назваўся Лiхадзеевым дырэктарам Вар'етэ Маланкуйце ялцiнскi вышук дзе дырэктар Лiхадзееў".
- Вось табе i маеш! - усклiкнуў Рымскi i дадаў: - Яшчэ сюрпрыз!
- Лжэдзiмiтрый, - сказаў Варэнуха i загаварыў у тэлефонную слухаўку: Тэлеграф? На рахунак Вар'етэ. Прымiце звышмаланку... Вы чуеце?.. "Ялта, крымiнальны вышук... Дырэктар Лiхадзееў Маскве Фiндырэктар Рымскi"...
Незалежна ад паведамлення пра ялцiнскага самазванца, Варэнуха зноў пачаў шукаць Сцёпу па тэлефоне дзе мог i, зразумела, нiдзе не знайшоў. Якраз у той момант, калi Варэнуха трымаў у руцэ слухаўку i думаў, куды б яшчэ патэлефанаваць, увайшла тая самая жанчына, што прынесла i першую маланку, i ўручыла Варэнуху новы канверцiк. Варэнуха паспешна распячатаў яго, прачытаў надрукаванае i свiснуў.
- Што яшчэ? - спытаў Рымскi i нервова перасмыкнуўся.
Варэнуха моўчкi падаў тэлеграму, i фiндырэктар убачыў у ёй словы: "Малю верыць кiнуты Ялту гiпнозам Воланда маланкуйце вышуку пацвярджэнне асобы Лiхадзееў".
Рымскi i Варэнуха, прытулiўшыся, перачыталi тэлеграму i моўчкi вылупiлiся адзiн на аднаго.
- Грамадзяне! - раптам раззлавалася жанчына. - Распiсвайцеся, а потым будзеце маўчаць колькi вам хочацца! Я ж маланкi разношу!
Варэнуха, не адрываючы вачэй ад тэлеграмы, крыва чыркануў у сшытку, i жанчына знiкла.
- Ты ж з iм на пачатку дванаццатай гаварыў па тэлефоне? - з поўным неразуменнем загаварыў адмiнiстратар.
- Дык смешна гаварыць! - пранiзлiва закрычаў Рымскi. - Тэлефанаваў я яму цi не тэлефанаваў, а не можа ён зараз быць у Ялце! Гэта недарэчна!
- Ён п'яны... - сказаў Варэнуха.
- Хто п'яны? - спытаўся Рымскi, i абодва вытрашчылiся адзiн на аднаго.
Што тэлеграфаваў з Ялты нейкi вар'ят цi самазванец, у гэтым не было сумнення, але вось што было дзiўна: адкуль той ялцiнскi мiстыфiкатар ведае пра Воланда, якi толькi ўчора прыехаў у Маскву? Адкуль ён ведае пра сувязь Лiхадзеева i Воланда?
- "Гiпнозам..." - паўтарыў Варэнуха словы з тэлеграмы. - Адкуль яму вядома пра Воланда? - ён недаўменна памiргаў вачыма i крыкнуў рашуча: - Ды не, глупства, глупства, глупства!
- Дзе ж ён спынiўся, гэты Воланд, чорт бы яго ўзяў? - спытаўся Рымскi.
Варэнуха адразу патэлефанаваў у iнтурысцкае бюро i, на вялiкае здзiўленне Рымскага, паведамiў, што спынiўся Воланд на кватэры ў Лiхадзеева. Варэнуха пасля гэтага набраў нумар лiхадзееўскай кватэры i доўга слухаў, як густа гудзе ў слухаўцы. Сярод гэтых гудкоў аднекуль здалёку пачуўся цяжкi, пануры голас, якi праспяваў: "...скалы, мой приют..." - i Варэнуха вырашыў, што ў тэлефонную сетку аднекуль прарваўся голас з радыётэатра.
- Не адказвае кватэра, - сказаў Варэнуха i паклаў слухаўку на рычаг, хiба яшчэ раз паспрабаваць патэлефанаваць?
Ён не дагаварыў, у дзвярах паказалася тая самая жанчына, i абодва, Рымскi i Варэнуха, усталi ёй насустрач, а яна дастала з сумкi не белы, а нейкi цёмны аркушык.