У галаве Пасько варухнулася думка - цi не вярнуцца назад? Агледзець зоркалёт - i на базу. А сапсаваны робат хай ужо дажывае свой век тут, у каменнай пустынi. Гэта было б самым простым i лёгкiм, але Пасько ўсё жыццё баяўся iменна такiх рашэнняў.

Тым часам робат зноў даў аб сабе знаць. Яго голас прагучаў амаль выразна. Вiдаць, ён быў ужо недзе побач. Пасько пазнаў англiйскую мову, яму здалося, ён нават разабраў два знаёмыя словы: "...знайду цябе..." Ён не быў да канца ўпэўнены, што гэта iменна так. Але ж яму трэба было гаварыць зараз з робатам, якому не крыкнеш: "Што за сiстэма аптымiзатараў у тваiм мозгу?" I Пасько, пакапаўшыся ў сваiх небагатых моўных запасах, знайшоў толькi:

- Хэллоў, фрэнд!

Мармытанне сцiхла, быццам робат прыслухоўваўся ц! гадаў, хто б гэта мог яго аклiкнуць. I раптам, раздзiраючы вушы, у шлемафоне загрукатала:

- Га-га-га! Пачвара!

Азадачаны Пасько не адразу знайшоўся i толькi пасля замiнкi вымавiў:

- Робат, я чалавек! Ча-ла-век!

- Хэллоў, стары! I даўно?

- Што даўно?.. - Пасько разгубiўся зноў.

- Гэта самае... Чалавек... Чалавек!.. Га-га-га!

Пасько падумаў, што робат зусiм сапсаваны, i асцярожна выглянуў з-за каменя. Робата ён убачыў адразу. Убачыў яго i робат, бо iмгненна ўскiнуў руку. Блiснула маланка, i Пасько адчуў, як па скафандру забарабанiлi каменныя асколкi. Ад нечаканасцi ён падаўся наперад i, страцiўшы раўнавагу, распластаўся на адкрытай тэрасе.

Да робата было метраў пяцьдзесят. не больш. Ён стаяў спакойны, трохi заклапочаны i вельмi ўважлiва разглядаў пiсталет, з якога iмгненне назад вылецеў смертаносны зарад. Побач з магутнай скалой ён выглядаў нiкчэмным, нават бездапаможным. Пасько цiхенька, каб не заўважыў робат, выпростваў руку з плазменным нажом. Рызыкаваць больш не хацелася. Пасько вырашыў секануць гэтага механiчнага разбойнiка па руках.

Робат, пакруцiўшы пiсталет, прывычным рухам засунуў яго ў кабуру i павярнуўся да Пасько. Пасько зiрнуў i пахаладзеў ад жаху. Праз пластык на яго глядзелi... жывыя вочы. Пастаяўшы з хвiлiну, нiбы ў роздуме, робат зрабiў крок, другi...

Пасько ляжаў i думаў, што яму рабiць, бо нацiснуць кнопку нажа ён ужо чамусьцi не адважваўся. А робат, прабегшы трохi, раптам заскакаў на адной назе, выкрыкваючы нешта незразумелае. Потым, крутануўшыся, сарваў шлем скафандра...

Пасько закрычаў. Гэта быў... чалавек. Блiснулi i замерлi, ашклянеўшы, вар'яцкiя вочы. Галава некалькi разоў сутаргава перасмыкнулася, адкрыты рот хапаў яшчэ пустату, а ногi падкасiлiся, i тулава асунулася ўнiз. Пасько не паспеў нават падхапiцца, як усё скончылася.

Ён загiнуў, забраўшы з сабой тайну гiбелi Пунтуса i Марцалiса. Загiнуў бессэнсоўна, хаця i перажыў, дзякуючы субсветавой хуткасцi зоркалёта, сваю эпоху. Яго смерць з'явiлася завяршэннем яго вар'яцтва. Хутчэй за ўсё з каманды таго карабля ён быў апошнiм. Пасько дапускаў, што чалавек, страцiўшы надзею вярнуцца на Зямлю, можа звар'яцець. Але чаму вар'яцтва набыло такiя чалавеканенавiснiцкiя, крыважэрныя формы? Пасько адчуваў, што не зможа вярнуцца на базу, не высветлiўшы гэтай акалiчнасцi.

Накрыўка ўваходнага люка зоркалёта была адкiнута - яшчэ адно сведчанне гiбелi экiпажа. Пасько па трапе падняўся ў дэзакамеру. Пераступiўшы парог, ён апынуўся ў цёмнай кабiне. Пастаяў, нiбы праходзiў там дэзiнфекцыго, вобмацкам знайшоў дзверцы i перабраўся ў калiдор. Аварыйная электрастанцыя, напэўна, ужо таксама не працавала. У калiдоры цемра здавалася яшчэ гусцейшай. Пасько пасвяцiў лiхтарыкам. Вузкi, доўгi калiдор нахiленага зоркалёта крута падымаўся ўгару.

Трымаючыся за парэнчы, Пасько зрабiў крок i спынiўся. Яму здалося, што ўся шматтонная аграмадзiна зоркалёта быццам зацiскала яго шэрымi металiчнымi сценамi.

Святло лiхтара выхоплiвала з цемры дзверы кают, якiя цягнулiся ўздоўж калiдора. Пасько прайшоў да рубкi ў самым носе карабля, адкрываючы адну за другой каюты i не адважваючыся заходзiць у iх.

Дзверы рубкi былi зачынены. Гэта яго здзiвiла. Падумаўшы крыху, ён падняў плазменны нож.

