Потым яна забылася, хто я такi - з Зiраю гэта здаралася, - i засыпала мяне iдыёцкiмi настаўленнямi:
- Не надумайся толькi кiдацца на мiнакоў або скалiць зубы... I божа цябе баранi падрапаць якое-небудзь даверлiвае дзiця, калi яно захоча пагладзiць цябе. Я не надзела табе наморднiк, аднак...
Але тут Зiра з рогатам спынiлася.
- О, прабач мне, прабач! - усклiкнула яна. - Я ўвесь час забываюся, што ты разумны, як малпа...
Яна па-сяброўску паляпала мяне па плячы, просячы прабачэння. Яе весялосць прыцiшыла злосць, якая пачала ўжо закiпаць ува мне. Мне заўсёды было прыемна чуць, як смяялася Зiра. Згадваючы Нову, якая ўсё яшчэ не магла выказваць гэтак сваю радасць, я толькi ўздыхаў. Неўзабаве весялосць шымпанзэ перадалася i мне. У паўзмроку калiдора рысы Зiры былi амаль нябачныя - я бачыў толькi яе белую пысачку. Зiра надзела яркую сукенку, а на галаву нацягнула студэнцкi каўпачок, якi закрываў яе вушы. На iмгненне я нават забыўся, што гэта малпа, i ўзяў яе пад руку. Гэта здалося ёй натуральным, i яна не запярэчыла. Так, прыцiснуўшыся адно да аднаго, мы прайшлi некалькi метраў. Але ў канцы калiдора было бакавое акно, i, спынiўшыся перад iм, Зiра жыва вызвалiла руку i адштурхнула мяне. Пасур'ёзнеўшы, яна нацягнула ланцуг.
- Ты не павiнен гэтага рабiць, - сумна сказала яна. - Па-першае, я заручаная i...
- Ты заручаная?!
Недарэчнасць гэтай заўвагi, зробленай у сувязi з маiм нявiнным сяброўскiм жэстам, мы адчулi адначасна. Пысачка ў Зiры паружавела, i яна паправiлася:
- Я хачу сказаць, што нiхто не павiнен падазраваць, якая твая сапраўдная сутнасць. Гэта ў тваiх iнтарэсах, павер мне.Я пакорлiва пацягнуўся ўслед за ёй на ланцугу. Мы выйшлi з будынка. Швейцар iнстытута, здаравенны самец-гарыла ў мундзiры, ветлiва пакланiўшыся Зiры, правёў мяне насмешлiвым позiркам. На вулiцы я ажно хiстацца пачаў: пасля трох месяцаў зняволення ў мяне ад гарадской мiтуснi i ззяння Бетэльгейзе кружылася галава. Я з усяе сiлы ўдыхаў цёплае паветра, чырванеючы ад сораму за тое, што iду па горадзе голы. У клетцы я прызвычаiўся да поўнай адсутнасцi адзежы, але тут, на вачах у мiнакоў-малпаў, якiя нязмушана разглядвалi мяне, зноў адчуў непрыстойнасць свайго выгляду. Зiра катэгарычна адмовiлася даць мне адзежу, сцвярджаючы, што тады я буду выглядаць яшчэ больш недарэчна, бо буду падобны на дрэсiраванага чалавека, з тых, што паказваюць на кiрмашах. I, вядома, яна мела рацыю. Калi мiнакi i азiралiся на мяне, дык не таму, што я быў голы, а таму, што быў чалавек, рэдкае вiдовiшча, якое выклiкала такую ж цiкаўнасць, якую ў французскiм горадзе магло б узбудзiць з'яўленне шымпанзэ. Дарослыя, пасмяяўшыся, iшлi сваёй дарогаю. Некалькi дзяцей, узрадаваных бясплатным прадстаўленнем, паскакалi за намi. Зiра хутка давяла мяне да сваёй машыны, пасадзiла на задняе сядзенне, а сама ўладкавалася за рулём, i мы не спяшаючыся паехалi па вулiцах.
Гэты горад, сталiцу адной з буйнейшых абласцей малпавай дзяржавы, я бачыў толькi з клеткi ў дзень прыбыцця, i цяпер мне даводзiлася нанова прывыкаць да таго, што ён населены малпамi-мiнакамi, малпамi- кiроўцамi, малпамi-гандлярамi, малпамi-дзялкамi, малпамi-палiцэйскiмi, аднымi малпамi! Калi б не гэта, горад не ўяўляў бы сабою нiчога асаблiвага. Дамы былi падобныя на нашыя дамы, вулiцы такiя ж бруднаватыя, як i ў нас... Рух быў менш напружлiвы за наш. Што ўразiла мяне найболей, дык гэта спосаб, якiм мiнакi пераходзiлi вулiцы. Замест пешаходных дарожак тут былi паветраныя пераходы з металiчнай, з буйнымi ячэйкамi, сеткi, за якую малпы чаплялiся ўсiмi чатырма лапамi, абутымi ў пальчаткi з тонкай скуры, якiя дазвалялi малпам карыстацца нiжнiмi канечнасцямi гэтаксама ж свабодна, як i верхнiмi.
Павазiўшы мяне трохi па горадзе, каб я мог скласцi сабе пра яго агульнае ўяўленне, Зiра спынiла машыну перад высокiмi кратамi, скрозь якiя вiднелiся вялiкiя паляны ў кветках.
- Гэта парк, - растлумачыла яна. - Тут мы зможам прагуляцца. Я хацела б паказаць табе што-небудзь iншае, напрыклад, нашы выдатныя музеi, але пакуль што гэта немагчыма.
Я запэўнiў яе, што буду рады размяць ногi.
- Да таго ж, - дадала яна, - у парку нас не будуць непакоiць. Народу тут мала, а нам час ужо пагаварыць сур'ёзна.
Раздзел IV
- Ты, мне здаецца, не ўяўляеш, якiя небяспекi пагражаюць табе ў нас? спыталася Зiра.
- Пра некаторыя я ўжо маю ўяўленне. Але мне здаецца, што, калi я адкрыюся - а я магу зрабiць гэта цяпер, прывёўшы неабходныя доказы, - малпы павiнны будуць мяне прызнаць, як свайго брата па розуме.
- Тут ты i памыляешся. Слухай мяне...
Мы прагульвалiся па парку. Прысады ў iм былi пустынныя, толькi зрэдку сустракалiся закаханыя парачкi, якiя амаль не звярталi на мяне ўвагi. Я ж, наадварот, уважлiва назiраў за iмi, вырашыўшы не ўпускаць нiводнай магчымасцi пазнаёмiцца са звычаямi малпаў.
Закаханыя гулялi дробнымi крокамi, абняўшы адно аднаго за талiю так, што iх доўгiя рукi, цесна i мудрагелiста перапляталiся. На паваротках прысадаў яны часта спынялiся, каб пацалавацца. Iншы раз, азiрнуўшыся па баках, яны хапалiся за нiжнiя галiны i ўзбiралiся на дрэвы. Рабiлi яны гэта не раздымаючы абдымкаў - кожны дзейнiчаў адной рукою i адной нагою з зайздросным спрытам, - i ўжо праз якое iмгненне знiкалi ў лiстоце.
- Твой касмiчны катэр знойдзены, - гаварыла Зiра (я ўжо досыць падрабязна растлумачыў ёй, як мы высадзiлiся на планету), - ва ўсякiм разе тое, што ад яго засталося пасля пагрому. Рэшткi вывучаюцца цяпер нашымi вучонымi. Яны прызналi, што ён не мог быць пабудаваны на Сароры.
- У вас ёсць аналагiчныя апараты?
- Не такiя дасканалыя. Мяркуючы па тваiх расказах, мы яшчэ дужа адстаём ад вас. Аднак мы ўжо запусцiлi некалькi штучных спадарожнiкаў, i апошнi з iх быў нават з жывой iстотаю на борце - з чалавекам. На жаль, нам прыйшлося ўзарваць спадарожнiк у палёце: мы не маглi павярнуць яго назад.
- Разумею, - сказаў я задуменна. - Значыцца, вы выкарыстоўваеце людзей i ў такiх эксперыментах...
- Прыходзiцца... Так што, твой катэр знойдзены.
- А наш карабель, якi кружляе вакол Сароры вось ужо два месяцы?
- Пра гэта я нiчога не чула. Напэўна, нашыя астраномы яго не засеклi. Толькi не перапыняй мяне на кожным слове! Некаторыя вучоныя сцвярджаюць, што твая ракета прыляцела з другой планеты нашай зорнай сiстэмы i што ў ёй былi пасажыры. Далей гэтага яны не пайшлi. Нiкому i ў галаву не прыходзiць, што гэтыя разумныя iстоты могуць мець аблiчча людзей!
- Але ж, Зiра, трэба iм гэта сказаць! - ускрыкнуў я. - Мне абрыдла быць палонным нават у найзручнейшай клетцы, якая толькi ёсць на Сароры, абрыдла, нягледзячы на твой клопат. Чаму ты мяне хаваеш? Чаму не сказаць праўду ўсiм?
Зiра спынiлася, азiрнулася па баках i паклала руку мне на плячо.
- Чаму? Толькi дзеля цябе самога. Ты ведаеш Заюса?
- Пытаешся яшчэ! Нават хацеў з iм пагаварыць. Ну i што?
- Ты заўважыў, як ён успрыняў твае першыя спробы давесцi, што ты разумная iстота? Ты ж не ведаеш, я ўжо сто разоў спрабавала праверыць яго ў гэтым цi хаця б намякнуць, - i з якой асцярожнасцю! - што, нягледзячы на знешнi выгляд, ты ўсё-такi, магчыма, не жывёлiна?
- Я бачыў, што вы часта спрачалiся i, здаецца, так i не прыйшлi да згоды.
- Ён упарты, як баран, i дурны, як чалавек! - выбухнула Зiра. - Але што рабiць? Такiя амаль што ўсе арангутаны. Ён аб'явiў раз i назаўжды, што ўсе твае здольнасцi тлумачацца высокаразвiтым чалавечым iнстынктам, i цяпер нiшто не прымусiць яго змянiць сваю думку. Да таго ж, ён ужо нават напiсаў пра цябе цэлую дысертацыю, у якой даводзiць, што ты - вучоны чалавек, гэта значыць чалавек, якi пабываў у палоне, быў выдрэсiраваны i здольны цяпер выконваць бессвядома пэўныя трукi.
- Тупая жывёлiна!
- Я згодная. Але ўся бяда ў тым, што ён прадстаўляе афiцыйную навуку i вельмi ўплывовы. У iнстытуце ён займае адну з сама высокiх пасадаў, таму ўсе мае прапановы праходзяць праз яго. Я ўпэўнена, што калi я паспрабую расказаць пра цябе праўду, як ты хочаш, то Заюс проста абвiнавацiць мяне ў навуковай ерасi. Мяне звольняць. Хоць нiчога б тут асаблiва страшнага не было, але ты...