- Прозвiшча маё, - суровасць нiяк не збянтэжыла грамадзянiна, - ну, скажам, Кароўеў. Ды цi не хочаце чарачку, Мiканор Iванавiч? Па-свойску! Га?
- Прабачце! - Мiканор Iванавiч ужо абураўся. - Якiя тут чарачкi? (Трэба прызнацца, хаця гэта i непрыемна, што Мiканор Iванавiч быў ад прыроды чалавек грубаваты.) - На палавiне нябожчыка сядзець не дазволена! Вы што тут робiце?
- Ды вы прысядзьце, Мiканор Iванавiч, - крычаў грамадзянiн. Ён зусiм не разгубiўся, круцiўся, прапаноўваў старшынi крэсла.
Мiканор Iванавiч даволi люта адапхнуў крэсла i закрычаў:
- Хто вы такi, нарэшце?
- Я, майце ласку ведаць, перакладнiк пры асобе чужаземца, якi мае рэзiдэнцыю ў гэтай кватэры, - адрэкамендаваўся незнаёмы Кароўеў i грукнуў абцасам рыжага неваксаванага чаравiка.
Мiканор Iванавiч разявiў рот. Наяўнасць нейкага чужаземца, ды яшчэ з перакладнiкам, у гэтай кватэры была яму неверагодным сюрпрызам, i ён запатрабаваў тлумачэння.
Перакладнiк ахвотна растлумачыў. Замежны артыст пан Воланд быў прыязна запрошаны дырэктарам Вар'етэ Сцяпанам Багданавiчам Лiхадзеевым пажыць у час сваiх гастроляў, прыкладна тыдзень, на яго кватэры, пра што ён яшчэ ўчора напiсаў Мiканору Iванавiчу просьбу прыпiсаць чужаземца часова, пакуль сам Лiхадзееў з'ездзiць у Ялту.
- Нiчога ён мне не пiсаў, - здзiўлена сказаў старшыня.
- А вы паглядзiце ў сваiм партфелi, Мiканор Iванавiч, - соладка прапанаваў Кароўеў.
Мiканор Iванавiч пацiснуў плячыма, расшпiлiў партфель i знайшоў у iм пiсьмо Лiхадзеева.
- Як жа я пра яго забыў? - тупа глядзеў на распячатаную капэрту i мармытаў Мiканор Iванавiч.
- Бывае i не такое, бывае, Мiканор Iванавiч! - затрашчаў Кароўеў. Няўважлiвасць, няўважлiвасць, i ператомленасць, i павышаны цiск, дарагi Мiканор Iванавiч! Я сам жахлiва няўважлiвы. Як-небудзь пры чарцы я раскажу вам некалькi фактаў з мае бiяграфii, i ў вас жывот забалiць ад рогату.
- Калi ж Лiхадзееў едзе ў Ялту?
- Ды ён паехаў, паехаў! - закрычаў перакладнiк. - Ён, ведаеце, iмчыць ужо, iмчыць! Ён ужо чортведама дзе! - I тут перакладнiк замахаў рукамi, як млын крыламi. Мiканор Iванавiч заявiў, што яму трэба ўбачыць чужаземца асабiста, але тут атрымаў ад перакладнiка адмову: нельга, заняты. Дрэсiруе ката.
- Ката, калi хочаце, магу паказаць, - прапанаваў Кароўеў.
Ад гэтага, у сваю чаргу, адмовiўся Мiканор Iванавiч, а перакладнiк адразу ж зрабiў старшынi нечаканую, але надта цiкавую прапанову.
Улiчваючы тое, што пан Воланд нiзавошта не хоча жыць у гатэлi, а жыць ён прывык прасторна, дык вось цi не дазволiць жылтаварыства заняць на тыдзень, пакуль працягваюцца гастролi Воланда ў Маскве, яму ўсю кватэру, гэта значыць i пакоi нябожчыка?
- Яму ж усё роўна, нябожчыку, - шэптам пеў Кароўеў, - яму цяпер, згадзiцеся самi, Мiканор Iванавiч, кватэра гэтая да лямпачкi?
Мiканор Iванавiч недаўменна запярэчыў, што чужаземцам належыць жыць у "Метраполi", а не на прыватных кватэрах.
- Кажу вам, капрызны, як чортведама што! - зашаптаў Кароўеў. - Ну не хоча! Не любiць ён гатэляў! Во яны дзе ў мяне сядзяць, гэтыя iнтурысты! - iнтымна паскардзiўся Кароўеў i ткнуў пальцам у сваю жылiстую шыю. - Верыце, усю душу выматалi! Прыедзе... i цi нашпiёнiць, як сучы сын, цi капрызамi ўсе нервы выматае: i тое яму не гэтак, i гэта яму не так!.. А вашаму таварыству, Мiканор Iванавiч, поўная выгада i вiдавочны прафiт. А грошай ён не пашкадуе, - Кароўеў азiрнуўся, потым шапнуў на вуха старшынi: - Мiльянер!
У прапанове перакладнiка быў закладзены яўны практычны сэнс, прапанова была даволi аўтарытэтная, але нешта надзiва не аўтарытэтнае было i ў манеры перакладнiка гаварыць, i ў яго адзеннi, i ў гэтым мярзотным, нiчога не вартым пенснэ. У вынiку гэтага нешта падсвядомае мучыла старшынёву душу, i ўсё ж ён вырашыў згадзiцца з прапановаю. Справа ў тым, што таварыства мела даволi вялiкi дэфiцыт. Да восенi трэба было выкупiць нафту на паравое ацяпленне, а за якую фiгу - невядома. З iнтурыставымi грашыма i можна будзе выкруцiцца. Але дзелавы i асцярожны Мiканор Iванавiч заявiў, што яму перш за ўсё трэба ўвязаць гэтае пытанне з iнтурысцкiм бюро.
- Я разумею, - крыкнуў Кароўеў, - як жа гэта без увязкi, абавязкова. Вось вам тэлефон, Мiканор Iванавiч, i тэрмiнова ўвязвайце. А наконт грошай не думайце, - шэптам дадаў ён i павёў старшыню ў пярэднi пакой да тэлефона, - з каго ж узяць, як не з яго? Каб вы бачылi, якая ў яго вiла ў Нiцы! На наступнае лета, як паедзеце за мяжу, знарок заязджайце паглядзець - ахнеце!
Справа з iнтурысцкiм бюро ўладзiлася па тэлефоне з незвычайнаю хуткасцю, якая ўразiла старшыню. Аказалася, што там ужо ведаюць пра намер пана Воланда жыць у прыватнай кватэры Лiхадзеева i супраць не маюць нiчога.
- Ну i цудоўна! - крычаў Кароўеў.
Крыху аглушаны яго траскатнёю, старшыня заявiў, што жылтаварыства згодна здаць на тыдзень кватэру No 50 артысту Воланду з платай па... - Мiканор Iванавiч сумеўся крыху i сказаў:
- Па пяцьсот рублёў у дзень.
Тут Кароўеў канчаткова ўразiў старшыню. Ён жулiкавата падмiргнуў на спальню, адкуль чуваць было, як мякка скача кот, i прасiпеў:
- За тыдзень, выходзiць, тры з паловаю тысячы? Мiканор Iванавiч падумаў, што ён дадасць: "Аднак жа i апетыт у вас, Мiканор Iванавiч!" - але Кароўеў сказаў зусiм iншае:
- Прасiце пяць, ён дасць! Хiба гэта сума? Мiканор Iванавiч разгублена ўсмiхнуўся i сам не заўважыў, як апынуўся ля пiсьмовага стала нябожчыка, дзе Кароўеў хуценька напiсаў кантракт у двух экземплярах. Пасля гэтага ён злятаў з iм у спальню i адразу ж вярнуўся, абодва экземпляры былi размашыста падпiсаны чужаземцам. Падпiсаў кантракт i старшыня. Тут Кароўеў запатрабаваў распiсачку на пяць...
- Пропiссю, пропiссю, Мiканор Iванавiч!.. тысяч рублёў... - i са словамi, якiя не стасавалiся да сур'ёзнай справы: - Эйн, цвэй, дрэй! - паклаў старшынi пяць новенькiх банкаўскiх пачкаў.
Адбыўся пералiк, перасыпаны жарцiкамi i прымаўкамi Кароўева накшталт "грошыкi падлiк любяць", "свае вочкi не глядзяць убочкi" i iншымi.
Пасля таго як пералiчыў грошы, атрымаў ад Кароўева пашпарт чужаземца i кантракт i ўсё паклаў у партфель, старшыня не ўтрымаўся i сарамлiва папрасiў кантрамарку...
- Пра што гаворка! - гаркнуў Кароўеў. - Колькi вам бiлецiкаў, Мiканор Iванавiч, дванаццаць, пятнаццаць?
Агаломшаны старшыня растлумачыў, што кантрамаркi яму патрэбны толькi дзве, яму i Пелагеi Антонаўне, яго жонцы.
Кароўеў адразу ж выхапiў блакнот i залiхвацка выпiсаў Мiканору Iванавiчу кантрамарачку на дзве асобы на першым радзе. I гэту кантрамарачку перакладнiк леваю рукою спрытна ўсунуў Мiканору Iванавiчу, а праваю ўклаў у руку старшынi тоўсты хрусткi пачак. Мiканор Iванавiч кiнуў на яго вокам, густа пачырванеў i пачаў адпiхаць ад сябе.
- Гэтага не паложана... - мармытаў ён.
- I слухаць не буду, - зашаптаў яму на вуха Кароўеў, - у нас не палагаецца, а за мяжой палагаецца. Вы пакрыўдзiце яго, Мiканор Iванавiч, а гэта няёмка. Вы працавалi...
- Строга праследуецца... - цiхенька прашаптаў старшыня i азiрнуўся.
- А сведкi дзе? - шапнуў на другое вуха Кароўеў. - Я ў вас пытаюся, дзе яны? Што вы?
I тут здарылася, як сцвярджаў потым старшыня, дзiва: пачак сам сабою ўпоўз яму ў партфель. Потым старшыня, нейкi расслаблены i нават разбiты, апынуўся на лесвiцы. Вiхор думак бушаваў у яго ў галаве. У iм круцiлiся i вiла ў Нiцы, i дрэсiраваны кот, i думка пра тое, што сведкаў сапраўды не было, i што Пелагея Антонаўна будзе рада кантрамарцы. Гэта былi блытаныя думкi, але ў цэлым прыемныя. I разам з тым нейкая iголачка ў самай глыбiнi душы паколвала старшыню. Гэта была iголачка трывогi. Акрамя ўсяго, тут, на лесвiцы, старшыню, як удар, працяла думка: "А як трапiў у кабiнет перакладнiк, калi на дзвярах была пячатка?! I як гэта ён, Мiканор Iванавiч, пра гэта не папытаўся?" Нейкi час старшыня, як баран, глядзеў на прыступкi лесвiцы, але потым вырашыў напляваць на ўсё гэта i не мучыць сябе непатрэбнымi пытаннямi...
Ледзь толькi старшыня выйшаў з кватэры, са спальнi даляцеў густы голас:
- Мне гэты Мiканор Iванавiч не спадабаўся. Ён абармот i ашуканец. Цi нельга зрабiць так, каб ён больш не прыходзiў сюды?
- Месiр, вам варта толькi загадаць!.. - адгукнуўся аднекуль Кароўеў, але не дрыготкiм, а чыстым i гучным голасам.
I адразу ж пракляты перакладнiк апынуўся ў пярэднiм пакоi, накруцiў там тэлефонны нумар i пачаў чамусьцi плаксiва гаварыць у слухаўку:
- Галё! Лiчу, што мой абавязак паведамiць, што наш старшыня жылтаварыства дома нумар трыста два-бiс на Садовай, Мiканор Iванавiч Босы, спекулюе валютаю. Зараз у яго ў кватэры нумар трыццаць пяць, у прыбiральнi, у газетнай паперы чатырыста даляраў. Гаворыць жыхар адзначанага дома з кватэры нумар адзiнаццаць Цiмафей Квасцоў. Але богам прашу трымаць маё прозвiшча ў тайне. Баюся помсты вышэйназванага старшынi.
I нягоднiк павесiў слухаўку.
Што далей адбывалася ў кватэры No 50 невядома, што ў кватэры Мiканора Iванавiча - вядома. Ён зашчапiўся дома ў прыбiральнi, дастаў з партфеля пачак, пераканаўся, што ў iм чатырыста рублёў. Гэты пачак Мiканор Iванавiч закруцiў у абрывак газеты i сунуў у вентыляцыйную адтулiну.
Праз пяць хвiлiн старшыня сядзеў за сталом у сваёй чысценькай маленькай сталоўцы. Жонка яго прынесла з кухнi акуратна парэзанага селядца, густа пасыпанага зялёнаю цыбуляю. Мiканор Iванавiч налiў у лафiтнiчак гарэлкi, выпiў, другi раз налiў, выпiў, падхапiў на вiдэлец тры кавалачкi селядца... i ў гэты час пазванiлi, а Пелагея Антонаўна прынесла рондаль, глянуўшы на якi абавязкова i адразу здагадаешся, што ў iм, у гушчы вогненнага баршчу, знаходзiцца тое, смачней за што няма на свеце, - мазгавая костка.
Мiканор Iванавiч скаўтнуў слiну i правурчаў, як сабака:
- А каб вы правалiлiся! Пад'есцi не дадуць. Не ўпускай нiкога, мяне няма дома. Наконт кватэры скажы, каб перасталi балбатаць. Праз тыдзень будзе паседжанне...