Чырванаватая нiтачка быццам абматала ручку дзвярэй, варухнулася i прапала. Аўтаматычны запор бясшумна вывалiўся на падлогу, слiзгануў па назе i пакацiўся ўнiз, мiгаючы апалiнай. Пасько нацiснуў на створкi i ўвайшоў у рубку. Iлюмiнатары былi занавешаны няшчыльна. Вузкiя палоскi святла лiлiся ў памяшканне, ствараючы ўражанне, што ўсе прадметы навокал пярэстыя. Пасько адсунуў фiранкi. У рубцы пасвятлела, на яго патыхнула запусценнем.

У кутку ляжаў на крэсле скамечаны свiтэр. На стале i пад сталом былi раскiданы плёнкi, карты, з iмi побач - кансервавыя бляшанкi, нейкая ежа... Ходавая рубка, напэўна, была апошнiм прыстанiшчам апошняга члена экiпажа.

Кароткi сiгнал напомнiў, што ў балонах засталося роўна палавiна кiслароду. Гэта вярнула Пасько да рэчаiснасцi. Досыць сузiрання! Трэба дзейнiчаць, i ён падышоў да пульта. Толькi тут яшчэ цеплiлася жыццё, самастойнае, незалежнае ад былых гаспадароў. Мiгцелi рознакаляровыя iндыкатары, дрыжалi стрэлкi на асветленых цыферблатах, жывячыся з нейкай крынiцы энергii. I не было iм нiякай справы да таго, што ўжо нiхто не паверне стартавы тумблер, не прагучыць па ўсяму зоркалёту прызыўны загад: "Гатоўнасць нумар адзiн".

Перад пультам два крэслы - пiлота i штурмана. Пасько сеў на штурманскае. У iм яму здалося больш прывычна, ён нават памацаў некаторыя кнопкi, нiбы там у сябе на "Валдаi". Хутчэй выпадкова, чым па натрэнiраванасцi, трапiў пальцам на патрэбную кнопку. Штурманскi экран раптам засвяцiўся. Некалькi секунд на iм чарнела нерухомае неба Бальдара, знаёмае Пасько па нядаўнiх назiраннях, потым паплыло, быццам зоркалёт зрушыўся з месца. Адно за другiм на экране ўзнiкалi невядомыя сузор'i, праз якiя цягнулася тонкая сiняватая лiнiя з мiнiяцюрным зоркалётам на канцы. Па яго руху Пасько здагадаўся, што кадры з трасай палёту плывуць у адваротным парадку. Цяпер гэта не мела iстотнага значэння. Шлях можна было прасачыць.

Зоркалёт нiдзе не рабiў пасадкi, Толькi зусiм нямнога не даляцеўшы да сiстэмы Сiрыуса, ён на нейкi час спынiўся i чамусьцi павярнуў назад. Напэўна, здарылася нешта непрадбачанае, калi каманда прыняла такое рашэнне, не выканаўшы задання. Пасько стаў шукаць вахценны дзённiк - можа, ён растлумачыць прычыну.

Гуказапiсы назiранняў дзяжурных ён знайшоў у невялiкай скрынцы з палiцамi, уманцiраванай у сцяну побач з пультам. Дзённiк быў звычайны, падобны на тыя, якiя здаўна вялi на марскiх, а потым i на касмiчных караблях. Дата. Каардынаты. Паказаннi прыбораў. I нiводнага слова, якое выказвала б эмоцыi або давала якую-небудзь ацэнку падзеям.

Павольна круцiўся дыск, на розныя галасы паведамляючы амаль адно i тое ж. Пасько слухаў, паступова трацячы ўважлiвасць пад уплывам безлiчы абстрактных для яго лiчбаў i кодаў. I раптам адна фраза вярнула яго да рэчаiснасцi. У шлемафоне, падключаным да гуказдымальнiка, пачулася нешта новае: "Памёр Майкл. Цяпер нас толькi трое".

У голасе адчувалася разгубленасць. Пасько паскорыў рух дыска. Праз трыццаць запiсаў зноў: "Здаравяк Бент, непахiсны Бент не прачнуўся. Не разумею". Пасько стала не па сабе: столькi адчаю было ў гэтых словах. А пазней той самы касманаўт зазначыў: "Непакоiць Ральф. Чаму на планетах павiнны быць пачвары ў вобразе чалавека?.. А дадому так далёка".

Вiдаць, аўтар запiсу быў моцны чалавек. Да канца плёнкi Пасько не пачуў больш нiводнай скаргi. I гэтага моцнага чалавека, мабыць, таксама не стала. Запiс абарваўся, нiчога не паведамiўшы пра пасадку. Значыць, выжыў толькi Ральф, той самы звар'яцелы Ральф?

Пасько ўявiў сябе на месцы Бента i таго, другога, што застаўся з Ральфам сам-насам, i скалануўся. Няўжо iх таксама напаткаў лёс Пунтуса i Марцалiса? Ён паклаў на месца плёнку, зачынiў скрынку i, кiнуўшы апошнi позiрк на пульт, выйшаў з рубкi. Адчуваў, што больш ужо нiколi не зможа вярнуцца сюды. Такое вiдовiшча яму не пад сiлу. Але перш чым назаўсёды развiтацца з караблём, ён павiнен быў пайсцi яшчэ на адно выпрабаванне наведаць каюту Ральфа. Ён не хацеў верыць, што космас можа давесцi чалавека да такога стану, i пераканаць сябе ў гэтым яму было надзвычай важна.


Перейти на страницу:
Изменить размер шрифта: