- Значыцца, малпа паходзiць ад чалавека?
- Некаторыя так i лiчаць, але на справе ўсё шмат больш складана. Малпа i чалавек на пэўным этапе эвалюцыi стварылi дзве розныя галiны: адна працягвала развiвацца i паступова дасягнула вяршынь розуму, другая ж застыла на ўзроўнi чалавечага свету. Зрэшты, многiя арангутаны ўсё яшчэ адмаўляюць гэтую вiдавочную iсцiну.
- Ты сказала, Зiра... цэлая плеяда вялiкiх вучоных - i ўсе шымпанзэ?..
Я перадаю нашыя гутаркi такiмi ж спантаннымi, якiмi яны i былi: iмкнучыся даведацца як найхутчэй пра ўсё, я задаваў сама розныя пытаннi, на якiя Зiра падоўгу адказвала.
- Амаль усе вялiкiя адкрыццi зроблены шымпанзэ, - з запалам пацвердзiла яна.
- У малпаў ёсць касты?
- Iснуюць тры групы - ты ўжо гэта, пэўна, заўважыў, - кожная са сваiмi ўласцiвасцямi: шымпанзэ, гарылы i арангутаны. Расавыя бар'еры, якiя былi памiж iмi раней, i ўзаемная варожасць, якую яны ўзбуджалi, знiшчаны дзякуючы пераважна намаганням шымпанзэ. Сёння ўсе тры расы ў прынцыпе роўныя.
- Але большая частка вялiкiх адкрыццяў зроблена ўсё-такi шымпанзэ?
- Натуральна.
- А хто такiя гарылы?
- Пажыральнiкi мяса, - сказала яна з пагардаю. - Некалi яны былi феадальнымi князькамi, i ў многiх дагэтуль захаваўся смак да ўлады. Яны без памяцi любяць арганiзоўваць i кiраваць. Сiбарыты. Любяць паляванне. А бяднейшыя наймаюцца на працу, якая вымагае вялiкай фiзiчнай сiлы.
- А што ты скажаш пра арангутанаў?
Зiра ўважлiва паглядзела на мяне, потым зарагатала.
- Iхняя справа - афiцыйная навука. Ты ўжо ў гэтым пераканаўся i, думаю, будзеш мець магчымасць пераканацца яшчэ не раз. Яны ведаюць практычна ўсё, што можна вычытаць з кнiг. Усе яны ўшанаваныя рознымi ўзнагародамi. Некаторыя лiчацца нават буйнымi знаўцамi ў якой-небудзь вузкай галiне, дзе патрабуецца добрая памяць. Што ж да астатняга...
Тут Зiра пагардлiва махнула рукою.
Я не стаў настойваць, вырашыўшы, што мы яшчэ паспеем пагаварыць пра гэта. А пакуль што я вярнуўся да больш агульных пытанняў. Па маёй просьбе Зiра намалявала генеалагiчнае дрэва малпаў, як яго ўяўляюць лепшыя спецыялiсты. Яно было досыць падобнае на нашыя схемы эвалюцыi вiдаў. Ад агульнага ствала, пачатак якога губляўся ў невядомасцi, аддзялялiся паслядоўна розныя галiны раслiны, аднаклеткавыя арганiзмы, кiшачна-поласцевыя, iгласкурыя; вышэй размяшчалiся рыбы, рэптылii i, нарэшце, сысуны. Далей вызначаўся клас, аналагiчны класу нашых чалавекападобных. Ад яго адыходзiла галiна чалавека бакавая i кароткая. Тым часам цэнтральны ствол працягваў расцi i разгалiноўвацца на розныя вiды дагiстарычных малпаў з цяжка прамаўляльнымi назвамi i, нарэшце, заканчваўся вiдам simie sapiens з трыма вяршынямi эвалюцыi: падвiдамi шымпанзэ, гарыл i арангутанаў.
- Мозг малпы, - працягвала Зiра, - развiваўся, ускладняўся i ператварыўся нарэшце ў орган мыслення, у той час як мозг чалавека не зведаў нiякiх змен.
- Але чаму такога развiцця дасягнуў менавiта мозг малпы?
- Натуральна, галоўную ролю адыграла мова. Але чаму малпы загаварылi, а людзi не? На гэты конт погляды вучоных разыходзяцца. Адны бачаць у гэтым волю творцы, другiя сцвярджаюць, што розум у малпаў эвалюцыянiраваў перш за ўсё дзякуючы наяўнасцi чатырох рухавых канечнасцяў. Магчыма, што чалавек з яго дзвюма рукамi i кароткiмi няспрытнымi пальцамi з самага пачатку апынуўся ў нявыгадным становiшчы: ён не мог прагрэсiраваць, набываць дакладнае ўяўленне пра навакольны свет. З гэтае ж прычыны людзi нiколi не ўмелi спрытна карыстацца прыладамi... Урэшце, магчыма, ён i спрабаваў навучыцца гэтаму ў пачатку сваёй эвалюцыi... Выяўлены цiкавыя знаходкi. Якраз цяпер у гэтым накiрунку вядзецца багата даследаванняў. Калi ты цiкавiшся гэтым, я пазнаёмлю неяк цябе з Карнэлiем. Ён разбiраецца ў гэтых пытаннях лепш за мяне.
- А што за Карнэлiй?
- Мой жанiх, - адказала Зiра, пачырванеўшы. - Вялiкi, сапраўдны вучоны.
- Шымпанзэ?
- Ну вядома!.. Дык вось, я асабiста ўпэўненая: той факт, што мы чатырохрукiя, адыграў у нашай духоўнай эвалюцыi велiзарную ролю. Гэта дазволiла нам спачатку ўзняцца на дрэвы i такiм чынам асвойтацца ў трохмернай прасторы, у той час як чалавек, прывязаны да зямлi праз сваю фiзiчную недасканаласць, чэзнуў на адной плоскасцi. Потым мы стварылi розныя прылады, зноў жа таму, што маглi ўдала iмi карыстацца. Пачаўся прагрэс, i такiм чынам мы дасягнулi вяршынь розуму.
На Зямлi я часта чуў, як абсалютна процiлеглыя доказы прыводзiлi для тлумачэння перавагi чалавека над астатнiмi жывёламi. Аднак, падумаўшы, я вырашыў, што разважаннi Зiры нi кроплю не менш пераканаўчыя за нашыя.
Я хацеў прадоўжыць гэтую размову, на языку ў мяне круцiлiся сотнi пытанняў, але тут нас перапынiлi Зарам i Занам, якiя прынеслi ежу для вячэрняй кармёжкi. Зiра шэптам пажадала мне: "Дабранач!" - i пайшла.
Я зноў застаўся ў клетцы сам-насам з Новаю. Мы паелi. Гарылы пайшлi, патушыўшы за сабою ўсе лямпы, апрача начнiка над дзвярыма, ад якога лiлося цьмянае святло. Я глядзеў на Нову, раздумваючы пра ўсё, што зведаў за гэты дзень. Нова, натуральна, ненавiдзела Зiру, i мае гамонкi з шымпанзэ раз'юшвалi яе. Спачатку яна як магла выказвала сваю незадаволенасць, спрабуючы перашкодзiць нам: станавiлася памiж мною i Зiраю, скакала па клетцы, вырывала з падсцiлкi пучкi саломы i кiдала iх у галаву разводнiцы. Каб утаймаваць яе, я быў вымушаны выкарыстаць сiлу. Атрымаўшы ад мяне некалькi звонкiх плескачоў, Нова нарэшце супакоiлася. Я дазволiў сабе такi недалiкатны жэст мiжволi i пазней шмат з-за гэтага перажываў, аднак Нова, здавалася, не сердавала зусiм.
Разумовае напружанне, якога вымагалi ад мяне тэорыi эвалюцыi, распрацаваныя малпамi, забрала ў мяне ўсю сiлу. Так што я быў толькi рады, калi ўбачыў, што, наблiзiўшыся, Нова пачала лашчыць мяне. Ласкi яе былi паўчалавечыя, паўжывёльныя: за ўвесь гэты час, пераймаючы адно аднаго, мы вынайшлi спосаб любоўных гульняў, якi ўвабраў у сябе часткова звычаi цывiлiзаваных зямлян i дзiкуноў Сароры.
Раздзел III
Для мяне гэта быў асаблiвы дзень. Паддаўшыся нарэшце маiм просьбам, Зiра згадзiлася вывесцi мяне з Iнстытута вышэйшай фiзiялогii - так называлася нашая ўстанова - на прагулку па горадзе.
Яна рашылася на гэта пасля доўгiх ваганняў. Спатрэбiлася багата часу, каб яна прывыкла лiчыць мяне разумнай iстотаю. Пакуль яна заставалася са мною, ёй гэта было няцяжка, але потым Зiру зноў адольвалi сумненнi. Паспрабуйце ўявiць сябе на яе месцы! Мае расказы пра людзей, а галоўнае, пра малпаў Зямлi абурылi яе - iнакш i быць не магло. Пазней Зiра прызналася, што доўгi час ёй больш хацелася бачыць ува мне чараўнiка цi шарлатана, абы толькi не прызнаваць прыведзеныя мною факты. Аднак пад нацiскам шматлiкiх удакладненняў i доказаў яна канчаткова паверыла ў мяне i нават пачала абдумваць планы майго вызвалення, справы, дарэчы, зусiм не простай, як яна мне растлумачыла. А пакуль што яна прыйшла за мною неўзабаве пасля поўдня, каб вывесцi мяне на шпацыр.
Пры адной толькi думцы, што я зноў убачу неба над галавою, сэрца маё так i закалацiлася, але я прыкметна астыў, калi ўбачыў, што Зiра збiраецца весцi мяне на ланцужку. Гарылы выцягнулi мяне з клеткi, бразнуўшы дзвярыма перад носам у Новы, i надзелi мне на шыю скураны ашыйнiк з прымацаваным да яго надзейным ланцугом. Зiра схапiла свабодны канец ланцуга i павяла мяне да выйсця пад улюлюканне Новы, якое раздзiрала мне душу. Ахоплены жалем, я пачаў супакойваць яе сяброўскiмi жэстамi, але, заўважыўшы гэта, шымпанзэ засердавала i, надта не цырымонячыся, тузанула за ланцуг. З тае пары як Зiра ўпэўнiлася, што ў мяне малпiн розум, мая сувязь з гэтай дзяўчынаю шакiравала яе.
Але калi мы засталiся адны ў паўцёмным пустым калiдоры, яе дурны настрой прайшоў.
- Напэўна, людзi Зямлi не прывыклi, - спыталася яна, смеючыся, - каб iх вось так прагульвала на павадку малпа?
Я запэўнiў яе, што ў нас такога не ўбачыш. Папрасiўшы прабачэння, Зiра растлумачыла, што некаторых прыручаных людзей можна вадзiць па вулiцах, не баючыся скандалу, але будзе спакайней, калi я застануся на ланцугу. Пазней, калi яна пераканаецца ў маёй паслухмянасцi, я, магчыма, змагу прагульвацца з ёю i без ланцуга.